0

Працягваем публікацыю кнігі Дэйвіда Лінча «У пошуках вялізнае рыбіны: мэдытацыя, сьведамасьць, творчасьць»

Праглядаў: 86
Сёлета Дэйвід Лінч чарговы раз агаломшыў гледачоў трэцім сэзонам культавага сэрыялу «Тўін Пікс», які пакінуў больш пытаньняў, чымся адказаў (а хіба магло быць іначай?). Думаю, нікому ня трэба распавядаць, хто такі Дэйвід Лінч. Таксама ня буду тут прызнавацца ў сваёй любові да яго й казаць пра захопленасьць «Тўін Піксам», які калісьці пакінуў незабыўнае ўражаньне на дзіцячую душу.

А вось зразумець творчы сусьвет Лінча, магчыма, дапаможа ягоная кніга «У пошуках вялізнае рыбіны: мэдытацыя, сьведамасьць, творчасьць» (2006), пераклад якой мы вам прапаноўваем. У ёй майстар распавядае пра сваё жыцьцё, творчасьць, значная частка кнігі прысьвечаная ягоным заняткам трансцэндэнтальнаю мэдытацыяй. Калісьці Лінч зацікавіўся ўсходнімі практыкамі й з тых часоў у яго ані дня не праходзіць без мэдытацыяў, якія выкарыстоўваюцца ім і як дапамога ў пошуку ідэяў для творчасьці. Распавядае Лінч пра мэдытацыю гэтак захоплена й пераканаўча, што і вы захочаце паспрабаваць.

Аповед вядзецца ў форме невялікіх, не зьвязаных міжсобку частак. Спачатку я меркаваў перакласьці некаторыя зь іх, але потым захапіўся й пастанавіў зрабіць поўны пераклад, які будзе паступова публікавацца на нашым сайце.

У інтэрнэце можна адшукаць аўдыёкнігу, дзе ўласна Лінч чытае тэкст. Яе варта паслухаць, каб пачуць гэтую асаблівую лінчаўскую інтанацыю. Звычайна, без мудрагельстваў, як добраму знаёмаму Лінч распавядае пра цікавыя й даволі складаныя рэчы. У сваім перакладзе, дзе часам, прызнаюся, дазваляў сабе вольнасьці, я намагаўся, каб Лінч загаварыў па-беларуску, нібыта такі вось разумны й звычайны беларускі дзядзька. Наколькі гэта мне ўдалося — меркаваць вам.

Працягваем публікацыю кнігі Дэйвіда Лінча «У пошуках вялізнае рыбіны: мэдытацыя, сьведамасьць, творчасьць»

Ідэі


Ідэя — гэта думка. Такая думка, у якой зьмяшчаецца болей, чымся ты перш думаеш. Спачатку ўзьнікае іскра. У коміксах, калі да пэрсанажа прыходзіць ідэя, запальваецца лямпачка. Імгненна, гэтак сама, як і ў жыцьці. Было б выдатна, калі ўвесь фільм уявіцца мне адразу. Але да мяне ён прыходзіць часткамі. Першы фрагмэнт як Разэцкі камень. Кавалак, які дазваляе разгадаць усё астатняе, дае надзею.

Для «Блакітнага аксаміту» такімі першымі фрагмэнтамі сталіся чырвоныя вусны, зялёныя палянкі й песьня — «Блакітны аксаміт» у выкананьні Бобі Вінтана. А потым — вуха ў траве. І пачалося стварэньне фільму. Ты закахаўся ў першую ідэю, у гэты малюсенькі кавалачак. І калі яна ўжо зьявілася, то астатняе абавязкова прыйдзе.

Прага


Прага ідэі як прынада. На рыбалцы патрэбная цярплівасьць. Ты закідваеш кручок з прынадай і чакаеш. Прага — гэта тая прынада, якая прываблівае рыбінаў, то бок ідэі.

Цуд у тым, што першая злоўленая рыба (хай сабе й маленькая, абы табе падабалася) прынадзіць іншую, якая таксама возьмецца. Працэс пайшоў. Хутка зьявіцца ўсё больш дэталяў, і ўрэшце ўзьнікне цэлае. Але ўсё пачынаецца з прагі.

Сьведамасьць


Праз мэдытацыю чалавек вызваляецца.
Вызваліўшыся, ён робіцца шчасьлівы.
У малым няма шчасьця.

Упанішады


Драбяза плавае на паверхні, вялікая рыбіна — у глыбіні. Павялічыш прастору, у якой рыбаліш (то бок сваю сьведамасьць), — зможаш злавіць большую рыбіну.

Узор наступны: у сярэдзіне кожнага чалавека месьціцца акіян чыстае зіхоткае сьведамасьці. У часе трансцэндэнтальнае мэдытацыі ты перасягаеш мяжу й трапляеш у гэты акіян. Боўць! — і ты плаваеш у шчаснасьці, трымціш суладна зь ёю. Перажываньне чыстае сьведамасьці ажыўляе, пашырае яе. Яна пачынае разгортвацца й расьці.

Калі ў цябе сьведамасьць памерам з шарык для гольфу, то такое будзе й разуменьне прачытанае табою кнігі, паглядзіш у вакно — і ўбачыш сьвет памерам з шарык для гольфу, прачнесься ранкам — і ява твая будзе памерам з шарык для гольфу, і радасьць ад жыцьця цягам усяго дня менавіта такая ж — памерам з шарык для гольфу.

