0

Тры апавяданьні Рэйманда Карвэра. Апавяданьне другое: «І вады даволі, і да дому блізка»

Праглядаў: 580
Мой муж есьць прагавіта. Але мне здаецца, не такі ён ужо й галодны. Жуе, паклаўшы локці на стол і ўтаропіўшыся кудысь у кухонную сьцяну. Выцірае вусны сурвэткаю. Пацепвае плячыма й працягвае есьці.
— Чаго ты гэтак глядзіш на мяне? — пытае ды адкладае ўбок відэлец. — Што такое?
— Ды не гляджу я, — кручу галавою.
Зазваніў тэлефон.
— Не падыходзь, — кажа.
— Можа, гэта твая маці.
— Ну тады падымі й даведайся.
Бяру слухаўку, прыслухоўваюся. Муж перастае жаваць.
— Ну, што я табе гаварыў? — кажа ён мне, калі я кладу слухаўку на месца, і зноў пачынае есьці. Потым шпурляе сурвэтку на талерку.
— Халера! Чаму людзі соваюць насы не ў свае справы? Ну скажы мне, што я зрабіў няправільна, га? Ня толькі ж я адзін там быў. Мы разам усё абмеркавалі й пастанавілі. Няўжо нам трэба было вяртацца? А да машыны ісьці пяць міляў. Таму ня трэба тут глядзець на мяне гэтак. Чуеш? Бракуе толькі, каб ты яшчэ пачала мяне вучыць.
— Ты разумееш.
— Што я разумею, Клэр? Патлумач, што я мушу зразумець. Нічога я не разумею, акрэм аднаго, — ён глядзіць на мяне сваім важкім позіркам. — Яна была ўжо мёртвая. Мне таксама шкада, як і ўсім астатнім. Але яна была мёртвая.
— Анягож, — кажу.
Ён ускідае рукі дагары. Адштурхоўвае крэсла ад стала. Вымае цыгарэты й выходзіць на двор з бляшанкаю піва. Мне відаць, як ён сядае ў крэсла, другі раз за сёньня бярэ газэту.
Ягонае імя на першай паласе разам з імёнамі ягоных сяброў.
Заплюшчваю вочы, абапіраюся на чарупіну й зачапляю рукамі суднік, зь якога долу ляціць посуд.

Ён нават не паварушыўся, не рэагуе на пачуты грукат. Толькі прыўзьняў галаву, прыслухаўся. І ўсё. Нават не павярнуўся.
Ён з Ґорданам Джонсанам, Мэлам Дорнам і Вэрнам Ўільямзам разам гуляюць у карты й боўлінг, рыбачаць. Рыбалка ў іх увесну і напачатку лета, пакуль не пачынаюцца частыя паездкі да родзічаў. Яны мужчыны прыстойныя, усе зь сем’ямі, шчыруюць на сваіх працах. Іхныя дочкі й сыны ходзяць у школу разам з нашым Дынам.
Мінулаю пятніцаю мужчыны паехалі на раку Начэс. Пакінулі машыны каля гораў і пехам дабіраліся да заранёў выбранага месца рыбалкі. З сабою несьлі спальнікі, ежу, карты, ўіскі.
Дзяўчыну ўбачылі, як пачалі раскладаць лягер. Мэл Дорн адшукаў яе. Ейнае голае цела зачапілася ў вытыркнутых з вады галінах.
Мэл паклікаў паглядзець астатніх. Пачалі абмяркоўваць, што рабіць. Нехта зь іх — Ст’юарт не сказаў хто — запрапанаваў вярнуцца. Іншыя пакалупалі пясок наскамі ботаў і выказаліся, што неяк няма жаданьня. Маўляў, стаміліся ўсе, позна ўжо, дый дзяўчына нікуды ня дзенецца.
Урэшце яны заняліся лягерам. Расклалі вогнішча, выпілі. Калі на небе зьявіўся месяц, загаварылі пра дзяўчыну. Хтось запрапанаваў паклапаціцца, каб цела не сплыло. Зь ліхтарыкамі пайшлі на бераг ракі. Нехта, магчыма, Ст’юарт, зайшоўшы ў ваду, узяў яе за пальцы ды падцягнуў да берагу. Лёскай абкруціў яе прыдалоньне й прымацаваў да дрэва.
Наступным ранкам яны згатавалі сабе сьнеданьне, зварылі кавы, выпілі ўіскі й разышліся рыбачыць. Вечарам прыгатавалі рыбу, бульбу, выпілі кавы, потым ўіскі, а тады пайшлі на бераг, дзе была дзяўчына, мыць начыньне.
Пазьней пагулялі ў карты. Гулялі, пэўна, пакуль не пашарэла. Вэрн Ўільямз пайшоў спаць. Астатнія яшчэ засталіся. Ґордан Джонсан тлумачыў, што вада ў рацэ надта сьцюдзёная, таму й вылаўленая імі стронга такая каляная.
Яны на золку ўзьняліся, выпілі, парыбачылі троху, склалі намёты, скруцілі спальнікі, сабралі свае транты й выправіліся дадому. Спыніліся каля першага тэлефона. Тэлефанаваў Ст’юарт, астатнія стаялі пад прамянямі сонца, слухалі, як той называе шэрыфу іхныя імёны. Ім не было чаго хаваць. Яны не саромеліся. Паабяцалі пачакаць, пакуль хто пад’едзе, каб паказаць дарогу й даць свае сьведчаньні.

