0

Беларускае масонства. Інтэрвію з Найслаўнейшым Вялікім майстрам ложы «Белы рыцар»

Праглядаў: 406
Брацтва вольных муляраў (freemasonry) — найстарэйшае зь вядомых цяпер брацтваў у сьвеце. Як доўга яно існуе, пэўна не вядома, а гісторыя яго зараджэньня беззваротна згубленая ў стагодзьдзях і назаўжды застанецца неразгаданаю таямніцаю.

24 чэрвеня 1717 г. была сфармаваная Вялікая ложа Лёндану (Great Lodge of London), што цяпер лічыцца родапачынальніцаю ўсіх якіх-колечы створаных ложаў на зямлі. З тых часоў брацтва масонаў перастала быць таемным таварыствам, ператварыўшыся, хутчэй, у закрытае таварыства, таямніцы якога трапятліва ахоўваюцца яго братамі.

Сёньня масонскі ордэн — найбуйнейшы ў сьвеце зь ліку пасьвечаных і, несумненна, самы велічны з колькасьці выбітных асобаў, прынятых у масоны. Праз стагодзьдзі масонства зрабілася неад’емнаю часткаю сучаснага грамадзтва, а наяўнасьць масонскіх ложаў у дзяржаве — атрыбутам цывілізаванасьці.

Сьледам за Вялікаю Брытаніяй масонскія ложы сталі імкліва распаўсюджвацца па ўсім сьвеце — ад Эўропы ды Амэрыкі да Індыі ды Афрыкі. У Нямеччыне першая ложа ўзьнікла ў 1733 годзе, у Амэрыцы — у 1734-м, у Італіі — у 1735-м, у Францыі — у 1736-м, у Польшчы — у 1739-м.

Не абышоў бокам масонскі рух і беларускіх зямель. Першым цэнтрам распаўсюду масонства на тэрыторыі Беларусі зрабіўся Магілёў. 22 траўня 1770 г. тут заснавалі ложу «Два арлы», а ў 1776 г. (1777 г.) з дазволу Вялікага майстра расейскіх ложаў — «Гэркулес у калысцы», што пазьней увайшла ў маскоўскую Правінцыйную ложу. У 1778–79 гг. у Магілёве дзеяла й трэцяя ложа, назову якой дасюль не ўстанавілі.

Другім цэнтрам беларускага масонства стаў горад Полацак, куды ў 1777 г. перанесла сваю працу заснаваная два гады раней у Маскве ложа «Талія».

У 1791 г. масонская хваля дакацілася й да Шклова (ложа «Мудрасьць»). У час кіраваньня Кацярыны II бальшыня вышэй згаданых ложаў спыніла сваё існаваньне.

У Рэчы Паспалітай актыўны распаўсюд масонства прыпаў на кіраваньне Аўгуста III, польскага караля й князя літоўскага. У 1738 г. у Дрэздэне ягоны браценік заснаваў свайго роду «мацярынскую» ложу ўсяго польскага й ліцьвінскага масонства.

У 1781 г. з мэтаю надаць польска-літоўска-беларускім масонствам незалежнасьць Вялікі майстар правінцыйнага масонства Рэчы Паспалітай Ігнацы Патоцкі падрыхтаваў Статут Вялікага ўсходу Каралеўства Польскага ды Вялікага Княства Літоўскага. 26 лютага 1784-га яго падпісалі дэпутаты ад адной вялікай, трох правінцыйных і дзевяці сымбалічных ложаў. І хоць галоўнай мэты дасягнулі, «усе землі і краі пад польскім панаваньнем, а таксама краі ды правінцыі за мяжою» цяпер падпарадкоўваліся ложы-маці «Кацярыне пад паўночнаю зоркаю». Уласна ложу заснаваў у 1779 г. у Варшаве той самы Ігнацы Патоцкі й назваў на знак найглыбейшае пашаны да Кацярыны II. Гэты факт — яркі доказ таго, наколькі моцна ў той час у грамадзтве адчуваліся прарасейскія настроі.

