0

Тры апавяданьні Рэйманда Карвэра. Апавяданьне трэцяе: «Пра што мы гаворым, калі гаворым пра каханьне»

Праглядаў: 238
Найбольш гаваркі сярод нас Мэл Маꥳніс. Ягоная праца кардыёлягам дае яму права.

Мы чацьвёра сядзім у кухні за сталом і п’ямо джын. Сонечныя прамяні асьвятляюць пакой празь вялізнае вакно каля чарупіны. Мы — гэта Мэл і я, ягоная другая жонка Тэрыса (мы называем яе Тэры) ды мая жонка Лора. На той момант мы жылі ў горадзе Альбукерке, які ні для кога з нас ня быў родны.

Тры апавяданьні Рэйманда Карвэра. Апавяданьне трэцяе: «Пра што мы гаворым, калі гаворым пра каханьне»

На стале стаіць вядзерца зь лёдам, пустыя бутэлькі ад джыну й тоніку замяняюцца на поўныя, і мы празь нешта ўзьбіваемся на гаворку пра каханьне. Для Мэла сапраўднае каханьне — духовае. Неяк ён казаў, што перад паступленьнем у мэдычны каледж вучыўся ў духовай сэмінарыі ды цяпер лічыць тыя гады найважнейшымі ў сваім жыцьці.

Тэры распавядае нам, што ейны былы, да Мэла, кахаў яе гэтак моцна, што нават хацеў забіць.
— Аднойчы ўначы, — кажа яна, — пачаў зьбіваць мяне. Схапіў за нагу й правалачыў праз усю гасьцёўню, паўтараючы: «Я кахаю цябе, сучко, я кахаю цябе». Гэтак і цягаў мяне па пакоі, а ў мяне галава білася аб падлогу, мэблю. І што ты паробіш з такім каханьнем? — паглядае яна на нас.

Тэры — хударлявая (аж косьці відаць) жанчына з прыгожым тварам і чорнымі вачыма, з доўгімі русымі валасамі да пояса. Яна любіць насіць каралі й завушніцы-вісюлькі.
— Божа мой, не дурніся, — кажа Мэл. — Ведаеш ты добра, што ніякае гэта не каханьне. Як хочаш гэта называй, але толькі не каханьнем.
— Кажы, што хочаш, але я ведаю, што гэта было яно. Для цябе выглядае вар’яцтвам, але хіба гэта касуе яго сапраўднасьць? Людзі розныя, Мэл. Няхай часам ён паводзіўся як вар’ят. Але ён кахаў мяне. Можа, і па-свойму, але кахаў. У ім было каханьне, Мэл. Не кажы, што яго не было.
Мэл гучна выдзьмухвае паветра й са шклянкаю ў руцэ паварочваецца да нас.
— Ён пагражаў забіць мяне, — дапівае й цягнецца па бутэльку з джынам. — Тэры ў нас рамантычная асоба, з тых, што перакананая: чубіць — значыць, любіць. Тэры, мілая, не глядзі на мяне гэтак.

Ён працягвае руку праз стол і дакранаецца пальцамі да ейнае шчакі. Пасьміхаецца ёй.
— Ну вось, цяпер падлабуньваецца, — кажа Тэры.
— З чаго б мне падлабуньвацца? Няма чаго. Я ведаю тое, што ведаю. Вось і ўсё.
— Чаму мы ўвогуле завялі гэту гутарку? — Тэры падносіць шклянку да вуснаў. — Проста Мэлу заўсёды ў галаве каханьне. Хіба не, мілы?

Яна пасьміхаецца, і я разумею, што зараз пачнецца.
— Проста я не называў бы паводзінаў Эда каханьнем. Вось пра што я кажу, мілая. А вы што думаеце? — пытае Мэл мяне з Лораю. — Бачыце вы тут каханьне?
— Ня той, мусіць, я чалавек, каго трэба пытаць, — адказваю. — Я ж яго ня ведаў. Чуў, як некалькі разоў узгадвалі пра яго. Не магу сказаць. Трэба акалічнасьці ведаць. Я так разумею, цяпер у нас гаворка пра каханьне як пэўны абсалют.
— Так, — кажа Мэл. — Пра такое каханьне, калі ты не спрабуеш забіць іншага чалавека.
— Нічога пра Эда ня ведаю, — кажа Лора, — дый пра гэту гісторыю таксама. Хто ўвогуле мае права судзіць чужыя справы?

