0

Штучная ялавічына, што мае ўратаваць сьвет

Праглядаў: 887
Два гады таму на прэсавай канфэрэнцыі ў Лёндане галяндзкая кампанія «Mosa Meat» прэзэнтавала першы ў сьвеце гамбургер зь ялавічынаю, створанай у лябараторных умовах. Экспэрымэнт каштаваў ім £ 215 тыс. і ў цэлым апраўдаў сябе. Гамбургер смакам нагадваў сапраўдны, аднак дэгустатары адзначылі, што мяса сухаватае й досыць бяссмачнае. Кіраўнік кампаніі Пітэр Вэрстрэйт (Peter Verstrate) патлумачыў гэта тым, што штучна ўзгадаваная ялавічына складаецца ў асноўным зь бялку й цяглічных валокнаў. Для смаку ж у ёй бракуе злучальнае тканкі, тлушчу й крыві. Вэрстрэйт патлумачыў: «Новы бургер давёў, што такі спосаб вытворчасьці мяса ў прынцыпе магчымы, а ўласна прадукт ня скончаны».

Кампанія «Mosa Meat» была створаная супольна з прафэсарам Маркам Постам (Mark Post), а таксама нідэрляндзкім Маастрыхцкім унівэрсытэтам і за апошнія два гады зазнала вялікі прагрэс. У дасьледчую групу ўваходзяць прыблізна 25 навукоўцаў, лябарантаў і мэнэджэраў. Асноўнае заданьне кампаніі — знайсьці спосабы задавальненьня попыту на мяса, які ўвесь час расьце. Традыцыйныя мэтады вядзеньня сельскай гаспадаркі патрабуюць вялікшых выдаткаў энэргіі, вады й зямельных рэсурсаў, што ў сваю чаргу цягне за сабою істотнае павелічэньне выкідаў у атмасфэру парніковага газу.

Незалежнае дасьледаваньне паказала: пры вытворчасьці лябараторнай ялавічыны энэргіі выдаткоўваецца на 45% меней, чымся звычайна; на 99% зьмяншаецца зямельная плошча, неабходная для выпуску гэтае прадукцыі; колькасьць выкідаў парніковага газу зьніжаецца да 4%, то бок практычна да мінімуму. Пры ўсім гэтым чакаюць, што штучна атрыманае мяса, а пазьней і вырабы зь яго, будуць разыходзіцца з прылаўкаў супэрмаркетаў паводле коштаў звычайнай ялавічыны. Уласна Пітэр Вэрстрэйт упэўнены: прапанаваная ягонаю кампаніяй альтэрнатыва натуральнаму мясу абавязкова зацікавіць спажыўцоў, і бальшыня будзе набываць новую ялавічыну наўпрост з этычных меркаваньняў.

Працэс вытворчасьці штучнага мяса пачынаецца з дабываньня стваловых клетак з цяглічнай тканіны кароў. Атрыманыя клеткі культывуюцца ў лябараторных умовах, ініцыюючы іх разьвіцьцё й памнажэньне пры дапамозе розных пажыўных рэчываў і стымулятараў росту. Па трох тыднях ужо маецца звыш мільёна стваловых клетак, што пераносяцца ў невялікую ёмістасьць. Менавіта тут клеткі злучаюцца, утвараючы цяглічныя стужкі даўжынёю прыблізна сантымэтар. Моцна зьвязаныя міжсобку стужкі афарбоўваюцца й зьмешваюцца з тлушчам.

На гэты момант кампанія «Mosa Meat» ставіць сваёй наступнаю мэтаю хуткае наладжваньне масавага выпуску штучнае ялавічыны. Для прыгатаваньня ж фаршу, адбіўных і стэйкаў зь яе выкарыстаньнем плянуецца задзеяць тэхналёгію 3D-друку. Выявілася, зрэалізаваць задуму на практыцы ня гэтак ужо й проста, але кіраўнік кампаніі «Mosa Meat» настаўлены вельмі станоўча й спадзяецца, што інавацыйная мясная прадукцыя трапіць на сусьветныя рынкі цягам пяці гадоў.

Паводле матэрыялаў: BBC

Аўтарка: Jauhienka

Выявілі памылку ці "мёртвую" спасылку?

Вылучыце праблемны фрагмэнт мышкаю й націсьніце CTRL+ENTER.
У вакне, што зьявілася, апішыце праблему й адпраўце Адміністрацыі рэсурсу.

Камэнтары:0

ДАДАЦЬ КАМЭНТАР

Увядзіце код:*
абнавіць, калі ня бачны код

Выкарыстоўваць любыя матэрыялы, разьмешчаныя на сайце, дазваляецца пры ўмове спасылкі (для інтэрнэт-рэсурсаў — гіпэрспасылкі, што індэксуецца) на сайт violex.info. Усе правы на матэрыялы належаць іх уладальнікам.