0

«Nizkiz»: Усе мы верым, што ўсё ў нас будзе і ўсё атрымаецца

Праглядаў: 222
VIOLEX узяў інтэрвію ў «Nizkiz’у» на стадыёне ФК «Менск», дзе калектыў рыхтаваўся выступіць на матчы «Крумкачы» — «Дняпро». Гутарка адбылася ў неймаверна сяброўскай, цёплай атмасфэры, за што хлопцам велізарная падзяка!

Беларускі рок-гурт «Nizkiz» узьнік ў 2008 годзе ў Магілёве. На яго рахунку — вялікая колькасьць узнагародаў і дыплёмаў за ўдзел у разнастайных музычных конкурсах, шмат якія выступы на фэстах ды тры цудоўныя альбомы, што ўлучылі ў сябе кампазыцыі на расейскай і беларускай мовах.

Праз што прайшоў гурт за 9 гадоў свайго існаваньня? У што вераць і пра што мараць удзельнікі? Якія пляны будуюць? Пра ўсё гэта мы пагутарылі з бліскучымі ўдзельнікамі «Nizkiz’у».

VIOLEX: Дабрыдзень! Вельмі радыя сустрэцца з вамі!

Nizkiz: Вітаем!

VIOLEX: Даслоўна тыдзень таму вы разам з «Akute» выступілі як гэдлайнэры на лагойскай сцэне фэсту «Паляна сяброў» / «Сьцежка мужнасьці», а сёньня вы — музычны госьць на футбольным матчы «Крумкачы» — «Дняпро». Пры нагодзе хочам падзякаваць, што знайшлі ў сваім шчыльным графіку час і для нас.

Ну, і заканамернае пытаньне: як настрой перад выступам?


Зьміцер: Настрой перад выступамі ў нас заўсёды добры.

Сяргей: Зарадзіліся футболам.

Аляксандр: Так, зарадзіліся футболам. Глядзім, як турнір праходзіць, і я цяпер нават шкадую, што футболам не пачалі займацца, а заняліся музыкаю (усьміхаецца).

VIOLEX: А падзяліцеся, калі ласка, як гэта — быць цьвіком праграмы?

Зьміцер: Фэст у Лагойску — гэта больш спартовая імпрэза, не зусім нашая мэтавая аўдыторыя, можна сказаць. Але ўсё адно людзі прыйшлі, падтрымалі. Быць гэдлайнэрам заўсёды крута, бо ты — галоўная падзея музычнае праграмы. Таму ўсё выдатна было.

Сяргей: Сьвятло, шоў, піратэхніка і ўсё ў тым жа духу.

Леанід: Быць цьвіком праграмы добра: больш часу на тое, каб усё падлучыць і праверыць. Бо звычайна ўсё робіцца ў сьпешцы, што-небудзь гудзіць абавязкова (усьміхаецца).

«Nizkiz»: Усе мы верым, што ўсё ў нас будзе і ўсё атрымаецца

VIOLEX: Безумоўна, такія запрашэньні ў якасьці гэдлайнэраў — гэта значная ступень разьвіцьця кожнага музычнага калектыву. Гэта заслужаная павага, прызнаньне. Але каб заваяваць іх, найчасьцей, трэба прайсьці доўгі й няпросты шлях. Ці шмат перашкодаў сустракалася / сустракаецца на вашай творчай дарозе?

Зьміцер: Дарога не канчаецца, мы ідзём далей. Вядома, цяжкасьці ёсьць паўсюль — і ў музыцы, і ў жыцьці. Бязь іх ніяк. Таму ня варта чакаць, што будзе лёгка, а проста рабіць сваю справу мэтадычна, з зацятасьцю, старацца. І, я думаю, усё гэта рана ці позна ўзнагароджваецца.

Аляксандр: Мы паставілі мэты перад сабою: як мага хутчэй зрабіцца вядомымі, папулярнымі, запатрабаванымі, нарэшце дамагліся, каб нас запрасілі ў якасьці гэдлайнэраў у Лагойск (усьміхаецца).

Мы максымальна імкнуліся браць удзел у любых конкурсах, самых непрыкметных канцэртах. У нас былі выступы, дзе, апроч пэрсаналу клюбу, больш нікога й не было. Але мы ня падалі духам, працавалі гэтак сама, як бы там былі тысячы людзей. І зноў жа: мы верым у тое, што ў выніку ўсё ў нас будзе добра.