Я дакранаюся ейнае рукі й у адказ на ейную ўсьмешку сьціскаю. Рука ейная цёплая, з бліскучымі пазногцямі, дагледжаная. Так і трымаю далей, абхапіўшы прыдалоньне.
— Калі я кінула яго, ён напіўся атруты для пацукоў, — кажа Тэры, склаўшы рукі на грудзях. — Яго забралі ў шпіталь у Сэнта-Фэй. Мы жылі непадалёк ад гораду, мо міляў за дзесяць. Эда пасьпелі ўратаваць. Але пасьля гэтага нешта зрабілася зь ягонымі дзяснамі. Адслаіліся ад зубоў, якія сталі тырчаць як іклы. Божухна! — Тэры зьмяняе паставу й бярэ келіх.
— Чаго ж людзі толькі ня зробяць? — дзівіцца Лора.
— Ён ужо зьнік зь ліку дзейных асобаў. Памёр, — кажа Мэл і перадае мне сподачак з лаймам. Я бяру скрылёк, выціскаю сабе ў шклянку, пальцам разьмешваю кубікі лёду.
— Далей яшчэ горш, — працягвае Тэры. — Ён застрэліўся. Стрэліў у рот, але й тут нябога схібіў.
Яна са скрухаю хістае галавою.
— Ага, нябога, — пярэчыць Мэл. — Ён быў небясьпечны.

Мэлу сорак пяць. Высокі, хударлявы, зь мяккімі кучаравымі валасамі. У яго загарэлыя падчас гульні ў тэніс твар і рукі. Калі цьвярозы — кожны ягоны рух акуратны й прадуманы.
— Як бы там ні было, Мэл, ён кахаў мяне, — кажа Тэры. — Згадзіся. Хіба я шмат прашу? Кахаў. Ня гэтак, як ты кахаеш. Я не кажу, што гэтак. Але ён кахаў мяне. Можаш ты гэта прызнаць?
— А чаму ты сказала, схібіў? — пытаю яе.

Лора, нахіліўшыся наперад, абапіраецца локцямі на стол і сьціскае рукамі шклянку. Пазірае з чаканьнем то на Мэла, то на Тэры, на ейным шчырым твары цяпер пануе зьбянтэжанасьць, нібыта яе надта зьдзіўляе, што такое магло здарыцца зь людзьмі, якіх ты гэтак добра ведаеш.
— Дык як ён схібіў пры стрэле? — пытаю зноў.
— Слухайце, што было, — пачынае распавядаць Мэл. — Ён узяў свой 22-калібровік, які набыў акурат каб пагражаць мне й Тэры. Я не жартую, ён нам стала пагражаў. Бачылі б вы, як мы жылі ў той час. Як нейкія ўцекачы. Я нават сам набыў пісталет. Верыце? Такі чалавек, як я. Набыў для самаабароны, ён ляжаў у мяне ў куфэрку ў самаходзе. Здаралася, што мне трэба было выходзіць з дому сярод ночы. Я ж працаваў у шпіталі. Мы з Тэры ў той час не пашлюбіліся яшчэ, дом, дзеці, сабака — усё засталося маёй першай жонцы, а мы здымалі кватэру. І вось мне часта тэлефанавалі сярод ночы з працы, а другой ці трэцяй гадзіне мне трэба было ехаць у шпіталь. На дварэ цёмна. Пакуль дабяруся да свайго аўта на паркінгу, увесь узмакрэю ад страху. Хто яго ведае, адкуль ён можа зьявіцца — выйдзе з кустоўя ці з-за аўтамабіля й пачне страляць. Ён жа вар’ят быў, разумееце. Мог бомбу падкласьці мне ў аўта, што заўгодна мог зрабіць. Часта тэлефанаваў мне на працу, прасіў паклікаць доктара, а як я слухаўку падымаю, кажа мне: «Сукін ты сыне, табе жыць засталося лічаныя дні». Такога вось кшталту дробязі. Але паверце, тады страшна было.
— А мне ўсё яшчэ шкада яго, — кажа Тэры.
— Жахоцьце нейкае, — дзівіцца Лора. — А што здарылася зь ім пасьля стрэлу?

