0

Моўныя расьсьледаваньні: Як талер ператварыўся ў даляр

Праглядаў: 512
«Набыць бы даляры, прадаць бы рублі», — сьпявае Лявон Вольскі ў «Маім пакаленьні», трапна вызначаючы адзін з найважнейшых сэнсаў жыцьця сучаснага беларуса. Чым жа гэтак мілыя беларусу зялёныя банкноты? Не прэтэндуем на вялікую навуковую значнасьць нашага адкрыцьця і на адпаведныя ляўры, а сьціпла выкажам сваю вэрсію.

Сымпатыі беларуса да амэрыканскага даляра тлумачыцца гістарычна-моўнаю памяцьцю, а менавіта тым, што даўным-даўно, калі яшчэ Калюмб не даплыў да Амэрыкі, даляры час ад часу бразгалі ўжо ў кішэнях і гаманцах нашых продкаў. Як так атрымалася? Давайце разьбірацца. У 1510–1512 гадах на тэрыторыі Рудных гораў (паўночны ўсход Багеміі) было знойдзенае багатае радовішча срэбра. На загад мясцовага ўладара Штэфана Шліка ў 1516 годзе было заснавана паселішча рудакопаў Таль (ад нямецкага tal — даліна). У 1517 годзе горад, імкліва растучы, у гонар апекуна рудакопаў сьвятога Ёахіма атрымаў назву Ёахімсталю (Joachimsthal). Манэты сталі называцца паводле назвы гораду ёахімсталерамі, пазьней назва скарацілася: атрымалася — талер. Выпуск багемскіх талераў быў настолькі вялікім (да 1528 году было выпушчана 2,2 мільёнаў штук), што манэты хутка распаўсюдзіліся па ўсёй Нямеччыне.

Моўныя расьсьледаваньні: Як талер ператварыўся ў даляр

Першы польскі талер 1564 году караля Жыгімонта Аўгуста (Віленскі манэтавы двор)

Неўзабаве талер зрабіўся вельмі папулярным аплатным сродкам. Зразумела, тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага — гэта значыць, сучаснае Беларусі — не была выключэньнем. Тлумачыўся такі посьпех срэбных грошай тым, што яны не такія каштоўныя, як залатыя манэты, былі вельмі зручныя для дробных набыткаў, паўсядзённых разьлікаў. Эўрапейскія каляністы, якія перасяляліся ў Амэрыку, прыхапілі з сабою талеры ды выкарыстоўвалі іх на новых землях. Калі амэрыканскі ўрад 6 ліпеня 1786 году абвесьціў пра стварэньне нацыянальнае грашовае адзінкі, то называць яе сталі dollar (менавіта гэтак гучала на ангельскі манэр слова талер). Дарэчы, мусіць, толькі практычныя амэрыканцы дадумаліся аб’яднаць несумяшчальнае: духоўнае і матэрыяльнае. З 1864 году было пастаноўлена на ўсіх далярах зьмяшчаць выраз: «In God We Trust» («У Бога мы верым»). Хто ведае, можа ў гэтым і крыецца прычына іх посьпехаў...

На нашых землях даляр (то бок перароджаны талер, папяровы, а ня срэбны) зьявіўся пасьля доўгага перапынку ў часы «перабудовы». Купюра зялёнага колеру ў тыя нестабільныя часы зрабілася для нашых грамадзянаў увасабленьнем надзейнасьці, яна неяк па-асабліваму сагравала кішэню, надавала ўпэўненасьці, нават выклікала пяшчотныя пачуцьці. Памятаю, пры праглядзе амэрыканскіх баевікоў, у якіх героі ўвесь фільм гойсалі з наладаванымі далярамі валізкамі, у галаве ўвесь час жыла думка: “Эх, каб такую вось валізку ды мне ў рукі… Ці хаця б адзін пачачак зь яе”. Скульля мне! — як кажа мая бабуля. Ні тады, ні цяпер, ні ў будучыні.


Аўтар: Андрэй Бурэц

Выявілі памылку ці "мёртвую" спасылку?

Вылучыце праблемны фрагмэнт мышкаю й націсьніце CTRL+ENTER.
У вакне, што зьявілася, апішыце праблему й адпраўце Адміністрацыі рэсурсу.

Камэнтары:0

ДАДАЦЬ КАМЭНТАР

Увядзіце код:*
абнавіць, калі ня бачны код