VIOLEX: Мы таксама шчыра ў гэта верым! У адным з інтэрвію вы згадвалі, што недзе ў 2009-ым на год прыпынілі музычную дзейнасьць. Аднак праз год пастанавілі, што «трэба наноў сабрацца й спрабаваць». Што спрычынілася да перапынку? Што тады падштурхнула вас аднавіць сваю дзейнасьць?

Аляксандр: Мы выпусьцілі першы сінґл, які называўся «С ума» ці «Сходили с ума», я ўжо й ня памятаю (усьміхаецца). Пасьля гэтага ў нас было вельмі мала канцэртаў, самыя музыкі свае сілы, гэтак скажам, у іншыя рэчышчы скіравалі. І мы прыпынілі нашую дзейнасьць недзе да 2011 году. У нас, у прынцыпе, было колькі канцэртаў за год — для Магілёва на той момант гэта лічылася нават вельмі нічога. То бок мы яшчэ, з грунту, функцыянавалі як гурт.

Потым, у 2012-ым, мы пастанавілі сабрацца зноў, бо ўжо быў напрацаваны матэрыял — такі кавалак працы прароблены. Увогуле першы альбом меў выйсьці ўжо ў годзе 2010-ым. Але праз усялякія ўнутраныя справы гурта (унутраную кухню), як я ўжо казаў, мы прыпыніліся.

Аднак альбом усё ж трэба было выпусьціць, каб паглядзець на рэакцыю людзей і зразумець, ці варта ўвогуле гэтым займацца, ці мае сэнс нашая музыка. Гэта й сталася чарговым штуршком. Галоўным чынам мы сустракалі станоўчыя рэцэнзіі, камэнтары. Зразумела, што была й крытыка. Неўзабаве пра нас ізноў пачулі, пачалі кудысьці запрашаць. Гэтак, з 2012 году мы шчыльна заняліся самараскручваньнем.

VIOLEX: А ці здараліся моманты, калі зусім апускаліся рукі?

Аляксандр: Рэч у тым, што зь першага складу толькі я застаўся. Таму асноўная праблема ўсіх гуртоў — гэта зьмена складу. Шмат хто аддае перавагу сям’і, працы, проста таму, што ня вераць у посьпех гурта. Але я дасюль веру, што ўсё будзе добра. Гэта і ёсьць фактар, які ўсіх нас яднае на цяперашнім этапе: усе мы верым, што ўсё ў нас будзе і ўсё атрымаецца.

VIOLEX: Мы адчайна спрабуем высьветліць, усё ж зь якімі складанасьцямі сутыкаюцца маладыя беларускія выканаўцы. Хацелася б пачуць і вашую думку на гэты конт.

Аляксандр: Адная з галоўных складанасьцяў — гэта лянота самых маладых гуртоў. Звычайна ўсё адбываецца прыблізна так: яны выпускаюць альбом, потым сядзяць, глядзяць, а штосьці нічога не адбываецца — і робяць выснову, што іхная музыка, напэўна, вельмі дрэнная. І завязваюць. А калі нават і не завязваюць, то, калі іх, да прыкладу, запрашаюць на нейкія канцэрты — «Ай, куды мы паедзем за свой рахунак».

Мы бязь ценю сарамлівасьці кажам, што першы час толькі за свой рахунак і езьдзілі паўсюль, каб максымальна ахапіць тэрыторыю. Гомель? Паехалі ў Гомель! Віцебск? Паехалі ў Віцебск! Масква? Паехалі ў Маскву! Куды заўгодна! Ізноў жа, галоўнае — вера. Я ўжо тысячны раз паўтараю: калі малады гурт думае, што гэта лёгкі шлях, што заўтра яны прачнуцца зоркамі, то на гэта разьлічваць зусім ня варта. Трэба працаваць, працаваць і яшчэ раз працаваць.

VIOLEX: Гады 4 таму ў адным з інтэрвію вы падзяліліся сваймі назіраньнямі наконт стаўленьня арганізатараў розных музычных конкурсаў да беларускіх выканаўцаў. Вы казалі пра пэўныя стэрэатыпы й клішэ ў дачыненьні беларусаў. Растлумачце, калі ласка, што менавіта вы мелі на ўвазе.