Лора працуе сакратаром у судзе. Мы й сустрэліся дзякуючы працы. Нават і не заўважылі, як у нас пачаліся дачыненьні. Ёй 35, на тры гады маладзейшая за мяне. Мы любім адно аднога, нам падабаецца быць разам. Мне зь ёю лёгка.
— Дык што здарылася зь ім? — зноў пытае Лора.
— Ён застрэліўся ў сваім пакоі, — распавядае Мэл. — Хтось пачуў стрэл і паведаміў мэнэджэру. Адамкнулі дзьверы запасным ключом, убачылі, што здарылася, выклікалі хуткую дапамогу. Я акурат быў у шпіталі, калі яго прывезьлі. Жывога, але ўжо бяз шанцаў на ўратаваньне. Ён пражыў яшчэ 3 дні. Ягоная галава распухла ўдвая. Ніколі не даводзілася бачыць такога й спадзяюся не давядзецца. Тэры, калі даведалася, захацела трапіць да яго ў палату, быць зь ім побач. Мы пасварыліся праз гэта. Я не хацеў, каб яна бачыла яго ў такім стане. І цяпер перакананы, што ня трэба было ёй яго бачыць.
— І чым скончылася вашая спрэчка? — пытае Лора.
— Я была побач зь ім, калі ён памёр, — адказвае Тэры. — Ён гэтак і не апрытомнеў. Але я сядзела зь ім. У яго ж больш нікога не было.
— Гэта быў небясьпечны чалавек, — кажа Мэл. — Хочаш называць гэта каханьнем — няхай.
— Вядома, для бальшыні ягонае каханьне выглядала ненармалёвым. Але ён быў гатовы аддаць жыцьцё за сваё каханьне. І аддаў.
— Ды хоць забі ты мяне, не лічу гэта каханьнем, — пярэчыць ёй Мэл. — Хто ведае, чаму ён застрэліўся. Мне давялося бачыць мноства самагубстваў, і ніхто ніколі ня мог назваць іх прычыны.
Мэл закідвае рукі за галаву й разам з крэслам адхіляецца назад.
— Мяне не цікавіць такое каханьне. Табе трэба такое каханьне? Калі ласка, забірай.
— Мы моцна напалохаліся тады, — кажа Тэры. — Мэл нават тэстамэнт склаў, тэлефанаваў у Каліфорнію свайму брату, які колісь служыў у зялёных бэрэтах. Патлумачыў, каго шукаць у выпадку, калі зь ім нешта здарыцца.
Тэры п’е джын.
— Мэл праўду сказаў: мы жылі як уцекачы. Баяліся ўвесь час. Мэл быў моцна напалоханы. Так, мілы? Я нават аднаго разу патэлефанавала ў паліцыю, але мы не атрымалі ад іх ніякае дапамогі. Маўляў, яны нічога ня могуць зрабіць, пакуль Эд сур’ёзнага чаго ня ўчыніць. Хіба ня сьмешна?

Яна вылівае рэшткі джыну ў сваю шклянку й матляе бутэлькай у паветры. Мэл уздымаецца з-за стала, ідзе да шафы ды прыносіць нам адтуль новую.
— А вось мы зь Нікам ведаем, што такое каханьне, — кажа Лора й адразу ж удакладняе: — Ну, я толькі пра нашае кажу, вядома.