Але калі ты здолееш пашырыць сваю сьведамасьць, зможаш яе разгарнуцца, то, чытаючы кнігу, зразумееш больш, у вакне ўбачыш больш, прачнесься — сьвет прачнецца для цябе, свій чарговы дзень ты пражывеш з радасьцю.
Ты здолееш лавіць ідэі на больш глыбокім роўні ды адчуеш плынь творчасьці. Жыцьцё зробіцца падобнае да чароўнае гульні.

Увасабляючы ідэю


Для мяне кожны фільм, кожны праект — экспэрымэнт. Як ты ажыцьцявіш сваю ідэю? Якім чынам урэчаісьніш яе ў фільм ці, да прыкладу, у крэсла? Так, у цябе ёсьць ідэя, ты бачыш, адчуваеш, разумееш яе. Пачынаеш выразаць з кавалку дрэва й бачыш: атрымліваецца не зусім тое, чаго ты чакаў. Мусіш задумацца й нешта зьмяніць, адштурхоўваючыся ад таго, што ўжо маеш. Ты ствараеш і пераставараеш. Ты экспэрымэнтуеш, каб урэшце ўсё атрымалася як мае быць.

Падчас мэдытацыі творчая плынь мацнее. Працэс стварэньня й перастварэньня паскараецца. Во тутака ты ідэю злавіў, у далейшых пошуках скіраваўся сюдэю, потым тудэю. Адбываецца нешта падобнае да імправізацыі ў танцы. Ты гарэзуеш і пачынаеш рухацца вельмі хутка.
Усё адбываецца без аніякага прыкідваньня. Гэта не праграма для добрага самаадчуваньня, дзе табе кажуць: спыніся, прынюхайся да ружаў і жыць зробіцца лепей. Тут усё прыходзіць зь сярэдзіны. Мусіць пачацца зь сярэдзіну. І расьці, разгортвацца, мацнець. І тады ўсё сапраўды зьменіцца.

Таму сягай за межы, адчуй Сябе — чыстую сьведамасьць — і ўбачыш, што адбудзецца.

Лёс-Анджэлес


Я прыехаў у Лёс-Анджэлес зь Філядэльфіі, дзе жыў пяць гадоў, вучыўся ў мастацкай школе. Філядэльфія вядомая як Горад братэрскае любові, але ў мой час то была пякельня. Неяк я не заўважыў там шмат любові.

Я прыехаў у ЭлЭй ноччу. Наступным ранкам, калі выйшаў зь невялікае кватэры на бульвары Сэн-Вісэнтэ й убачыў тамтэйшае сьвятло, то ажно затрымцеў ад хваляваньня. Я ўзрадаваўся, што цяпер буду жыць у гэтым сьвятле.

Я люблю Лёс-Анджэлес. Ведаю, шмат хто прыяжджае сюды й бачыць бязладнае нагрувашчаньне аднолькавых будынкаў. Але пажыўшы тут трошку,

разумееш, што ў кожнай частцы места — свой настрой. Тут усё яшчэ працягваецца залатое стагодзьдзе кінэматографу, яно — у водары язьміну па начох, у гожым надвор’і. Тутэйшае сьвятло натхняе й жывіць энэргіяй. Нават засмужанае яно мае дзіўную ўласьцівасьць: ніколі не бывае рэзкае, але заўсёды яскравае й мяккае. Яно напаўняе мяне адчуваньнем, што ўсё магчыма. Ня ведаю, чаму так. У іншых месцах сьвятло адрозьніваецца. У Філядэльфіі нават улетку сьвятло й блізка не бывае такім зыркім. Менавіта сьвятло й прывабіла людзей у Лёс-Анджэлес здымаць кіно. Гэтыя мясьціны й цяпер не згубілі свае прыгажосьці.

«Галава-гумка»


«Галава-гумка» — мой самы духовы фільм. Гэта праўда, хаця ніхто й не разумее, калі я так кажу. Стужка «Галава-гумка» гадавалася дзіўным чынам: я не разумеў, што гэта ўсё значыць. Я шукаў ключ, які мог бы патлумачыць значэньне зьнятых кадраў. Вядома, штосьці я разумеў, але ня мог сьцяміць, што лучыць іх разам. Было складана. Таму я ўзяў сваю Біблію й пачаў чытаць. Аднаго дня я прачытаў сказ. І адразу загарнуў Біблію, бо гэта было тое самое, тое, што трэба. Я адразу ўбачыў усё суцэльна. Малюнак склаўся на сто адсоткаў. Ня думаю, што калі-небудзь прызнаюся, які гэта быў сказ.

Хада жыцьця


50 гадоў таму людзі казалі: усё навокал паскараецца. І 20 гадоў таму казалі тое самае. Заўсёды людзям гэтак здавалася. А цяпер дык і пагатоў. Шаленства нейкае. Калі часта глядзіш тэлевізію, чытаеш шмат часопісаў, то можа ўзьнікнуць уражаньне, што імклівы сьвет абганяе й пакідае цябе далёка ззаду.

Каля я здымаў «Галаву-гумку» (а на гэта мне спатрэбілася 5 гадоў), у мяне было адчуваньне, што я памёр. Маўляў, калі я даздымаю свой фільм, сьвет ужо моцна зьменіцца. Я казаў сабе: «Вось я замкнёны ў сваім фільме, не магу завяршыць яго. А сьвет ужо далёка паперадзе мяне». Я ня слухаў музыкі, ніколі не глядзеў тэлевізара. Нават не ўзьнікала жаданьня даведвацца якія-небудзь навіны, бо калі чуў, што адбываецца ў сьвеце, то здаваўся сабе мёртвым.

