0

Навукоўцы наблізіліся да разгадкі найвялікшае таямніцы ў гісторыі мастацтва

Праглядаў: 618
Вывучаючы нядаўна знойдзеную карціну вялікага майстра эпохі Адраджэньня — партрэт «Цудоўная прынцэса» (La Bella Principessa), брытанскія навукоўцы заявілі, што ім удалося раскрыць таямніцу ўсьмешкі «Моны Лізы» ў карціне Леанарда да Вінчы.

Параўнаўшы тэхнікі, выкарыстаныя ў абедзьвюх працах, навукоўцы з Шэфілдскага ўнівэрсытэту выявілі, што загадкавы эфэкт усьмешкі Моны Лізы «вы бачыце, а цяпер ня бачыце» быў прыменены Леанардам да Вінчы невыпадкова. Навукоўцы назвалі гэтую зьяву «няўлоўная ўсьмешка».

Навукоўцы наблізіліся да разгадкі найвялікшае таямніцы ў гісторыі мастацтва

Заўважылі дасьледнікі «няўлоўную ўсьмешку» падчас вывучэньня твору «Цудоўная прынцэса». Партрэт маладой дачкі Міланскага Герцага мае той самы эфэкт, што й карціна «Мона Ліза»: зь некаторых ракурсаў здаецца, што дзяўчына ўсьміхаецца, а зь іншых — усьмешка зьнікае.

«Куткі вуснаў «Цудоўнай прынцэсы» мяняюць нахіл у залежнасьці ад адлегласьці, то бок пры вялікшай размытасьці партрэту,» – пішуць адмыслоўцы ў артыкуле, апублікаваным у часопісе «Vision Research». — У выніку сэрыі экспэрымэнтаў псыхафізыкамі было ўстаноўлена, што ўспрыманьне зьмяненьняў нахілаў куткоў рота «Цудоўнай прынцэсы» забясьпечвае ўплыў на бачаньне ступені яе задаволенасьці».

Навукоўцы наблізіліся да разгадкі найвялікшае таямніцы ў гісторыі мастацтва

Добраахвотнікаў прасілі глядзець на карціны Леанарда да Вінчы з розных кутоў і адлегласьцяў. Дасьледнікі ўстанавілі, што калі факусавацца на вачох «Цудоўнае прынцэсы», гледзячы на партрэт з адлегласьці, то пяшчотная ўсьмешка бачная. Калі ж глядзець на карціну зблізку беспасярэдне на рот, то ўсьмешка зьнікае.

Эфэкт «няўлоўная ўсьмешка», відавочна, у абедзьвюх карцінах быў дасяжны з дапамогаю тэхнікі сфумата («sfumato», што ў перакладзе з італійскае азначае «мяккі» або «бледны»), пры якой колеры ды цені выкарыстоўваюцца адмыслова для стварэньня аптычных алюзіяў.

Навукоўцы наблізіліся да разгадкі найвялікшае таямніцы ў гісторыі мастацтва

Прафэсар псыхалёгіі ды адмыслоўца ў візуальным успрыманьні Алесандра Саранца (Alessandro Soranzo) з Унівэрсытэту Шэфілда Гэлама лічыць выяўленьне аднае ілюзіі на дзьвюх карцінах да Вінчы сьведчаньнем таго, што мастак стварыў гэтую ілюзію ў сваіх працах наўмысна. Таксама, зыходзячы з роўню майстэрства да Вінчы, магчыма казаць пра стварэньне ім тэхнікі «няўлоўнай усьмешкі». Яна адпавядае стылю Леанарда да Вінчы, які меркаваў, што партрэты мусяць адлюстроўваць пэўную «нутраную зьбянтэжанасьць розуму», адзначае навукоўца.


Паводле матэрыялаў: https://news.artnet.com/

Выявілі памылку ці "мёртвую" спасылку?

Вылучыце праблемны фрагмэнт мышкаю й націсьніце CTRL+ENTER.
У вакне, што зьявілася, апішыце праблему й адпраўце Адміністрацыі рэсурсу.

Камэнтары:0

ДАДАЦЬ КАМЭНТАР

Увядзіце код:*
абнавіць, калі ня бачны код