0

Беларускі эратычны фальклёр: «Кума, што за зьвер, я баюся, каб ня зьеў»

Праглядаў: 748
Нядаўна надрукавалі беларускамоўную вэрсію дасьледаваньня «Беларускі эратычны фальклёр». Для тых, хто ня ведае, нагадаем: 10 гадоў таму выйшла навуковая праца Тацяны Валодзінай і Анатоля Фядосіка з такою назваю, але па-расейску. Цяперашні зборнік узьнік на падставе таго матэрыялу, адаптаванага для шырокага кола чытачоў, і адрасуецца даросламу чытачу! Чаму? Зараз паглядзім.

Беларускі эратычны фальклёр: «Кума, што за зьвер, я баюся, каб ня зьеў»

Кніга складаецца з 256 старонак тэксту і 32 ілюстрацыяў. Апошнія, на погляд аўтара гэтага артыкулу, не пасуюць да зьместу кнігі. Але я не фотамастачка, таму ня будзем зьвяртаць увагі на здымкі — ня дзеля іх набываецца кніга! Лепш разглядзім тэкст.

Калі вы мяркуеце, што гэта зборнік прыпевак а-ля «Сектор газа», вы памыляецеся. Калі думаеце, што гэта народныя цнатлівыя вершы пра каханьне, — таксама памыляецеся. Насамрэч уся кніга — дзіўнае ды якаснае спалучэньне першага з другім. У ёй самая эротыка больш зашыфраваная, і бяз пэўных ведаў складана зразумець усю вобразнасьць ды сэнс вершаў. Вось, напрыклад:


«Цярэшка, чаху-чаху
Што ў цябе ў мяху?
— Шпілечкі, іголачкі,
Дзевачкам пярсцёначкі».


Ці
«Ажаніўся мяшок,
Узяў торбачку.
Туды сюды павярнуў —
Цмок у мордачку».


У прадмове даецца ключ да разуменьня: «Варта падкрэсьліць, што ўся гэтая насычаная сымболіка, якую мы «расчытваем» у эратычных песьнях, уласьцівая ня толькі творам пра яго ды яе, а і іншым жанрам фальклёру. Гэта не адвольная фантазія, а вельмі архаічная ды заканамерная ў рэчышчы народнага сьветаўспрыманьня схема. Напрыклад, калі жанчыну сымбалізуе начыньне – гаршчок, дзяжа, ступа, а мужчыну — прадметы накшталт нажа, сякеры, шыла і г.д., — то гэта значэньне рэалізуецца ня толькі ў эратычнай паэзіі, а наогул у народнай культуры».

Але ж у кнізе дастаткова і больш сьмелых вершаў.


«Цераз рэчку масточак,
Няма ў п***е кастачок.
І німа, і не будзе,
А хто ж мяне любіць будзе?»


Ці
«Брыгадзіру дагадзіла,
Прэдседацелю дала.
І нічога не рабіла —
І ў стаханаўках была».


Яшчэ прыклад:
«Наварыла напякла —
Няма каму есці.
Расставіла рукі-ногі —
Няма каму ўзлезці».


Яшчэ адна асаблівасьць кнігі ў тым, што гэта выдатная магчымасьць даведацца пра некаторыя традыцыі нашых продкаў. Напрыклад, што сьпявалі сваты, калі дзяўчына была «чэснаю» і захавала «кветку каліны» для мужа.

«Чаму ж нам ня пець,
Чаму ж ні гуляць.
Калі наша Васька дзеўкай прыйшла.
Так хадзіла, як маць нарадзіла,
Так гуляла, як маць казала.
Як была пыд храстом,
так і стала пад вянцом».


...І калі не засталася такою:
«А ў нашага свата
Каравая хата.
Хата каравая,
Дочка дыравая.
К ей хлопцы хадзілі,
Яны яе абнімалі.

Да ня чуйце, конікі, каровы
І ўсякая пашня,
Што к нам курва прыйшла
Пад елкай спала,
У п***у шышка ўпала».


Ня будзем болей распавядаць пра ўсе асаблівасьці кнігі, толькі дададзім, што «Беларускі эратычны фальклёр» складаецца зь некалькіх частак: «Каляды», «Вясна», «Купальле», «Жніво», «Сямейныя абрады», «Лірыка», «Здубавецьця» Рыгора Барадуліна», «Сучасныя запісы», «Загадкі». Дарэчы, асаблівую цікаўнасьць сваёй двухсэнсоўнасьцю выклікаюць загадкі.

«Як тая дзірка называецца,
Куды жывое мяса ўкладаецца?»
(рукаў)
P.S.: Майце на ўвазе, што фальклёр — гэта творчасьць народу, таму ў кнізе ня будзе акадэмічнае мовы, а таксама цнатлівасьці і ўзьнёсласьці нашых клясыкаў. Чытайце ды атрымлівайце асалоду.


Аўтарка: Ірына Сьвяцкая

Выявілі памылку ці "мёртвую" спасылку?

Вылучыце праблемны фрагмэнт мышкаю й націсьніце CTRL+ENTER.
У вакне, што зьявілася, апішыце праблему й адпраўце Адміністрацыі рэсурсу.

Камэнтары:0

ДАДАЦЬ КАМЭНТАР

Увядзіце код:*
абнавіць, калі ня бачны код