Аднаго разу я бяз жартачак надумаў зрабіць невялікую фігуру героя Гэнры, можа, цаляў 8 у вышыню, змайстраваць маленькія дэкарацыі з кардону й даздымаць усё як лялечны мультфільм. Адзінае магчымае выйсьце, якое я мог прыдумаць, бо грошай у мяне не было.
Аднойчы ўвечары мае малодшы брат і бацька здолелі зацягнуць мяне ў гасьцёўню. Мой брат, як і бацька, вельмі адказны чалавек. Яны троху пагаварылі са мною, патлумачылі, што мне трэба адшукаць працу й забыцца пра «Галаву-гумку». Маўляў, у мяне маленькая дачка, я мушу несьці адказнасьць за сваю сям’ю, працаваць. У мяне ад іхных словаў ледзь сэрца не разарвалася.

Ну так, я адшукаў працу: разносіў «Wall Street Journal», зарабляў 50 даляраў за тыдзень. Назьбіраў дастаткова грошай, каб даздымаць і нарэшце завяршыць свой фільм. І пачаў мэдытаваць. Актор Джэк Нэнс чакаў тры гады, захоўваючы вобраз галоўнага героя Гэнры жывым. У адной сцэне фільму герой Джэка стаіць за дзьвярыма, і толькі праз паўтара года мы зьнялі, як ён праходзіць празь дзьверы. Я дзіўлюся, як гэта ўсё нам увогуле ўдалося. Як здолела не разбурыцца за такі доўгі час? Але вось жа Джэк чакаў і заставаўся ў вобразе.

Існуе такі выраз: глядзі на абаранак, а не на дзірку ад абаранка. Глядзі на абаранак і рабі сваю справу — вось усё, што залежыць ад цябе. Ты ня можаш кантраляваць таго, што вонкі, па-за межамі цябе. А ў сярэдзіне сябе, калі здолееш патрапіць, рабі ўсё як мае быць.
Навакольны сьвет не імкнецца мінуць цябе. Няма ніякае гарантыі, што мэдытацыя ці разношваньне выданьня «Wall Street Journal» прынясе табе посьпех. Але засяроджанасьць і мэдытацыя дапамогуць табе зьмяніць лад жыцьця да лепшага, хаця рэчаіснасьць вакол цябе застанецца тою ж.

Ёгі


Калі ўпершыню ўбачыў у кнігах карцінкі зь ёгамі (яны сядзелі, скрыжаваўшы ногі, у гушчарах індыйскіх лясоў), штось змусіла мяне затрымаць на іх погляд. Я зьвярнуў увагу на іхныя абліччы. Не выглядала, што гэтыя людзі марнуюць час. Яны мелі такі выраз, быццам валодаюць нечым, пра існаваньне чаго я нават ня ведаю. Мяне прывабіла прысутная ў іх моц і самавітасьць, а таксама адсутнасьць страху. На шмат якіх абліччах бачыліся гарэзьлівасьць, любоў, моц і годнасьць.

Усё гэта змусіла мяне прызнаць, што прасьвятленьне — рэч сапраўдная, хоць і не вядомая мне. Я прыйшоў да высновы, што адзіны спосаб зьведаць яе — паглыбіцца ў сябе й назіраць, што разгорнецца перада мною. Тое, як я жыў раней у ЭлЭй — на паверхні — мне такое магчымасьці даць не магло.

«Бобаў Бамбіза»


Недзе зь сярэдзіны 1970-ых і ў пачатку 80-ых я, лічы, штодзень наведваў рэстарацыю «Бобаў бамбіза». Замаўляў сабе малочны кактэйль, сядзеў і думаў.

У такіх месцах думаць бясьпечна. Замаўляеш сабе каву ці малочны кактэйль і кіруесься ў дзіўную змрочную прастору, зь якой ты заўсёды можаш вярнуцца ў бясьпеку рэстарацыі.

Найзласьнейшы сабака ў сьвеце


Ідэя сэрыі малюнкаў «Найзласьнейшы сабака ў сьвеце» зьявілася ў мяне падчас працы над «Галавою-гумкаю». Я намаляваў цюцьку. Ён выглядаў злосна. Я ўсё глядзеў на яго й думаў: чаму ён такі злосны?

Тады я намаляваў карцінку з чатырох частак: на трох зь іх — дзень, на адной — ноч, і на кожнай сабака сядзіць бяз руху. Бачна, што час ідзе, а сабака не кранаецца зь месца.

І тады я сьцяміў, што прычына ягонае злосьці ў асяродзьдзі, у тым, што адбываецца вакол. Ён чуе нешта ў доме. Ці штось адбываецца за плотам, ці надвор’е нейкае дзіўнае.

Урэшце я абраў варыянт з домам. Выглядала цікава, калі з дому чуваць словы, якія я пазначаў, як у коміксах — у балёніках, а сабака сядзіць сабе звонку. І гэтыя словы могуць выклікаць сьмех.