І стукае мяне каленкаю:
— Дурненькі, тут і табе трэба нешта сказаць.
Замест адказу бяру ейную руку й падношу да вуснаў. Раблю сапраўдны спэктакль з гэтага пацалунка. Усе ў захапленьні.
— Так, — кажу, — нам пашчасьціла.
— Э, досыць ужо, спыняйцеся, — патрабуе Тэры. — Мяне зараз зблажыць. Ды ў вас жа, далібог, яшчэ мядовы месяц. Вы яшчэ шалёныя. Пачакайце, колькі вы ўжо разам? Год? Больш за год?
— З паўтара году ўжо, — Лора чырванее ды ўсьміхаецца.
— Ага, ну дык пачакайце троху, — Тэры глядзіць на Лору. — Ды добра, я жартую.
Мэл адкаркоўвае бутэльку джыну, абыходзячы стол, налівае ўсім.
— Людцы! — зьвяртаецца ён да нас. — Вып’ямо! Прапаноўваю тост. Вып’ямо за каханьне. За шчырае каханьне!

Мы чаркуемся й разам выгукваем:
— За каханьне!

На дварэ брэша сабака. Нахіленая да акна асіна шаргаціць лістотаю па шкле. Здаецца, што сонца тут, сярод нас. Ад шчодрага бязважкага сьвятла пакой нібыта павялічваецца. Мы сядзім зачараваныя, забыўшыся, дзе мы ёсьць. Ізноў уздымаем свае шклянкі, пасьміхаемся адно адному, бы дзеці, якія змовіліся зрабіць штось забароненае.
— Я распавяду вам, што такое сапраўднае каханьне, — кажа Мэл. — З прыкладам. А вы ўжо самыя рабіце высновы.

Ён ізноў далівае сабе джыну, укідвае ў шклянку кубік лёду й скрылёк лайму. Мы чакаем, папіваючы свой джын. Нашыя з Лораю калені зноў дакранаюцца, я кладу руку на ейнае цёплае сьцягно й пакідаю яе там.
— Што мы ўвогуле ведаем пра каханьне? — пытае Мэл. — Мне здаецца, мы пачаткоўцы ў каханьні. Мы прызнаёмся адно адному ў каханьні. І я не сумняюся ў нашай шчырасьці. Я кахаю Тэры, Тэры кахае мяне, вы кахаеце адно аднога. Разумееце, пра якое каханьне я цяпер кажу? Пра фізычнае каханьне, калі цябе вабіць да іншага чалавека. А яшчэ пра тую любоў, калі табе дарагое існаваньне іншага чалавека, ягоная асоба. Каханьне пажадлівае і, назавём гэта, сэнтымэнтальная любоў, штодзённы клопат пра іншага. Толькі часам я ўзгадваю, што й сваю першую жонку я, мусіць, кахаў. Так, кахаў. І я ня ведаю, што з гэтым рабіць. Тут я падобны да Тэры. Да Тэры ды Эда.

Ён задумваецца, а потым працягвае:
— Быў час, калі мне здавалася, што я кахаю сваю першую жонку больш за жыцьцё. А цяпер я ненавіджу яе дазваньня. Проста ненавіджу. Як гэта патлумачыць? Што зрабілася з тым маім каханьнем? Вось што цікава даведацца. Што зь ім сталася? Добра, каб нехта патлумачыў. Ці вось Эд. Зноў мы вяртаемся да Эда. Ён гэтак моцна кахаў Тэры, што спрабаваў забіць яе, а ў выніку забіў сябе.

Мэл прыпыняецца, п’е джын.
— Вось вы ўжо паўтара году разам, і ў вас каханьне. Вы ажно зьзяеце ад яго. Але вы кахалі кагось і да таго, як сустрэліся. І ў шлюбах вы былі гэтаксама, як і мы. І яшчэ да гэтага ў вас, напэўна, былі іншыя каханьні. Мы з Тэры 5 гадоў разам, у шлюбе жывём 4. І страшна тое... тое страшна... але ў той жа час і добра, так бы мовіць, нашае збаўленьне й літасьць, што калі з кімсьці з нас нешта, барані Божа, здарыцца, то другі пагаруе троху, а потым акрыяе ды пакахае зноў. Даволі хутка адшукае сабе кагосьці яшчэ. І ўсё гэтае каханьне, пра якое мы цяпер распавядаем, зробіцца адно ўспамінамі. А мо нават і ўспамінаў не застанецца. Думаеце, памыляюся я? Плявузгаю абы-што. Дык папраўце мяне, калі я памыляюся. Проста я ведаць хачу. І першы прызнаюся, што нічога ня ведаю.
— Мэл, дзеля Бога, — Тэры нахіляецца да яго й бярэ за руку: — Ты захмялеў, сонейка? Напіўся?
— Я проста разважаю, мілая. Ты ня супраць? Я выказваю свае думкі не таму, што напіўся. Мы проста размаўляем. Так?