У пэрыяд Вялікага сэйму 1788–92 гг. адбыўся канчатковы пералом да незалежнасьці. Ложу «Кацярына пад паўночнаю зоркаю» перайменавалі ў гонар апошняга польскага караля — «Станіслаў Аўгуст пад паўночнаю зоркаю».

Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай і здушэньня паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі масонскі рух на тэрыторыі былых Каралеўства Польскага й ВКЛ зазнаў поўны правал. У 1812 г. нашыя землі насьпела француска-расейская вайна, і вольныя муляры адклалі ўсе свае працы да канца баявых дзеяньняў.

У 1816–22 гг. пад заступніцтвам Аляксандра I, які таксама належаў да адной з ложаў, разьвіцьцё масонства на беларускіх землях дасягнула небывалага размаху. Вольныя муляры таго часу здолелі злучыць розныя часткі беларускае дэмакратычнае грамадзкасьці для разьвязаньня галоўнага заданьня — займець страчаную дзяржаўнасьць. Дзякуючы ім у жыцьцё народаў былі ўнесеныя лёзунгі роўнасьці, волі й братэрства. Актыўны распаўсюд таемных таварыстваў ня мог ня выклікаць непакою ў расейскага імпэратара, а таму ўказам Аляксандра I за 1 жніўня 1822 г. усе масонскія ложы ў імпэрыі былі закрытыя, а ўласна масонскі рух забаронены. Такі стан зьмяніла рэвалюцыя 1905–1907 гг.

Адраджэньне беларускага масонства ў пачатку XX ст. сталася прыкметным тым, што цяпер масонамі рабіліся пераважна прадстаўнікі інтэлігенцыі, а не арыстакратыі, як раней. У брацтва ўступалі інжынэры, унівэрсытэцкія прафэсары, дактары, юрысты й шмат хто яшчэ. Аднак па кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. масонскія ложы зноў трапілі пад забарону, а самыя масоны — пад рэпрэсіі. Каб пазьбегнуць расправы, вольныя муляры былі змушаныя ратавацца ўцёкамі з краіны. Некаторыя ложы працягвалі працаваць ужо ў эміграцыі.

Па развале СССР у сувэрэннай і незалежнай Беларусі масонскія ложы доўгі час адсутнічалі. Адзінаю згадкаю пра багатую ды слаўную гісторыю беларускага масонства засталіся дамы вольных муляраў, што месьціліся ў Менску і Горадні.

Беларускае масонства. Інтэрвію з Найслаўнейшым Вялікім майстрам ложы «Белы рыцар»
Дом масонаў у Менску, пабудаваны ў XVIII стагодзьдзі (Музычны зав., д. 5)


Беларускае масонства. Інтэрвію з Найслаўнейшым Вялікім майстрам ложы «Белы рыцар»
Масонскі дом у Горадні, збудаваны ў 1780-я гады (зав. Тэлеграфны, д. 15а)

Тым ня менш ужо з 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя беларусы далучыліся да масонскіх ложаў па ўсім сьвеце, галоўным чынам да ложаў Расеі, Украіны, Летувы, Польшчы ды Брытаніі. Усё зьмянілася, калі 16 сьнежня 2012 г. у Маскве рэінсталявалі першую беларускую ложу «Два арлы», а 12 верасьня 2015-га тут сама прабудзілі ложу «Белы рыцар». На гэты момант абедзьве ложы — пад юрысдыкцыяй Вялікае ложы Расеі (ВлР).

Пра тое, калі ж зьявіцца Вялікая ложа Беларусі ды што ўяўляе зь сябе беларускае масонства сёньня, мы даведаліся ў Найслаўнейшага майстра Найслаўнейшай ложы Беларусі «Белы рыцар».

VIOLEX: Вітаем! Дзякуем Вам, што пагадзіліся адказаць на нашыя пытаньні.

Найслаўнейшы майстар: Дзякую Вам.