«LA Weekly» зацікавіўся й публікаваў карцінкі пра сабаку цягам дзевяці гадоў. Потым былі публікацыі ў «Baltimore Sun». Штопанядзелак я павінны быў прыдумваць новыя рэплікі, пасьля чаго тэлефанаваў у рэдакцыю. Я не заўсёды афармляў напісаньне літараў, і часам мне не падабаўся іхны выгляд. Таму напрыканцы я зноў пісаў рэплікі ўласнаручна.

Той рэдактар, які быў першы згадзіўся на публікацыю маіх малюнкаў, пазьней сышоў працаваць у іншую рэдакцыю, потым вярнуўся й тады сказаў мне, што болей ня трэба. Сабака сапсеў.

Музыка


Аднойчы, калі здымаў «Чалавека-слана», пачуў праз радыё «Адажыё для струнных» Сэм’юэла Барбэра. Я закахаўся ў гэтую музыку й зразумеў, што менавіта яна мусіць гучаць у апошняй сцэне маёй стужкі. Я папрасіў прадзюсара Джонатана Сэнґера адшукаць гэтую музыку. Ён вярнуўся зь дзевяцьцю рознымі запісамі. Я праслухаў іх усе й сказаў: «Не, гэта ня тое, што я чуў». Усе яны гучалі ня гэтак. Ён пайшоў і яшчэ набыў запісаў. Нарэшце я пачуў вэрсію Андрэ Прэвіна: «Вось яно!» На ўсіх запісах музыкі гралі твор тымі сама нотамі, але розьніца была ў тым, як яны яго выконвалі.

Музыка мусіць пашлюбіцца зь фільмам, узмацняць яго. Ты ня можаш прыладзіць любую музыку — хай нават гэта будзе ўпадабаная табою песьня — і спадзявацца, што спрацуе. Музычны ўрывак можа ня мець нічога агульнага са сцэнаю. Ты адчуеш, калі музыка й кадар патрапяць адно адному. Скок! — і прыходзіць разуменьне, што суцэльнасьць дасягнутая, а ня проста сума частак.

Інтуіцыя


Спазнай Тое, празь веданьне чаго зразумееш усё.

Упанішады


У жыцьці сустракаецца процьма абстракцыяў, адзіны спосаб дасягнуць пэўнасьці, вылушчыць сэнс — інтуіцыя. Яна — у здольнасьці бачыць і ведаць разьвязак праблемы. Для рэжысэра важна, каб эмоцыя ды інтэлект дзеялі поплеч.

Як адрозьніць слушны варыянт? Як зьяўляецца адчуваньне слушнасьці? У кожнага рэжысэра адное й тое ж начыньне: камэра, стужка, здымкавая пляцоўка, акторы. Але розьніца ў тым, як ты злучыш гэтыя часткі. І тут на сцэне зьяўляецца інтуіцыя.

Мяркую, што інтуіцыю можна завастрыць і ўзмацніць дзякуючы мэдытацыі, паглыбляючыся ў Сябе. У сярэдзіне кожнага з нас — акіян сьведамасьці, у якім можна адшукаць усе разьвязкі. Узмацняючы сваю інтуіцыю, ты будзеш бачыць, што не здавальняе цябе ды як выправіць хібу. Разьвівай у сабе гэтую здольнасьць — і ўсё ў цябе пойдзе ладам.

Паяднанае поле


Бязьмежны акіян сьведамасьці стаўся сьвятлом, вадою ды матэрыяй. Тры элемэнты сталіся мноствам. Такім чынам зь бязьмежнага акіяну сьведамасьці быў створаны сусьвет, які адвечна разгортваецца ў самым сабе.

Упанішады


Акіян сьведамасьці, пра які кажа Магарышы Магэш Ёґі, вядомы сучаснай навуцы як Паяднанае поле. Калі ў 1959 годзе Магарышы ўпершыню прыехаў у Злучаныя Штаты, то панятку квантавае фізыкі «паяднанае поле» яшчэ ня вынайшлі. Таму людзі казалі: «О, гэта ўсё грушкі на вярбе, шукаюць нейкае поле, нейкую аснову ўсяго, але такога не існуе, ва ўсялякім разе даказаць яго існаваньня ніхто ня здольны». Але 30 гадоў таму квантавая фізыка вынайшла гэтае поле. Яны корпаліся ў матэрыі ўсё глыбей і глыбей, пакуль нарэшце не дапялі да Паяднанага поля. І тады навукоўцы, да прыкладу, доктар Джон Гэйґелін, спраўдзілі, што кожная асобная рэч узьнікае з гэтага поля.

Такім чынам сучасная й старадаўняя навукі паразумеліся.

Вэдычная навука — навука сьведамасьці — вывучае законы прыроды, будову сусьвету, як адбываецца працэс разгортваньня. У вэдызьме акіян сьведамасьці называецца Атма — Самасьць. Ведай сваю Самасьць, ведай самога сябе. Згода. Але як гэта зрабіць? Ты не спазнаеш сябе, зірнуўшы ў люстэрка. І калі ты сядзеш і будзеш доўга размаўляць сам з сабою, то таксама не спазнаеш сябе. Але ўсё ёсьць тут — у сяродку, у сяродку, у сяродку.

Трансцэндэнтальная мэдытацыя — гэта простая й зручная тэхніка, якая дазваляе любому чалавеку безь вялікіх намаганьняў заглыбіцца ў сярэдзіну, адчуць не даступныя раней роўні розуму ды інтэлекту, трапіць у акіян чыстае сьведамасьці — Паяднанае поле, у сябе.
Тут ня трэба інтэлектуальнага разуменьня, дастаткова папросту адчуць поле. Ты паглыбляесься ў сярэдзіну; адчуў поле — і яно ажывае, разгортваецца, пачынае буяць. Вынікам росту робіцца прасьвятленьне, якога можа дасягнуць кожны з нас.

