0

Фіналісты «Засьпявай 4x4» выступяць у цэнтры Менску

Праглядаў: 148
Фіналісты «Засьпявай 4x4» выступяць у цэнтры Менску
Пасьля індывідуальных і групавых заняткаў ды студыйнае працы фіналісты конкурсу «Засьпявай 4x4» рыхтуюцца да канцэртаў, што адбудуцца пры падтрыманьні знаных беларускіх гуртоў.

«Тутэйшыя» выступяць на адной сцэне з гуртом «Vuraj», «K3tyvana» — разам з «Cherryvata’ю», «Палац» падтрымае гурт «Малала», а канцэрт гурта «Heli°us» Марыі Гаўрыленкі ды Аліны Казачэнкі пройдзе пры ўдзеле Дзьмітрыя Нікановіча і Мікіты Найдзёнава, пераможцаў леташняга конкурсу «Засьпявай».

Лета фіналісты «Засьпявай 4x4» прабавілі на лекцыях, майстар-клясах, трэнінгах, кансультацыях і ў студыі. Лідар гурта «Vuraj» Сяргей Доўгушаў зладзіў сэрыю заняткаў па прыродным голасе, саўндпрадзюсэр Андрэй Акатаў распавёў пра тонкасьці студыйнае працы.

Дызайнэрка Наста Шастак падрыхтавала ўнікальную лекцыю пра цэласьць вобразаў у музыцы ды зладзіла практычныя заняткі, падчас якіх разам з музыкамі шукала адпаведную іхнае творчасьці візуальную канцэпцыю. Кіраўнік лэйблу «Ezhevika» і лідар гурта «Cherryvata» Зьміцер Літвіновіч падзяліўся ўласным досьведам продажу ды распаўсюду музыкі, а музыка і выкладнік Унівэрсытэту культуры Алег Хаменка правёў лекцыі пра маркетынгавыя тэхналёгіі ў музыцы.

Пра асаблівасьці арганізацыі канцэртаў і вулічных фэстаў фіналістам «Засьпявай 4x4» распавёў прамоўтэр Антон Сіманкоў, а PR-мэнэджэр Зьміцер Безкаравайны даў парады музыкам, як прасоўваць сваю творчасьць. Вялікі інтарэс таксама выклікалі лекцыі дасьледніка Віктара Сямашкі і выкладніка БДУ, кандыдата мастацтвазнаўства Аляксея Стрэльнікава, прысьвечаныя гісторыі беларускае сучаснае музыкі ды гісторыі беларускае сучаснае паэзіі, адпаведна.

Фінальны этап навучальнае сэсіі – запіс конкурснае песьні ў студыі «Central Station» пад чулым кіраўніцтвам мэнтараў конкурсу – Сяргея Доўгушава (адказны за «Тутэйшых»), Зьмітра Літвіновіча (працуе з «K3tyvana’ю»), Алега Хаменкі (кансультуе «Малалу») і «Heli°us» (ім дапамагае Андрэй Акатаў). Неўзабаве музыкі прадэманструюць вынік сваёй працы.

Пакуль жа можна паслухаць дэмаварыянты песень фіналістаў.



Канцэрты фіналістаў «Засьпявай 4x4» адбудуцца на летняй тэрасе «Двор», што ва ўнутраным дворыку на пляцы Волі 4 (уваход праз кавярню «ChillOut») 25 і 26 жніўня, 1 і 2 верасьня. Пачатак а 20:00. Можна загадзя зарэзэрваваць столікі праз тэлефон: +375 44 760-63-43. Уваход вольны:
  • 25.08.2017 (пятніца) — «Vuraj і «Тутэйшыя»;
  • 26.08.2017 (субота) — Дзьмітры Нікановіч/Мікіта Найдзёнаў і «Heli°us»;
  • 01.09.2017 (пятніца) — «Cherryvata» і «K3tyvana»;
  • 02.09.2017 (субота) — «Палац» і «Малала».

Выявілі памылку ці "мёртвую" спасылку?

Вылучыце праблемны фрагмэнт мышкаю й націсьніце CTRL+ENTER.
У вакне, што зьявілася, апішыце праблему й адпраўце Адміністрацыі рэсурсу.

Камэнтары:0

ДАДАЦЬ КАМЭНТАР

Увядзіце код:*
абнавіць, калі ня бачны код