Аляксандр: У нашай практыцы гэта ўсё ж быў адзінкавы выпадак, калі, як нам здалося, усё было вызначана яшчэ да пачатку фіналу конкурсу. З грунту, ужо нават былі надрукаваныя граматы з імёнамі пераможцаў. На шчасьце, я не дазволіў Дзіму паглядзець на гэтыя граматы, і мы тады выступілі вельмі добра, гэтак, як, напэўна, ніколі дасюль не выступалі. Мы ўсю пяцітысячную залю гэтак разгайдалі, што, калі абвяшчалі пераможцаў, усе скандавалі «Беларусь! Беларусь!».

Стэрэатыпаў наконт якасьці беларускае музыкі як бы й няма. Уся праблема, хутчэй, у залішняй сьціпласьці беларусаў. Вось за што я паважаю ўкраінскіх музыкаў — яны куды ні прыяжджаюць, заўсёды паказваюць: «Мы з Украіны!». Яны ўпэўненыя ў тым, што робяць якасны прадукт.

Нашыя ж хлопцы ды дзяўчаты — мы пэрыядычна перасякаліся на розных конкурсах — наадварот: «Ну, можа, у нас музыка ня вельмі... Ну, давайце выйдзем адыграем... А раптам пройдзем?..» То бок падачы бракуе й пэўнасьці ў сабе.

Я скажу наконт таго ж конкурсу: у ім узялі ўдзел прыблізна паўтысячы расейскіх гуртоў і ўсяго 15 беларускіх, сем зь якіх прайшлі ў паўфінал. Калі я потым гутарыў з адным зь сябраў журы, той казаў: «Калі на сцэну выходзілі беларусы — мы адразу ведалі: зараз прагучыць якасная музыка. Удзельнікі зь Беларусі былі на галаву вышэй шмат каго зь піцерскіх і маскоўскіх музыкаў».

Так што тут усё наадварот, мне здаецца. Час ламаць гэтыя стэрэатыпы.

VIOLEX: Чаму ж тады, калі параўноўваць з тою ж Украінаю ці Расеяй, складаецца ўражаньне, што нашых выканаўцаў, якія дамагліся прызнаньня хоць бы ў найбліжэйшым замежжы, гэтак мала?

Зьміцер: Не сказаць, што нас мала. Нават калі ўзяць тыя ж прапорцыі — колькасьць насельніцтва адносна плошчы тэрыторыі — нас, можа, нават і больш атрымаецца. Проста бальшыня гуртоў ці асобныя музыкі зьяжджаюць кудысьці й ужо там граюць у вядомых гуртах або самыя робяцца крутымі гуртамі, да прыкладу, як тая ж «Iowa», Макс Корж і іншыя. Таму ўсё ў нас, мне здаецца, даволі няблага.

Аляксандр: У нас яшчэ сядзіць такая правінцыйная якасьць: пакуль мы там ня зробімся зоркамі, тут нас не палюбяць.

VIOLEX: Мы пільна назіраем за вашым гуртом, і таму вельмі хочацца адзначыць прыемны момант: ні намёку на «зорную хваробу». Як у вас атрымліваецца захоўваць імунітэт?

Аляксандр: Ды якая «зорная хвароба»? Мы яшчэ не дасягнулі таго статусу, каб груба настойваць на чымсьці на ўзроўні нейкіх топавых гуртоў, якія зьбіраюць сапраўды велізарныя залі па ўсёй постсавецкай прасторы.

Таму пакуль мы тут, я мяркую, мы ня вельмі патрабавальныя. Мы, хутчэй, больш патрабавальныя ў тэхнічным пляне: усё прапісанае намі ў райдэры мае выконвацца максымальна.

Сяргей: Грошы нас яшчэ не сапсавалі.

Аляксандр: Так, грошы нас яшчэ не сапсавалі.

VIOLEX: Ваш гурт — гэта больш, чымся проста музычны калектыў? Ці часта вы стасуецеся за межамі грымёрных і сцэнаў?

Аляксандр: Я часам на канцэртах забываюся на іхныя імёны (сьмяецца). Ну, сустракаемся часам зьесьці мяса, паразмаўляць.

Зьміцер: Я думаю, тут трэба нейкі балянс захоўваць. Каб не надакучваць адно аднаму, каб было цікава шторазу сустракацца, штосьці распавядаць, чымся ўвесь вольны час трымацца разам учатырох.

