0

«Гэй, Божа, давай пагамонім!», або Богашукальніцтва ў коміксавай эстэтыцы сэрыялу «Казальнік»

Праглядаў: 400
Крымінальнік з важкім мехам злачынстваў і грахоў за сьпінаю, які, вярнуўшыся на малую радзіму ў глухое тэхаскае мястэчка, перакваліфікаваўся ў сьвятары. Усё таму, што калісьці паабяцаў свайму бацьку-сьвятару змагацца на баку Дабра. Даблінскі стогадовы вампір, які звальваецца ў гэтае ж мястэчка з самалёта, папярэдне зьнішчыўшы ў мэтах самаабароны тузін паляўнічых. Парачка недалужных анёлаў, якіх відавочна лучыць нешта большае, чымся проста мужчынска-анёльскае сяброўства. І самае галоўнае — не разьбяры-бяры якая нематэрыяльная існасьць. Ну вось, сапраўды, заданьне тэолягам: што атрымаецца, калі божы анёл зьлюбіцца з прадстаўніком люцыпарскага лягеру? Народжанае нешта будзе зь якім знакам? Гэта толькі некаторыя дзейныя асобы сёлетняга амэрыканскага сэрыялу «Казальнік» (Preacher).

Здаецца, чарговы заакіянскі трэшачок-забаўка на аматара, з процьмаю гвалту, чорнага гумару, мудрагеліста-пакручастым сюжэтам. Але, на шчасьце, ня толькі. Са зьместам і сур’ёзнасьцю ўзьнятых праблемаў тут таксама ўсё ладам. Галоўная — узаеміны людзей з Богам, а дакладней — іх адсутнасьць. Што засталося сёньня ад веры ў Бога? Калі сучасныя амэрыканцы (у сэрыяле — амэрыканскія рэаліі, але зразумела, што ў нас справы ня лепей) і наведваюць царкву, то, хутчэй, па завядзёнцы. А вераць ня ў Бога, а ў грошы, посьпех, разнастайных зорак-куміраў. Замест ратаваньня душы давай новы плязмавы тэлевізар.

Таму сьвятар Джэсі, апахмяліўшыся перад чарговаю казаньню, бездапаможна гугніць сабе пад нос, не знаходзячы словаў, каб абудзіць у сваіх нешматлікіх парафіянах веру. Тыя толькі пазяхаюць і зьдзіўлена пераглядаюцца. Справы зьмяняюцца, калі ў Джэсі ўсяляецца й атабарваецца вось тая самая незразумелая існасьць, надаючы звышнатуральную моц кіраваць воляю людзей. Як што загадае цяпер казальнік грымотным голасам, так тое чалавек і робіць (праўда, не заўсёды на добрае). У Джэсі адразу зьяўляюцца амбіцыі мэсіі, богаабранасьці, і ён, карыстаючыся з дарунку направа й налева, абвяшчае крыжовы паход супраць людзкое паняверкі.

«Гэй, Божа, давай пагамонім!», або Богашукальніцтва ў коміксавай эстэтыцы сэрыялу «Казальнік»
Падчас чарговае тэалягічнае спрэчкі

Тэхаскае мястэчка Энвіл (калісьці прыхадні — продкі сучасных жыхароў — бязьлітасна павыразалі індзейцаў-тубыльцаў, цяпер тут забіваюць гавяду на вялізнай разьніцы — асноўным валаўтваральным прадпрыемстве) месцам дзеяньня абралі не выпадкова. Марнасьць чалавечага быцьця асабліва востра й пакутна адчуваецца ў замаруджанай, млявай, пазбаўленай гарадзкое мітусьлівасьці плыні местачковага жыцьця. Зарабіць троху грошай працаю на разьніцы, пасядзець увечары ў бары зь сябрукамі, паціскаць дзяўчат у мясцовым доме распусты, ажаніцца, гадаваць дзяцей... А далей што? Чалавеку патрэбны ж нейкі сэнс, які звычайна давала рэлігія. Але цяпер пра Бога забылі... А можа, гэта Бог забыўся пра людзей? Як ён мог дапусьціць да гэткага плюгаўства? Вось тут і ўзьнікае натуральная патрэба пагаварыць з Богам, расставіць кропкі над «і».