VIOLEX: Распавядзіце, калі ласка, як зьявіліся першыя беларускія масоны ў сучаснай Беларусі. Бо вядома, што пасьля атрыманьня незалежнасьці ў Беларусі доўгі час не было масонскіх ложаў. Калі ды як зьявілася першая масонская ложа ў незалежнай Беларусі?

Найслаўнейшы майстар: Першыя беларускія масоны зьявіліся ўжо ў 90-я гады. Некаторыя беларусы пасьвячаліся хто ў Расеі, хто ў эўрапейскіх краінах. Першая масонская ложа, якая называецца «Два арлы», зьявілася ў 2012 годзе ў Менску. Дакладней, ложу стварылі ў далёкім 1770 годзе, а ў 2012-м рэінсталявалі ў Маскве, пасьля чаго яна перавяла свае працы ў Менск.

VIOLEX: Ці будуць стварацца ложы ў іншых гарадах Беларусі?

Найслаўнейшы майстар: Безумоўна, будуць. Гэта могуць быць Берасьце, Гомель, Магілёў. Як толькі колькасьць братоў з гэтых гарадоў перавысіць пэўнае парогавае значэньне, стварэньне новых ложаў будзе апраўданае. Пакуль чаканая бальшыня нашых братоў жыве ў Менску.

VIOLEX: Ці варта бліжэйшым часам чакаць зьяўленьня Вялікае ложы Беларусі?

Найслаўнейшы майстар: Цяпер у Беларусі працуюць дзьве масонскія ложы. Для стварэньня Вялікае ложы трэба, каб такіх ложаў было як мінімум тры. Беларусь — незалежная краіна, і, вядома ж, стварэньне Вялікае ложы — гэта пытаньне часу.

VIOLEX: Ці шмат вольных муляраў зь ліку грамадзянаў Рэспублікі Беларусь?

Найслаўнейшы майстар: Пакуль колькасьць беларускіх масонаў не перавышае 100 чалавек. Але я думаю, што бліжэйшым часам сытуацыя зьменіцца.

VIOLEX: Беларускі масон сёньня, хто ён — хутчэй маладзён гадоў 25 ці ўсё ж шанаваны грамадзянін з багатым жыцьцёвым досьведам?

Найслаўнейшы майстар: Да 21 году чалавек ня можа стацца масонам. Выключэньні робяцца рэдка ды адно для блізкіх сваякоў нашых братоў. Цяпер беларускія масоны — гэта і прадпрымальнікі, і адмыслоўцы, і навукоўцы, і нават сьвятары. Людзі розных прафэсіяў. Хаця ж гэта не абавязкова, практычна ўсе беларускія масоны маюць, як мінімум, адную вышэйшую адукацыю. Ёсьць і маладыя браты да 30 гадоў, ёсьць браты і больш сталага веку.

VIOLEX: Каб зрабіцца вольным мулярам, мала адно запоўніць анкету ды адправіць яе на разгляд. Што трэба, каб стацца часткаю сусьветнага масонства?

Найслаўнейшы майстар: Прайсьці папярэдні адбор, сумоўі, «апытаньне пад павязкаю», працэдуру галасаваньня й рытуал пасьвячэньня.

VIOLEX: Які шлях праходзіць кандыдат? Запрашаеце ахвочага зрабіцца масонам да сябе на размову? І што адбываецца па тым, як было пастаноўлена пасьвяціць кандыдата ў масонства?

Найслаўнейшы майстар: Працэс прыняцьця кандыдатаў у масоны не такі лёгкі, як здаецца. Запоўненую анкету вельмі ўважліва вывучаюць. Пасьля гэтага, калі ложа зацікавіцца кандыдатам, прызначаюцца сумоўі, як мінімум з двума дасьведчанымі майстрамі. Калі яны пагаджаюцца зрабіцца рэкамэндоўцамі, то далей кандыдату давядзецца прайсьці гэтак званае «апытаньне пад павязкаю» — адказаць на пытаньні, распавесьці братам, навошта жадае зрабіцца масонам. Затым ложа пастанаўляе. Усяго трох чорных камянёў (галасоў «супраць») дастаткова, каб кандыдату адмовілі. І нават калі ложа пагодзіцца прыняць чалавека, яму давядзецца яшчэ прайсьці рытуал пасьвячэньня, што зазнаюць далёка ня ўсе кандыдаты.