Аляксандр: У нас яшчэ не было якога месячнага туру. Хоць мы аднойчы тыдзень жылі разам у Піцеры: канцэртавалі, хадзілі на розныя выступы вельмі сур’ёзных аўтарытэтных дзядзькаў музычнай індустрыі. І неяк пражылі нармальна, даволі весела.

VIOLEX: А ці ёсьць у вас нейкі натхняльнік?

Аляксандр: «Ballantine’s» (сьмяецца). Калі пытаньне да мяне, то песьні не вымучваюцца. Яны або пішуцца, або ня пішуцца. А ўвогуле мы даволі сталыя хлопцы, каб самым ацэньваць і разумець, што калі ня мы самыя, то на кагосьці разьлічваць няма сэнсу.

У нас дастаткова вузкі рынак: калі ты раптам пастановіш завязаць з музыкаю як удзельнік «Nizkiz’у», да прыкладу, ніхто з музыкаў і нават сяброў-музыкаў — не хачу нікога пакрыўдзіць — ня скажа табе: «Вой, кінь гэта. Я думаю, наадварот, усё скажуць: «Фух, цяпер лягчэй будзе». (Зьвяртаючыся да іншых гуртоў) Але мы не дамо вам такога шанцу, не расслабляйцеся (усьміхаецца).

VIOLEX: Аднак пагаворым крыху пра чароўную Міру Шульц. Наколькі мы зразумелі, яна займаецца арганізацыяй вашых канцэртаў? Цяжка не заўважыць ейнага вельмі трапяткога стаўленьня да вас. Пэўна, вельмі натхняе, калі ў табе бачаць ня проста камэрцыйны праект?

Аляксандр: Міра нам, як мама. Наймаладзейшая мама ў гісторыі. Якая маладзейшая за ўсіх нас (сьмяецца).

Зьміцер: Вяртаючыся да папярэдняга пытаньня: няма менавіта натхняльнікаў, але сапраўды ёсьць людзі, якія проста дапамагаюць, нехта больш, нехта менш, пры гэтым абсалютна задарма. Усе абавязкі ў нас умоўныя, гэта значыць — ніякіх працоўных кантрактаў, пасадаў, акладаў у нас няма. Міра выконвае шмат арганізацыйнае працы, прытым, ізноў жа, задарма. І дзякуй ёй вялікі за гэта.

«Nizkiz»: Усе мы верым, што ўсё ў нас будзе і ўсё атрымаецца

Аляксандр: Мы з усімі людзьмі, якія нам дапамагаюць, шчыра сябруем. І ня дзеля таго, каб яны нам дапамагалі. То бок атрымліваецца, гэта сябры, якія нам яшчэ і дапамагаюць.

VIOLEX: Як вядома, пры запісе вашага першага альбому ў складзе «Nizkiz’у» быў яшчэ й клявішнік...

Сяргей: Ён і цяпер ёсьць.

Аляксандр: Толькі ён электронны.

VIOLEX: А ня думалі зноў папоўніць свой склад?

Сяргей: Пакуль сэнсу няма.

VIOLEX: То бок хапае таго набору музычных інструмэнтаў, што ёсьць на гэты момант?

Аляксандр: Цяпер лічбавае стагодзьдзе: зымітаваць тую ж гітару можна й на кампутары. Вядома, не такой якасьці, як у Лёні, ці ня гэтак, як можа імітаваць ігру на гітары Лёня (усьміхаецца).

У нас ёсьць выдатны музыка сэсійны Макс Аляксееў, які вось, дарэчы, дапамагаў нам з клявішамі ў апошнім і перадапошнім нашых альбомах. Калі й будуць нейкія ідэі, то толькі, напэўна, з клявішамі. Другога гітарыста няма сэнсу браць.

Сяргей: Хоць хто яго ведае, можа, яшчэ парачку гітарыстаў...

Аляксандр: Так, але толькі калі на нейкія вялікія канцэрты, і, зноў жа, сэсійных музыкаў. А так проста сэнсу асаблівага няма. Мы й гэтак выдатна гучым. Можна, вядома, яшчэ дабл-гурт стварыць, каб «Nizkiz» адначасова ў некалькіх гарадах выступаў, як «Ласковый май».

