0

Тры апавяданьні Рэйманда Карвэра. Апавяданьне першае: «Альтанка»

Праглядаў: 93

Трошку пра Рэйманда Карвэра (прадмова перакладніка)


Пра Рэйманда Карвэра я даведаўся зь фільму «Бэрдмэн» (Birdman). Памятаеце, там галоўны герой — пацьмянелая галівудзкая зорка ў выкананьні Майкла Кітана (Michael Keaton) — пакутліва ставіць спэктакль акурат паводле Карвэравага апавяданьня «Пра што мы гаворым, калі гаворым пра каханьне» (What We Talk About When We Talk About Love). Герою стужкі, які дасюль граў супэргерояў у блакбастарах, закарцела нарэшце зрабіць штось сур’ёзнае, вартае называцца мастацтвам. А творчасьць Карвэра акурат і зьвязваецца ў сьведамасьці адукаваных амэрыканцаў з сапраўднаю літаратураю, якая пішацца потам ды крывёю.

У Карвэра сапраўды пакручасты лёс. Нарадзіўся ў пралетарскай сям’і: бацька сек лес, маці працавала афіцыянткаю. Ад бацькі ён атрымаў у спадчыну згубную звычку да алькаголю, празь якую пакутаваў практычна ўсё жыцьцё. Піў гэтак моцна, што некалькі разоў трапляў у алькагольную кому. Рана ўзяў першы шлюб з Мэрыян Бэрк (Maryann Burk): яму было 19, ёй — 16. Празь некалькі гадоў у іх ужо былі двое дзяцей, каб гадаваць іх, Карвэр працаваў на розных нізкааплатных працах. Адначасова спрабаваў вучыцца, праўда, без асаблівага посьпеху: ніяк ня мог нічога скончыць і атрымаць дыплём. Ён запісваецца на разнастайныя літаратурныя курсы, начамі піша. Асноўны цяжар утрыманьня сям’і несла жонка. Увогуле Карвэр не выглядае ўзорным семянінам: акрамя таго, што піў, дык здраджваў жонцы, некалькі разоў зьбіваў яе. Урэшце тая ня вытрымала і зь дзецьмі сышла ад яго. У 1977 г. Карвэр завязвае назаўсёды з алькаголем, адшуквае сабе новую музу — Тэс Ґэлаґер (Tess Gallagher). Памірае Карвэр у 1988-ым ува ўзросьце 50 гадоў ад раку лёгкіх. Відаць, спрычынілася яшчэ адная згубная звычка — паленьне.

Тры апавяданьні Рэйманда Карвэра. Апавяданьне першае: «Альтанка»

Сёньня Карвэра лічаць адным з найлепшых майстроў кароткага апавяданьня ў амэрыканскай літаратуры другой паловы ХХ ст. Жартам, у якім ёсьць вялікая доля праўды, можна сказаць, што на вялікія творы ў яго за працай і пагулянкамі проста не ставала часу. Ягоны стыль адметны надзвычайнаю сьцісласьцю, мінімалізмам. Быццам і сапраўды пісаў ён пасьля моцнага пахмельля, калі няма сілаў і часу на прыгожую шматслоўнасьць. Але цікава і ў нейкай ступені парадаксальна тое, што славуты карвэраўскі стыль — гэта ў нейкай ступені заслуга літаратурнага рэдактара Ґордана Ліша (Gordon Lish). Ён бязьлітасна правіў творы Карвэра, умешваўся ў аўтарскую задуму. Да прыкладу, апавяданьне «Пра што мы гаворым, калі гаворым пра каханьне», якое дало назву аднайменнаму зборніку, у Карвэра ўвогуле называлася «Пачаткоўцы». Дарэчы, менавіта гэты зборнік (выйшаў у 1981 г.) найбольш пацярпеў ад Ліша, у чым можна пераканацца, параўнаўшы яго з аўтарскім варыянтам. Карвэр, які на той час яшчэ ня меў дастатковае папулярнасьці і, як кожны літаратар, жадаў бачыць свой зборнік надрукаваным, не наважыўся супярэчыць праўкам аўтарытэтнага Ліша.

