0

Спаборніцтвы на бульбяным палетку

Праглядаў: 275
Скончыліся Алімпійскія гульні ў Рыа, а ў Беларусі тым часам у разгары свае спаборніцтвы. Від спорту, у якім браў удзел практычна кожны беларус. А калі яго нейкім цудам улучаць у праграму будучых Алімпійскіх гульняў, то мы будзем у ім відавочнымі фаварытамі. Гаворка пра капаньне бульбы.

...Па-восеньску лагодна прыпякае сонца, ад навакольнай ціхамірнасьці моцна хіліць на сон, ад доўгага сядзеньня ў баразьне замлелі ўжо ногі, ные сьпіна, усё цела пакрытае слоем пылу. Увогуле пыл паўсюдна — у вушах, у носе, непрыемна храбусьціць пясок на зубах. Далёка ўжо выйшла ў адрыў больш спрытная ў гэтай справе жаночая палова і ўсё гудзе, абмяркоўваючы бясконцыя, як бразыльскія сэрыялы, навіны. Але я, зрэшты, на дыстанцыі не апошні. Недзе ззаду безнадзейна адсталі, лічы што спыніўшыся на адным месцы, бацька зь дзядзькам. Відавочна, прыняты пад яечню са скваркамі ў абед допінг не пайшоў на карысьць і не прысьпешыў, а, наадварот, значна замарудзіў іхныя тэмпы. Цяпер існуе вялікая імавернасьць, што хутка яны й зусім здымуцца з дыстанцыі. Падымаю вочы — вунь яно відаць, чаканы канец баразёнкі. Але потым чакае яшчэ адная баразёнка, а там яшчэ адная. А потым яшчэ пацягаць мяхі з поля. Карацей, працуй, братка, сонца яшчэ высока. Вось такія яны, асаблівасьці нацыянальнага беларускага капаньня бульбы.

Спаборніцтвы на бульбяным палетку

Калі ў вас ёсьць родзічы на вёсцы ці лецішча з гародам, гэтыя асаблівасьці вам добра вядомыя самым, і ў ніякім разе вас не маглі мінуць наступныя найважнейшыя стратэгічныя імпрэзы, якія два разы на год зьбіраюць пад свае сьцягі ўсіх родзічаў разам. Вясною — гэта саджанне бульбы, увосень — яе выбіраньне. І на бульбяным палетку, як ад таго спартоўца на стадыёне, патрабуецца немалая доля жвавасьці, спрыту, вытрымкі. І калі капаньне бульбы калісьці ўлучаць у праграму Алімпійскіх гульняў — без сумневу, беларусы будуць па-за канкурэнцыяй ды зьбяруць багаты ўраджай ня толькі бульбы, але й мэдалёў.

А гэтыя заўсёдныя спрэчкі пра пасадачныя плошчы... «Ну навошта было яе столькі садзіць, куды табе столькі бульбы? Усё адно ж увесну большая частка згніе і выкінецца», — псыхуюць ужо ладна стомленыя напрыканцы доўгага дня сямейнікі, заклікаючы да здаровага розуму й звычайнае лёгікі. Бабуля згаджаецца. Згаджаецца ўвосень, калі бульба ўжо ляжыць у капцах, але вясною зноў нейкім чароўным чынам аказваецца засаджаная тая самая з памеру, калі яшчэ ня большая дзялянка.

І адкуль такая прагавітасьць? Усё ім, гэтым дзядам і бабулям, мала й мала, іхная гародная манія пераходзіць усе разумныя межы. Але на тое ёсьць свая прычына. Проста беларускія бацькі вельмі любяць сваіх дзяцей ды гатовыя для іх зрабіць усё, што ў іхных сілах і нават болей. І ў гэтым паказьніку, у жаданьні дапамагчы, яны, здаецца, таксама зоймуць адное зь першых месцаў у сьвеце. Жыць для сябе, у сваё задавальненьне — гэта для беларускіх бацькоў часта недаступная раскоша. Ім дапамагалі станавіцца на крыло іхныя бацькі, цяпер яны дапамагаюць сваім дзецям, а тыя, як прыйдзе час, забудуцца на сваё былое лайдацтва й будуць таксама саджаць, зьбіраць, кансэрваваць і пакаваць, пакаваць торбы сваім нашчадкам. Што тут зробіш? У нас такія абставіны жыцьця, па-іншаму не ўдаецца. І яшчэ трэба дзякаваць, што сядзіць у характары ды генах беларусаў такая нястомная працавітасьць, і спадзявацца, што застанецца яна й у наступных пакаленьнях.


Аўтар: Андрэй Бурэц

Выявілі памылку ці "мёртвую" спасылку?

Вылучыце праблемны фрагмэнт мышкаю й націсьніце CTRL+ENTER.
У вакне, што зьявілася, апішыце праблему й адпраўце Адміністрацыі рэсурсу.

Камэнтары:0

ДАДАЦЬ КАМЭНТАР

Увядзіце код:*
абнавіць, калі ня бачны код