0

Інтэрвію з гуртом «The Feedback»: Галоўнае — гэта пісаць свае песьні!

Праглядаў: 337
Сваім днём народзінаў гурт «The Feedback» лічыць 27 чэрвеня 2011 г. Першапачаткова гэты малады беларускі калектыў пазыцыянаваў сябе як кавэр-бэнд. І, як нам здаецца, сусьветна вядомыя музычныя шэдэўры ў іхным выкананьні гучаць сапраўды здорава.

Цяпер жа творцы стала шукаюць самых сябе. Хлопцы паспрабавалі свае сілы яшчэ ў 2014 г., запісаўшы аўтарскую песьню пад назваю «Улетаем». Аднак, застаўшыся незадаволенымі з сваёй працы, пастанавілі пачакаць з далейшым выпускам уласных кампазыцыяў.

Напачатку 2016 г. саліст гурта Яўген Клябанаў пры падтрыманьні астатніх удзельнікаў «The Feedback’у» наважыўся ўзяць удзел ува ўкраінскім вакальным шоў «Голос країни». Першы тур праекту скончыўся для Жэні ашаламляльным посьпехам, а вось прайсьці ў трэці тур яму не ўдалося. І хоць, на наш аб’ектыўны погляд (дарэчы, з намі згодная бальшыня фанатаў шоў), Яўген выступіў лепш за свайго суперніка, саліст гурта «Океан Ельзи» пастанавіў іначай.

Аднак «The Feedback» не ўспрыняў паразу Жэні ў гэтым праекце як татальную, а нават наадварот. Атрымаўшы такім чынам своеасаблівы штуршок, з тых часоў хлопцы пасьпелі выпусьціць новы сінґл «Песня о человеке» (2016) і міні-альбом «Смещение оси» (2017).

Інтэрвію з гуртом «The Feedback»: Галоўнае — гэта пісаць свае песьні!

Інтэрвію зь Яўгенам Клябанавым і Сяргеем Сінкевічам


VIOLEX: Вітаем вас! Радыя магчымасьці пазнаёміцца з вамі крыху бліжэй.

The Feedback: Вітаем! Мы гэтаксама радыя :)

VIOLEX: Распавядзіце нам крыху пра тое, як музыка ўвайшла ў вашыя жыцьці?

Яўген: Ува ўсіх па-рознаму, думаю. Калі мне было пяць гадоў, бацькі аддалі мяне ў музычную школу, дзе я вучыўся граць на фартэпіяна і скрыпцы. Праўда, потым скрыпку я кінуў.

Сяргей: У мяне прыблізна гэткая ж гісторыя. Бацькі аддалі на танцы, потым у музычную школу па клясе фартэпіяна, якой я гэтак і ня скончыў. Але аднойчы я ўбачыў праз тэлевізар кліп гурта «The Beatles». Граньне Рынґа Стара мне гэтак спадабалася, што я зразумеў: трэба і мне навучыцца граць на ўдарных.

VIOLEX: Яўгене, наколькі нам вядома, мастацтву вакалу Вы не навучаліся?

Яўген: Не. Але браў у розны час колькі заняткаў у розных выкладнікаў, але гэтым усё і абмежавалася. Цяпер, думаю, пахадзіць пазаймацца ўсё ж варта.

VIOLEX: Вашыя выдатныя, на наш погляд, вакальныя дадзеныя — дар ад нараджэньня, вынік узмоцненых самастойных трэнаваньняў, усё ў сукупнасьці?

Яўген: Дзякую. Думаю, усё разам. Часам, пераслухоўваючы свае запісы 2–3-гадовае даўнасьці, думаю: «Ну і жах! І гэта магло камусьці падабацца ўвогуле?» Спадзяюся, што праз колькі гадоў я буду і пра цяперашнія запісы гэтак казаць.

VIOLEX: Як утварыўся ваш гурт? Ці шмат зьменаў спазнаў склад «The Feedback’у» за час свайго існаваньня?

