0

Рэпартаж з канцэрту гурта «BarRokka» ды інтэрвію з салісткаю Лізаветаю Леўчык

Праглядаў: 2 167
31 траўня 2016 году ў клюбе «Графіці» адбыўся вялікі сольны канцэрт гурта «BarRokka». Згадайма, што ўпершыню калектыў выйшаў на сцэну ў сьнежні 2015 году на разагрэве ў гурта «Разьбітае сэрца пацана». З дэбютным жа канцэртам маладыя выканаўцы выступілі сёлета ў сакавіку.

Фота: Сяргей Мацкевіч

Фота: Сяргей Мацкевіч

Гэтым разам «BarRokka» прэзэнтавала публіцы новую канцэртавую праграму й свой першы відэаролік на песьню «Мяжа» рэжысэра Івана Кашэўнікава. У праграму ўвайшлі як аўтарскія песьні, гэтак і напісаныя на вершы знакамітых беларускіх ды расейскіх паэтаў, сярод якіх Віталь Рыжкоў ды Іосіф Бродскі. «Вайна», «Зімовая», «Цемра»… Самая вакалістка Лізавета Леўчык адзначае, што бальшыня кампазыцыяў — эмацыйна складаная ды нясе вялікую сэнсавую нагрузку. І з гэтым спрачацца не даводзіцца. Аднак ёсьць у запасе ў гурта і тое, чым, як той казаў, можна «запаліць» публіку. Сёньня такою «запальнічкаю» адназначна стаў «Лох» у супольным выкананьні салісткі ды акардэаніста.

Фота: Сяргей Мацкевіч

Фота: Сяргей Мацкевіч

Што датычыць стылю музыкі — самыя ўдзельнікі калектыву, стала экспэрымэнтуючы ды намагаючыся стварыць нешта арыгінальнае, ня могуць яго канкрэтызаваць. Менавіта таму на гэты момант у рэпэртуары гурта сустракаюцца кампазыцыі самых разнастайных кірункаў: пачынаючы з этна-музыкі й канчаючы гіп-гопам.

Фота: Сяргей Мацкевіч

Фота: Сяргей Мацкевіч

Рэдакцыі «VIOLEX» пашчасьціла быць на канцэрце «BarRokka», разам зь ягонымі ўдзельнікамі правесьці апошні дзень вясны ды сустрэць доўгачаканае лета. Сваймі песьнямі, прасякнутымі найглыбейшым сэнсам, і музыкаю, што ня можа не крануць душу, творцам удалося стварыць напраўду сяброўскую, утульную й нават рамантычную атмасфэру. Гледзячы на гэтых маладых ды таленавітых выканаўцаў, гэтак і манецца выгукнуць: «Вас чакае вялікая будучыня!».

Фота: Сяргей Мацкевіч

Фота: Сяргей Мацкевіч

Інтэрвію з салісткаю гурта «BarRokka»


VIOLEX: Вітаем Вас, спадарыня Лізавета! Шчыра дзякуем за тое, што пагадзіліся пагутарыць з намі! Пэўныя, што размова будзе прыемнаю.

Лізавета: Вітаю! Вам дзякую.

VIOLEX: А распаведзяце нам крыху пра сябе? Дзе Вы нарадзіліся, хто Вы з адукацыі?

Лізавета: Нарадзілася я ў Менску ў сям’і рэжысэраў. Наконт адукацыі: скончыла музычную школу па клясе фартэпіяна, потым вучылася ў музычных каледжах імя Глінкі, таксама па клясе фартэпіяна, і ў каледжы пры кансэрваторыі па клясе музыказнаўства, але ні першы, ні другі, на жаль, ня скончыла з асабістых прычынаў.

VIOLEX: Лізавета, Вы і вакалістка, і кампазытарка, і клявішніца, і ўвогуле заснавальніца свайго гурта. А з чаго ўсё пачалося? Калі Вы зразумелі, што музыка — гэта тое, з чым Вы жадаеце зьвязаць сваё жыцьцё?

