0

Дэйвід Лінч распавядае, як лавіць вялізную рыбіну (пераклад кнігі майстра на беларускую мову)

Праглядаў: 318
Сёлета Дэйвід Лінч чарговы раз агаломшыў гледачоў трэцім сэзонам культавага сэрыялу «Тўін Пікс», які пакінуў больш пытаньняў, чымся адказаў (а хіба магло быць іначай?). Думаю, нікому ня трэба распавядаць, хто такі Дэйвід Лінч. Таксама ня буду тут прызнавацца ў сваёй любові да яго й казаць пра захопленасьць «Тўін Піксам», які калісьці пакінуў незабыўнае ўражаньне на дзіцячую душу.

А вось зразумець творчы сусьвет Лінча, магчыма, дапаможа ягоная кніга «У пошуках вялізнае рыбіны: мэдытацыя, сьведамасьць, творчасьць» (2006), пераклад якой мы вам прапаноўваем. У ёй майстар распавядае пра сваё жыцьцё, творчасьць, значная частка кнігі прысьвечаная ягоным заняткам трансцэндэнтальнаю мэдытацыяй. Калісьці Лінч зацікавіўся ўсходнімі практыкамі й з тых часоў у яго ані дня не праходзіць без мэдытацыяў, якія выкарыстоўваюцца ім і як дапамога ў пошуку ідэяў для творчасьці. Распавядае Лінч пра мэдытацыю гэтак захоплена й пераканаўча, што і вы захочаце паспрабаваць.

Аповед вядзецца ў форме невялікіх, не зьвязаных міжсобку частак. Спачатку я меркаваў перакласьці некаторыя зь іх, але потым захапіўся й пастанавіў зрабіць поўны пераклад, які будзе паступова публікавацца на нашым сайце.

У інтэрнэце можна адшукаць аўдыёкнігу, дзе ўласна Лінч чытае тэкст. Яе варта паслухаць, каб пачуць гэтую асаблівую лінчаўскую інтанацыю. Звычайна, без мудрагельстваў, як добраму знаёмаму Лінч распавядае пра цікавыя й даволі складаныя рэчы. У сваім перакладзе, дзе часам, прызнаюся, дазваляў сабе вольнасьці, я намагаўся, каб Лінч загаварыў па-беларуску, нібыта такі вось разумны й звычайны беларускі дзядзька. Наколькі гэта мне ўдалося — меркаваць вам.

Дэйвід Лінч распавядае, як лавіць вялізную рыбіну (пераклад кнігі майстра на беларускую мову)

У пошуках вялізнае рыбіны: мэдытацыя, сьведамасьць, творчасьць


Прысьвячаецца вялебнаму Магарышы Магэшу Ёґі

Ідэі нібы рыбы


(уступ)

Калі табе дастаткова малое рыбы, то можна заставацца каля берагу, але калі ты жадаеш злавіць вялікую, то давядзецца забрацца на глыбіню. Там, у глыбіні, плавае магутная й сапраўдная рыба. Там яна вялізазная, бязь межаў. І надта прыгожая.

Асабіста я шукаю рыбу цікавую мне, такую, што магу перакласьці на мову кіно. Але там, у глыбіні, плаваюць розныя віды рыбы — рыбы для бізнэсу, рыбы для спорту, рыбы для ўсяго.

Усё, любая рэч, зьяўляецца з найглыбейшага роўню. Сучасная фізыка называе такі ровень паяднаным полем. Чым больш пашыраецца твая сьведамасьць, чым бліжэй ты кіруесься да вытокаў, тым большую рыбіну можаш злавіць.

Заняткі паводле праграмы Трансцэндэнтальнай мэдытацыі (а займаюся я ўжо 33 гады) мелі найважнейшую ролю для маёй працы ў кіно, жывапісе ды, увогуле, ува ўсіх сфэрах майго жыцьця. Для мяне яны зрабіліся магчымасьцю нырнуць глыбей у пошуках вялікае рыбіны. У гэтай кнізе я хачу падзяліцца з вамі сваім досьведам.

Першы нырэц


Той, хто знаходзіць шчасьце ў сярэдзіне, хто знаходзіць здавальненьне ў сярэдзіне, хто бачыць усё сьвятло ў сярэдзіне, хто ў еднасьці з брахманам, той дасягае адвечнае свабоды ў боскай сьведамасьці.

