0

Знайшлі сродак для эфэктыўнага выдаленьня камянёў з нырак

Праглядаў: 492
Амэрыканскія навукоўцы з Г’юстанскага ўнівэрсытэту выявілі натуральны экстракт расьліннага паходжаньня, здольны распушчаць аксалят кальцыю — адзін з найбольш часта сустраканых кампанэнтаў камянёў, што ўтвараюцца ў нырках. Магчыма, цяпер лекаваць мочакаменную хваробу стане яшчэ больш проста й бясьпечна.

Выявілі, што хімічнае злучэньне гідраксіцытрат значна запавольвае рост крышталёў аксаляту кальцыю, а пры спрыяльных умовах здольнае нават распушчаць іх. Як правіла, пацыентам, якія пакутуюць на мочакаменную хваробу, рэкамэндуюць прымаць адмысловыя прэпараты, што ўтрымліваюць цытрат. Аднак прыманьне такіх біядадабавак нярэдка спрычыняецца да ўзьнікненьня шэрагу непрыемных пабочных эфэктаў.

Амэрыканскія навукоўцы дасьледавалі асаблівасьці ўзаемадзеяньня між крышталямі аксаляту кальцыю, цытрату й гідраксіцытрату з дапамогаю мэтаду атамна-сілавое мікраскапіі. Пры вывучэньні гэтага ўзаемадзеяньня абапіраліся на тэорыю функцыяналу шчыльнасьці — навуковы мэтад разьліку электроннае структуры сыстэмаў, што ўтрымліваюць мноства часьцінак. У хадзе дасьледаваньня выявілі, што гідраксіцытрат стварае магутную сувязь з паверхнямі крышталёў. Гэта ў сваю чаргу вядзе за сабою актыўнае вызваленьне атамаў кальцыю, а таксама распушчэньне ўласна крышталю.

Навукоўцы таксама зладзілі экспэрымэнтальныя дасьледаваньні з удзелам сямі пацыентаў-добраахвотнікаў, якія прымалі новыя біядабаўкі цягам трох содняў. Як выявілася, рэчыва лёгка выводзіцца з брулямі, што даводзіць эфэктыўнасьць дзеяньня найноўшага прэпарату. Тым ня меней хімікі намерваюцца зарганізаваць шэраг дадатковых выпрабаваньняў з мэтаю дакладна вызначыць неабходную дозу, а таксама дасягненьня гарантаванае бясьпекі й высокай эфэктыўнасьці. Толькі пасьля гэтага можна будзе з пэўнасьцю казаць пра стварэньне паўнавартаснага комплексу, здольнага вылекаваць пацыентаў ад мочакаменнае хваробы.

Гэтае адкрыцьцё сьведчыць сабою сур’ёзны крок у лекаваньні мочакаменнае хваробы. На гэты момант ад камянёў у нырках цярпяць болей за 12 % мужчынаў і 7 % жанчын, старэйшых за 70 гадоў, аднак нарэшце ў іх зьявілася надзея на хуткае адужаньне. Прэпараты на аснове гідраксіцытрату могуць стацца незаменным сродкам у барацьбе з такою немаччу.

Паводле матэрыялаў: Техномания

Аўтарка: Ганна Іларыёнава

Выявілі памылку ці "мёртвую" спасылку?

Вылучыце праблемны фрагмэнт мышкаю й націсьніце CTRL+ENTER.
У вакне, што зьявілася, апішыце праблему й адпраўце Адміністрацыі рэсурсу.

Камэнтары:0

ДАДАЦЬ КАМЭНТАР

Увядзіце код:*
абнавіць, калі ня бачны код