0

Інтэрвію з гуртом «Intelligency»: «Беларусь самая не падазрае, што яна краіна Джонаў Ленанаў»

Праглядаў: 282
Літаральна за чатыры гады свайго існаваньня гурт «Intelligency» зь Менску дамогся сапраўды многага. Сваю музычную кар’еру яе заснавальнікі Усевалад Доўбня і Юры Тарасевіч пачалі з унутранага двара аднаго з будынкаў на Кастрычніцкай плошчы. Сёньня ж «Intelligency» — жаданы госьць ня толькі на беларускіх сцэнах. Канцэрты гурта зь нецярпеньнем чакаюць шматлікія фанаты з Украіны, Польшчы й Расеі. Упэўненыя, краінамі СНД хлопцы не абмяжуюцца.

Неверагодная ўнутраная свабода, актыўная жыцьцёвая пазыцыя, мэтанакіраванасьць, аптымізм і, вядома, апантанасьць музыкаю, на нашую думку, — галоўныя складнікі посьпеху ўдзельнікаў гурта. Безумоўна, не апошнюю ролю грае незвычайнае спалучэньне электроннае й жывое музыкі, а таксама сам стыль выкананьня, бо гэта тое самае, што мае ўсе шанцы трапіць у плэйліст і аматара папсы, і фаната хэві-мэтал.

Каманда VIOLEX вырашыла задаць «Intelligency» колькі няпростых пытаньняў — з упэўненасьцю заяўляем, што назва гурта цалкам сябе апраўдала!

Нагадаем, што 15 красавіка 2017 года у клюбе «Re:Public» адбудзецца вялікая прэзэнтацыя новага альбому «Intelligency» #Techno_Blues з удзелам жывога аркестру.

Інтэрвію з гуртом «Intelligency»: «Беларусь самая не падазрае, што яна краіна Джонаў Ленанаў»

Інтэрвію з удзельнікамі гурта «Intelligency»


VIOLEX: Добрага Вам дня! Вельмі цешымся з магчымасьці крыху пагутарыць з Вамі!

Intelligency: Добры вельмі! :)

VIOLEX: Перакапалі мноства крыніцаў ды гэтак і не знайшлі адказу на пытаньне, якое нас цікавіць: што ж у Вашых песьнях нараджаецца першае — тэксты ці музыка?

Intelligency: Першая нараджаецца музыка заўжды, бо тэкст — гэта таксама музыка.

VIOLEX: Хто з Вас аўтар тэкстаў?

Intelligency: У асноўным Усевалад. А ўвогуле прыадкрыем гэтую нашую творчую асаблівасьць працы: спачатку мантраю на эмоцыях сьпяваецца пэўны матыў, а затым з дыктафоннага запісу гэтай імправізацыі «здымаем» пэўны тэкст, які чуецца.

VIOLEX: Ці цяжка Вам даецца стварэньне новых кампазыцыяў?

Intelligency: Як маўляў адзін клясык, у гэтым пляне ў нас «невыносная лёгкасьць быцьця»!

VIOLEX: Асноўная частка Вашага рэпэртуару — тэксты на ангельскай мове. Летась Вашыя песьні загучалі нават па-беларуску. Узьнікае пытаньне: дзе ж звыклая беларусам расейская мова?

Intelligency: Мы думаем, што расейская мова прысутнічае амаль усюды — недзе нават і ў нашай музыцы. Гэта ж маўленьне, гэта як спосаб мысьленьня. Сьпяваеш ты на адной мове, але «матыўнасьць» і дух, як і думкі ў галаве ў нас, — на расейскай мове.

Нацыянальнае тэмы мы ніколі не краналі. Толькі інтэрнацыянал, толькі гардкор! Але песьня на расейскай мове можа зьявіцца ў любы момант, дарагія сябры. Калі з рэпэтавальнай тарабаршчыны паліецца расейская мова — будзе трэк па-расейску.

Інтэрвію з гуртом «Intelligency»: «Беларусь самая не падазрае, што яна краіна Джонаў Ленанаў»

VIOLEX: Мы правялі невялікае сацыяльнае апытаньне: далі праслухаць колькі Вашых трэкаў людзям рознага веку, з разнастайнымі музычнымі перавагамі. У выніку 100% зь іх вельмі зьдзівіліся, калі даведаліся, што выканаўцы — беларусы. Ці лічыце Вы гэта нагодаю ганарыцца?

Intelligency: Мяркуем, што гэта нагода задумацца любому беларусу, чаму ён гэтак рэдка слухае сваё :) Адмысловага гонару мы не адчуваем, але, натуральна, радыя, што людзям падабаецца музыка ды яны ацэньваюць яе паводле замежных і сусьветных стандартаў якасьці.