— Што, вось у гэтую задрыпаную царкоўку ты заўтра выклікаеш Бога? — пытае ў Джэсі ягоны сябрук Кэс.
— Анягож! Выклікаю.
— І ён зьявіцца?!
— Чаму не?

Зрэшты, выкліканьне Бога на сур’ёзную размову — рэч ня новая. Пачатак паклаў біблейскі Іёў, калі з роспаччу і гневам дапытваў Бога аб прычынах абрынутых на яго пакутаў. Таксама прыгадаўся фільм Бэргмана «Зімовае сьвятло» аб пратэстанцкім пастыры, які пакутліва ўслухоўваецца ў маўчаньне Бога. Сьмешна, але складаны твор Бэргмана і трэшова-забаўляльны сучасны амэрыканскі сэрыял — у сутнасьці пра адное й тое ж.

Тут трэба ўзгадаць, што «Казальнік» увогуле створаны на аснове культавай аднайменнай сэрыі коміксаў Ґарта Эніса і Стыва Дылана, што выходзіла ў 1995–2000-ым гадах. Комікс папросту напрошваўся на экран. Але кіношнікаў насьцярожваў блюзьнерскі сюжэт (ну, што хочаце, аўтар — зьдзеклівы атэіст) і сумнеўныя шанцы на самаакупнасьць у пракаце вялізных выдаткаў. А вось сэрыяльны фармат стаўся сама тое. За справу ўзяліся вясёлыя галівудзкія мальцы Сэт Роўґен і Эван Ґоўлдбэрґ плюс Сэм Кэтлін, які спрычыніўся да славутага «Ліха ў рабро» (Breaking bad).

«Гэй, Божа, давай пагамонім!», або Богашукальніцтва ў коміксавай эстэтыцы сэрыялу «Казальнік»
Вокладка аднаго з нумароў коміксу (разам з парачкаю галоўных герояў – яшчэ адзін калярытны пэрсанаж: Дупатвар – Arseface)

Цяжка меркаваць, наколькі адпавядае рэжысура арыгіналу, бо пра комікс нам мала што вядома. Мы шмат чаго засвоілі заходняга за мінулыя пасьля перабудовы гады, але вось культура коміксу нам застаецца чужая. У той час, як у Амэрыцы гэта магутная індустрыя, што ў найлепшых сваіх праявах заслугоўвае права называцца мастацтвам. Адзін з прынцыпаў коміксу — распавесьці пра важнае гэтак, каб было цікава і зразумела кожнаму. Гэта працяг тых жа традыцыяў лубка (народных карцінак) для сялянаў. Ну, у краіне саветаў меркавалі, што кожны (і акадэмік, і калгасьнік, і работнік) мусяць чытаць у вольны час «Анну Карэніну» ці ўва ўсялякім разе больш даступныя (невыносна нудныя) творы сацрэалізму. Але нават без знаёмства з арыгіналам бачна, што «Казальніку» ўдаецца перадаць эстэтыку коміксу: выразныя характары, вострыя канфлікты, смачныя дыялёгі і, вядома, максымальная маляўнічасьць кожнага кадру.

Шчыра кажучы, забаўляльнасьць разбэшчвае. Як пасьля коміксу цяжка будзе чытаць «На ростанях», гэтак і пасьля бадзёрай, напоўненай дзеяньнем візуальнае цацанкі Бэргман з Таркоўскім пададуцца нудотаю. Але ў выпадку з «Казальнікам» лепей адкласьці ў бок гэтыя пытаньні і проста атрымаць асалоду ад відовішча, якое, на шчасьце, не патрабуе адключэньня мозга.

Аўтар: Андрэй Бурэц

Выявілі памылку ці "мёртвую" спасылку?

Вылучыце праблемны фрагмэнт мышкаю й націсьніце CTRL+ENTER.
У вакне, што зьявілася, апішыце праблему й адпраўце Адміністрацыі рэсурсу.

Камэнтары:0

ДАДАЦЬ КАМЭНТАР

Увядзіце код:*
абнавіць, калі ня бачны код