Бгаґавад Ґіта


Калі я ўпершыню пачуў пра мэдытацыю, мяне не зацікавіла ані. Падалося нейкім марнаваньнем часу. Але выраз «сапраўднае шчасьце — у сяродку» нечым зачапіў мяне. Сьпярша я падумаў: неяк хітра гучыць, бо ж не тлумачыцца, дзе гэтае «ў сяродку» ці як туды трапіць. Але ўсё ж адчувалася нейкая праўдзівасьць. І я задумаўся: магчыма, праз мэдытацыю можна патрапіць у сярэдзіну.

Я пачаў зьбіраць зьвесткі пра мэдытацыю, распытваць, даведаўся, што існуюць розныя віды. Акурат у той час патэлефанавала мая сястра й сказала, што займаецца трансцэндэнтальнай мэдытацыяй ужо 6 месяцаў. Нешта было ў ейным голасе. Зьмена, чулася шчасьце. Тады я падумаў: «Тое, што мне трэба».

І ў ліпені 1973 году я скіраваўся ў Цэнтар трансцэндэнтальнае мэдытацыі ў Лос-Анджэлесе, сустрэўся з інструктаркаю. Яна была вельмі падобная да Дорыс Дэй і спадабалася мне. Яна й навучыла мяне тэхніцы. Запрапанавала мантру, то бок адмысловае спалучэньне (гук-вібрацыя-думка), над значэньнем якога ня трэба разважаць. Прывяла мяне ў невялікі пакой для маёй першай мэдытацыі. Я сеў, заплюшчыў вочы, пачаў мантру й сталася, быццам я апынуўся ў ліфце, і трос перацялі. Бах! Я абрынуўся ў шчаснасьць як яна ёсьць. Проста быў у ёй. Тады інструктарка кажа: «Час выходзіць — мінула ўжо 20 хвілінаў». Я пытаю: «Ужо 20 хвілінаў?» А яна мне: «Шшш!», там жа іншыя людзі мэдытавалі. Тое, што я адчуў, было адначасова вельмі знаёмае й новае, вельмі моцнае нешта. Пасьля гэтага я сказаў, што слова ўнікальнае мусіць быць замацаванае менавіта за досьведам мэдытацыі.

Мэдытацыя вядзе цябе ў акіян чысьцюткае сьведамасьці, чысьцюткага веданьня. Але ўсё тут знаёмае, бо гэта й ёсьць ты. Адразу ж зьяўляецца адчуваньне шчасьця, ня нейкае дурнаватае, легкаважнае шчасьце, а шчырая гожасьць.

За мінулыя 33 гады я ані разу не прапусьціў мэдытацыі. Я мэдытую па 20 хвілінаў уранку ды яшчэ раз па абедзе. А тады займаюся надзённымі справамі, атрымліваючы радасьць ад таго, што раблю. Мая інтуіцыя працуе лепей. Расьце радасьць ад жыцьця, а адмоўныя эмоцыі адступаюць.

Задушлівы гумавы касьцюм блазна


Лягчэй скруціць усё неба ў абрус, чымся дасягнуць сапраўднага шчасьця, ня ведаючы Сябе.

Упанішады


Калі я пачынаў мэдытаваць, мяне напаўнялі трывога й страх. Я быў прыгнечаны й злы. Часта вызьвяраўся на сваёй жонцы. Па двух тыднях заняткаў мэдытацыяй яна падышла да мяне: «Што адбываецца?» Я памаўчаў троху й спытаў: «Што ты маеш на ўвазе?» «Тая злосьць, дзе яна падзелася?» А я нават не заўважыў яе зьнікненьня.

Прыгнечанасьць і злосьць я называю задушлівым гумавым касьцюмам блазна. Ён не дае дыхаць, гума сьмярдзіць. Але як толькі ты пачынаеш мэдытаваць і ныраць у сярэдзіну, блазнаў касьцюм пачынае раставаць. Калі смурод ад гумы зьнікае, то адчуваеш, які ж ён быў атрутны.