Чацьверты стан


Шмат хто ўжо нясьведама меў досьвед выйсьця за межы сябе. Штосьці падобнае адчуваеш перад тым, як заснуць. Ты яшчэ ў яве, але ўжо выпадаеш зь яе, у гэты момант можна ўбачыць сьвятло й адчуць штуршок асалоды. «Матка Боска, ксёндз Будслаўскі!» — кажаш ты сабе. Пераходзячы з аднаго стану сьведамасьці ў іншы, да прыкладу, зь явы ў сон, ты на імгненьне трапляеш у галу — памежнае месца, якое дае магчымасьць выйсьця.

Мне ўяўляецца авальны пакой, белыя сьцены якога акрытыя жоўтаю, чырвонай і блакітнаю заслонамі. Заслоны — тры станы сьведамасьці: ява, сон і мроя. Але ў галах паміж заслонамі можна ўбачыць беласьць Абсалюту — чыстую асалоду ўсьведамленасьці. Калі трапіш у гэтую белую галу, то зможаш выйсьці на іншы ровень сьведамасьці. Белы пакой прысутнічае вакол цябе заўсёды, хаця заслоны збольшага хаваюць яго ад цябе. Ён — тут, ён — там, ён — паўсюдна. Часам людзі бачаць яго, але не разумеюць, што зь імі адбываецца, як яны гэта робяць. З дапамогаю трансцэндэнтальнае мэдытацыі ты можаш убачыць яго, трэба толькі сесьці й пачаць мэдытацыю. Хіба ня цуд?

На шляху туды


Найпрасьцейшы стан усьведамленьня — Атма — самая зь сабе вартая, каб яе бачыць, чуць, сузіраць і ўяўляць.

Упанішады


Некаторыя формы мэдытацыі — простае сузіраньне ці засяроджанасьць — трымаюць цябе на паверхні. Але, застаючыся на паверхні, ты ня можаш выйсьці за межы ды сягнуць чацьвертага стану сьведамасьці, а таму не адчуеш асалоды.

Рэляксацыйныя тэхнікі трошку наблізяць цябе, яны, як масаж, прыносяць прыемнасьць. Але ўсё адно ня тое, не перасяганьне.
Калі ты паглыбляесься ў сярэдзіну, то знаходзіш там сябе й сапраўднае шчасьце. Чысьцюткі, вялізасна-бязьмежны акіян шчаснасьці — фізычнае, эмацыйнае, разумовае й духовае, — якая пачынае разгортвацца зь сяродку. Адначасова ўсё тое, што раней гняло цябе, зьмяншаецца. У кінаіндустрыі надта шмат ціску, турботаў і страху. Але перасяганьне робіць жыцьцё падобным да гульні — чароўнае гульні. Цябе напаўняе плынь з акіяну творчасьці. Той самы творчы пачатак, што стварае любую рэч навокал нас, што стварае й уласна нас.

Чаму ўсё гэтак проста? Бо такая існасьць нашага розуму: прага сягнуць найвялікшае радасьці — натуральная патрэба для яго. І чым глыбей ты кіруесься, тым большага шчасьця сягаеш, пакуль не адчуеш стоадсоткавую шчаснасьць.

Трансцэндэнтальная мэдытацыя — гэта мэханізм, які дастаўляе цябе туды. Але самае важнае — адчуць акіян чыстае шчаснае ўсьведамленасьці.

Сучасная навука й старажытная навука


Навука з усё большаю дакладнасьцю праўдзіць магчымасьць перасяганьня й яго карысьць. Пры дасьледаваньнях мозґу навукоўцы, вывучаючы электраэнцэфаляграмы, могуць засьведчыць, што чалавек перажыў перасяганьне, ёсьць у чацьвертым стане сьведамасьці. Падчас вандроўкі з доктарам Фрэдам Трэвісам бачыў на свае вочы, як гэта адбываецца.

Калі ты ствараеш музыку — задзеяная адная частка твайго мозґу, калі размаўляеш — другая, калі сьпяваеш — трэцяя, займаесься матэматыкаю — чацьвертая. Але калі ты хочаш выкарыстаць увесь свой мозґ — трэба перасяганьне. З кожным чарговым перасяганьнем ты назапашваеш па каліўцы трансцэндэнтальнай усьведамленасьці, якую выкарыстоўваеш пры разьвязаньні матэматычных заданьняў, пры сьпевах, для любога занятку. Што б ты ні рабіў, твой мозґ захоўвае гэтую здольнасьць.

Твой мозґ пасьля таго, як атрымаў халістычны досьвед, пачынае працаваць напоўніцу. Чым часьцей ты перажываеш далучанасьць да Паяднанага поля, тым больш разгортваецца твая сьведамасьць, і гэты стан робіцца заўсёдны. Вядома, не адразу, не за адную ноч, а паступова, дзень за днём. Вэдычная навука заўсёды казала пра наяўнасьць гэтага поля й магчымасьць адчуць яго. А цяпер сучасная навука прыходзіць да тае ж высновы.

