2

Моўныя расьсьледаваньні: Час смаркачоў

Праглядаў: 309
На дварэ — час смаркачоў. Той непрыемны пэрыяд, калі даволі адчувальна халаднее (гэта клятая восеньская золь!), а напаўняць батарэі гарачаю вадою камунальнікі не сьпяшаюцца. Нашыя кволыя арганізмы застаюцца безабаронныя перад хаўрусам халадэчы з інфэкцыямі, і мы шморгаем насамі, спрабуючы неяк прачысьціць заторы смаркачоў у нашых шматпакутных насах. Чакайце, смаркачоў ці сопляў? Як слушна па-беларуску? Высьветлім у нашым чарговым моўным расьсьледаваньні.

Напачатку зазірнем у «Расейска-беларускі слоўнік» Байкова-Некрашэвіча. Адпаведнікамі расейскім «соплям» там падаюцца на першым месцы «смаркачы» (гэта значыць, што аўтары рэкамэндуюць найперш яго), на другім месцы — «смаркавіньне» (сучасныя нашыя слоўнікі чамусьці забыліся на гэтае слова) і ўжо на трэцім — «соплі».

Цяпер разьбярэмся з паходжаньнем гэтых словаў. Смаркачы (дарэчы, можна ўжываць і ў адзіночным ліку — смаркач) зьвязаныя зь дзеясловам смаркацца і маюць у родзічах стараславянскі назоўнік «смъркъ» («сморк») — «соплі». Узгадайма тут і расейскі фразэалягізм «пустить насмарку», значэньне якога робіцца цяпер празрыстым. У выпадку з гэтым «сморкам» этымолягі ўпэўнена сьцьвярджаюць, што першапачаткова спалучэньне ўтварылася ад гукаперайманьня. Правядзіце сьледчы экспэрымэнт: паспрабуйце пашморгаць носам — і вы пачуеце нешта падобнае да «см-см-см-см». Таму вэрсія выглядае праўдападобнаю. Магчыма, гукаперайманьне таксама зрабілася сродкам словаўтварэньня і ў выпадку з соплямі, якія родныя дзеці дзеяслова «сапці» (цяжка дыхаць) ці назоўніка «сап».

Мы ледзь не забыліся на яшчэ адное слова для называньня гэтае непрыемнае зьявы, пра якое вы найхутчэй ня чулі. Гэта «вазгры» (ці «возгры»). Яно й вытворныя ад яго прысутнічалі ў беларускай, расейскай, украінскай, польскай ды іншых славянскіх мовах, то бок гэта ня вузкі дыялектызм. Слова гэтае вельмі даўняе й мае паралелі ў далёкіх ад нас індаэўрапейскіх мовах, але чамусьці (можа, праз сваю немілагучнасьць) адышло ў моўны нябыт. Яго можна сустрэць у даўніх фальклёрных запісах. Да прыкладу:"Бялун — сівы дзед, які нібыта жыве ў жыце ля дарогі. Ён, кажуць, паказваецца бедняку, што ідзе па дарозе, і просіць яго ўцерці яму нос, з каторага цякуць возгры; калі гэты згадзіцца да ўтрэць, то Бялун высыпіць яму золата із сваёй торбы«. Але беларускія пісьменьнікі слова не выкарыстоўвалі, і ў літаратурную мову яно ня трапіла.

Такім чынам, да якой жа высновы прывяло нашае расьсьледаваньне? У словаў-сынонімаў (мовазнаўцы называюць іх лексычнымі дуплетамі, бо ніякага адрозьненьня ў значэньні паміж імі няма) смаркачы ды соплі маюць даўнія карані ў праславянскай мове, а таму — і роўныя правы на ўжываньне. Хіба што, зважаючы на замацаваньне слова «соплі» ў расейскай мове, «смаркачы» набываюць адметны беларускі калярыт, і перавагу ўсё ж карціць аддаць ім. А калі ідзецца пра маладую недасьведчаную асобу, у якой смаркавіньне пад носам яшчэ ня высахла, то тут без варыянтаў — «смаркач».

Аўтар: Андрэй Бурэц

Выявілі памылку ці "мёртвую" спасылку?

Вылучыце праблемны фрагмэнт мышкаю й націсьніце CTRL+ENTER.
У вакне, што зьявілася, апішыце праблему й адпраўце Адміністрацыі рэсурсу.

Камэнтары:2

      1. Nastaśsia_K

        Чаму? :) На які афіцыйны слоўнік прапаноўваеце арыентавацца? У СБМ - то-бок, у РБС - то бок, тлумачальны ставіць націск тО-бок, але на практыцы ж вымаўляецца як два словы: то бок.

ДАДАЦЬ КАМЭНТАР

Увядзіце код:*
абнавіць, калі ня бачны код