VIOLEX: Ня так даўно ў гасьцях на радыё «Сталіца» вы распавядалі, што імкняцеся паступова выраўняць суадносіны песень на расейскай і беларускай мовах. З чым гэта зьвязана?

Аляксандр: Мой першы досьвед напісаньня песьні на беларускай мове — гэта «Guantanama». Я й да гэтага насіў нейкія ідэі, каб напісаць штосьці на беларускай мове. Гэтак, пэўныя радкі ў мяне клаліся пад музыку выключна на беларускай.

Проста было неяк лянота разьвіваць гэтую тэму. Потым, калі ўжо была пастаўленая такая міні-ўмова, каб хоць адная кампазыцыя ў нас была па-беларуску, я напісаў песьню «Guantanama». І яе вельмі добра прынялі. Пасьля гэтага, гэтак скажам, кайданы спалі. Я зразумеў, што можна пісаць на беларускай мове нават мне. Бо хоць я і ёсьць яе носьбіт, дакладна магу сказаць, што я не ў ідэале ёю валодаю. Нейкія словы я сапраўды магу проста падгледзець. То бок я разьвіваю думку гэтак, каб было пісьменна з гледзішча беларускае мовы, каб гэта быў — не хачу пакрыўдзіць ніякіх гуртоў — чыста беларуская мова.

VIOLEX: Дзе вы найчасьцей выступаеце за межамі Беларусі? Мабыць, у Расеі? Як успрымаюцца замежнымі слухачамі песьні на нашай мове?

Аляксандр: Так, у Расеі. Наш апошні выступ летась увесну — хорам усе сьпявалі «Як спыняецца цішыня» на беларускай расейскай мове. Яны не разумелі, пра што сьпяваюць, але гэта было так цёпла, што Лёня ледзь сьлёзы стрымліваў, калі граў. Шчыра кажучы, гэта вельмі прыемна, калі людзі сьпяваюць вось такую песьню цэлым барам (ці клюбам, што там было?). Выдатна! Нават бармэн, які ня ведаў, хто мы такія, пад канец песьні ўжо падпяваў словы прыпеву.

VIOLEX: У цэлым беларуская мова асабіста для вас — гэта?

Аляксандр: «Мова — ты мама». Я ня ведаю, як гэта патлумачыць. Гэта неадымная частка ідэнтычнасьці.

Лёня: Спадчына спакон вякоў.

VIOLEX: Вясною гэтага году вы прэзэнтавалі публіцы свой трэці альбом. Ці ёсьць істотная розьніца ў адчуваньнях паміж гэтымі трыма прэзэнтацыямі?

Аляксандр: Вядома, ёсьць. Да трэцяга альбому нас шмат хто ведаў, чакаў гэты альбом. Мы іх мучылі, трошкі нават пазьней заплянаванага намі графіку выпусьцілі яго. Як нам здалося, і як паказаў потым час, гэта быў разумны ход — прэзэнтацыя ў Менску прайшла з абсалютным аншлягам. Шмат хто з тых, хто прыйшоў, нават пашкадаваў, што прыйшоў, бо на канцэрце была сапраўдная лазьня. (Зьвяртаючыся да слухачоў) І дзякуй вам за гэта!



VIOLEX: Якая з кампазыцыяў у кожнага з вас улюбёная, якою зь іх кожны з вас ганарыцца найбольш?

Лёня: Напэўна, «Небясьпечна», бо я там наладжваў гэтую вось «штучку, якая скача». Гэта мой самы вялікі ўнёсак у творчасьць (усьміхаецца).


Фрагмэнт з кампазыцыі «Небясьпечна» з «штучкаю, што скача» (дзякуем Леаніду за тлумачэньні
і пададзены ўрывак зь песьні)


Аляксандр: У мяне няма ўлюбёнай, у мяне цалкам усё. Бывае пад настрой нейкая асобная. Я пасьля апошняга альбому слухаў нашыя песьні разоў пяць усяго, напэўна. Бо досыць іх на канцэртах.

Ізноў жа, усё залежыць ад рэакцыі слухачоў, бо заўсёды бывае па-рознаму: у адным горадзе, да прыкладу, нейкая зь песень як бы халаднавата будзе ўспрынятая, а ў іншым горадзе яна ж пойдзе на ўра. І разумееш, што не такая ўжо яна і благая. Можа, нават добрая.