Дзе заўгодна ў любы час


Звычайна я мэдытую перад сьнеданьнем і перад вячэраю. Калі я на здымках, то мэдытую перад іх пачаткам і яшчэ раз падчас ланчу. Калі мне забракавала часу, то мэдытую па здымках.

Даводзілася бываць у месцах, дзе акрамя мяне не было аматараў мэдытацыі. Прыемнаю нечаканкаю сталіся спачувальнае й лагоднае стаўленьне людзей да маіх мэдытацыяў. Я прашу завесьці мяне ў ціхі пакой. «Так, вядома, я адшукаю для вас добрае ціхае местачка й пасачу, каб ніхто вас не турбаваў», — кажуць звычайна мне.

У любым выпадку мы процьму часу марнуем на розную драбязу. Калі зробіце мэдытацыю звычкаю, то яна станецца вельмі натуральнай у вашым раскладзе.


Ідэнтыфікацыя


Сутнасьць мэдытацыі ў тым, што ты ўсё ў большай ступені робісься сабою.


Канчатковая вэрсія


Люблю французаў. Яны самыя вялікія аматары ды абаронцы кінамастацтва ў сьвеце. Яны сапраўды паважаюць рэжысэра й ягоныя правы, а таксама вераць у канчатковы вэрсію. Мне пашчасьціла працаваць з францускімі кампаніямі, мець іх падтрыманьне.

Але не заўсёды ў мяне было падтрыманьне. «Выдму» я рабіў бяз права на канчатковую вэрсію. Я адчуваў вялікі жаль, такое адчуваньне, нібыта я прадаўся, і ў дадатак да ўсяго фільм праваліўся ў пракаце. Адная рэч зьведаць няўдачу, калі робіш тое, у што верыш: тады можаш прыняць яе й жыць з сабою ў злагадзе. Але зусім іначай адчуваеш сябе, калі ты пайшоў супраць сябе: гэта падвойны ўдар, нібыта двойчы памерці, вельмі балюча.

Калі рэжысэр ня можа зрабіць фільму гэтак, як хоча, гэта поўная бязглузьдзіца. Але ў нашай справе такое часта бывае.

Я пачынаў у выяўленчым мастацтве. Для мастака, які малюе сваю карціну, такіх праблемаў не існуе. Ніхто ня можа прыйсьці й сказаць яму: «Вось тут табе трэба зьмяніць колер блакіту».

Сьмешна думаць, што фільм можа мець вартасьць, калі ў працэс ягонага стварэньня торкае нос хто заўгодна. Калі цябе запрашаюць здымаць фільм, то адпаведна табе павінны даць права зьняць гэтак, як ты бачыш. Рэжысэр мусіць уласна адказваць за кожны элемэнт стужкі, за кожнае слова, гук, за ўсё, што адбываецца падчас стварэньня. Іначай усё разваліцца. Фільм можа атрымацца з хібамі, але, прынамсі, гэта будуць твае хібы.

Таму для мяне «Выдма» сталася вялізнаю няўдачаю. Я ведаў, што будуць праблемы, калі згадзіўся адмовіцца ад права на канчатковую вэрсію. Спадзяваўся, што ўсё пойдзе ладам, але не атрымалася. На вялікі мой жаль, вынік ня спраўдзіў маіх чаканьняў.
Але штука ў тым, што мэдытацыя й дасягнутая шчаснасьць дапамагаюць зьменшыць боль. Ты можаш перажыць такія няўдачы, прарвацца празь іх. Але такія, як у мяне з «Выдмай», гісторыі шмат каго згубілі, пасьля іх рэжысэры ўжо не хацелі здымаць новых фільмаў.

Тэрапія


Аднойчы я прыйшоў да псыхіятра. Заўважыў, што ўжо шмат разоў паўтараю ў сваім жыцьці пэўнае дзеяньне й падумаў: «Можа, варта мне наведаць псыхіятра?» Зайшоўшы да яго ў кабінэт, я адразу спытаў: «Як мяркуеце, працэс лекаваньня можа нейкім чынам нанесьці шкоду маім творчым здольнасьцям?» «Дэйвідзе, калі быць шчырым, то можа». Я паціснуў яму руку й сышоў.

Сьненьні


Я люблю лёгіку сьненьняў, як там усё адбываецца. Але не магу сказаць, што бяру ідэі адтуль. Ідэі прыходзяць да мяне, калі я слухаю музыку ці хаджу па навакольлі.

Мне давялося пагарбець над сцэнаром «Блакітнага аксаміту». Я напісаў чатыры варыянты. Амаль да канца заставалася шмат пытаньняў. І вось аднаго дня я сядзеў у сваім офісе й мусіў ісьці ў іншы, каб з кімсьці сустрэцца. Я папрасіў у сакратаркі, якая была там, кавалак паперы, бо раптоўна ўзгадаў, што сьніў ноччу. Рыхтык тое, што трэба: тры невялікія элемэнты, якія разьвязвалі ўсе праблемы. Але такое надарылася толькі аднойчы.

Энджэлаў Бадаламэнці


Я сустрэў Энджэлаў Бадаламэнці, калі здымаў «Блакітны аксаміт», і з тых часоў ён ствараў музыку для ўсіх маіх фільмаў. Для мяне ён як брат.