VIOLEX: Надта інтрыгоўнае пытаньне пра ступені пасьвячэньня ў масонства. Ад чаго залежыць ступень (градус) пасьвячэньня вольнага муляра: ад важнасьці давяраных таямніцаў ці ўсё ж ад роўню духовага разьвіцьця масона?

Найслаўнейшы майстар: У кожным градусе масону раскрываюцца новыя таямніцы. Натуральна, прасоўваньне ў масонскай «кар’еры» мусіць быць зьвязанае з сур’ёзнаю духоваю працаю, якую праводзіць кожны з братоў. Нехта ўпершыню пачынае займацца дабрачыннасьцю й праяўляе сябе добрым арганізатарам у гэтай дзейнасьці. Нехта ўрэшце глыбока пагружаецца ў традыцыі сваёй уласнай веры. Шмат хто ўвацаркаўляецца пасьля таго, як робіцца масонам, а да гэтага адно намінальна лічыць сябе праваслаўным. Вядома, па прысьвячэньні ў вучні мусіць прайсьці пэўны час, каб чалавеку запрапанавалі стаць чаляднікам ці майстрам. У маладых ложах гэты працэс часам займае 1–2 гады. Хаця ж ёсьць выпадкі, калі людзі атрымліваюць ступень майстра праз шмат гадоў, праведзеных у брацтве.

VIOLEX: Якая мэта масонскіх сходаў і што разумецца пад словам «працы ў ложы»?

Найслаўнейшы майстар: Мэта масонства — «узяць добрага чалавека й зрабіць яго лепшым». За кошт чаго? У масонстве добрыя ўчынкі й добрае стаўленьне да людзей — ня толькі да братоў, але і да кожнага чалавека ўвогуле — гэта не адно праява найлепшых якасьцяў масона, але й абавязак. Паступова гэта ўваходзіць у звычку й робіцца часткаю жыцьця кожнага з братоў.

«Працы ў ложы» — гэта ўрачыстыя рэгулярныя сходы братоў 1–2 разы на месяц, за выключэньнем лета («масонскія вакацыі»), а таксама тое, што адбываецца падчас іх.

VIOLEX: Калі не сакрэт, як адбываюцца сходы ў масонскай ложы? Ёсьць меркаваньне, што вольныя муляры зьбіраюцца на звычайныя бяседы за келіхам віна й плятуць змовы. Наколькі гэта праўдзіва?

Найслаўнейшы майстар: Масонскія сходы маюць на мэце як абмеркаваньне арганізацыйных пытаньняў, гэтак і пасьвячэньні, павышэньні братоў. І, бадай, рытуалы праходжаньня братоў у чаляднікаў, павышэньні іх у майстры, а таксама апытаньні й пасьвячэньні кандыдатаў — гэта аснова масонскіх працаў. Шторазу перад усімі прысутнымі інсцэніруецца складаная псыхадрама. І чалавек у залежнасьці ад роўню свайго пасьвячэньня, свайго жыцьцёвага досьведу, ад ролі ў гэтым рытуале можа ўспрымаць падзею па-рознаму. Які вынік ён зробіць з гэтага, як гэта паўплывае на ягонае жыцьцё ў прафанскім сьвеце — гэта вельмі індывідуальна.

Словам, ёсьць пэўныя рытуалы, якія паўтараюцца шторазу пры адкрыцьці й закрыцьці працаў, рыхтуюцца, зачытваюцца ды абмяркоўваюцца дойлідныя працы братоў, ёсьць абрады пасьвячэньня, ведаць пра якія могуць толькі людзі, што ўжо ёсьць масонамі. За ўсім гэтым і адбываюцца сходы ў ложы.