Яўген: Пачалося ўсё з майго знаёмства з гітарыстам Андрэем Кацікавым у 2011 годзе. Гэта быў першы курс майго навучання ў IСВ імя Шырокава. Было нейкае супольнае творчае заданьне, і мы з Андрэем яго рыхтавалі разам. Неяк проста ў гутарцы я аказаўся, што хацеў бы сабраць гурт. Андрэй маю ідэю падтрымаў, і мы пачалі шукаць музыкаў. У той час я акурат моцна падвісаў па «Queen’е», і першыя нашыя кавэры былі менавіта на песьні гэтага легендарнага гурта.

У той час гаворкі пра свае песьні не ішло, мы хацелі проста пайграць крутыя песьні. Як ні дзіўна, Андрэй першым ад нас і пайшоў — зьехаў вучыцца ў Амэрыку. На ягонае месца прыйшоў ужо даволі сталы і на той момант адназначна самы дасьведчаны з нас усіх гітарыст Саша Вінакураў. Але і ён пакінуў нас праз два гады. Цяпер з намі ўжо больш за год грае на гітары Рома Саракалетаў. А хлопцы — Арцём Астапенка (бас) і Сяргей Сінкевіч (бубны) — са мною з самага пачатку і дасюль!

Інтэрвію з гуртом «The Feedback»: Галоўнае — гэта пісаць свае песьні!

VIOLEX: Які сэнс вы ўкладалі ў назву калектыву, апроч відавочнага?

Яўген: Доўгая гісторыя :) Але цяпер, думаю, у кожнага ўдзельніка свой сэнс. А на feedback ад слухача разьлічвае кожны нармалёвы музыка.

VIOLEX: Пачыналі вы сваю музычную кар’еру як кавэр-бэнд, аднак у 2014 годзе ўсё ж пастанавілі заняцца стварэньнем аўтарскіх песьняў. Што канкрэтна вас да гэтага падштурхнула?

Яўген: Тут усё проста. Надакучыла граць кавэры :)



VIOLEX: У інтэрвію радыё «Сталіца» вы згадалі, што пасьля запісу сваёй першай кампазыцыі «Улетаем» вы ўзялі перапынак на два гады. З чым гэта было зьвязана?

Яўген: Было колькі прычынаў. Найперш гэта нестабільны склад. Мы засталіся ня вельмі задаволеныя зь першае нашае кампазыцыі. Таму пастанавілі проста пісаць песьні далей і, напэўна, слушна зрабілі.

VIOLEX: Зь якімі складанасьцямі, на вашую думку, найчасьцей сутыкаюцца маладыя беларускія выканаўцы?

Яўген: Галоўная складанасьць, думаю, у адсутнасьці амбіцыяў у самых жа беларускіх выканаўцаў.

VIOLEX: Ці лічыце вы сябе рамантыкамі?

Яўген: Хутчэй не, чымся так :) Мне здаецца, што час рамантыкаў, на жаль, ужо прайшоў. І цяпер іх засталося вельмі мала.

Сяргей: А маё меркаваньне кардынальна адрозьніваецца. Я лічу, што зь любымі жыцьцёвымі складанасьцямі, перажываньнямі, бедамі ды іншымі рэчамі, якія, на жаль, маюць месца ў жыцьці кожнага чалавека, дапаможа даць рады менавіта каханьне. Калі б на зямлі не было каханьня, то людзі б не сустракаліся, не жаніліся, не нараджалі б дзяцей, і нават бы не разыходзіліся. А, як вядома, бальшыня ўсіх існых у сьвеце песьняў ці пра тое, як людзям добра разам, ці пра тое, як іхныя жыцьцёвыя шляхі з тых ці іншых прычынаў разышліся. І наш гурт не выключэньне, бо мы спрабуем данесьці да слухача, што трэба верыць у існаваньне чагосьці гэткага эмацыйна высокага, што дапаможа шмат каму, а можа, і ўсім людзям, зрабіцца трошкі больш шчасьлівымі :)

VIOLEX: Хто з вас аўтар тэкстаў, хто піша музыку?

