0

Зусім не сьвяты Мікола: якія кіназлодзеі сьвяточна ўбіраліся?

Праглядаў: 313
Вобраз сьвятога Міколы ў кіно, безумоўна, карыстаецца папулярнасьцю. Але не заўсёды кінаМікола прыносіць людцам радасьць і весялосьць. Хто толькі не прымяраў ягоны сьвяточны строй — злодзеі, псыхапаты-маньякі, алькаголікі й іншыя. Напярэдадні сьвяточных дзён мы падрыхтавалі галерэю сьвятых Міколаў, якіх бы вы нізавошта не захацелі пабачыць на сваім сьвяце.

Прапашчы чалавек


Зусім не сьвяты Мікола: якія кіназлодзеі сьвяточна ўбіраліся?

Клясыка чорнае камэдыі — фільм Тэры Цвіґафа «Благі Санта» (Bad Santa, 2003) распавядае пра няпростыя будні прафэсійнага сьвятога Міколы. Герой непаўторнага Білі Боба Торнтана — крымінальнік, алькаголік, бабздыр — штогоду вымушаны строіцца, каб можна было з паплечнікам абрабаваць чарговы супэрмаркет. Ён пакутуе ад вечнага безграшоўя й пахмельля, часьцяком робіць глыткі з пляшкі ўіскі й шчыра кляне дзетак, якія нудна канькаюць у яго на каленях пра падарункі.

Рабаўнік-садыст


Зусім не сьвяты Мікола: якія кіназлодзеі сьвяточна ўбіраліся?

У фінале канадзкага трымценьніка «Маўклівы партнэр» (The Silent Partner, 1978) апрануты сьвятым Міколам зладзюга з садысцкімі схільнасьцямі спрабуе абрабаваць банк. У небясьпечныя коткі-мышкі з рабаўніком гуляе ціхі касір-інтэлектуал. Да слова, зорны акторскі склад (Эльят Ґулд, Крыстафэр Пламэр, Сузанна Ёрк), закручаны сюжэт робяць гэтае выдатнае жанравае кіно вартым прагляду.

Высакародны рабаўнік, або савецкі Робін Гуд


Зусім не сьвяты Мікола: якія кіназлодзеі сьвяточна ўбіраліся?

У савецкай кінатрадыцыі да сьвятога Міколы ставіліся з большаю павагаю, тут яго звычайна паказваюць выключна са станоўчага боку. Але ёсьць і выняткі. Да прыкладу, клясычная камэдыя Эльдара Разанава «Выкрутасы лёсу» (Зигзаг удачи, 1968), дзе, як памятаем, калектыў фотаатэлье ўсё ніяк ня можа падзяліць лятарэйнае выйгранкі. Урэшце герой Яўгена Лявонава вымушаны для ўзнаўленьня справядлівасьці пайсьці на крайнія захады: ён апранаецца сьвятым Міколам і выкрадае шчасьлівы квіток. «Гэты сьвяты Мікола — жулік!» — крычаць раззлаваныя калегі.

Шаленец зь сякераю


Зусім не сьвяты Мікола: якія кіназлодзеі сьвяточна ўбіраліся?

Амэрыканскі слэшар «Ціхая ноч, злавесная ноч» (Silent Night, Deadly Night) выйшаў на экраны ў 1984 г., за тыдзень сабраў неблагую касу, а потым яго зьнялі з пракату. Сьвяты Мікола, які бегае зь сякерай у руках за голымі цёткамі, выклікаў абурэньне ў высокамаральнай часткі амэрыканскага грамадзтва. Сюжэт, што праўда, той яшчэ трэшнячок! Апрануты ў строй сьвятога Міколы злодзей на вачах у хлапчука забівае бацьку й маці. Сірата выхоўваецца ў каталіцкім прытулку пад прыглядам дэспатычных манашак. А калі ўжо ў сталым узросьце апранае сьвяточны строй — у яго й без таго не зусім здаровай галаве нешта шчоўкае, рукі цягнуцца да сякеры й пачынаецца тое, за што мы гэтак любім амэрыканскія слэшары...

Кавалак экскрэмэнтаў


Зусім не сьвяты Мікола: якія кіназлодзеі сьвяточна ўбіраліся?

Мусіць, толькі вычварэнскія глузды стваральнікаў «Саўт Парку» Трэя Паркера й Мэта Стоўна маглі ў якасьці каляднага сымбалю запрапанаваць сваім героям кавалак экскрэмэнтаў. Знаёмцеся, спадар Гэнкі — Калядная Кака! Дарэчы, атрымаўся адзін з самых сымпатычных пэрсанажаў мультсэрыялу. У спадара Гэнкі дастаткова праблемаў: жонка-алькагалічка, чацьвёра маленькіх гаўнятак, але са сваймі абавязкамі прыносіць сьвята Кайлу й кампаніі ён спраўляецца бездакорна.

Дэманічная істота


Зусім не сьвяты Мікола: якія кіназлодзеі сьвяточна ўбіраліся?

У фінскай каляднай кінаказцы «Незвычайны экспарт» (Rare Exports, 2010) сьвяты Мікола — самы сапраўдны. Толькі маленькі Піетары з гэтае прычыны асабліва ня цешыцца. Высьвятляецца, што Ёўлупукі (у перакладзе — калядны казёл, гэтак завецца пэрсанаж саамскае міталёгіі, які стаўся правобразам сьвятога Міколы) у сваім меху носіць не падарункі, а выкрадзеных дзетак. Гэтая дэманічная істота зь вялізнымі рагамі засякала да сьмерці малых неслухаў і рабіла зь іх булён. Старажытным саамам такія паводзіны не спадабаліся: яны замарозілі і закапалі дэмана ў нетрах сопкі Корватунтуры. Цяпер цікаўныя замежнікі на сваю бяду выкапалі Ёўлупукі ды абудзілі мноства страхавітых эльфаў. Усё магло б скончыцца вельмі блага, але суворыя фіны на чале са сьмелым і кемлівым Піетары абламалі казлу рогі.

І, нарэшце, Марозка


Зусім не сьвяты Мікола: якія кіназлодзеі сьвяточна ўбіраліся?

«А Марозка як апынуўся сярод гэтае хеўры?» — спытае той, хто глядзеў гэтую цудоўную савецкую казку. Ну бачыце, ня ўсё гэтак проста. Сюжэт казкі захаваў рэшткі нейкага вельмі даўняга абраду, калі дзяцей адводзілі ў лес і пакідалі там. Што гэта было? Ахвярапрынашэньне? Своеасаблівая форма ініцыяцыі? Дакладна можна сказаць, што вярталіся далёка ня ўсе, а дзядуля Мароз ня быў ва ўяўленьнях нашых продкаў такі ўжо добры ды справядлівы.

Аўтар: Андрэй Бурэц

Выявілі памылку ці "мёртвую" спасылку?

Вылучыце праблемны фрагмэнт мышкаю й націсьніце CTRL+ENTER.
У вакне, што зьявілася, апішыце праблему й адпраўце Адміністрацыі рэсурсу.

Камэнтары:0

ДАДАЦЬ КАМЭНТАР

Увядзіце код:*
абнавіць, калі ня бачны код