Перакладаць Карвэра нібыта й няцяжка — кароткія сказы, ніякіх складаных мэтафараў, расповеды пра звычайных амэрыканцаў без усялякага мудрагельства. Але пры чытаньні, здаецца, што за гэтаю вонкаваю простасьцю нешта хаваецца. Шматзначнасьць паўзаў, маўчаньня, недаказанага. Нейкае веданьне пра жыцьцё, мудрасьць, якую трэба ўхапіць, а пры перакладзе не згубіць. Карвэра, дарэчы, параўноўваюць з Чэхавым. А мне бачацца пэўныя паралелі ў ягоным лёсе й творчасьці з нашым Міхасём Стральцовым. Таленавітым беларускім пісьменьнікам з адметным голасам, які розьніўся ад іншых савецкіх сучасьнікаў сваёй шчымліваю шчырасьцю. Пісьменьнік трагічнага лёсу, Міхась Стральцоў, на жаль, напісаў вельмі мала. Дый усе Карвэравы апавяданьні таксама зьмесьцяцца ў адзін том.
Дарэчы, рыхтуючы да друку гэтыя тры апавяданьні са зборніку 1981 г., знайшоў у сеціве іншы пераклад апавяданьня «Пра што мы гаворым, калі гаворым пра каханьне». Можаце параўнаць пераклады, зайшоўшы сюды.

А ўвогуле таму, хто трошку ведае ці вывучае ангельскую мову, каб адчуць чароўнасьць Карвэравай прозы, найлепей пачытаць яе ў арыгінале. Яшчэ раз адзначу: чытаецца вельмі проста. У сеціве без праблемаў можна адшукаць зборнік «Пра што мы гаворым, калі гаворым пра каханьне», а на «RuTracker’ы» — спампаваць том з усімі апавяданьнямі Карвэра.

