0

Падарожжа па родных мясьцінах: здымкі Ганны Пракаповіч

Праглядаў: 210
Былі толькі першыя дзянькі лета, а прага вандраваць усё нарастала. Едучы на цэлы тыдзень з імклівага Менску дамоў, да рэчкі, я марыла пра якое-небудзь хоць невялічкае падарожжа па родных мясьцінах. І вось, не пасьпеўшы раскласьці торбы, — тэлефонны званок: мяне клічуць у вандроўку па Мядзельшчыне. Вядома ж, я адразу згадзілася й пайшла падсілкоўваць акумулятар фотаапарата.

І вось мы сабраліся з сябрамі ТБМ, абмяркоўваем маршрут. У дарозе да нас далучыліся такія ж аматары падарожжаў па Беларусі з Нарачы, Мядзелу і нават Менску.

Першы прыпынак — чароўнае невялічкае возера з жывою назваю Барсук. Месьціцца яно ў яме — таму адразу ж з аўта захоплівае дух ад невялічкага люстэрка, што зьзяе на сонцы дзесьці ў нізіне.

Далей праяжджаем зусім няшмат, шлях ляжыць да дзотаў Першае сусьветнае вайны, іх там даволі шмат: і сярод лесу, і на пагорках ды палях.

Надвор’е палепшылася, сілаў яшчэ багата. Пад’яжджаем да Кальварыі — дакладнай копіі ерусалімскага крыжовага шляху. Месца выбітное, але да нядаўняга часу турысты ня ведалі пра яго, пакуль да 250-годзьдзя Кальварыі шляху не аднавілі. Цяпер кожны можа прайсьціся лесам па вызначаным маршруце, паразважаць.

Час няспынна бяжыць. Стаміўшыся, шукаем прыгожае месца для адпачынку й пікніку. І трапляем у чароўны куток ля возера Рудакова з чысьцюткаю празрыстаю вадою. Неймаверную асалоду атрымліваеш, проста седзячы ля вады й натхняючыся прыгажосьцю прыроды, цішынёю, у якой чуваць кожны шолах травы.

На канец вандраваньня — пакінуты Аптэкарскі сад. Ён зусім яшчэ малады й праз халодную вясну ня цалкам расьцьвіў. Месьціцца ажно між трох возераў: Нарачы, Мястры ды Белага. Асабліва аматарам зьбіраць лекавыя травы ці нарыхтоўваць кветкі на гарбату будзе цікава паслухаць экскурсію й пабыць у ціхім куточку прыроды.

І вось ужо напрыканцы, узяўшы кірунак на Паставы, у бок Мядзелу, заяжджаем да возера Белага. Менавіта гэтае месца мяне ўразіла найбольш. Магчыма, бо яно насамрэч белае — чыстае, павольнае, з маруднымі хвалямі, якім няма куды сьпяшацца, а мо і таму, што ў дзяцінстве мы часта прыяжджалі сюды сям’ёю, ды настальгія ўзмацніла ўражаньні. Тады ж і ўзгадала, што тата калісьці жыў там, сярод лесу, сярод водару кветачак ды траваў, вудзіў рыбу й шторанку бегаў вакол возера.

Вось такая атрымалася вандроўка, насычаная краявідамі й натхненьнем. Ужо плянуем наступную!

Падарожжа па родных мясьцінах: здымкі Ганны Пракаповіч

Падарожжа па родных мясьцінах: здымкі Ганны Пракаповіч

Падарожжа па родных мясьцінах: здымкі Ганны Пракаповіч

Падарожжа па родных мясьцінах: здымкі Ганны Пракаповіч

Падарожжа па родных мясьцінах: здымкі Ганны Пракаповіч

Падарожжа па родных мясьцінах: здымкі Ганны Пракаповіч

Падарожжа па родных мясьцінах: здымкі Ганны Пракаповіч

Падарожжа па родных мясьцінах: здымкі Ганны Пракаповіч

Падарожжа па родных мясьцінах: здымкі Ганны Пракаповіч

Аўтарка: Ганна Пракаповіч
Болей фота тут.

Выявілі памылку ці "мёртвую" спасылку?

Вылучыце праблемны фрагмэнт мышкаю й націсьніце CTRL+ENTER.
У вакне, што зьявілася, апішыце праблему й адпраўце Адміністрацыі рэсурсу.

Камэнтары:0

ДАДАЦЬ КАМЭНТАР

Увядзіце код:*
абнавіць, калі ня бачны код