Працуем мы гэтак: мне падабаецца сядзець побач зь ім каля піяніна. Я гавару, і Энджэлаў грае. Грае мае словы. Часам ён не разумее маіх словаў, таму грае блага. Тады я кажу: «Не, не, не, не, Энджэлаў». І кажу ўжо трошку іншае, а ён грае іначай. І я зноў: «Не, не, не, не, Энджэлаў» і зьмяняю свае словы. Нейкім чынам у часе гэтага працэсу ён вылоўлівае штось, і я кажу: «Вось яно!» І тады ён пачынае чараваць у слушным кірунку. Адным словам, весела мы бавім час. Каб Энджэлаў быў маім суседам, бавіліся б гэтак штодня. Але ён жыве ў Нью-Ёрку, а я — у Лёс-Анджэлесе.

Гук


Часам пачуеш музычны ўрывак і адчуваеш, што ён ідэальна пасуе да сцэны будучага фільму. Калі здымаю фільм і слухаю дыялёгі, то часта прайграю гэты ўрывак у слухаўках. Слухаючы музыку, можна спраўдзіць, ці ўсё ідзе ў слушным кірунку, да прыкладу, ці той рытм, тое асьвятленьне. Гэта яшчэ адзін сродак праверыць, ці ты ня схібіў і застаесься верны першапачатковай ідэі. Вельмі добра, калі ў цябе загадзя ёсьць тая музыка, якая дапамагае табе бачыць, ці слушна ты здымаеш той ці іншы эпізод.

Гук вельмі важны для адчуваньня фільму. Абраць адпаведную мэблю ў пакой, вонкавы настрой, трапны дыялёг — усё гэта падобна да граньня на музычным інструмэнце. Трэба шмат экспэрымэнтаваць, каб выбраць сама тое. Звычайна такая праца вядзецца пасьля таго, як стужку адзьнялі. Але я заўсёды спрабую загадзя назьбіраць «хлуд» — гэтак я называю той лоўж розных дробязяў, зь якога магу нешта ўзяць для правяраньня, ці ў слушным кірунку іду.

Дастаткова часам паспрабаваць адзін нейкі гук, каб адразу зразумець: «Не, ня тое».

Кастынг


Ня мае значэньня, наколькі выдатны той ці іншы актор: падчас кастынгу ты мусіш выбраць таго, хто ідэальна пасуе на ролю, хто справіцца зь ёю.

Ніколі не даю акторам чытаць тэксту, бо адчуваю, што для іх гэта пакута, а я ў выніку гэтак нічога й не даведаюся. Акрамя таго, мне закарціць наладзіць рэпэтаваньне, а калі так рабіць з кожным кандыдатам, то спатрэбіцца процьма часу. Таму я папросту размаўляю з акторамі, назіраю, як яны гавораць, пачынаю ўяўляць іх у ролі, у думках праводжу іх па сцэнары, ад пачатку да канца. Некаторыя даходзяць да сярэдзіны й спыняюцца. Урэшце нехта праходзіць увесь шлях, і тады я пэўны ў сваім выбары.

Для «Блакітнага аксаміту» мы падбіралі актораў з Джаўгэнаю Рэй. Для ролі Фрэнка нам падабаўся Дэніс Гопэр. Але ўсе казалі: «Не, не, з Дэнісам немагчыма працаваць. Ён у дрэннай форме, у вас зь ім будуць праблемы». І мы працягвалі пошук. Аднойчы нам патэлефанаваў ягоны агент і сказаў, што Дэніс ачомаўся, трымае сябе ў руках і ўжо зьняўся ў фільме. Каб спраўдзіць, я магу пагаварыць з рэжысэрам.

Потым патэлефанаваў Дэніс: «Я мушу сыграць Фрэнка, бо я й ёсьць Фрэнк». Ягоныя словы ўсхвалявалі й напалохалі мяне.

Часам я з самага пачатку ведаю, хто мне трэба. Гэтак было з адным пэрсанажам у стужцы «Малголэнд Драіў». А палове на восьмую ўвечары я нешта дыктаваў маёй памочніцы — вельмі прыгожай жанчыне. І пачаў гаварыць неяк сьмешна, як каўбой у стужцы «Малголэнд Драіў». Ён узьнік ніадкуль, і трошку пазьней я зразумеў, што мой сябар Монці Мантґамры ідэальна пасуе на гэтую ролю. Але Монці не актор. Хаця чаму не актор? Па-свойму ён цудоўны актор, і яму ўдалося добра выканаць гэтую ролю.

Ёсьць акторы, да якіх я вяртаюся, да прыкладу, Кайл МакЛаклан. Я люблю Кайла. Магчыма, яго можна назваць маім альтэр эга. Але неаднаразова спраўджанае жыцьцём правіла патрабуе адшукаць на ролю таго, хто ідэальна выканае яе. І ты яго шукаеш. Кайл, безумоўна, мой сябар, але калі на ролю ён не пасуе, то й не атрымае яе. Хаця для мяне асабіста гэта будзе вялікі жаль.

Вось што яшчэ цікава: да прыкладу, я працую з акторам, якога абраў на пэўную ролю. Пазьней, падчас абеду ці яшчэ недзе, я заўважаю нейкую новую для мяне рысу ягонага характару. І запамінаю яе. А калі ў будучым буду шукаць актора на новую ролю й хтосьці скажа: «Не, Кайл не патрапіць», я ўзгадаю тую ягоную рысу й скажу: «Кайл тут рыхтык патрапіць».