Альтанка


Гэтым ранкам яна наліла мне ўіскі «Тычэрз» на жывот, а потым зьлізала яго. А па абедзе спрабавала скочыць з вакна.
— Голі, — кажу я, — гэтак ня можа працягвацца. Досыць.
Мы сядзім на канапе ў адным зь верхніх нумароў. Незанятых шмат, таму выбіраць ёсьць з чаго. Але нам патрэбны быў прасторны нумар, каб было дзе разгарнуцца й пагаварыць. Вось ранкам мы замкнулі офіс матэлю й падняліся ў нумар.
— Дўэйне, — кажа яна, — мяне дрэнчыць ад усяго гэтага.
П’ямо «Тычэрз» зь лёдам і вадою. Трошку паспалі перад абедам. А тады яна ўскочыла з ложка й пачала гразіцца, што вылезе з вакна ў бялізьне. Давялося хапаць яе. Тут толькі другі паверх. Але ўсё адно.
— Досыць, — кажа яна. — Не магу больш трываць.
Прыкладае далонь да шчакі й заплюшчвае вочы. Варочае галавою й нешта зумкае сабе пад нос.
Хоць ты памірай, калі бачу яе ў такім стане.
— Трываць што? — пытаюся, хаця, безумоўна, ведаю адказ.
— Не зьбіраюся табе паўтараць, — кажа яна. — Я не магу кантраляваць сябе. У мяне цяпер няма гонару. Я не магу паважаць сябе, як раней.
Ёй за трыццаць, і яна прывабная. Высокая, з доўгімі цёмнымі валасамі й зялёнымі вачыма, адзіная зеленавокая жанчына, якую я ведаю. Раней я часта казаў ёй пра ейныя зялёныя вочы, а яна распавяла, што менавіта празь іх заўсёды была перакананая ў сваёй адмысловасьці.
Хто б сумняваўся?! Толькі ня я!
Агідна ў мяне на душы.
Чуваць, як дзынкае тэлефон унізе ў офісе. Дзынканьне пачыналася й сьціхала, і так увесь дзень. Я нават чуў яго праз сон. Расплюшчваў вочы, глядзеў на столь, прыслухоўваўся да дзынканьня й дзівіўся, што ж гэта адбываецца з намі.
Магчыма, глядзець мне трэба было на падлогу.
— Маё сэрца разьбітае, — кажа яна. — Яно, як камень. Нешта сапсавалася ўва мне. Вось што самае паганае: нешта сапсавалася ўва мне.
— Голі, — пачынаю я.
Калі мы толькі пераехалі сюды на працу адміністратарамі, то думалі: нарэшце сонца заглянула ў нашае ваконца. Бясплатнае жытло, бясплатныя камунальныя паслугі плюс тры сотні за месяц. Ня так ужо й блага.
Голі ўзяла на сябе вядзеньне рахункаў (яна добра дае рады зь лічбамі), здавала нумары. Яна любіць людзей, і людзі адказваюць ёй узаемнасьцю. Я ж займаўся парадкам, падкошваў траву, падстрыгаў лістоту, чысьціў басэйн, рамантаваў сёе-тое.
У першы год усё было цудоўна. А начамі я яшчэ падпрацоўваў, нашыя справы пайшлі на лад. Мы пачалі плянаваць будучыню. А потым аднаго ранку... ня ведаю. Я клаў кафлю ў купальні нейкага нумару, калі гэтая пакаёўка-мэксіканачка зайшла прыбірацца. Голі наняла яе. Ня тое каб я заўважаў дзяўчо да гэтага, хаця мы нешта казалі адно адному пры сустрэчах. Памятаю, яна называла мяне спадаром.
Карацей, нічога такога.
Але пасля гэтага ранку я зьвярнуў на яе ўвагу. Ладнае дзяўчо з цудоўнымі белымі зубкамі. Я часта паглядаў на ейны рот.
Яна пачала зьвяртацца да мяне па імені.
Аднаго ранку я напраўляў кран у купальні, калі яна ўвайшла ў нумар, улучыла тэлевізар. Усім вядома, што пакаёўкі часта гэтак робяць, пакуль прыбіраюцца. Я кінуў свой занятак і выйшаў з купальні. Яна зьдзівілася, убачыўшы мяне. Пасьміхнулася й назвала мяне па імені.
Не пасьпела яна дагаварыць, як мы былі ўжо на ложку.
— Голі, — кажу я, — ты не згубіла свайго гонару. Ты ўсё яшчэ найлепшая. Ну, чаго ты?
— Штось памерла ўва мне, — круціць яна галавою. — Спатрэбілася шмат часу, але цяпер яно мёртвае. Ты забіў яго, нібы ўзяў сякеру й уцяў. Застаўся толькі бруд.
Яна дапіла. Тады плакаць пачала. Я абняў яе. Лепей не зрабілася.
Ізноў наліў у нашыя шклянкі й зірнуў у вакно.