Я спала, калі ён вярнуўся. Прачнулася, пачуўшы, што хтосьці ёсьць у кухні. Ён стаяў, прыхіліўшыся да халодні, у руцэ была бляшанка піва. Калі я падышла да яго, ён абняў мяне моцнымі рукамі й пачаў мацаць мае клубы. У ложку ён ізноў пачаў мяне ціскаць, потым сьцішыўся, быццам задумаўся пра штось іншае. Я павярнулася да яго й рассунула ногі.
Цяпер мне здаецца, што ён гэтак і не заснуў у тую ноч.
Ранкам узьняўся раней за мяне. Мусіць, каб паглядзець, ці зьявілася што ў газэтах. Тэлефон пачаў званіць адразу пасьля восьмай.
— Ідзіце ў балота! — закрычаў ён у слухаўку.
Тэлефон адразу ж зазваніў ізноў.
— Мне няма чаго дадаць, я ўсё сказаў шэрыфу! — зноў закрычаў і ляпнуў слухаўкаю.
— Што здарылася? — спытала я.
Вось тады ён мне й распавёў усё, што адбылося зь імі, а я вам цяпер пераказваю.

Прыбіраю пабіты посуд, падмятаю й выходжу вонкі. Ён ляжыць на сьпіне ў траве, побач газэта й бляшанка піва.
— Ст’юарце, — кажу, — можа, зьезьдзім куды?
Ён пераварочваецца на бок, глядзіць на мяне.
— Так, паедзьма піва купім.
Уздымаецца, праходзячы дакранаецца майго клуба, кажа, што зараз будзе гатовы.
Мы праяжджаем празь мястэчка, моўчкі. Ён прыпыняецца каля прыдарожнае крамкі набыць піва. Заўважаю высозны стос паперы ўсяродку. На верхняй прыступцы стаіць таўстуха ў паркалёвай сукенцы ды працягвае дзяўчынцы ляндрынку. Праехаўшы затоку Эвэрсан, збочваем на тэрыторыю для адпачынку. Пад мастом струменіцца ручай і бяжыць у вялікую копанку за некалькі сотняў ярдаў адсюль. Відаць мужчынаў, якія ловяць рыбу. Вось жа і вады даволі, і да дому ім блізка.
— Навошта вам было ехаць гэтак далёка? — пытаю Ст’юарта.
— Ня злуй мяне.
Сядзім на лаве пад прамянямі сонца. Ён адкрывае бляшанкі зь півам.
— Клэр, супакойся, — кажа мне.
— Іх апраўдалі. Маўляў, яны вар’яты.
— Хто? — пытае ён. — Пра што ты?
— Браты Мэдаксы. Забілі дзяўчыну яны. Арлін Габлі. Тамака, адкуль я родам. Адцялі ёй галаву й выкінулі ў раку. Я тады яшчэ дзяўчом была.
— Усё ж такі дапячэш ты мне, — кажа ён.
Гляджу на ручай. Быццам гэта я ў ім апынулася, вочы расплюшчаныя, ляжу ніцма, разглядаю водарасьці, мёртвая.
— Не разумею, што з табою зрабілася, — кажа ён на зваротным шляху, — але з кожнаю хвілінаю ты злуеш мяне ўсё больш.
Мне няма чаго адказаць яму.
Ён спрабуе засяродзіць увагу на дарозе. Але ўсё адно працягвае пазіраць у люстэрка задняга выгляду.
Ён разумее.