Рэпэтаваньне


Ня мае значэньня, калі ты пачынаеш рэпэтаваньне. Проста зьбіраеш актораў разам і пачынаеш са сцэны, якая, на тваю думку, найлепш акрэсьлівае характары. Працэс ідзе, і няважна, дзе адбываецца рэпэтаваньне. Яно можа праходзіць дзе заўгодна.

Я гавару з акторамі. Часьцяком падаецца, што ў маіх казанях няма вялікага сэнсу. Але для мяне й тых, каму я кажу, сэнс ёсьць. Я адчуваю, як ён узьнікае ў працэсе. Таму падчас наступнага рэпэтаваньня нашая мэта ўжо будзе бліжэй. І з кожным разам мы будзем набліжацца да яе.
Гаворак шмат, асабліва спачатку. Кажу я шмат чаго, часам нейкае дзівацтва й глупства. Зь некаторымі акторамі й акторкамі ў нас узьнікае асаблівы код. Да прыкладу, выраз «больш ветру» значыць «больш загадкавасьці». Не адразу, вядома, але паступова дасягаеш такога разуменьня, што дастаткова мне зрабіць рух рукою ці сказаць нейкае слова, а чалавек ужо кажа: «Так, я зразумеў». Акторы вельмі хутка, ужо на першых рэпэтаваньнях пачынаюць цяміць, што да чаго. А далей усё ідзе гладка, як маслам пашмараваў. Цяпер талент вядзе іх у патрэбным кірунку.

І гэта датычыць усіх, з кім я працую. Звычайна думаюць, што ў рэпэтаваньні бяруць удзел толькі акторы. Але ў мяне ў працэс уключаны кожны, хто ёсьць на здымкавай пляцоўцы. Нашая мэта ў тым, каб усім разам пайсьці ў слушным кірунку — тым, які ўказвае ідэя.

Да прыкладу, калі адказны за рэквізыт чалавек прыносіць мне процьму рэчаў і ніводная зь іх не пасуе, то я кажу яму некалькі словаў. Ён згаджаецца й наступным разам прыносіць нешта ўжо больш дарэчнае. Кажу яму яшчэ некалькі словаў, і ён нарэшце прыносіць мне тое, што пасуе ідэальна. Таму словы вельмі важныя, яны выклікаюць дзеяньне, а потым наступнае, ужо трапнае дзеяньне.

Гэтак паўсюдна, бо кожны элемэнт фільму грае вызначальную ролю ў стварэньні суцэльнага. Мэханізм заўсёды аднолькавы. Пачынаеш рэпэтаваць, не зважаючы на якой стадыі здымкі. Проста пачынаеш. Кажаш (сам сабе, вядома): «Божухна, мы яшчэ вельмі далёка». Пачынаеш рэпэтаваць, пачынаеш гаварыць. І мэта паступова набліжаецца. Мэта — вядома, абстракцыя, але яна ўзьдзейнічае на ўсіх. У пэўны момант лямпачка запальваецца над кожным, і ён кажа: «Ага, здаецца, сьцяміў». Ня хочацца, каб узьніклае разуменьне зблыталася, таму да пачатку здымкаў я пакідаю ўсё як ёсьць і скіроўваю ўвагу на штось іншае.

Я ніколі не забываю пра першапачатковую ідэю — настрой, характары. Праз размовы, рэпэтаваньне, размовы, рэпэтаваньне мы адшукваем тое, што трэба. Варта патрапіць у рытм — і ўсе ўжо ідуць у адным кірунку з табою, плывуць за першапачатковай ідэяй. Вось такім чынам усё працуе.

Страх


Часам чую пра рэжысэраў, якія крычаць на актораў ці выкарыстоўваюць розныя хітрыкі, каб дамагчыся ад іх патрэбнае гры. Асноваю свае працы яны робяць страх. Для мяне гэта недарэчнае блазенства, вартае жалю глупства.

Калі людзі баяцца, то ім ня хочацца ісьці на працу (сёньня вельмі часта так бывае). Страх ператвараецца ў нянавісьць, і работу пачынаюць ненавідзець. Нянавісьць можа зьмяніцца ў злосьць, людзі пачнуць злаваць і на работу, і на кіраўніка.

Калі на маёй здымкавай пляцоўцы будзе панаваць страх, то я атрымаю адзін адсотак плёну з магчымых ста. Ад нашае супольнае працы мы не адчуем ніякае радасьці. А радасьць мусіць быць. Працаваць, жыць трэба ў лагодзе зь іншымі людзьмі. Нам мусіць быць весела, як таму шчанюку, які ўвесь час пацешна матляе хвастом. Хочацца, каб нашае жыцьцё было файнае, неверагоднае.

Калі кампанія ня будзе гнясьці ўсіх страхам, а прапануе працаўнікам паглыбіцца ў сяродак, разам шукаць энэргію й разуменьне, то людзі будуць заставацца пасьля работы й працаваць задарма. Будуць ставіцца да свае работы творча. У выніку кампанія значна сягне наперад. Цяпер такога няма, але так можа быць, дасягнуць такога стану рэчаў вельмі проста.

Пераклад: Андрэй Бурэц

Выявілі памылку ці "мёртвую" спасылку?

Вылучыце праблемны фрагмэнт мышкаю й націсьніце CTRL+ENTER.
У вакне, што зьявілася, апішыце праблему й адпраўце Адміністрацыі рэсурсу.

Камэнтары:0

ДАДАЦЬ КАМЭНТАР

Увядзіце код:*
абнавіць, калі ня бачны код