Каля офісу прыпаркаваліся два аўты, нумары на іх былі ня нашага штату, кіроўцы стаялі ля дзьвярэй, размаўлялі. Адзін зь іх нешта гаварыў другому, потым агледзеўся вакол, памацаў падбародзьдзе. Зь імі была жанчына, якая, засланіўшы вочы ад сонца, углядалася ў вакно. Кранула дзьверы.
Унізе пачаў дзынкаць тэлефон.
— Нават раней, калі мы з табою любіліся, ты думаў пра яе, — кажа Голі. — Як жа балюча, Дўэйне.
Яна забірае ў мяне шклянку з ўіскі.
— Голі, — пачынаю я.
— Гэта праўда, Дўэйне, — кажа яна. — Не спрачайся.
У майтках і станіку яна ходзіць сюды-туды па пакоі, трымаючы ў руцэ шклянку.
— Ты здрадзіў, — кажа Голі. — Ведаеш, што ты забіў? Давер.
Я кленчу перад ёй і пачынаю прасіць дараваньня. А думаю пра Хуаніту. Жахліва гэта. Ня ведаю, што будзе са мной і з усім гэтым сьветам.
— Голі, — кажу, — родная, я кахаю цябе.
Вонкі хтось націскае на аўтамабільны сыгнал, адпускае й зноў націскае.
Голі выцірае вочы.
— Далі яшчэ ўіскі, — кажа яна. — Зашмат тут вады. Ды лопніце вы там са сваім клятым гудком! На халеру ўсё! Зьеду ў Нэваду!
— Якая Нэвада? Не кажы лухты.
— А чаму лухта? — пытае яна. — Што ня так з Нэвадаю? Заставайся тут са сваёй прыбіральніцаю. А я паеду ў Нэваду. Або заб’ю сябе.
— Голі!
— Што Голі?
Яна сядзіць на канапе, схіліўшыся над каленямі.
— Налі яшчэ порцыю, сукін ты сын, — просіць яна й працягвае шклянку. — Ды пайшлі гэтыя гудазвоны. Няхай разводзяць срач у іншым клапоўніку. Там, дзе цяпер твая пакаёўка прыбірае. Налі мне яшчэ, сукін ты сын!
Яна сьціскае вусны й глядзіць на мяне сваім адмысловым поглядам.
Дзіўная рэч з нашым пітвом. Азіраючыся назад, разумею, што ўсе важныя пастановы мы прымалі за бутэлькаю. Нават калі абмяркоўвалі, як бы нам гэта меней піць, і тое сядзелі на кухні ці вонкі за столікам для пікнікоў з півам ці ўіскі. Перад тым, як наважыцца пераехаць сюды, мы некалькі начэй запар выпівалі ды ўзважвалі ўсе за й супраць.
Я разьліваю рэшткі «Тычэрза» па шклянках, кідаю кубікі лёду, разводжу вадою.
Голі ўздымаецца з канапы й выпростваецца на ложку.
— На ім ты зь ёю любіўся? — пытае яна.
Мне няма чаго адказаць. Адчуваю ўнутры спустошанасьць, словы скончыліся. Перадаю ёй шклянку, а сам саджуся ў фатэль. П’ю й думаю, што ўжо ніколі ня будзе па-ранейшаму.
— Дўэйне?
— Голі?
Маё сэрца сьцішылася. Чакаю.
Голі была маім адзіным сапраўдным каханьнем.
З Хуанітай у нас было пяць разоў на тыдзень паміж 10:00 і 11:00. У тых нумарах, дзе яна прыбіралася. Я проста заходзіў туды й замыкаў дзьверы.
Але звычайна ў 11-ым. Нумар 11 быў наш шчасьлівы.
Мы былі пяшчотныя адно да аднога, рабілі ўсё спрытна. Файна было.
Думаю, Голі магла б перажыць гэта. Думаю, ёй трэба проста паспрабаваць.
Ну, а я працягваў падпрацоўваць начамі. І малпа справілася б з тою працаю. Але справы тут, у матэлі, хутка каціліся пад адхон. Проста сэрцы ў нас ужо не ляжалі да гэтае работы.
Я ня чысьціў басэйну, які цяпер пакрыўся зялёнаю дрэньню, і жыхары больш у ім не купаліся. Таксама больш не рапараваў кранаў, ня клаў кафлі, не падфарбоўваў нічога. Па шчырасьці, рэч у тым, што мы абое пачалі моцна прыкладацца. Вядома ж, каб выпіваць, трэба шмат часу і высілкаў, калі, натуральна, ты ставісься да справы шчыра.
Голі блыталася з рэгістрацыяй кліентаў. Ці налічвала зашмат, ці брала меней як трэба. Часам запісвала траіх у пакой з адным ложкам ці здавала чалавеку пакой зь вялізазным ложкам. Ня дзіва, што пачаліся скаргі, даходзіла й да сварак. Хтосьці пакаваўся й зьяжджаў шукаць іншае жытло.