Зьміцер: У мяне яны таксама пэрыядычна мяняюцца. Але калі вылучыць нейкую адную, то, напэўна, «Цяпер і далей».

Сяргей: «Кроме», што мы ніколі ня граем на канцэртах.

VIOLEX: Даслоўна кожнаму часам трэба даваць выйсьце эмоцыям. Нехта, да прыкладу, каб адарвацца, ходзіць на вашыя канцэрты. А як адрываецеся вы?

Аляксандр: Я ўжо, на жаль, гатуючыся ў гэтай кухні, калі хаджу на канцэрты, гляджу, як людзі працуюць. Каб, можа, штосьці ўзяць для сябе, або, наадварот, зжахнуцца: «Няўжо я таксама гэтак выглядаю?».

А так я футбол вельмі люблю. Колькі разоў на тыдзень бегаю, каб так па-мужчынску папіхацца, выпусьціць пару, змакрэць як мае быць.

Лёня: Дровы пасекчы — мне дапамагае.

VIOLEX: Шчыра?

Лёня: Шчыра.

Аляксандр: Гэта дрывасек яшчэ той!

Зьміцер: Спартовая заля.

Аляксандр: Яшчэ адзін дрывасек!

Сяргей: Ровар.

VIOLEX: Усе спартоўцы проста :) А распавядзіце, калі ласка, пра вашыя самыя сьмелыя мары (зьвязаныя з гуртом, у жыцьці ў цэлым).

Аляксандр: Мару зьбіць Бэтмэна. Жартую-жартую. Так, у мяне пакуль усё закальцавана ў гурце «Nizkiz». Калі ўсё будзе тут добра, то, у прынцыпе, далей да мараў нейкіх больш глябальных будзе рукою дастаць.

Лёня: Аўтобусік такі, каб усё барахло залазіла і яшчэ можна было легчы. І яшчэ адную гітару.

Зьміцер: Ну, калі самая сьмелая, то зрабіцца акторам і ў кіно здымацца.

Сяргей: Нездарма ён у мацоўню пайшоў! А ў мяне — паехаць у сусьветны тур гады на тры.

Аляксандр: Я неяк зусім сьціплы.

VIOLEX: Ну, і традыцыйнае пытаньне: чаго чакаць ад «Nizkiz’у» бліжэйшаю будучыняю?

Зьміцер: У прынцыпе, як звычайна.

Нехта з хлопцаў: То бок нічога.

Аляксандр: Нічога добрага (сьмяецца).

Зьміцер: Галоўнае, што ў нас усё ідзе па нарастальнай, прагрэс ёсьць. І галоўнае — не спыняцца, таму мы будзем прыкладаць намаганьні, каб і далей разьвівацца. З бліжэйшых плянаў — не вялікі, а проста велізарны сольны канцэрт, які пройдзе 4 лістапада у Менску.

«Nizkiz»: Усе мы верым, што ўсё ў нас будзе і ўсё атрымаецца

VIOLEX: І ўсё ж дзе абяцаныя відэакліпы?

Аляксандр: Вось таму мы больш і не абяцаем (сьмяецца). Толькі калі ўжо ўсё зробім, выпусьцім, тады й скажам: «Заўтра глядзіце».

VIOLEX: Хлопцы, дзякуй вам шчыры яшчэ раз! Вельмі радыя пазнаёміцца крышачку бліжэй. Ад шчырае душы зычым посьпехаў ува ўсім! Шчыра верым, што вы даб’яцеся ўсяго, пра што марыце!

Nizkiz: Дзякуй і вам!


За творчасьцю гурта «Nizkiz» можна сачыць тут:
афіцыйная старонка ў VK
афіцыйная старонка ў Facebook'у
афіцыйная старонка ў Instagram’е
афіцыйны мікраблёг у Twitter’ы
афіцыйны канал на YouTube’е

Паслухаць «Nizkiz» можна тут:
афіцыйны акаўнт у сэрвісе Soundcloud



Аўтарка: Jauhienka

Выявілі памылку ці "мёртвую" спасылку?

Вылучыце праблемны фрагмэнт мышкаю й націсьніце CTRL+ENTER.
У вакне, што зьявілася, апішыце праблему й адпраўце Адміністрацыі рэсурсу.

Камэнтары:0

ДАДАЦЬ КАМЭНТАР

Увядзіце код:*
абнавіць, калі ня бачны код