Злосьць, прыгнечанасьць, журба прыгожа глядзяцца ў кіно, але для рэжысэра ці актора яны — атрута. Сьціскаюць творчыя здольнасьці як абцугамі. Ашчапераны імі, ты з ложку ня зможаш узьняцца, ня тое каб адчуць натхненьне й плынь ідэяў. А без ідэяў нічога ня ўдасца.

На пачатку


Пачыналася маё жыцьцё звычайна: я гадаваўся на паўночным захадзе. Мой бацька працаваў навукоўцам у Дэпартамэньце сельскае гаспадаркі — вывучаў дрэвы. Таму мне даводзілася шмат часу бавіць у лесе. А лес для дзіцяці — чароўная казка. Я жыў у невялікім горадзе, такія называюць мястэчкамі. Мой сьвет, калі шукаць адпаведнік, зьмяшчаўся ў адзін квартал вялікага гораду, магчыма, у два. Усё адбывалася ў гэтай прасторы. Усе мае мары, усе сябры існавалі ў межах гэтага невялікага сьвету, які для мяне ў той час быў вялізны й чароўны. У мяне была процьма часу, каб марыць і бавіцца зь сябрамі.

Мне падабалася маляваць і рысаваць. Я часта памылкова думаў, што чалавек, калі сталее, мусіць забыць пра гэткія забаўкі й займацца нечым сур’ёзным. Калі вучыўся ў 9 клясе, нашая сям’я перабралася ў Алекзандрыю, штат Вірджынія. Аднойчы ўвечары на палянцы перад домам маёй дзяўчыны я сустрэў хлопца, Тобі Кілера. У часе нашае гутаркі ён сказаў, што ягоны бацька — мастак. Я быў падумаў: пэўна, маляр, які фарбуе дамы, але далей высьветлілася, што менавіта мастак, які малюе карціны.

Гэтая размова зьмяніла маё жыцьцё. Раней я троху цікавіўся навукаю, але раптоўна зразумеў, што хачу быць мастаком і жыць як мастак.

Жыцьцё мастака


У школе я прачытаў кнігу Робэрта Гэнрая «Дух мастацтва», з якой атрымаў уяўленьне пра жыцьцё мастака. Для мяне быць мастаком значыла цалкам прысьвяціць жыцьцё мастацтву, пакінуўшы ўсяму астатняму другасную ролю.

Толькі такім чынам, думаў я, можна заглыбіцца й вынайсьці нешта новае. Таму ўсё, што замінае табе йсьці па абраным шляху, трэба прыбраць з жыцьця мастака. Праўду кажучы, жыцьцё мастака — гэта свабода. Гучыць, мне здаецца, троху эгаістычна. Але ня трэба бачыць тут эгаізму, сэнс у тым, што табе неабходны час.

Башнэл Кілер, бацька майго сябра Тобі, заўсёды казаў: «Каб плённа памаляваць гадзіну, табе спатрэбяцца чатыры гадзіны вольнага часу». Гэтак і ёсьць. Бо адразу маляваць не пачнеш. Трэба пасядзець трошку й адшукаць пэўную ідэю, каб ведаць, што маляваць. Таксама неабходна трымаць процьму матэрыялаў напагатове. Да прыкладу, трэба зладаваць падрамнік на палатно. На рыхтаваньне ўласна палатна можа спатрэбіцца шмат часу. І толькі пасьля гэтага пачынаеш працаваць. Для пачатку трэба ідэя, якая дасьць аснову для стварэньня й перастварэньня. Я заўсёды будую нешта й разбураю. А потым на месцы разбуранага бачу тое, што робіцца падмуркам будучага твору.

Прырода грае важную ролю ў творчым працэсе. Злучаць складаныя ў апрацоўваньні матэрыялы — гэта як пячы штось на сонцы. Выкарыстоўваеш матэрыялы, якія ня ладзяць міжсобку, а ў выніку ўзьнікае непаўторная адзіна магчымая рэакцыя. Пасьля чаго трэба сесьці й уважліва разгледзець, што атрымалася, разглядаць, разглядаць, разглядаць, пакуль раптам не падскочыш з крэсла й не пабяжыш рабіць далей. Вось гэта я і называю стварэньне й перастварэньне.