Гэтаю раніцаю Ст’юарт узьняўся ціха, думаў, што я сплю. Але я прачнулася задоўга да сыгналу будзільніка. Ляжала, адсунуўшыся на край ложка падалей ад ягоных валасатых ног, думала.
Ён выправіў Дына ў школу, пагаліўся, апрануўся й пайшоў на працу. Двойчы зазіраў у спальню, пакрактаў. Але я вачэй не расплюшчыла.
На кухні адшукала цыдулку ад Ст’юарта: «Кахаю». Утульна ўладкаваўшыся на сваім улюбёным месцы, папіла кавы. На паперцы ад кубка застаўся адбітак у форме кола. Зірнула на газэту, пакруціла яе ў розныя бакі, пасунула бліжэй да сябе, каб пачытаць.
У артыкуле пішуць, што цела апазналі. Але для гэтага давялося папрацаваць: штось дадалі, штось адцялі, узважвалі, вымяралі, зноў прыкладалі адцятае, прымацоўвалі, прышывалі.
Доўга я гэтак сяджу з газэтай у руках, думаю. А тады тэлефаную, каб запісацца ў цырульню.

Сяджу пад сушылкаю валасоў, на каленях ляжыць часопіс, Марні робіць мне манікюр.
— Заўтра паеду на хаўтуры, — кажу.
— Прымі мае спачуваньні, — кажа Марні.
— Забойства.
— О, гэта найгорш.
— Ну, увогуле, мы ня надта блізкія былі, — тлумачу я. — Але ведаеш...
— Ну, нічога, будзеш у нас выглядаць як мае быць, — абяцае Марні.
Гэтаю ноччу сплю на канапе, ранкам уздымаюся першая. Стаўлю каву, гатую сьнеданьне, пакуль ён голіцца.
Стаіць на парозе з ручніком на плячы, разглядае мяне, спрабуе зразумець, што ў мяне за настрой.
— Вось кава, — кажу. — Яечня будзе праз хвіліну.
Буджу Дына і мы ўтрох сьнедаем. Як толькі Ст’юарт пачынае глядзець на мяне, я пытаю Дына, ці трэба яму яшчэ малака, тостаў ці чаго іншага.
— Я табе патэлефаную сёньня, — кажа Ст’юарт, выходзячы зь дзьвярэй.
— Ня факт, што буду ўдома.
— Добра, — кажа ён. — Няхай.
Доўга ды ахайна апранаюся. Надзеўшы капялюш, паглядаю на сябе ў люстэрка. Пакідаю Дыну цыдулку. «Мілы, у мамы сёньня пасьля абеду справы, вярнуся пазьней. Заставайся ўдома ці на дварэ, пакуль хтось з нас ня вернецца. Люблю цябе. Мама!»
Мой погляд засяроджваецца на слове «люблю», падкрэсьліваю яго. Потым вока спыняецца на «на дварэ». Як правільна пісаць? На дварэ ці на двары?