Ліст ад кіраўніцтва не прымусіў сябе чакаць. Потым яшчэ адзін прыйшоў, з подпісам.
Тэлефанавалі, нехта прыяжджаў з гораду.
Але, прызнацца шчыра, нас гэта мала турбавала. Разумелі, што доўга тут не затрымаемся. Спаскудзілі мы свае жыткі, цяпер трэба было рыхтавацца да ператрусу.
Голі — жанчына цямкая, яна першая зразумела.
І вось адным ранкам у нядзелю прачнуліся мы пасьля ночы маракаваньня нашае сытуацыі. Прадралі вочы, выцягнуліся й уважліва паглядзелі адно на аднога. Нам ужо дваім уцям зрабілася. Падышлі да чарговага прыпынку, і цяпер трэба думаць, адкуль пачынаць ізноў.
Падняліся, апрануліся, выпілі кавы й пастанавілі пагаварыць. Каб нішто не перашкаджала. Ні тэлефанаваньні, ні кліенты.
Тады я й падумаў, што «Тычэрза» трэба з сабою прыхапіць. Мы замкнуліся й узьняліся наверх, зь лёдам, шклянкамі, бутэлькамі. Спачатку тэлевізар паглядзелі, падурэлі троху, чулі, як тэлефон дзынкае ўнізе. Калі захацелася есьці, прынесьлі сабе сырных чыпсаў.
Такое, ведаеце, дзіўнае адчуваньне, калі мы ўжо зразумелі, што ўсё самае страшнае, што магло здарыцца з намі, ужо здарылася, а цяпер магло адбыцца ўвогуле што заўгодна.
— Памятаеш? — пытае Голі. — Калі мы малыя яшчэ былі, перад шлюбам. Калі ў нас былі вялікія спадзяваньні й пляны.
Яна сядзела са шклянкаю на ложку, абгарнуўшы калені рукамі.
— Памятаю, Голі.
— Ты ж ня мой першы. У мяне першы Ўает быў. Уяві. Ўает. А ты — Дўэйн. Ўает і Дўэйн. Хто ведае, чаго я магла б нарабіць за ўвесь гэты час. Але ж ты мне ўсім быў, як у той песьні пяецца.
— Голі, — кажу я, — ты файная жанчына. У цябе былі магчымасьці.
— Але я зь іх не скарыстала. Я табе ня здраджвала.
— Досыць, Голі, прашу цябе, мілая, досыць катаваць сябе. Давай падумаем, што далей рабіць.
— Памятаеш, — кажа яна, — як аднойчы мы паехалі да тае старое фэрмы, што за Якімаю, паўз Тэрас-Гайтс. Проста пастанавілі праехацца. Ехалі па бруднай вузкай дарозе, сьпёка, пыл. Ехалі, ехалі й пад’ехалі да старога дому, і ты папрасіў папіць вады. Уяўляеш, каб мы цяпер так зрабілі? Падысьці да дому й папрасіць вады?
— Памерлі, напэўна, тыя старыя ўжо, — працягвае яна. — Ляжаць побач на могілках. Памятаеш, як яны запрасілі нас пачаставацца пірагом? А пазьней паказалі троху мясьціны. За домам была альтанка. У засені. З маленькім сьпічастым дахам, фарба пазлазіла, на прыступках трава. Жанчына пачала казаць, што раней, вельмі даўно, тут штонядзелі людзі зьбіраліся, музыка грала, усе садзіліся й слухалі. І я тады падумала, што калісьці, калі пастарэем, і мы такія будзем. Самавітыя. У нас будзе сваё жытло. І да нас вось так будуць людзі завітваць.
Не магу спачатку нічога сказаць. Потым пачынаю:
— Голі, мы пра ўсё гэта таксама будзем калісьці ўзгадваць. Перажывём мы ўсё гэта. Будзем узгадваць, як было. А памятаеш той матэль і брудны басэйн? Голі, разумееш, пра што я?
Голі сядзіць сабе на ложку са шклянкай у руках.
Бачна, што не разумее яна.
Я падыходжу да вакна, паглядаю празь фіранку. Хтосьці нешта гаворыць унізе, торгае дзьверы офісу. Я гэтак і застаюся стаяць на месцы. Малюся, каб Голі падала мне знак, каб стала бачна.
Чую, як загуло аўта. Потым іншае. Яны асьвяцілі фарамі будынак і адзін за адным выехалі на дарогу.
— Дўэйне, — кажа Голі.
І тут яна таксама мела рацыю.

Пераклад: Андрэй Бурэц

Выявілі памылку ці "мёртвую" спасылку?

Вылучыце праблемны фрагмэнт мышкаю й націсьніце CTRL+ENTER.
У вакне, што зьявілася, апішыце праблему й адпраўце Адміністрацыі рэсурсу.

Камэнтары:0

ДАДАЦЬ КАМЭНТАР

Увядзіце код:*
абнавіць, калі ня бачны код