Ён уважліва глядзіць на яе.
— Сонейка, я нічога такога ня мела на ўвазе, — кажа Тэры ды бярэ шклянку.
— Мяне сёньня ня выклічуць на працу, — кажа Мэл. — Нагадваю табе яшчэ раз, што я сёньня вольны ад усіх абавязкаў.
— Мэл, мы цябе любім, — кажа Лора.
Мэл глядзіць на яе няўцямна, быццам яна не яна, а нейкая незнаёмая жанчына.
— І я цябе люблю, — кажа ён. — І цябе, Нік, люблю. Ведаеце што? Вы нашыя сябры.
Бярэ сваю шклянку.
— Меўся распавесьці вам нешта. У якасьці доказу. Здарылася гэтая гісторыя колькі месяцаў таму, дый яна й ня скончылася. Я распавяду, і нам сорамна зробіцца за сябе, што мы з выглядам знаўцаў гаворым пра каханьне.
— Ой, не, калі ласка, — просіць Тэры, — не гавары, як п’яны, калі ты насамрэч цьвярозы.
— Змоўч. Хоць раз у жыцьці змоўч. Будзь ласкавая, хоць хвілінку памаўчы, — вельмі ціха кажа ёй Мэл і працягвае аповед.
— Такім чынам, сталае сужэнства на скрыжаваньні трапіла ў аварыю. Хлапчына пратараніў іхнае аўта, зьнявечыла іх як мае быць, ніхто не спадзяваўся, што яны ацалеюць.
Тэры паглядае на нас, потым ізноў на Мэла. Паглядае ўсхвалявана, хаця, можа, і ня надта ўсхвалявана.

Мэл перадае нам бутэльку.
— У той вечар я не працаваў, але мяне маглі выклікаць у шпіталь. Травень гэта быў, а можа, чэрвень. Толькі мы з Тэры селі вячэраць, як патэлефанавалі. Адбылася аварыя на скрыжаваньні, п’яны падлетак на бацькавым пікапе ўехаў у самаход з сталым сужэнствам. Ім ужо за 70 было. Хлопцу 18-19, недзе так. Яго ўжо нежывым прывезьлі, яму стырном прабіла грудзіну. Старыя засталіся жывыя. Ну, як жывыя? Я сказаў бы, троху жывыя. Чаго толькі ў іх не было. Шматлікія пераломы, унутраныя пашкоджаньні, крывацёкі, сінякі, рваныя раны, а яшчэ кожны атрымаў страсеньне. Паверце мне, выглядалі яны надта блага. І гэта ўсё ў такім узросьце. Яна была ў горшым стане за яго. У яе яшчэ была разарваная селязёнка, калені размажджэраныя. Іх уратавала, што яны былі прышпіленыя пасамі. Дзякуючы гэтаму яны й заставаліся яшчэ на гэтым сьвеце.
— Шаноўнае спадарства, а цяпер інфармацыя ад Таварыства нацыянальнае бясьпекі, — перапыняе яго Тэры. — Слова доктару Мэлвіну Р. Маꥳнісу.

Яна сьмяецца.
— Мэл, мілы, часам ты перабіраеш лішку. Але я цябе кахаю.
— І я цябе, — Мэл нахіляецца да яе, яна таксама хінецца да яго, і яны цалуюцца.
— Тэры праўду кажа, — Мэл ізноў уладкоўваецца на сваім месцы. — Трэба прышпільвацца ў аўтамабілі. Гэтыя старыя, бяз жартачак, былі ў жахлівым стане. Калі я прыехаў, хлопец ляжаў ужо мёртвы на вазку ў куце. Зірнуў я на парачку і наказаў сястры адразу выклікаць нэўроляга, артапэда, некалькі хірургаў.