Ніякіх змоваў масоны не плятуць і плесьці ня могуць. Старажытныя лэндмаркі (masonic landmarks, асноўныя прынцыпы масонства) падразумяваюць ляяльнасьць дзейных уладаў і грунтоўную дапамогу ўва ўмацаваньні ўласнае краіны. Пытаньні, зьвязаныя з палітыкаю ды рэлігіяй, на масонскіх сходах абмяркоўвацца зусім ня могуць.

VIOLEX: Ува ўсім сьвеце вольныя муляры актыўна займаюцца дабрачыннымі праектамі. А ці займаюцца дабрачыннасьцю беларускія масоны?

Найслаўнейшы майстар: Беларускія масоны бяруць вельмі актыўны ўдзел у дабрачыннасьці як на тэрыторыі Беларусі, гэтак і ў праектах нашых братоў у Расеі ды іншых краінах. У прыватнасьці, мы падтрымлівалі інтэрнат для сьляпых дзяцей у Расеі, дзіцячыя дамы ў Беларусі, а таксама дапамагалі прыватна, калі была неабходнасьць у складаных мэдычных апэрацыях. Масонская дабрачыннасьць улучае ў сябе таксама дапамогу братам у цяжкай сытуацыі ды ўдовам братоў.

VIOLEX: Найслаўнейшую ложу «Белы рыцар» урачыста прабудзілі 12 верасьня 2015 году на ўсходзе Масквы. Нягледзячы на тое, што прабуджэньне ложы адбылося ў Маскве, браты ложы зьбіраюцца для правядзеньня працаў у Менску?

Найслаўнейшы майстар: На гэты момант ложа «Белы рыцар» працуе пад апекаю ВлР. Гэта значыць, што юрыдычна ды арганізацыйна яна падпарадкоўваецца Вялікаму майстру ВлР, і цяпер гэта адзіны спосаб для беларускіх братоў існаваць у сусьветным ланцугу вольных муляраў. А да стварэньня Вялікае ложы Беларусі трэба пачакаць яшчэ як мінімум год. Сходы ложы адбываюцца і ў Беларусі, і ў Расеі. Аднак паўнавартасная праца Ордэну вымагае стварэньня й грамадзкай арганізацыі менавіта ў той краіне, дзе працы адбываюцца. Таму разам з «масонскімі» пытаньнямі беларускім братам будзе неабходна разьвязваць і юрыдычныя пытаньні прысутнасьці ў краіне.

VIOLEX: Колькі масонаў у Найслаўнейшай ложы «Белы рыцар»?

Найслаўнейшы майстар: Каб ложа магла працаваць, яна мусіць налічваць мінімум 7 майстроў. Колькасьць бальшыні ложаў як у Расеі, гэтак і ў сьвеце складае звычайна ад 20 да 50 асобаў.

VIOLEX: У якой ступені працуе ложа «Белы рыцар»?

Найслаўнейшы майстар: У сымбалічным масонстве ложы могуць працаваць у трох ступенях — у ступені вучня, чалядніка ды майстра. Пасьля гэтага далейшае разьвіцьцё братоў у масонстве можа адбывацца ў разнастайных статутах, што могуць налічваць розную колькасьць градусаў. Напрыклад, Старажытны й прыняты шатляндзкі статут масонства налічвае 33 градусы. На тэрыторыі Беларусі на гэты момант статуты дадатковых ступеняў не працуюць. Хаця ж і сярод беларусаў ёсьць нямала братоў, пасьвечаных у ступені, вышэйшыя за майстра.

VIOLEX: Ці прыадчыніце нам дзьверы сваёй сьвятыні? Вельмі цікава даведацца, як выглядае ложа сьсяродку? Як выглядае масонскі алтар і якая Сьвятая Кніга ляжыць на алтары ложы «Белы рыцар»?

Найслаўнейшы майстар: Вядома ж, Сьвятая Кніга ў нас — гэта Біблія, разгорнутая на адным з разьдзелаў Новага Запавету. Здымкі дамо.

