0

Адкуль пайшло слова «душа»?

Праглядаў: 674
Як вы мяркуеце: што з таго, чым мы карыстаемся ў нашым штодзённым жыцьці, мае найвялікшы ўзрост? Нейкія прадметы? Магчыма, іх можна адшукаць сярод музэйных экспанатаў? Не. Гэта словы.

Сапраўды, шмат якія словы маюць тысячагадовую гісторыю. Некаторыя зь іх, магчыма, гучалі з вуснаў нашых самых далёкіх продкаў і ёсьць тою непарыўнаю сувязьзю, што праз тысячы гадоў лучыць нас зь імі. Вядома ж, за такі працяглы час словы зьмянялі форму, значэньне. Каб даведацца праўду пра самае, здавалася б, звычайнае слова, трэба зладзіць сапраўднае расьсьледаваньне, падчас якога можна паспрабаваць узнавіць першапачатковую форму, адшукаць яго нечаканых родзічаў у нашай ды іншых мовах. Пра штосьці, грунтуючыся на мовазнаўчых ведах, можна сказаць з пэўнасьцю, штосьці застанецца толькі здагадкамі.
Ну што ж, пачнём нашае першае расьсьледаваньне…

Нябачная матэрыя душы


Душа — панятак абстрактны, нематэрыяльны. А таму адказы на пытаньне, што гэта такое, могуць быць разнастайныя. І, безумоўна, кожны сам пастанаўляе, верыць у існаваньне душы ці не. Асабіста мне здаецца, душа — гэта самае сьветлае, самае добрае, што ёсьць у чалавеку. Гэта тая нябачная нябесная матэрыя, якую, калі верыць Бібліі, некалі даўно Бог удыхнуў у камяк гліны, назваўшы тое, што атрымалася, чалавекам. Дарэчы, паміж словамі душа і дыханьне існуюць хоць і аддаленыя, але роднасныя сувязі. Этымолягі мяркуюць, што «душа» ўтварылася ад слова «дух» (першапачатковае *духjа, дзе гук [х] згодна з фанэтычнымі законамі праславянскае мовы зьмяніўся ў [ш]). Адпаведна беларускія «дыхаць», «дыханьне», «дух», «душа», расейскія «дышать», «воздух» — гэта ўсё гістарычна аднакаранёвыя словы. Увогуле існуе меркаваньне, што ўжо ў індаэўрапейскай мове-аснове існавала слова «dhousia». У летувіскай мове, якая захавала шмат архаічных рысаў індаэўрапейскае мовы, ёсьць слова «dausos» — «паветра», параўнайце са словам «дух». Адкуль у славянаў на месцы [с] зьявіўся [х]? Мовазнаўцы сьцьвярджаюць, што славянскі гук [х] паходзіць з індаэўрапейскага [с], то бок [с] зьмяняўся ў [х] у пэўных пазыцыях. Дарэчы, слова «дух» — аднолькавага паходжаньня з грэцкім «θεὸς» («Тэас») — «Бог». Бачыце, як усё ўзаемазьвязана. І як багата інфармацыі тут для роздуму.

Старажытны чалавек, назіраючы за навакольным сьветам, падзяляў яго на жывое і нежывое, тое, што дыхае, і не, адушаўлёнае і неадушаўлёнае. Увогуле, уяўленьні першабытных людзей пра душу былі вельмі дасканала й дакладна распрацаваныя. Душа ў іхным разуменьні складалася з колькіх роўняў. Першы — гэта жыцьцёвая энэргія, якая ёсьць і ў жывёлы. Другі — тое, што мы называем сьведамасьцю, індывідуальнасьцю. Існавала яшчэ душа-двайнік, душа-прывід, якая не была прымацаваная да цела й магла вандраваць па іншым сьвеце. І, нарэшце, чацьверты ровень — гэта неўміручая часьцінка вечнага Бога, якая працягвала існаваць і па сьмерці чалавека. Рэшткі гэтых складаных нам уяўленьняў можна адшукаць і сёньня ў тым, як разглядаюць панятак душы рэлігія, навука, як разумеем яе мы.

Вось, напрыклад, гавораць, што душа не старэе. Бывае, чалавек старэнькі, а вочы сьветлыя-сьветлыя, як веснавое неба. І бачна, што ўжо цесна душы ў гэтым целе, хутка з апошнім дыханьнем паляціць яна ў блакітную вышыню. Душа не старэе, але яе можна згубіць. Зрабіў дробную ганебнасьць — і няма ў цябе часьцінкі душы. Паскудзтва больш буйных маштабаў — яшчэ адная частка адмерла. Яшчэ, яшчэ ды яшчэ… Потым зробіш рэвізію, а душы ў цябе ўжо няма. Бывае, дзякуючы зробленым ганебнасьцям, чалавек дасягае жыцьцёвых посьпехаў, у казках гэта называецца прадаць душу нячыстай сіле, якая, як мы ведаем, праяўляе вялікую зацікаўленасьць у гэтым тавары. «А душа… — думае тады той, хто прадае. — Ну, гэта ж не рука ці нага, пагатоў, не галава. Як паказвае досьвед, можна жыць і без душы, у некаторых цудоўна атрымліваецца». Толькі вось сустрэцца поглядам з такім чалавекам страшна, глядзіш у вочы — а там халодная пустэча. Абмінаць такіх лепей за кілямэтар, а тое і за два. Ну й найстрашней, вядома, сустрэцца з такім поглядам у люстэрку, тут ужо не абмінеш ды не ўцячэш.


Аўтар: Андрэй Бурэц

Выявілі памылку ці "мёртвую" спасылку?

Вылучыце праблемны фрагмэнт мышкаю й націсьніце CTRL+ENTER.
У вакне, што зьявілася, апішыце праблему й адпраўце Адміністрацыі рэсурсу.

Камэнтары:0

ДАДАЦЬ КАМЭНТАР

Увядзіце код:*
абнавіць, калі ня бачны код