Лізавета: Я ня ведала, кім я хачу быць, пакуль не пачала пісаць музыкі, гэта, дарэчы, адбылося ў 11 гадоў. У той самы час я занялася й напісаньнем літаратурных твораў. Нават пасьпела скончыць працу над сцэнарам для праграмы, якая ў той час ішла ў нацыянальным тэлебачаньні. І вось гадоў недзе да 14-ці я не магла вызначыцца, кім менавіта хачу быць: кампазытаркаю ці пісьменьніцаю. Пастанавіла рухацца па шляху музыкі, але чаму — я цяпер і не згадаю.

Фота: Сяргей Мацкевіч

VIOLEX: Вы жадаеце прысьвяціць сваё жыцьцё толькі музыцы ці, можа, плянуеце паспрабаваць сябе ў якой-небудзь іншай сфэры?

Лізавета: Проста я сябе ўжо ня бачу дзесьці яшчэ, не таму, што не магу, а бо толькі ў музыцы пачуваюся максымальна камфортава. Нават калі не пасьпяваю паспаць праз працу — і думкі не ўзьнікае, што я стамілася ці хачу ўсё кінуць. А з астатнімі сфэрамі ўсё наадварот.

VIOLEX: Што для Вас крыніца натхненьня? Ёсьць нешта, што нейкім чынам уплывае на Вашую творчасьць?

Лізавета: Скажу вам шчыра, што натхненьне — гэта поўная лухта. Калі ты працуеш — ты проста сядаеш і працуеш. Каб злавіць нейкі патрэбны вобраз, я проста ў яго апускаюся цалкам. Гэтак сама, напрыклад, робяць акторы. Праца такая.

VIOLEX: Вось Вы кажаце, што Вы кампазытарка, а Вы пішаце толькі песьні? Ці яшчэ больш складаную музыку?

Лізавета: Так, я пішу музыку да фільмаў, рыхтую свой м’юзыкал, заўсёды пішуцца нейкія фартэпіянныя цыклі. Насамрэч гэта мая асноўная дзейнасьць, ніколі раней ня думала, што засьпяваю.

VIOLEX: Лізавета, асабіста для Вас што ў жыцьці найгалоўнейшае: музыка, сям’я, нешта іншае?

Лізавета: Музыка і сям’я. Ня думаю, што тут трэба выбіраць нешта адно, пагатоў для мяне аднаго без другога проста не існуе. Мая сям’я — муж, тата, маці — маё апірышча. Бязь іх я б не дасягнула шмат таго, што ёсьць цяпер.

VIOLEX: Калі не сакрэт, якую музыку Вы слухаеце ў вольны час? Ці ёсьць у Вас упадабаныя выканаўцы ці, можа, нават куміры?

Лізавета: Я мэляманка. Насамрэч, так вам адкажа любы прафэсійны музыка, бо каб пісаць ці выконваць нешта, трэба мець досьвед, а каб ён быў, трэба слухаць і аналізаваць усё.

VIOLEX: Пагутарым пра гурт «BarRokka». Вы прыдумалі гэтую назву?

Лізавета: Прыдумала назву ня я, а мой тата. Дарэчы, менавіта ён і піша нам тэксты песень.

Фота: Сяргей Мацкевіч

VIOLEX: А чаму менавіта «BarRokka»? Ці ёсьць нейкі сэнс у назове?

Лізавета: Вядома, сэнс ёсьць. «BarRokka» — гэта гульня словаў. Некаторым чуецца барока (эпоха), некаторым бар рока (бар, у якім гучыць рок), гэтак жа можна ўспрымаць рок як лёс, і атрымаецца бар лёсу. Усё гэта ў сабе нашая назва і ўтрымлівае. І гэта ня проста так. Сам стыль барока вельмі шматстайны і пышны, у ім усё зь лішкам. У музыцы барока — гэта стыль імправізацыйны. Мы часта любім шукаць нешта новае, спрабаваць сябе ў новых жанрах, таму ў нас можна пачуць нешта джазавае, этнічнае, тангавае і г.д. Гэтак жа мы выкарыстоўваем клясычныя інструмэнты ў сучасных жанрах (фартэпіяна, акардэон, кантрабас, я таксама выкарыстоўваю гукі клявэсіна на сваім сінтэзатары ў некаторых песьнях), ня грэбуем адсылкамі. Усё гэта ў назьве падкрэсьлівае барока. А вось «бар року» — гэта месца, дзе людзі адпачываюць і атрымліваюць задавальненьне. Рок — гэта сымбаль сучаснае музыкі, што зьмяніла сьведамасьць пакаленьняў, тое, што ў крыві ў аматара музыкі. Ну а бар лёсу... гэта, хутчэй, адсылка да нашых тэкстаў. У кожнай песьні свая гісторыя, свае лёсы, як быццам розныя людзі сядзяць у адным бары: яны паміж сабою не знаёмыя, але ў кожнага свая гісторыя, свой лёс.