Але калі ты ведаеш, што праз паўгадзіны табе пільна трэба некуды бегчы, то плёну ня будзе. Такім чынам, у мастака мусіць быць дастаткова вольнага часу, каб даць магчымасьць добрым творам нарадзіцца. А на ўсё астатняе часу можа ўжо забракаваць.

Сад уночы


Такім чынам, мастак. Я шмат маляваў і паступіў у Школу мастацтваў. Кіно мяне не цікавіла. Часам я хадзіў у кінатэатар, але адзіным маім жаданьнем было маляваць.

Аднаго дня я сядзеў у сваім кубіку (на такія кубікі была падзеленая вялізная мастакоўская студыя Пэнсыльванскай акадэміі мастацтваў). Была, здаецца, палова на трэцюю гадзіну па абедзе, і я маляваў начны сад. Шмат чорнае фарбы, зь цемры вылучаліся абрысы зялёных расьлінаў. Раптам зь нічога ніякага расьліны пачалі трымцець ад ветру. І я пачуў гэты вецер. Аніякіх наркотыкаў перад гэтым не ўжываў. «О, як чароўна! — падумаў я. — Магчыма, кіно дае карцінам магчымасьць ажыць».

Напрыканцы навучальнага году ладзіўся конкурс экспэрымэнтальных карцінаў і скульптураў. Летась я быў нешта змайстраваў на конкурс, а цяпер наважыўся стварыць жывую карціну. Пабудаваў экран 6 на 8 футаў, на якім праз праектар дэманстравалася даволі неахайна намаляваная мною анімацыя — «Шасьцёх мужчынаў бярэ на ваніты». Мне здавалася, што гэта будзе мяжою маёй кінакар’еры, бо гэтая анімацыя каштавала мне 200 даляраў — надта вялікія для мяне тады грошы. Я проста ня мог дазволіць сабе працягваць у гэтым кірунку. Але мой праект пабачыў студэнт са старэйшага курсу й замовіў сабе такі ж для свайго дому. Гэта сталася пачаткам — лёд крануўся. Пасьля мне ўсюды запалялася зялёнае сьвятло. Паціху, крок за крокам, а дакладней, скок за скокам я ўпадабаў кіно як сродак самавыражэньня.

Заслона ўздымаецца


Ведай жа, што ўся прырода — толькі чароўны тэатар, што Вялікая Маці — галоўная чараўніца, а ўвесь сьвет населены ейнымі шматлікімі ролямі.

Упанішады


Такая чароўнасьць ёсьць — ня ведаю чаму — у той момант, калі прыходзіш у кінатэатар і сьвятло гасьне. Пануе цішыня, і заслона пачынае ўздымацца. Магчыма, яна чырвонага колеру. І ты трапляеш у іншасьвет.

Чароўна, калі падзяляеш уражаньні ад убачанага зь іншымі. Чароўна й тады, калі ты ўдома перад экранам адзін, але ўсё ж ня тое. Лепей на вялікім экране. Бо гэта найлепшы шлях, каб трапіць у іншасьвет.

Кінэматограф


Кінэматограф мае сваю мову, на якой можна казаць пра важныя ды абстрактныя рэчы. Вось што мне падабаецца ў ім.

У мяне ня ўсё гладка са словамі. Таленавітыя паэты могуць словамі гожа казаць пра сьвет. Але ў кінэматографу свая мова, на якой ты можаш сказаць вельмі шмат. У цябе для гэтага ёсьць цэлы набор прыладаў: кадры, якія дапамагаюць стварыць уражаньне плыні часу, дыялёгі, музыка й гукавыя эфэкты. Дзякуючы ім ты можаш перадаць пачуцьці й думкі, якія іншым чынам ня выявіш. Кінэматограф — чароўны сродак.

Як хораша нават думаць пра карцінкі й гукі, якія злучана плывуць у часе, а пагатоў рабіць тое, што дазваляе табе толькі кіно. Не папросту словы ці музыка, а суцэльнасьць разнастайных элемэнтаў, якія разам утвараюць штосьці новае. Кінэматограф распавядае гісторыі, прыдумвае сьвет, досьвед, недасягальны людзям, пакуль яны ня ўбачаць фільму.
Я лаўлю ідэю для фільму й любую, як кінэматограф можа ўвасобіць яе. Мне падабаюцца гісторыі з абстракцыямі, а кіно акурат прыдатнае для іх стварэньня.

