0

Хто ўвёў у моду міністэрствы шчасьця?

Праглядаў: 115
Ці ведаеце вы, што ў невялікім каралеўстве Бутан, якое паміж Індыяй і Кітаем, існуе Міністэрства шчасьця? Магчыма, для кагосьці гэты факт здасца дзіўным, а вось для гэтае краіны такое міністэрства — хутчэй, заканамернасьць. Рэч у тым, што афіцыйная рэлігія дзяржавы — тантрычны будызм, заснаваны на мэдытацыі, імкненьні да самаразьвіцьця й дасягненьня шчасьця. Менавіта таму ўрад строга сочыць за тым, каб усе грамадзяне былі максымальна задаволеныя з жыцьця.

У 2008 годзе ў Бутане нават стварылі Камісію ўсеагульнага народнага шчасьця, якую ўзначаліў прэм’ер-міністр. Агульнапрыняты панятак «валавы ўнутраны прадукт» замянілі ў дзяржаве «валавым нацыянальным шчасьцем». Падчас перапісу насельніцтва нязьменна задаюць пытаньне: наколькі Вы шчасьлівыя? Вынікі апытаньня за 2005 год наступныя:
— вельмі шчасьлівы – 45,2 %:
— папросту шчасьлівы – 51,6 %;
— ня вельмі шчасьлівы – 3,2 %.

Хто ўвёў у моду міністэрствы шчасьця?

Каралеўства Бутан — сапраўды ўнікальная дзяржава, дзе не пакутуюць на голад і войны, дзе беражліва ставяцца ня толькі адзін да аднога, але й да прыроды. Тут забаронена забіваць жывёлу, высякаць лясы, карыстацца з хімічных угнаеньняў у сельскай гаспадарцы. Таму жыхары краіны харчуюцца экалягічна чыстымі прадуктамі пераважна расьліннага паходжаньня.

Доўгі час Бутан быў практычна адарваны ад усяго сьвету. Яшчэ 50 гадоў таму дзяржава была падобная да сярэднявечнага фэадальнага грамадзтва і толькі нядаўна пачала актыўна разьвівацца й наладжваць дыпляматычныя дачыненьні зь іншымі дзяржавамі. З гэтае прычыны землі Бутану пакуль яшчэ мала вывучаныя. Паўднёвая і цэнтральная яго часткі амаль не заселеныя ды ўяўляюць сабою ўнікальныя запаведнікі з цудоўным расьлінным і жывёльным сьветам.

Любы народам кароль Бутану (дарэчы, ён атрымаў оксфардаўcкую адукацыю) штосілы імкнецца захаваць самабытную культуру й незалежнасьць краіны. Пры гэтым толькі дзякуючы яму ў дзяржаве зьявіліся бясплатная адукацыя ды мэдыцына, пра якія раней і гаворкі не было.

Хто ўвёў у моду міністэрствы шчасьця?

Узяць прыклад з Бутану і заснаваць Міністэрства шчасьця пастанавілі ўлады Індыі ды ААЭ. Індыйскі ўрад зьбіраецца зарганізаваць Міністэрства ў штаце Мадг’я-Прадэш, дзе ўлады будуць сачыць за роўнем шчасьця грамадзянаў, а псыхолягі інфармаваць пра тое, як заставацца шчасьлівымі. Урад Індыі ўжо распрацаваў прыблізна 70 сацыяльных праграмаў, сярод якіх — заняткі ёгаю, мэдытацыя, курсы па розных відах мастацтва, духовае разьвіцьцё, бясплатныя рэлігійныя паломніцтвы для людзей сталага веку.

Што да ААЭ, то пра свой намер стварыць Міністэрства шчасьця шэйх Мухамэд заявіў у сваім «Twitter’ы». Карыстальнікі сацыяльных сетак адрэагавалі на гэтае паведамленьне неадназначна, бо ў ААЭ ровень задаволенасьці грамадзянаў і без таго высокі. Навошта гэтай краіне Міністэрства шчасьця, калі там і так усё добра? Магчыма, шэйх кіруецца прынцыпам — няма межаў дасканаласьці.

Выявілі памылку ці "мёртвую" спасылку?

Вылучыце праблемны фрагмэнт мышкаю й націсьніце CTRL+ENTER.
У вакне, што зьявілася, апішыце праблему й адпраўце Адміністрацыі рэсурсу.

Камэнтары:0

ДАДАЦЬ КАМЭНТАР

Увядзіце код:*
абнавіць, калі ня бачны код