0

Конья: ля вытокаў суфійскае мудрасьці (Фота)

Праглядаў: 237
У турэцкім горадзе Конья захаваліся артэфакты й будынкі часоў Хэцкага царства, Іянійскага султанату, Асманскай імпэрыі. Акрэм таго, Конья — гэта радзіма суфійскага ордэну Мэўлеві й месца правядзеньня штогадовага фэсту дэрвішаў, якія танчаць.

Цэнтральная Анатолія знакамітая найстаражытнейшымі прыроднымі й рукатворнымі славутасьцямі. Гэты маршрут для адпачынку ў Турцыі абіраюць тыя, хто неабыякавы да гісторыі ды традыцый мясцовасьці. Асаблівае ўвагі заслугоўвае Конья — былая сталіца Іянійскага султанату. У XI ст. велічная сельджукская архітэктура й маляўнічыя сады ў навакольлі натхнялі на творчасьць Умара Хаяма.

Конья: ля вытокаў суфійскае мудрасьці (Фота)

Два стагодзьдзі пазьней, у час мангольскага нашэсьця, горад зрабіўся прытулкам для шмат каго з навукоўцаў і рэлігійных дзеячаў мусульманскага сьвету. Лёс прывёў сюды й містыка Джаляля ад-Дына Румі, празванага ў народзе Мэўлянам («наш спадар»). Ягоныя гутаркі, выкладаньне ў мэдрэсэ, літаратурныя сачыненьні й наступнае заснаваньне ордэну Мэўлеві ператварылі Конью ў найбуйнейшы цэнтар суфійскае культуры.

Партал у мінулае


Сувязь пакаленьняў і духовае жыцьцё падтрымліваліся добра захаванаю матэрыяльнаю спадчынаю. Унікальны помнік — нэалітычнае паселішча Чатал-Хёюк за 49 км ад гораду. Тут можна наведаць жытло дагістарычнай эпохі з часткова адноўленым абсталюнкам. Некаторыя знаходкі перамешчаныя ў археалягічны музэй Коньі. Аснову калекцыі складаюць прадметы ўжытку, дэталі інтэр’еру й каштоўныя ўпрыгожаньні з часу Хэцкага царства. Яшчэ больш каштоўны экспанат — рымскія саркафагі з выявамі міталягічных сюжэтаў.

Конья: ля вытокаў суфійскае мудрасьці (Фота)

У Музэі этнаграфіі прэзэнтаваныя манэты, зброя й нацыянальнае адзеньне. Асобнае згадкі вартыя цудоўныя дываны. Праз сотні гадоў яны не губляюць яркасьці колеру. Склад і тонкасьці вытворчасьці ўстойлівых натуральных фарбавальнікаў — прафэсійны сакрэт майстроў Коньі.

Адная з самых значных экспазыцыяў — у Музэі Каюнаглу: шматтысячны кніжны збор з манускрыптамі, шатавілы птушак, партрэты султанаў, кілімы ды іншыя рэчы. Цікавы й Музэй керамічных вырабаў, што носіць імя вялікага візіра Каратая. Дэкор будынку ў сяродку характэрны майстэрскай імітацыяй зорнага небасхілу, выкладзенай чорнымі, сінімі й залацістымі кафлямі.

Конья: ля вытокаў суфійскае мудрасьці (Фота)

Сэрца суфізму


Пазіраць на неба заклікаюць таксама мячэці, што ўзвышаюцца ў Коньі на кожным кроку. Гэта і мячэць Азізіе — узор турэцкага барока зь мінарэтамі ў індыйскім стылі; і мячэць Аляэддына — магільны склеп султанаў на гістарычным узгорку; і найстарэйшая сельджукская мячэць Іплікчы. Для прыхільнікаў хрысьціянства былі ўзьведзеныя сабор Сьвятога Пятра й сьвятыні ў скалах Кілістры — мініятурнае вэрсіі Кападок’і. Легенды пра цудоўныя ацаленьні й казаньні апостала Паўла зрабілі гэты край месцам паломніцтва.

Конья: ля вытокаў суфійскае мудрасьці (Фота)

Паважлівае стаўленьне да чужога веравызнаньня цалкам адпавядае вучэньню Румі. Філязофію, абрадавую сымболіку й штодзённы побыт суфіяў як найлепш дэманструе ў Коньі музэй Мэўляны. У прасторных залях можна знайсьці старажытныя музычныя прылады, малітоўныя атрыбуты, рукапісныя асобнікі Карану й нават пэрлямутравую скрыначку з воласам прарока Мухамэда. Шырокую тэрыторыю комплексу займаюць кельлі, бібліятэка, кухня, месцы для рытуальных абмываньняў, маўзалей з туркусовым купалам і сэмахана — памяшканьне для выкананьня таемства, што ўключае знакамітае кручэньне дэрвішаў.

Конья: ля вытокаў суфійскае мудрасьці (Фота)

Пасланне у віхоры танцу


Цырымонія сэма (сама) — гэта адзінства вершаў і малітвы, сьпеву і танцу, чалавека і боскасьці. Мэўляна хацеў, каб у дзень ягонай сьмерці не смуткавалі, а сьвяткавалі волю й урачыстасьць духу. Кіруючыся запаветам настаўніка, братэрства ордэну штогод зьбіраецца ў Коньі для ўдзелу ў чароўнай містэрыі. Фэст дэрвішаў (10–17 сьнежня), у тым ліку яго кульмінацыйная ноч сустрэчы з Алахам (Шэб-і Арус), зьбірае велізарную аўдыторыю. Мяркуюць, што паднятая ў сьвятадзействе правая рука дэрвіша атрымлівае нябеснае добраславеньне, апушчаная ж левая — перадае яго зямлі. Кручэньне ў такім палажэньні пад гукі трысьняговае флейты й бубнаў даруе боскую праўду ўсім людзям.

Конья: ля вытокаў суфійскае мудрасьці (Фота)

Зімовае сьвята не адзіная магчымасьць убачыць рытуал. Пэрыядычна яго выконваюць для турыстаў у амфітэатры культурніцкага цэнтру Мэўляны. Там кожны ахвотнік можа навучыцца рухам танцу, хоць трохі наблізіўшыся да стану натхнёнага сузіраньня й мудрасьці сапраўдных суфіяў.

Конья: ля вытокаў суфійскае мудрасьці (Фота)

Конья: ля вытокаў суфійскае мудрасьці (Фота)

Конья: ля вытокаў суфійскае мудрасьці (Фота)

Конья: ля вытокаў суфійскае мудрасьці (Фота)

Конья: ля вытокаў суфійскае мудрасьці (Фота)

Конья: ля вытокаў суфійскае мудрасьці (Фота)

Конья: ля вытокаў суфійскае мудрасьці (Фота)

Выявілі памылку ці "мёртвую" спасылку?

Вылучыце праблемны фрагмэнт мышкаю й націсьніце CTRL+ENTER.
У вакне, што зьявілася, апішыце праблему й адпраўце Адміністрацыі рэсурсу.

Камэнтары:0

ДАДАЦЬ КАМЭНТАР

Увядзіце код:*
абнавіць, калі ня бачны код