Еду сельскаю мясцовасьцю: засеяныя аўсом і цукровымі буракамі палеткі, яблыневыя сады, пашы, на якіх пасьвіцца гавяда. Далей сядзібы робяцца менш дагледжаныя, замест садоў — кладні драўніны. У далечыні справа пачынаюць віднецца горы, часам можна ўбачыць Начэс.
Ззаду зьяўляецца зялёны пікап і едзе за мною доўгі час. Я запавольваюся там, дзе можна ехаць хутка, з надзеяй, што ён абміне мяне. А там, дзе трэба ехаць марудна, павялічваю хуткасьць, ашчаперыўшы стырно гэтак, што аж баляць пальцы.
На працяглым роўным адцінку дарогі ён абмінае мяне. Магу добра разгледзець яго: коратка стрыжаны, у рабочай адзежы блакітнага колеру. Мы глядзім адно на аднога. Ён махае рукою, націскае на сыгнал і едзе наперад.
Запавольваюся, шукаючы месца, і спыняюся, глушу рухавік. Чутно схаваную за дрэвамі раку. Чую, што пікап вяртаецца. Замыкаю дзьверы, падымаю шкло.
— З вамі ўсё добра? — пытае мужчына, стукае па шкле. — Усё добра, га?
Абапершыся далонямі на дзьверы, нахіляецца да вакна. Гляджу яму ў твар. Што яшчэ рабіць, ня ведаю.
— З вамі ўсё добра? Чаму вы зачыніліся?
Кручу галавою.
— Апусьціце шкло, — ён таксама круціць галавою ды азіраецца на шашу. — Апусьціце, хуценька!
— Мне ехаць трэба, — кажу. — Калі ласка.
— Адчыніце дзьверы, — кажа, быццам ня чуўшы мяне. — Вы задыхняцеся ўсяродку.
Глядзіць на мае грудзі, ногі. Дакладна адчуваю, што менавіта на іх глядзіць. Ніякага сумневу ў мяне няма.
— Даражэнькая, — кажа, — я ж дапамагчы хачу.

Дамавіну накрылі вечкам, упрыгожылі кветкамі. Як я села, адразу зайграў арган. Людзі ўваходзяць, шукаюць сабе месцы. Сярод іх хлопец у стракатых портках і жоўтай кашулі без рукавоў. Адчыняюцца дзьверы ды ўваходзяць родзічы нябожчыцы, гуртам ідуць да сваіх месцаў за заслонаю. Усаджваюцца, чуваць, як парыпваюць пад імі крэслы. Тады ўздымаецца гожы сьветлавалосы чалавек у файным цёмным гарнітуры ды просіць нас схіліць галовы. Ён спачатку моліцца за нас, жывых, а потым прамаўляе малітву за душу памерлай.
Разам зь іншымі падыходжу да труны. Пасьля выходжу на прыступкі ў сьвятло. Перада мною сыходзіць, кульгаючы, жанчына. На ходніку яна азіраецца.
— А яго злавілі, — кажа яна. — Калі гэта можа служыць нейкім суцяшэньнем. Ранкам арыштавалі. Праз радыё чула, перад тым, як сюды прыйсьці. Мясцовы хлопец, з нашага мястэчка.
Мы робім некалькі крокаў па распаленым ходніку. Кіроўцы заводзяць машыны. Дакранаюся да паркінгавага лічыльніка й трымаю руку на ім. Вакол наглянцаваныя кабіны.
У галаве ўсё плыве.
— У яго ж сябры ёсьць, — кажу. — У забойцы гэтага. Хіба ж не?
— З тых часоў яе ведаю, як яна дзяўчом была, — распавядае кабета. — Часта заходзіла да мяне, я ёй печыва пякла, частавала, яна ў мяне тэлевізар глядзела.

Ст’юарт сядзіць за сталом, перад ім — шклянка з ўіскі. На нейкае шалёнае імгненьне мне падаецца, што нешта здарылася з Дынам.
— Дзе ён? — пытаю. — Дзе Дын?
— Звонку, — адказвае мой муж і дапівае ўіскі, уздымаецца. — Здаецца, ведаю я, што табе трэба, — абдымае мяне адною рукою, а другою пачынае расшпільваць маю куртку, потым блюзку.
— Гэта найперш, — кажа. Потым яшчэ нешта кажа. Але я не прыслухоўваюся. Анічога ня чую за пошумам вады.
— Слушна, — кажу й самая расшпільваю апошнія гузікі на блюзцы. — Трэба хутчэй, пакуль Дын не вярнуўся.

Чытаць іншыя апавяданьні:
«Альтанка»;
«Пра што мы гаворым, калі гаворым пра каханьне».

Пераклад: Андрэй Бурэц
Выявілі памылку ці "мёртвую" спасылку?

Вылучыце праблемны фрагмэнт мышкаю й націсьніце CTRL+ENTER.
У вакне, што зьявілася, апішыце праблему й адпраўце Адміністрацыі рэсурсу.

Камэнтары:0

ДАДАЦЬ КАМЭНТАР

Увядзіце код:*
абнавіць, калі ня бачны код
Пытаньне:
Адказ:*