VIOLEX: Што Вы самыя лічыце сваймі галоўнымі дасягненьнямі: у музыцы, у жыцьці ўвогуле?

Intelligency: Тое, што ўдалося астояцца, калі мала хто верыў, без прымяненьня цяжкога ўзбраеньня. Проста прыкрыўшыся кантролерамі й драм-машынкаю.

VIOLEX: У адным з сваіх інтэрвію Вы распавялі, наколькі цяжка «...знайсьці сябе, сваю форму, сваю каманду...» Гледзячы на Вас, складваецца ўражаньне, што шмат чаго вам ужо ўдалося. А як Вы самыя думаеце: асноўныя пошукі скончаныя?

Intelligency: Вядома ж, не. Наіўна меркаваць, што ў такіх працэсах увогуле ёсьць нейкія канцавыя формы, з якіх можна быць задаволеным. Гэта працэс, і кайфу ад яго самога больш, чымся ад выніку. Трэба паважаць найперш тое, што мала ўдаецца, і цікавіцца падзеньнем у лужыну больш, чымся кайфам ад якой-кольвек хвіліннай перамогі.

Калі ты ў лужыне, мозг часам працуе больш актыўна. І разуменьне можа настаць больш імаверна, чым ты будзеш па-цэзарску засядаць на пасадзе ды заўсёдна зважаць на свае ногі, каб адмахвацца імі ад ахвочых заняць твой трон. Цікавей быць у пошуку й часам памыляцца.

Інтэрвію з гуртом «Intelligency»: «Беларусь самая не падазрае, што яна краіна Джонаў Ленанаў»

VIOLEX: Ці існуе для Вас панятак «ідэальнае каманды»?

Intelligency: Ідэальнай як абсалют, вядома ж, не існуе. Рух у прынцыпе не магчымы, калі ўсё раўнамерненька, добра й складваецца ідэальна. Калі ўсё складваецца ідэальна, трэба часьцей і больш уважліва глядзець у люстэрку сабе ў вочы.

Ідэал, дзе б ні было, — гэта такі фатальны міт. Сваю каманду, напрыклад, мы не імкнёмся бачыць ідэальнаю ды рабіць такою. Мы тыя яшчэ нягоднікі... Глядзі пільным вокам! Дыктафон жа твой амаль ужо сьцягнулі памочнікі... Тыя, хто цягаюць нам мікрафоны й футаралы!

VIOLEX: (нарэшце вярнуўшы свой дыктафон) Паводле 10-бальнае шкалы, на колькі Вы ацэньваеце «ідэальнасьць» вашага гурта?

Intelligency: 10 зь мінусам.

VIOLEX: Даслоўна кожны марыць, каб хобі прыносіла прыбытак. Ці можаце Вы пахваліцца тым, што Вашае захапленьне музыкаю зрабілася асноўнаю крыніцаю прыбытку?

Intelligency: Асноўнаю, на жаль, не зрабілася. Бо не сакрэт, што практычна ўсё з заробленага ідзе на разьвіцьцё: набыцьцё інструмэнтаў і дэвайсаў, алькаголю для бас-гітарыста...

VIOLEX: Аднойчы Вы сказалі: «...у Беларусі слухач нашмат больш пераборлівы, чымся ў Эўропе. Калі ты ўразіў кагосьці ў Беларусі, то ў Эўропе табе будзе прасьцей. Там людзі самыя разумеюць, добрая музыка ці не, тут гледачу трэба спачатку нешта давесьці. Беларуса няпроста вывесьці на эмоцыі, ён будзе слухаць тое, што прызвычаіўся, вельмі цяжка зачапіць яго нечым новым». Ці не дапускаеце Вы думкі пра тое, што гэта не пераборлівасьць, а банальная абмежаванасьць нашых людзей?

Intelligency: А абмежаванасьць у чым? Мы гэтак разумеем, што маецца на ўвазе абмежаваны доступ да новай музыкі й залішні традыцыяналізм? Але ж у гэтым і ёсьць найгалоўнейшая пераборлівасьць. Паспрабуй Ленану давядзі, што «Імя любімае маё» — гэта крута й будзе жыць шмат гадоў. Затое, мы пэўныя, ён цалкам бы паслухаў «Нірвану».

Беларусь самая не падазрае, што яна краіна Джонаў Ленанаў. З новага мы ўспрымаем адно тое, што нясьведама накідвае на нас музычнае ляса. І пры гэтым яно яшчэ мусіць быць прыемным слыху. Вось і яны, гульлівыя беларусы!

