0

На дапамогу пчолам прыйдуць малюсенькія дроны?

Праглядаў: 268
У некаторых частках нашае плянэты заўважылі трывожную тэндэнцыю: папуляцыя пчолаў — як дзікіх, гэтак і свойскіх — імкліва зьніжаецца. Гэта робіцца досыць сур’ёзнаю праблемаю ў сельскай гаспадарцы, бо, каб гадаваць шмат якія расьліны, пладова-ягадныя насаджэньні ды іншае, патрэбная істотная дапамога гэтых вусякоў.

У ЗША ды шмат якіх эўрапейскіх краінах распрацаваныя цэлыя праграмы аховы й падтрыманьня пчалярства. Уладальнікам пчальнікоў рэгулярна плоцяць за кожную вывезеную на апыленьне пчаліную сям’ю. Зьдзіўляе, што ў гэты самы час у Беларусі, паводле чутак, уводзяць падатак на пчалярства.

На дапамогу пчолам прыйдуць малюсенькія дроны?

Вяртаючыся беспасярэдне да пытаньня зьнікненьня пчолаў, адзначым, што альтэрнатыўнае разьвязаньне гэтае праблемы запрапанавала група японскіх дасьледнікаў, якія рэпрэзэнтоўваюць Нацыянальны інстытут навукі й прагрэсіўных тэхналёгіяў. Іхная ідэя — стварыць міні-бесьпілётнікі памерам з пчалу, што будуць выконваць функцыі дэфіцытных вусякоў. Гэтыя апараты змогуць апыляць расьліны дзякуючы разьмешчаным на іх валаскам, змазаных натуральным клейкім гелем.

Ідэя зьявілася ў дасьледнікаў пасьля таго, як у адной зь лябараторных шафаў знайшлі бутэльку іённага гелю дзесяцігадовае вытрымкі, закінутую па няўдалым досьледзе. Выявілася, што за мінулы час гель ня страціў сваіх клеявых уласьцівасьцяў.

Навукоўцы зьмясьцілі невялікую колькасьць гелю на сьпінкі мурашоў і запусьцілі іх у скрынку з туліпанамі. Апынулася, што гэтыя вусякі «прыклеілі» да сябе большую колькасьць кветкавага пылку, чымся мурашы, якія перасоўваліся па скрыні бязь гелю.

На дапамогу пчолам прыйдуць малюсенькія дроны?

Пазьней дасьледнікі набылі некалькі маленькіх ґэджэтаў-бесьпілётнікаў і падзялілі іх на дзьве групы. На паверхню першых прыклеілі натуральныя поўсьцінкі, што нагадвалі структураю валаскі пчалы, другіх пакінулі бязь іх. Дарэчы, валаскі забясьпечваюць вялікую плошчу прыклейваньня пылку. Пры гэтым у працэсе зьбіраньня ўзьнікае трэньне, у выніку якога — статычная электрычнасьць, што забясьпечвае больш трывалае замацаваньне пылку на поўсьцінках.

Пасьля запуску ґэджэтаў для апыленьня японскіх лілеяў выявілі, што міні-дроны з поўсьцінкамі надзейна апылілі кветкі. Другая ж група з трэскам праваліла экспэрымэнт.



Варта адзначыць, што бесьпілётнікі былі набытыя ў бліжэйшай спэцыялізаванай краме й выкарыстоўваліся навукоўцамі адно для экспэрымэнту. Для найбольш эфэктыўнага апыленьня расьлінаў неабходна стварыць адмысловыя міні-апараты з сыстэмамі, што імітуюць пчаліны мозг і асноўныя органы пачуцьцяў вусякоў. Толькі такім чынам магчыма дасягнуць максымальнае аналёгіі між працаю малюсенькіх дронаў і дзейнасьцю пчолаў.

Крыніца: New Atlas

Выявілі памылку ці "мёртвую" спасылку?

Вылучыце праблемны фрагмэнт мышкаю й націсьніце CTRL+ENTER.
У вакне, што зьявілася, апішыце праблему й адпраўце Адміністрацыі рэсурсу.

Камэнтары:0

ДАДАЦЬ КАМЭНТАР

Увядзіце код:*
абнавіць, калі ня бачны код