Ён робіць глык джыну.
— Паспрабую бязь лішніх падрабязнасьцяў. Карацей, забралі мы іх у апэрацыйны пакой. Шчыравалі над імі, як шалёныя, цэлую ноч. У гэтых старых нейкая незвычайная трываласьць была. Здараецца часам на такое натрапіць. Усё, што магчыма было, мы зрабілі. Ранкам іхныя шанцы былі 50 на 50. Ну, у яе, можа, троху меншыя. Наступны дзень — яны ўсё яшчэ жывыя. Добра, пераводзім іх у аддзяленьне інтэнсіўнае тэрапіі, дзе яны ляжаць яшчэ два тыдні й паступова пачынаюць лепшаць. Тады вылучаем ім асобную палату. Слухайце, — перапыняе аповед Мэл. — Дап’ямо гэты джынчык. А тады паямо. Мы з Тэры ведаем адную новую рэстарацыю. Туды й сходзім. Але найперш трэба разабрацца з гэтым танным, паскудненькім джынам.
— Мы там і самыя яшчэ ня елі, — тлумачыць Тэры, — але звонку выглядае нішто сабе.
— Люблю ежу, — кажа Мэл. — Эх, каб усё спачатку пачынаць, быў бы я кухарам. Ці так, Тэры?

Ён сьмяецца і мяшае пальцам лёд у сваёй шклянцы.
— Тэры ўсё ведае. Яна вам усё распавядзе. А я вось што скажу. Калі б у мяне была магчымасьць выбраць сабе яшчэ адное жыцьцё ў любым часе, ведаеце, кім бы я хацеў пражыць? Рыцарам! Бясьпечна ім было ў іхных дасьпехах, са зброяй. Ім добра жылося, пакуль порах не зьявіўся, мушкеты, пістолі.
— Мэл скакаў бы на кані зь дзідаю, — кажа Тэры.
— Вазіў бы з сабою ўсюды жаночы шалік, — дадае Лора.
— Ці самую жанчыну, — папраўляе Мэл.
— Распусьнік, — абураецца Лора.
— А калі б табе давялося прыгонным быць? — кажа Тэры. — Сялянам у тыя часы ня надта добра жылося.
— Ды ім ніколі добра не жылося. Хаця, пэўна ж, і рыцары былі чыімсьці масонамі. Неяк так у іх было заведзена. Кожны служыў камусьці масонам. Хіба не, Тэры? Але што мне падабаецца ў рыцарстве, вядома, апроч іхных лэдзі, дык гэта дасьпехі. У такіх дасьпехах рыцара параніць ня гэтак проста было. Ані аўтаў, ані п’яных падлеткаў, што табе ззаду ляснуць, у тыя часы не было.
— Васалы, — кажа Тэры.
— Што?
— Васалы, васаламі іх называлі, а не масонамі.
— Васалы, масоны, якая, халера іх бяры, розьніца, — кажа Мэл. — Ты ж зразумела, што я меў на ўвазе. Няхай я не эрудыт. Але сваю хірургічную справу ведаю. Раблю апэрацыі на сэрцах. Звычайны мэханік. Часам пахеру, часам наладжу. Халера на ўсё!
— Сьціпласьць табе не пасуе, — кажа Тэры.
— Ды звычайны канавал ён, — кажу я. — Ведаеш, Мэл, яны ж часта затыхаліся ў сваіх дасьпехах. Калі было загорача, калі яны выжыльваліся ўшчэнт, зь імі здараліся сэрцавыя спохапы. Недзе чытаў, што яны проста валіліся з коней і не маглі ўзьняцца. Занадта стомленыя, каб трымацца на нагах у гэтых сваіх дасьпехах. Іх маглі ўласныя коні стаптаць.
— Страшна гэта, — азываецца Мэл. — Сапраўды, страшна, Нікі. Вось так, мусіць, ляжалі яны й чакалі, пакуль хтось натрапіцца й нашаткуе іх на капусту.
— Масон які-небудзь, — кажа Тэры.
— Так. Які-небудзь васал зьявіцца й торкне нябогу дзідай у імя каханьня. Ці за якую халеру ваявалі яны ў тыя часы?
— За тое ж, што й сёньня, — кажа Тэры.
— Нічога не зьмянілася, — дадае Лора.