VIOLEX: А калі дзень народзінаў гурта і ці адзначаеце вы яго?

Лізавета: Я, шчыра кажучы, дакладна ня памятаю, дзесьці ў сьнежні 2014 году. І не, мы яго не адзначаем, нават пра гэта проста не задумваліся.

VIOLEX: Пазнаёміце нас крыху з удзельнікамі гурта «BarRokka»? Можна пазначыць імёны ўдзельнікаў, інструмэнты, на якіх яны граюць, на жаданьне даць невялічкія характарыстыкі.

Лізавета: Акрэм мяне, у гурце — тры прыгожыя хлапцы: вельмі абаяльны Сяргей Садаў (акардэон); Віктар Паляшчук (кантрабас) — ад ягонага выкананьня дзяўчаты вар’яцеюць, ён наш мясцовы сэкс-сымбаль; хмурны, загадкавы, але вельмі прафэсійны Іван Новікаў (бубны).

VIOLEX: Падзеліцеся з намі плянамі «BarRokka» на будучыню?

Лізавета: Мы ня любім загадваць на будучыню, таму проста скажу, што мы рыхтуем EP. А што будзе далей — пакажа час.

VIOLEX: Дзякуем Вам шчыра за цікавае інтэрвію. Ад усяе душы зычым Вам натхненьня, а Вашаму гурту — творчых посьпехаў!

Лізавета: Дзякую вам! Было цікава з вамі пагутарыць.

Фота: Сяргей Мацкевіч
Тата Лізаветы Леўчык, аўтар тэкстаў песень, Андрэй Леўчык

Фота: Сяргей Мацкевіч
Іван Кашэўнікаў (рэжысэр) і Яўгенія Захаранка (візуальныя эфэкты)

Фота: Сяргей Мацкевіч
Салістка Лізавета Леўчык з мужам Аляксеем Гомзам, мэнэджэрам гурта

Фота: Сяргей Мацкевіч
Сяргей Садаў (акардэон)

Фота: Сяргей Мацкевіч
Віктар Паляшчук (кантрабас)

Фота: Сяргей Мацкевіч
Іван Новікаў (бубны)

Фота: Сяргей Мацкевіч

Фота: Сяргей Мацкевіч

Фота: Сяргей Мацкевіч

Фота: Сяргей Мацкевіч

Фота: Сяргей Мацкевіч



Першы відэаролік гурта «BarRokka»


Дэбютны сінгл гурта «BarRokka»


За творчасьцю гурта «BarRokka» можна сачыць тут:
афіцыйны канал у Telegram'е
афіцыйная старонка ў VK
афіцыйная старонка ў Instagram'е
афіцыйны мікраблёг у Twitter'ы
афіцыйная старонка ў Facebook'у

Паслухаць песьні «BarRokka» можна тут:
афіцыйны акаўнт у сэрвісе Soundcloud

Фатограф: Сяргей Мацкевіч

Выявілі памылку ці "мёртвую" спасылку?

Вылучыце праблемны фрагмэнт мышкаю й націсьніце CTRL+ENTER.
У вакне, што зьявілася, апішыце праблему й адпраўце Адміністрацыі рэсурсу.

Камэнтары:0

ДАДАЦЬ КАМЭНТАР

Увядзіце код:*
абнавіць, калі ня бачны код

Выкарыстоўваць любыя матэрыялы, разьмешчаныя на сайце, дазваляецца пры ўмове спасылкі (для інтэрнэт-рэсурсаў — гіпэрспасылкі, што індэксуецца) на сайт violex.info. Усе правы на матэрыялы належаць іх уладальнікам.