Інтэрпрэтацыя


Фільм мусіць быць сам па сабе. Абсурдна, калі рэжысэру неабходна тлумачыць словамі сэнс стужкі. Людзям цікава трапіць у штучна створаны сьвет фільму. Для іх там усё сапраўднае. Калі гледачы даведаюцца, як што зроблена, ці пачуюць тлумачэньні — што азначае гэта, што азначае тое — дык пры наступным праглядзе яны будуць ужо больш дасьведчаныя. І фільм для іх зробіцца іншы. Мне здаецца, вельмі каштоўна захаваць сьвет стужкі, не сказаць таго, што можа ўклініцца паміж фільмам і гледачом. Па-за творам вам нічога ня трэба. Існуе мноства кніг, аўтары якіх даўным-даўно памерлі, і ты ўжо ня можаш выкапаць іх зь зямлі. Але табе засталася кніга, чытаючы якую, ты можаш марыць, разважаць.

Часам людзі кажуць, што ў іх узьнікаюць праблемы з разуменьнем фільму, але, я думаю, яны разумеюць нашмат болей, чымся ім здаецца. Бо мы ўсе адораныя інтуіцыяй — у нас сапраўды ёсьць дар адчуваць інтуітыўна.

Хтосьці можа сказаць: я не разумею музыкі, але бальшыня людзей перажывае музыку на эмацыйным роўні й пагодзіцца, што музыка — гэта абстракцыя. Вам няма патрэбы перакладаць музыку на словы — вы проста слухаеце.

Кіно шмат у чым падобнае да музыкі. Кіно можа быць вельмі абстрактнае, а людзі запрагнуць надаць убачанаму сэнс, які можна выказаць словамі. А калі ім не ўдаецца, то нэрвуюцца. Але яны могуць адшукаць тлумачэньне ў сабе, трэба адно прыслухацца. Пачаўшы размаўляць зь сябрамі, яны хутка зразумеюць, што ёсьць што, а што ня ёсьць тым, што здаецца. Могуць згадзіцца ці паспрачацца зь сябрамі. Але як яны гэта зробяць, калі, паводле іх, ім няўцям? Цікава тое, што насамрэч ведаюць яны болей, чымся ім падаецца. І калі пачынаюць агучваць вядомае ім, то ўсё робіцца больш зразумелым. Ужо можна нешта ўдакладніць, высьветліць, ізноў вярнуцца, разам зь сябрам уважліва прыгледзецца да агульнае карціны. І разам прыйсьці да слушнае высновы.

Кола


Мне падабаецца выслоўе «які ты, такі й сьвет». Мне здаецца, і фільмы такія, які ты сам. Вось чаму пры праглядзе рознымі людзьмі фільм розьніцца, хаця кадры тыя ж самыя, аднолькавая іх колькасьць у той самай пасьлядоўнасьці з тым жа гукам. Розьніца, можа, і невялікая, але ёсьць, залежыць яна ад гледачоў. Існуе кола, якое зьвязвае гледачоў і фільм зваротнаю сувязьзю. Кожная асоба глядзіць, думае, адчувае й разумее па-свойму і, магчыма, атрымлівае асалоду зусім не ад таго, што зачаравала ў фільме мяне.

Таму ты ня можаш ведаць, як фільм падзеіць на людзей. А калі ты загадзя думаеш: вось мой фільм падзеіць на людзей такім чынам, вось гэты момант зробіць камусьці балюча, то табе лепей спыніцца.

Варта папросту рабіць сваю ўлюбёную справу, а які будзе вынік — ты гэтага ведаць ня можаш.


Працяг будзе

Пераклад: Андрэй Бурэц

Выявілі памылку ці "мёртвую" спасылку?

Вылучыце праблемны фрагмэнт мышкаю й націсьніце CTRL+ENTER.
У вакне, што зьявілася, апішыце праблему й адпраўце Адміністрацыі рэсурсу.

Камэнтары:0

ДАДАЦЬ КАМЭНТАР

Увядзіце код:*
абнавіць, калі ня бачны код