Ейныя шчокі зачырванеліся, вочы блішчаць. Яна падносіць да вуснаў шклянку. Мэл налівае сабе яшчэ, уважліва глядзіць на этыкетку, быццам запамінаючы доўгі радок лічбаў. Марудна ставіць бутэльку на стол і марудна цягнецца па тонік.
— Дык што з гэтымі старымі, — пытае Лора, — пра якіх ты гэтак і не дараспавёў?

Яна ўсё ніяк ня можа падпаліць цыгарэту, запалкі гаснуць адна за адною.
Сонечнае сьвятло ў пакоі зьмяняецца, яно нібыта робіцца радзейшым, расьсейваецца. Толькі лістота за вакном шапаціць, як і раней. Гляджу на ўзоры, што ўтварае лісьце, датыкаючыся шкла, на плястыкавую паверхню стала. Вядома, узоры розьняцца.
— Дык што сталася са старымі? — пытаю.
— Чым старэй, тым мудрэй, — азываецца Тэры.

Мэл глядзіць на яе.
— Ну, распавядай сваю гісторыю, мілы, — просіць яна яго. — Я пажартавала. Што далей было?
— Тэры, часам...
— Мэл, сонейка, ня будзь ты заўсёды такі сур’ёзны. Жартаў не разумееш?
— У чым тут жарт?

Ён сьціскае шклянку й уважліва глядзіць на яе.
— Што гэта з вамі? — пытае Лора.
Мэл затрымлівае позірк на ёй.
— Лора, каб не было ў мяне Тэры ды не кахаў бы яе гэтак моцна, і зь Нікам не сябраваў, то закахаўся б я ў цябе. Скраў бы адсюль.
— Распавядай сваю гісторыю, — патрабуе Тэры. — І хадзем вячэраць у новую рэстарацыю.
— Добра. На чым я спыніўся? — ён паглядае некалькі імгненьняў на стол і працягвае: — Я заходзіў да іх штодня, часам, калі ў мяне былі пацыенты побач зь іхнаю палатаю, нават некалькі разоў за дзень. Абое ў гіпсе й бінтах з галавы да ног. Як у кіно паказваюць. Вось менавіта гэтак яны й выглядалі, як у кіно. Шчылінкі для вачэй, шчылінкі для носа й рота. А ў яе яшчэ й ногі дагары падвешаныя. І ён нейкі прыгнечаны, нават калі даведаўся, што яна выжыве, усё адно нейкі спахмурнелы заставаўся. І не праз аварыю. Не, ну, вядома, і аварыя паўплывала, але ня толькі яна. Я падышоў да яго, наблізіў вуха да шчылінкі, дзе рот у яго, а ён мне кажа: не, аварыя тут ні пры чым, проста ён жонку сваю ня можа бачыць праз гэтыя шчылінкі. Вось яму й дрэнна. Уяўляеце? То бок сэрца яму баліць, што ня можа ён павярнуць сваю галаўню й паглядзець на сваю жоначку.
Мэл аглядае нас, круціць галавою, нібыта й сам ня верыць таму, што гаворыць.
— Стары пень пакутаваў так толькі таму, што ня мог пабачыць сваю старую.

Мы ўсе глядзім на яго.
— Разумееце, пра што я?
Мусіць, мы ўжо трохі п’яныя былі на той момант. Неяк складана было засяродзіцца. У пакоі пачало шарэць, сонечнае сьвятло сплывала праз вокны. Але ніхто ня ўзьняўся, каб запаліць лямпы.
— Так, — кажа Мэл. — Дапівайма гэты халерны джын. Тут акурат на раз засталося. А тады хадзем есьці. У гэную рэстарацыю.
— Занудзіўся наш Мэл, — кажа Тэры. — Выпі пігулку, мілы.
— Я ўжо выпіў усё, што трэба, — адмоўна круціць ён галавою.
— Калі-нікалі нам усім патрэбная пігулка, — кажу я.
— Некаму яна патрэбная з нараджэньня, — зазначае Тэры.