Беларускае масонства. Інтэрвію з Найслаўнейшым Вялікім майстрам ложы «Белы рыцар»

Беларускае масонства. Інтэрвію з Найслаўнейшым Вялікім майстрам ложы «Белы рыцар»

Беларускае масонства. Інтэрвію з Найслаўнейшым Вялікім майстрам ложы «Белы рыцар»

Беларускае масонства. Інтэрвію з Найслаўнейшым Вялікім майстрам ложы «Белы рыцар»

Беларускае масонства. Інтэрвію з Найслаўнейшым Вялікім майстрам ложы «Белы рыцар»

Беларускае масонства. Інтэрвію з Найслаўнейшым Вялікім майстрам ложы «Белы рыцар»

Беларускае масонства. Інтэрвію з Найслаўнейшым Вялікім майстрам ложы «Белы рыцар»

Беларускае масонства. Інтэрвію з Найслаўнейшым Вялікім майстрам ложы «Белы рыцар»

Беларускае масонства. Інтэрвію з Найслаўнейшым Вялікім майстрам ложы «Белы рыцар»

Беларускае масонства. Інтэрвію з Найслаўнейшым Вялікім майстрам ложы «Белы рыцар»

Беларускае масонства. Інтэрвію з Найслаўнейшым Вялікім майстрам ложы «Белы рыцар»

Беларускае масонства. Інтэрвію з Найслаўнейшым Вялікім майстрам ложы «Белы рыцар»

Беларускае масонства. Інтэрвію з Найслаўнейшым Вялікім майстрам ложы «Белы рыцар»

Беларускае масонства. Інтэрвію з Найслаўнейшым Вялікім майстрам ложы «Белы рыцар»

Беларускае масонства. Інтэрвію з Найслаўнейшым Вялікім майстрам ложы «Белы рыцар»

Беларускае масонства. Інтэрвію з Найслаўнейшым Вялікім майстрам ложы «Белы рыцар»

Беларускае масонства. Інтэрвію з Найслаўнейшым Вялікім майстрам ложы «Белы рыцар»

Беларускае масонства. Інтэрвію з Найслаўнейшым Вялікім майстрам ложы «Белы рыцар»

Беларускае масонства. Інтэрвію з Найслаўнейшым Вялікім майстрам ложы «Белы рыцар»

VIOLEX: Распаведзяце крыху пра сябе? Цяпер Вы Найслаўнейшы майстар, а з чаго ўсё пачыналася? Як Вы даведаліся пра ордэн? Як Вы зразумелі, што жадаеце зрабіцца братам-масонам?

Найслаўнейшы майстар: Пачыналася ўсё, як і ўва ўсіх — з сумоўя з братамі-майстрамі, з «апытаньня пад павязкаю» ды з пасьвячэньня ў вучні. Даведаўся пра масонства я, як і шмат хто з вучняў савецкае школы, з раману «Вайна і мір» Талстога, дзе даволі шмат старонак прысьвечана масонству П’ера Безухава. Ужо ў сталым веку зноў стаў цікавіцца брацтвам — вывучаў афіцыйны сайт ВлР і форум, іншыя рэсурсы, чытаў кнігі. У працэсе рабілася ўсё цікавей і цікавей. І ў нейкі момант я зразумеў, што трэба падаваць заяву. Праўда, да ўласна падаваньня справа дайшла толькі гады праз два, доўга марудзіў і сумняваўся.

VIOLEX: Вас лёгка прынялі ў брацтва?

Найслаўнейшы майстар: Я вельмі хваляваўся на сумоўі ды апытаньні, перад самым пасьвячэньнем. Але ў цэлым усё прайшло адносна гладка. Пазьней я ўбачыў на ўласныя вочы, як шмат хто не праходзіць нават першага этапу сумоўяў, не гаворачы пра «апытаньне пад павязкаю», ці праходзяць яго адно з другога ці трэцяга разу. Так што мне ў гэтым, напэўна, моцна пашанцавала.

