0

Акіяны лавы і сапфіравыя аблокі, або Пяць самых незвычайных экзаплянэтаў

Праглядаў: 165
Здавалася б, немагчыма знайсьці месца больш дзіўнае за нашую плянэту Зямля. Дзе яшчэ можна сустрэць такую прыродную разнастайнасьць — колькасьць відаў жывых арганізмаў на Зямлі вылічаецца мільёнамі! Таямнічыя глыбіні акіянаў, нямыя грамады ледавікоў ды апаленыя сонцам бязьмежныя пустэчы — гэта далёка ня ўсё, чым цікавая нашая плянэта.

Аднак за апошнія гады навукоўцы выявілі звыш 3600 аддаленых экзаплянэтаў. Некаторыя зь іх настолькі мудрагелістыя, што нашая родная плянэта на іх тле можа здацца даволі звычайнаю.

Ледзяны сьвет памерам зь Зямлю


Плянэта зь невымоўнаю назваю OGLE-2016-BLG-1195Lb сваёй масаю параўнальная зь Зямлёю. Тое, што яна круціцца вакол сваёй зоркі на адлегласьці, прыблізна роўнай адлегласьці ад Зямлі да Сонца, зусім ня робіць яе населенаю. Мясцовае сьвяціла настолькі маленькае й бляклае, што астраномы сумняюцца, ці можна клясыфікаваць яго як зорку. А плянэта OGLE, не атрымліваючы дастаткова сьвятла й цяпла, уяўляе сабою сьвет велізарны, але абсалютна ледзяны.

Акіяны лавы і сапфіравыя аблокі, або Пяць самых незвычайных экзаплянэтаў

«Кіпячая» плянэта


Супрацьлеглыя тэмпэратурныя рэкорды ставіць GJ 1132b, падобная сваймі парамэтрамі да Вэнэры. Гэта першы далёкі сьвет, дзе навукоўцы знайшлі газападобны тлен. Аднак праз шчыльную атмасфэру плянэты паўстаў магутны парніковы эфэкт, і яе паверхня нагрэлася настолькі, што яна зрабілася абсалютна непрыдатная для жыцьця. GJ 1132b — гэта акіяны расплаўленае лавы, кіпячыя рэкі й азёры. Плянэта ж ахінутая густым пластом газападобных выпарэньняў.

Акіяны лавы і сапфіравыя аблокі, або Пяць самых незвычайных экзаплянэтаў

Гігант з застыглае пены


Хоць плянэта KELT-11b і робіць уражаньне велізарнага гіганта, яна не адносіцца да масіўных. У параўнаньні з тым жа Юпітэрам, KELT-11b на 40 % большы памерам, але ў пяць разоў меншы масаю. Каб уявіць сабе шчыльнасьць плянэты, узгадайце будаўнічы пенаполістырол, падобны да лёгкае застыглае пены. Круціцца KELT-11b вакол субгіганцкае зоркі ярка-жоўтага колеру, якая ўжо праз 100 мільёнаў гадоў мае паглынуць плянэту.

Акіяны лавы і сапфіравыя аблокі, або Пяць самых незвычайных экзаплянэтаў

Плянэта ўраганаў з дажджамі з каштоўных камянёў


Плянэта HAT-P-7b — гэта газавы гігант, заўсёды павернуты адным бокам да сваёй зоркі. Таму на адным яго боку тэмпэратура дасягае 2600 С°, у той час як на іншым пануе вечная ледзяная цемра. З прычыны такіх тэмпэратурных перападаў тут бушуюць ураганы, хуткасьць якіх у сем разоў большая за хуткасьць гуку. Вецер прыносіць на халодны бок гэтага сьвету цудоўныя аблокі, зь якіх выпадаюць ападкі з рубінаў і сапфіраў.

Акіяны лавы і сапфіравыя аблокі, або Пяць самых незвычайных экзаплянэтаў

Плянэта-дыямэнт


Але што там дажджы з каштоўных камянёў! Космас — месца настолькі дзівоснае, што тут можна знайсьці цэлую плянэту, якая ўяўляе сабою ні што іншае, як велізарны дыямэнт. Вакол пульсара PSR J1719-1438 круціцца нябеснае цела з чыстага вугляроду й тлену. Яно валодае звышлімітаваю шчыльнасьцю, што, зрэшты, робіць яго адным вялікім каштоўным каменем.

Акіяны лавы і сапфіравыя аблокі, або Пяць самых незвычайных экзаплянэтаў

Гэтыя дзіўныя сьветы — толькі малая частка таго, што хавае ў сабе бясконцы Сусьвет. Год за годам навукоўцы адкрываюць усё новыя экзаплянэты, і хто ведае, якія яшчэ «плянэтарныя неспадзеўкі» падорыць нам далёкі космас у будучыні.

Крыніца: New Atlas

Выявілі памылку ці "мёртвую" спасылку?

Вылучыце праблемны фрагмэнт мышкаю й націсьніце CTRL+ENTER.
У вакне, што зьявілася, апішыце праблему й адпраўце Адміністрацыі рэсурсу.

Камэнтары:0

ДАДАЦЬ КАМЭНТАР

Увядзіце код:*
абнавіць, калі ня бачны код