Яна пачынае нешта церці пальцам на стале, потым сьціхае.
— Я хачу патэлефанаваць сваім дзецям, — кажа Мэл. — Вы ня супраць, калі я ім патэлефаную?
— А калі Марджары адкажа? — пытае Тэры. — Людцы, вы ня чулі яшчэ нашых дыскусіяў пра Марджары. Мілы, ты ж ведаеш, што ня трэба зь ёю гаварыць, табе толькі горш зробіцца.
— З Марджары — не, а вось са сваймі дзецьмі я хачу пагаварыць.
— Штодня Мэл кажа, як хоча, каб яна зноў выйшла замуж, — расказвае Тэры. — Ці памерла. Бо празь яе мы жабракамі хутка зробімся. Мэл кажа, што гэта яна насупор яму ня хоча зноў выходзіць замуж. У яе ёсьць мужчына, жыве зь ёй і дзецьмі. Атрымліваецца, што Мэл яшчэ й яго забясьпечвае.
— У яе алергія на пчолаў, — кажа Мэл. — Я ажно малюся, каб яна ці выйшла замуж, ці каб яе заджґаў насьмерць рой клятых пчолаў.
— Як табе ня сорамна? — абураецца Лора.
— Бззззз, — бзыкае па-пчалінаму Мэл і падносіць да Тэрынай шыі руку, быццам у яго там пчала. Але потым хутка супакойваецца й апускае рукі.
— Яна нядобрая, — кажа Мэл. — Часам думаю, вось апрануся я пчаляром і пайду да яе. Ну, ведаеце, як пчаляр выглядае? У яго такі капялюш адмысловы, падобны на шалом, нейкая заслонка на твары, вялікія рукавіцы, тоўстая вопратка. Пагрукаю ў дзьверы ды выпушчу цэлы вулей пчолаў у дом. Натуральна, спачатку пераканаюся, што там дзяцей няма.

Ён закідвае нагу на нагу. Занадта доўга, здаецца, робіць ён гэты звычайны рух. Ізноў ставіць ногі на падлогу і, нахіліўшыся наперад, абапіраецца локцямі на стол, хапаецца рукамі за падбародзьдзе.
— А мо й ня буду дзецям тэлефанаваць. Не такая гэта й добрая ідэя. Хадзем лепей есьці. Што скажаце?
— Згодны, — кажу. — Есьці ці ня есьці. Ці выпіць яшчэ. Напрасткі да сонца, што хаваецца за даляглядам.
— Гэта як? — пытаецца Лора.
— Ну вось так. Я гатовы працягваць. Вось што гэта значыць.
— Я й самая чагось зьела б, — кажа Лора. — Нешта не прыгадаю, каб я такая галодная калісь раней была. Ёсьць у вас што пад’есьці?
— Зараз прынясу сыру й крэкераў, — кажа Тэры, але не кранаецца з месца. Яна так і не ўздымаецца, каб выканаць сваё абяцаньне. Мэл перакульвае сваю шклянку ды яе зьмесьціва разьліваецца па стале.
— Джын скончыўся, — зазначае ён.
— І што цяпер? — пытае Тэры.

Я чую, як б’ецца маё сэрца. Я чую біцьцё іхных сэрцаў. Адчуваю прысутнасьць іхных целаў, хоць усе сядзець бяз руху. У пакоі робіцца цёмна.

Чытаць іншыя апавяданьні:
«Альтанка»;
«І вады даволі, і да дому блізка».

Пераклад: Андрэй Бурэц

Выявілі памылку ці "мёртвую" спасылку?

Вылучыце праблемны фрагмэнт мышкаю й націсьніце CTRL+ENTER.
У вакне, што зьявілася, апішыце праблему й адпраўце Адміністрацыі рэсурсу.

Камэнтары:0

ДАДАЦЬ КАМЭНТАР

Увядзіце код:*
абнавіць, калі ня бачны код