Інтэрвію з гуртом «Intelligency»: «Беларусь самая не падазрае, што яна краіна Джонаў Ленанаў»

VIOLEX: Ці ёсьць у Беларусі нешта, што б Вы хацелі зьмяніць?

Intelligency: Штучна — ніколі. Нават у тэорыі ня хочацца пра гэта думаць. Няхай мяняецца й пераўтвораецца ўсё натуральным шляхам. Ніводная інструкцыя, як жыць, яшчэ не была зрэалізаваная. А калі й была, то гэты пыласос сапсаваўся й перастаў усмоктваць пыл. Да чаго ж патасны адказ атрымаўся!

VIOLEX: Як Вы мяркуеце, Вашая творчасьць здольная паўплываць на нешта ў нашай краіне?

Intelligency: Надта патаснае пытаньне для такіх хлапцоў, як мы :) Вы падаграваеце наш запал! Ну, вядома ж, так! Штосьці заўжды можна зрабіць і, найперш, можна паўплываць на сваё жыцьцё. А там ужо прырода самая ўсё адфільтруе ды пастановіць, ці могуць твае жыцьцё й творчасьць паўплываць на спосаб думкі іншых людзей і краіны ў цэлым. Глядзець трэба, найперш, на свае дзеяньні: калі яны шчырыя, а творчасьць моцная — усё гэта здольнае памяняць штосьці ня толькі ў тваёй краіне.

Пра падтэкст пытаньня, што вы маглі, напэўна, мець на ўвазе, — ці паўплывае такая «празаходне арыентаваная сучасная творчасьць разьвітага капіталізму» на нашую нейкую абыякавасьць да жыцьця й пэўную стабільнасьць... Мы пэўныя, што адное з другім не зьвязанае.

Культура й лад жыцьця ў нейкай меры ўзаемазьвязаныя, але не настолькі, каб мяняць мэнтальнасьць людзей. Любы з народаў сьвету ня проста так мае свой, закладзены прыродаю, генэтычны код. Гэты код ня ломіцца ні сьпяваньнем, ні чытаньнем вершаў, ні новымі сусьветнымі павевамі. Калі ён рэальны, то ўсё адбываецца, хутчэй, дакладна наадварот.

Інтэрвію з гуртом «Intelligency»: «Беларусь самая не падазрае, што яна краіна Джонаў Ленанаў»

VIOLEX: А ці можа Вашая музыка зьмяніць стаўленьне да Беларусі ў сьвеце?

Intelligency: Так. Нехта ў сьвеце будзе думаць, што ў нас краіна інтэлігентаў. Гэта выдатна.

VIOLEX: Якія Вашыя мэты ў будучыні? Ці ёсьць нейкія пляны ў іх дасягненьні на найбліжэйшы час, якімі б Вы хацелі падзяліцца?

Intelligency: Нашая мэта — нетаропка й слушна рабіць сваю справу ды тое, што нам падабаецца. Ну й, вядома ж, будзем радыя бачыць усіх у клюбе «Re:Public» 15 красавіка! Вось і наш плян — сабраць горад Менск на вялікі канцэрт з аркестрам! Думаем, альбом #Techno_Blues, які гучыць нажыва, зробіцца шмат для каго някепскаю крыніцаю тлену!

VIOLEX: Вялізны дзякуй Вам за найцікавейшую размову! Пэўныя, што цяпер Вы на верным шляху й дасягняце ўсяго, чаго толькі пажадаеце. Посьпехаў Вам ува ўсім!

Intelligency: А вам дзякуем за глыбокія, важныя пытаньні! Адное зь нешматлікіх інтэрвію, калі было прыемна адказаць, паламаўшы пры гэтым галаву! :)


«Intelligency» у гасьцях «Belsat Music Live»

За творчасьцю гурта «Intelligency» можна сачыць тут:
афіцыйная старонка ў VK
афіцыйная старонка ў Facebook'у
афіцыйная старонка ў Instagram'е
афіцыйны мікраблёг у Twitter'ы
афіцыйны канал на YouTube'е

Паслухаць «Intelligency» можна тут:
афіцыйны акаўнт у сэрвісе Soundcloud

Выявілі памылку ці "мёртвую" спасылку?

Вылучыце праблемны фрагмэнт мышкаю й націсьніце CTRL+ENTER.
У вакне, што зьявілася, апішыце праблему й адпраўце Адміністрацыі рэсурсу.

Камэнтары:0

ДАДАЦЬ КАМЭНТАР

Увядзіце код:*
абнавіць, калі ня бачны код