0

Зусім хутка штучны інтэлект перасягне чалавека

Праглядаў: 220
Чалавеку нядоўга засталося кіраваць на Зямлі: такую гіпотэзу высунулі навукоўцы перадавых унівэрсытэтаў Вялікай Брытаніі й ЗША. На іхную думку, паўсюднае выкарыстаньне штучнага інтэлекту, а менавіта замена чалавечае працы машыннаю, здольная прывесьці да незваротных наступстваў. Калі раней рабатызаваную тэхніку выкарыстоўвалі ў прымітыўных мэханічных працэсах, то ўжо да 2053 г. штучны інтэлект здолее выцесьніць нават хірургаў. Яшчэ раней узьнікне патрэба ў кіроўцах цяжкавікоў, працаўніках сфэры абслугоўваньня й прафэсійных перакладніках. Іх можа ня стаць ужо да канца 2020-х гг.

Несуцяшальныя варыянты разьвіцьця падзеяў прадбачыў шмат хто. Яшчэ ў 1970 г., задоўга да выступу Стывэна Гокінґа, выйшаў фільм Стэнлі Кубрыка пра сутыкненьне чалавека з разумным зоркалётам. Крыху пазьней былі праведзеныя паказальныя двубоі паміж магутнымі кампутарамі й найлепшымі шахматыстамі сьвету. Калі дваццаць гадоў таму адзін зь іх здолеў абгуляць самога Ґары Каспарава, усе загаварылі пра пачатак новай эры. Хоць варта адзначыць, што тады не абышлося без умяшаньня чалавека ў працу сыстэмы суперніка.

Але адносна нядаўна штучны інтэлект здолеў абгуляць чэмпіёна па гульні ў ґо, якую лічаць значна больш складанаю за тыя ж шахматы. Калі так пойдзе і далей, то чалавецтва можа лёгка страціць кантроль над машынамі проста таму, што яны зробяцца разумнейшыя. Здольнасьць самастойна навучацца й удасканальвацца – адная з галоўных асаблівасьцяў штучнага інтэлекту. Такім чынам цалкам імаверная загуба чалавечага роду можа быць абумоўленая вельмі павольнаю хуткасьцю біялягічнай эвалюцыі ў параўнаньні з разьвіцьцём тэхналёгіяў. У сваім дакладзе пра ролю апошняга Гокінґ падкрэсьліваў важнасьць «ручнога кіраваньня». Без кантролю з боку чалавека штучны інтэлект можа пастанавіць пазбавіцца ад «лішняга» элемэнта, які тармозіць яго паступальны рух.

Пры ўсім гэтым заставаліся нясьмелыя спадзяваньні на тое, што штучны інтэлект ня здолее перасягнуць чалавека хоць у мастацкай творчасьці. Аднак некаторыя робаты-мастакі ўжо могуць ствараць абстрактныя палотны, чымсьці падобныя да карцінаў Джэксана Полака. Пісьменнікаў-бэлетрыстаў таксама чакае незайздросная доля: навукоўцы зь Ейлу прадракаюць іхнае зьнікненьне ўжо да 2049 г. Калі штучны інтэлект пасьпяхова пройдзе псыхалягічны тэст Т’юрынґа, можна будзе з упэўненасьцю сказаць, што машына пераплюнула чалавека ўва ўсім. Робатаў ужо абсталёўваюць мэханізмамі для распазнаньня адчувальных выяваў, так што заявы навукоўцаў выглядаюць далёка не бяздоваднымі.

Выйсьцяў са складанае сытуацыі можа быць два: або прыдумаць надзейную сыстэму кантролю, што бесьпярэчна падначальвае сабе разумнейшага суперніка, або зьліцца зь ім у адно... Пад апошнім разумеюць зьяўленьне кібаргаў, як у навукова-фантастычных фільмах. Магчыма, будучыня чалавецтва сапраўды за гэтым. Апытаньне прыблізна 400 адмыслоўцаў паказала, што людзям давядзецца неяк прыстасоўвацца, каб ацалець. А першае правяраньне на гатовасьць можа адбыцца ўжо праз 45–50 гадоў.

Выявілі памылку ці "мёртвую" спасылку?

Вылучыце праблемны фрагмэнт мышкаю й націсьніце CTRL+ENTER.
У вакне, што зьявілася, апішыце праблему й адпраўце Адміністрацыі рэсурсу.

Камэнтары:0

ДАДАЦЬ КАМЭНТАР

Увядзіце код:*
абнавіць, калі ня бачны код