Яўген: На гэты момант усе тэксты піша бубнач гурта Сяргей Сінкевіч, а музыку — я.

VIOLEX: Як вы вызначаеце абраны для вашае творчасьці музычны кірунак?

Яўген: А вось гэта самае складанае пытаньне :) Нейкі там рок, напэўна. Мы не прывязваемся да пэўнае плыні. Ёсьць два асноўныя жанры ў музыцы: добрая музыка і дрэнная. Спадзяюся, мы граем усё ж першую :)

VIOLEX: Плянуеце на гэтым і спыніцца, ці чакаць ад вас нейкіх музычных экспэрымэнтаў?

Яўген: Я мяркую, што мы ўсё яшчэ спрабуем і вучымся рабіць свае песьні. У нас няма нейкае напрацаванае схемы. Мы і цяпер імкнёмся экспэрымэнтаваць. Спадзяюся, што і ў будучыні мы ня зробімся аднастайнымі.

VIOLEX: Чаму Вы пастанавілі ўзяць удзел у праекце «Голос країни»?

Яўген: Ніколі нідзе ня браў удзелу і нават не спрабаваў. Але пастанавіў усё ж праверыць свае сілы. Зрабілася сумна, падумаў: «А чаму б і не?» Хацелася пазнаёміцца з Вакарчуком... Насамрэч прычынаў было шмат, напэўна.

VIOLEX: Настолькі ўдалы выступ у першым туры праекту быў чаканы ці зрабіўся прыемнаю неспадзяванкаю для Вас?

Яўген: Я чамусьці разумеў, што нехта ў любым выпадку павернецца. Проста хацелася, каб абавязкова павярнуўся Слава.





VIOLEX: Што Вы адчувалі пасьля паразы ў другім туры шоў «Голос країни»?

Яўген: Зьдзіўленьне. Праўду кажучы, я быў досыць упэўнены ў сабе, хоць і шалёна хваляваўся на сцэне.

VIOLEX: Удзел у гэтым музычным праекце неяк паўплываў на Вас, на Вашую творчасьць?

Яўген: Безумоўна. Я зразумеў, што галоўнае — гэта пісаць свае песьні! І пасьля гэтага мы выпусьцілі ўжо два рэлізы. Першы — сінґл «Песня о человеке» ў 2016 годзе, і другі — міні-альбом зь пяці песьняў «Смещение оси» ў 2017-ым.

VIOLEX: Якія мэты вы ставіце перад сабою ў музыцы, у жыцьці?

Яўген: Мэта адная — рабіць тое, што падабаецца самым!

VIOLEX: Чаго чакаць ад «The Feedback’у» ў бліжэйшай будучыні?

Яўген: Новых песьняў, вядома ж. Гэта перадусім! Ну, а ў астатнім пакуль сказаць не магу. Можа, кліп будзе, а можа, штосьці яшчэ :)

VIOLEX: Дзякуем за займальную гутарку! Ад усяе душы зычым вам посьпехаў ува ўсім!

The Feedback: Дзякуем, вам гэтаксама!

За творчасьцю гурта можна сачыць тут:
афіцыйны сайт
афіцыйная старонка ў VK
афіцыйная старонка ў Instagram’е
афіцыйны канал на YouTube’е
афіцыйны акаўнт у сэрвісе Soundcloud



Аўтарка: Jauhienka

Выявілі памылку ці "мёртвую" спасылку?

Вылучыце праблемны фрагмэнт мышкаю й націсьніце CTRL+ENTER.
У вакне, што зьявілася, апішыце праблему й адпраўце Адміністрацыі рэсурсу.

Камэнтары:0

ДАДАЦЬ КАМЭНТАР

Увядзіце код:*
абнавіць, калі ня бачны код