0

Моўныя расьсьледаваньні: ці сапраўды шанцуе дурню?

Праглядаў: 532
Разабрацца ў паходжаньні слова «дурань» гэтак жа складана, як часам няпроста бывае даць рады з тым, каго гэтым словам называюць. Дакладна можна сьцьвярджаць адно — корань «дур-» вельмі старажытны. А вось з чым яго суадносіць — тут варыянтаў шмат: нехта зьвязвае яго са старажытнагрэцкім «thourous» («дзікі»), хтосьці — зь летувіскім «durti» («уджалены», «шалёны»), нехта бачыць яго роднаснасьць са словам «другі», сьцьвярджаючы, што першапачаткова слова «дурны» і мела значэньне «іншы; не такі, як усе». Існуе яшчэ тузін разнастайных вэрсіяў. Можна, зрэшты, і сваю прыдумаць, дурнаватую.

Але апроч філялягічных складанасьцяў, з дурнем зьвязана шмат іншых цікавых пытаньняў. Вядома, што ён ёсьць спрадвечным героем упадабаных ува ўсім сьвеце і ўва ўсе часы твораў, пачынаючы з народных казак і канчаючы сучаснымі кінакамэдыямі. Вось, дарэчы, таксама цікавы прадмет для развагаў. Кажам жа мы ўвесь час: «Прагрэс, прагрэс...» Але чым адрозьніваецца даўняя беларуская казка пра дурня ад, скажам, камэдыі «Дурны і яшчэ дурнейшы за яго», дзе пэрсанажы Джыма Кэры й Джэфа Дэньелза весела спаборнічаюць у дурасьці? Пачнем рабіць аналіз — і адшукаем амаль поўнае супадзеньне зьместу й формы. Мінулі тысячы гадоў, а дурань гэтак і застаецца адным з самых упадабаных герояў.

Моўныя расьсьледаваньні: ці сапраўды шанцуе дурню?

Джэф Дэньелз і Джым Кэры гэтак добра ўвайшлі ў вобразы дурняў,
што нават складана вызначыцца, хто зь іх дурнейшы

У чым жа сакрэт папулярнасьці дурня?


Фальклярысты, культуролягі зазначаць, што адказ трэба шукаць у асаблівасьцях сьведамасьці нашых продкаў. Для іх навакольны сьвет быў напоўнены прысутнасьцю розных сілаў, некаторыя зь якіх былі настолькі магутныя, што мізэрны чалавек быў толькі бездапаможнаю лялькаю ў іхных руках. Выказваньне думак кшталту «чалавек уласна творыць сваё шчасьце» выглядала рэччу небясьпечнаю. Гэта як, да прыкладу, цягаць ільва за вушы. Таму ці ня лепей было прыкінуцца дурнаватым недалугам і такім чынам падмануць лёс? Маўляў, што зь мяне, дурнога, узяць.

Ды што старадаўні чалавек?! Хіба ў вас ніколі не ўзьнікала ўражаньня, што нехта ці нешта (ці то найвышэйшыя сілы, ці то яго вялікасьць выпадак) увесь час гуляе з вамі, імкнучыся заўсёды зрабіць насуперак заплянаванаму? Цяпер мы людзі разумныя, усе адукаваныя, заўсёды спрабуем максымальна ўсё пралічыць і прадугледзець — толькі тады засынаем з упэўненасьцю, што вось заўтра абавязкова зловім удачу за хвост. І кожны раз якая-небудзь найдрабнейшая дробязь разбурае наш дасканалы плян. Дурань жа ідзе па жыцьці навобмацак, не прэтэндуючы на веданьне яго законаў, дзеіць надурніцу і часам знаходзіць падарункі лёсу там, дзе адшукаць іх, на здаровы сэнс, было немагчыма. Вось тады мы, разумнікі, і гаворым: «Шанцуе ж дурню!»

Моўныя расьсьледаваньні: ці сапраўды шанцуе дурню?

А гэта ўжо савецкая традыцыя — геніяльны Алег Даль у казцы «Як Іванка-прастачок шчасьце шукаў»

Дарэчы, у беларускім фальклёры можна сустрэць больш мяккую форму: ня дурань, а прастачок. «Але ось радзіўся ў тым краю хлапчук. Быў ён вельмі благенькі, вельмі худы: да от так як занепаў з маленства, дак так і астаўса на ўсе жыце. Ні паны, ніхто его не чапае, бо ён такі нехлемяжы, што нікому не патрэбен. От ён і вырас ужэ, але ўсе грае з дзецьмі, бы маленькі. І празвалі его людзі Іванкам-Прастачком». Гэта ўрывак з казкі «Іванко-Прастачок», апублікаванай у зборніку «Казкі і апавяданьні беларусаў-палешукоў» А. Сержпутоўскага. Тут ужо адчуваецца народная спагада да простых духам, гэткія эвангельскія матывы. У казцы менавіта прастачок бачыць і ўказвае людзям на ўсе тыя крыўды й несправядлівасьці, якія адбываюцца ў нашым сьвеце ды якія ўсё прымаюць за належнае.

Гэта, увогуле, такая завядзёнка. У дарослым жыцьці хоцькі-няхоцькі мы пачынаем дзеяць паводле законаў хітрасьці й карысьлівасьці. Бо іначай жыць складана. Бо прастачкам шчасьціць толькі ў казках, а у жыцьці вядуць рэй хітрыя, нахабныя, спрытныя людзі. Але ж, напэўна, нават такія часам сумуюць па той дзіцячай наіўнасьці дурня.


Аўтар: Андрэй Бурэц

Выявілі памылку ці "мёртвую" спасылку?

Вылучыце праблемны фрагмэнт мышкаю й націсьніце CTRL+ENTER.
У вакне, што зьявілася, апішыце праблему й адпраўце Адміністрацыі рэсурсу.

Камэнтары:0

ДАДАЦЬ КАМЭНТАР

Увядзіце код:*
абнавіць, калі ня бачны код