0

Моўныя расьсьледаваньні: што агульнага ў цыніка з сабакам?

Праглядаў: 372
Характар цыніка, які кпіць з агульнапрызнаных каштоўнасьцяў, без ілюзіяў ды вялікае зычлівасьці ставіцца да людзей, і сапраўды, мае пэўнае падабенства з кусьлівым ды зьвяглівым сабакам. Відаць, гэта і зрабілася прычынаю таго, што старажытныя грэкі часьцяком кідалі ў адрас філёзафаў-жабракоў абразьлівае «сабака!». Па-грэцку κύων (кіан) – сабака, κυνικός (кінікос) — падобна да сабакі. Ды тыя й не былі асабліва супраць, бо заклікалі жыць проста й натуральна, як тыя сабакі. Чым бліжэй да прыроды, тым больш ты набліжаесься да боскага.

Даўно спарахнелі косьці тых мысьляроў, а слова зрабілася агульнаўжывальным, праўда, у нашай традыцыі яно гучыць згодна з пазьнейшым лацінскім вымаўленьнем — цынік.

Увогуле ж заснавальнікам школы кінікаў лічаць вучня Сакрата — Антысфэна. Але больш вядомае нам імя Дыягэна Сінопскага. Таго самага, які жыў у бочцы ды на прапанову ўладара вялізнай імпэрыі Аляксандра Македонскага выканаць любое жаданьне, не расплюшчыўшы нават вачэй, прамармытаў: «Хлапчына, будзь ласкавы, сыдзі, ты засланяеш мне сонца». Ну гэта, зрэшты, яшчэ ня самыя эксцэнтрычныя зь ягоных выбрыкаў і выказваньняў.

Слава, багацьце, улада, законы, звычаі, любоў да Радзімы, каханьне, сям’я — усё гэта і шмат чаго іншага кінікі лічылі ўмоўнасьцямі, якія людзі самыя сабе прыдумалі, каб ускладніць жыцьцё. І ўласным прыкладам паказвалі, як трэба жыць правільна — назваць сваім яны, відавочна, маглі толькі тыя лахманы, што былі на іх, ды яшчэ кульбу ў руках.

Моўныя расьсьледаваньні: што агульнага ў цыніка з сабакам?

А вось такі помнік Дыягэну можна ўбачыць у ягоным родным горадзе Сінопе. У антычнасьці — грэцкая калёнія на паўднёвым беразе Чорнага мора, цяпер Сіноп месьціцца на тэрыторыі Турцыі

Не ўва ўсім можна з кінікамі пагадзіцца, але назіраючы за тым, як і сёньня людцы цацкаюцца з рознымі электроннымі цапстрыкамі, прагнуць шыкоўных рэчаў, хочацца з гэткай адмысловаю кінічнаю зьдзеклівасьцю зазначыць: «Сапраўды, шаноўны, каштоўнасьць гэтага мабільніка ў шматкроць перавышае тваю ўласную», «А ты, уладар грошай і ўлады, што далі яны табе, акрамя заўсёднага клопату і неспакою? Ці не зрабіўся ты іх рабом, згубіўшы свабоду?».

Вось! Менавіта асабістую ўнутраную свабоду найвышэй і цаніў Дыягэн. Але зь іншага боку, ці не завялікі кошт трэба было плаціць за яе, адмаўляючыся таксама й ад родных, уласнага дому, нават сьціплых радасьцяў жыцьця. Хто ведае? Гэты выбар хваляваў і будзе хваляваць яшчэ не адно пакаленьне людзей.

Моўныя расьсьледаваньні: што агульнага ў цыніка з сабакам?

Дыягэна малявалі часта. Аўтар гэтае карціны — францускі мастак Жуль Бастʼен-Лепаж (1873 год)


Аўтар: Андрэй Бурэц

Выявілі памылку ці "мёртвую" спасылку?

Вылучыце праблемны фрагмэнт мышкаю й націсьніце CTRL+ENTER.
У вакне, што зьявілася, апішыце праблему й адпраўце Адміністрацыі рэсурсу.

Камэнтары:0

ДАДАЦЬ КАМЭНТАР

Увядзіце код:*
абнавіць, калі ня бачны код