VIOLEX: А чым Вы займаецеся ў будным жыцьці?

Найслаўнейшы майстар: Я падаткавы кансультант, кіраўнік невялікае кампаніі, вядоўца сэмінараў на тэму падаткаў.

VIOLEX: Вы не хаваеце ад сяброў, што вы масон?

Найслаўнейшы майстар: Асабліва не, ня бачу сэнсу. Але бальшыні наўпрост і не цікава гэтага ведаць. Масонства не для ўсіх, бальшыні людзей яно не патрэбнае, не цікавае, дый не дасяжнае.

VIOLEX: Для Вас масонства больш, чымся брацтва?

Найслаўнейшы майстар: Масонства спалучае ў сабе вельмі розныя аспэкты. Найперш для мяне сутнасьць масонства — менавіта ў брацтве. Але ў той самы час гэта й мужчынскі клюб інтарэсаў, і магчымасьць дакрануцца да нумінознага, да чагосьці найвышэйшага, магчымасьць пашырыць уласныя ўяўленьні пра сьвет.

Дзейнасьць масона выходзіць за межы працы ў сьвятыні. Калі ты разумееш, што шмат хто з тваіх вялікіх суайчыньнікаў быў масонам, напрыклад, Грыбаедаў, Сувораў, Кутузаў, Сьв. Філярэт Драздоў [рэдакцыя лічыць важным адзначыць, што не падзяляе акрэсьленьня «суайчыньнік» адносна пералічаных асобаў], Міхаіл Агінскі і г. д., ты намагаесься адпавядаць гэтым прыкладам і свайго прафанскага жыцьця. І пасьля масонскіх працаў кожны з братоў ідзе паляпшаць сьвет тым спосабам, які найлепей у яго атрымліваецца. Нехта апэруе на галаўным мозгу, нехта вучыць дзяцей у школе, нехта аддае сваё жыцьцё за Радзіму, як афіцэр. І магчымасьць падлучыцца да гэтай энэргетыкі ды празь яе намагацца зьмяніць навакольле да лепшага — гэта нешта большае за брацтва.

VIOLEX: Быць вольным мулярам складана?

Найслаўнейшы майстар: Не. Гэта весела й прыемна. :)

VIOLEX: Дзякуй Вам вялікі за вельмі цікавую размову!

Найслаўнейшы майстар: Дзякую. За піва плаціце вы!


Афіцыйны сайт Высокашаноўнай Ложы Беларусі «Белы Рыцар»: http://www.freemason.by/
Форум беларускіх масонаў: http://www.freemason.by/forum/

Здымкі ласкава пададзеныя беларускімі братамі-масонамі ложы «Белы Рыцар».

Па матэрыялах:
1. Wolnomularstwo na ziemiach dawnego Wielkiego Księstwa Litewskiego 1776-1822. Dzieje i materjały. - Wilno, 1930.
2. Морамарко М. Масонство в прошлом и настоящем. - М.: Прогресс, 1990.
3. Швед В.В, Гродзенскія масонскія ложы.
4. Вячаслаў Швед. Масонскія ложы на землях Беларусі (канец XVIII - першая чвэрць XIX ст.).
5. Вольныя муляры беларускай гісторыі. Канец ХVIII-пачатак XX ст. - Вільня, 2005. Укладальнік і навуковы рэдактар доктар гістарычных навук А.Ф. Смалянчук.
6. Алесь Смалянчук. Адраджэнне вольнага мулярства на беларускіх і літоўскіх землях напачатку ХХ ст.

Выявілі памылку ці "мёртвую" спасылку?

Вылучыце праблемны фрагмэнт мышкаю й націсьніце CTRL+ENTER.
У вакне, што зьявілася, апішыце праблему й адпраўце Адміністрацыі рэсурсу.

Камэнтары:0

ДАДАЦЬ КАМЭНТАР

Увядзіце код:*
абнавіць, калі ня бачны код