0

Моўныя расьсьледаваньні: Чароўная матэрыя сьмеху

Праглядаў: 489
Здаецца, ну што можа быць прасьцей за сьмех, за гэтыя легкаважныя хі-хі, ха-ха. Між тым, пачынаючы са старажытнасьці, шмат якія філёзафы і навукоўцы ламалі глузды над яго загадкамі — яму прысьвечаныя сотні трактатаў ды кніг.

Адное зь першых пытаньняў — як чалавек навучыўся сьмяяцца? Цяпер ужо даказана, што і ў жывёлінаў прысутнічае пэўнае адчуваньне сьмешнага, але, безумоўна, чалавек разьвіў ды ўдасканаліў яго, стварыўшы разнастайныя адценьні: ад гарэзьлівага гумару да афарбаванай смуткам іроніі ці зьедлівага сарказму.

У навукоўцаў існуе вэрсія, што сьмех, як гэта ні парадаксальна, бярэ свае вытокі ў эмоцыях супрацьлеглых — страху, роспачы. Вы заўважалі, што фізыялягічна працэсы румзаньня й гучнага сьмеху даволі падобныя? Найлепей роднаснасьць страху й сьмеху можна ўбачыць у прыкладзе з малым дзіцем. Уявім, што мама ці тата пастанавілі яго трошку напалохаць ды надзелі маску ці проста страшна скрывілі твар. Убачыўшы над сабою нешта страшнае, дзіця гатовае заплакаць, але раптам бачыць знаёмае аблічча. Прычыны для страху ўжо няма, але плач паводле інэрцыі працягваецца. Толькі цяпер ён суправаджаецца нястрымнаю радасьцю ад таго, што небясьпека апынулася несапраўднаю.



З гэтага прыкладу таксама можна заўважыць яшчэ адную асаблівасьць сьмешнага: у яго аснове — неадпаведнасьць паміж тым, што мы чакаем убачыць, і тым, што адбываецца ў рэчаіснасьці. У штодзённым жыцьці мы найчасьцей сьмяёмся акурат з таго, што не адпавядае норме. Уявіце, што на важнае паседжаньне нехта зьявіцца ў шортах і майцы, і, наадварот, на пляж прыйдзе ў строгім гарнітуры. У такіх выпадках сьмех выконвае важную сацыяльную функцыю — рэгулюе паводзіны людзей у грамадзтве. Ня хочаш, каб зь цябе сьмяяліся, паводзься прыстойна й правільна.

Увогуле, сьмех — гэта вельмі моцная зброя. Згадзіцеся, лепш бывае трапіць пад прыцэл аўтамата, чымся пад зьдзеклівыя погляды парачкі жартаўнікоў. Ёсьць нават такая казка: прыйшла Сьмерць забіраць аднаго надзвычай дасьціпнага чалавека, а ён давай кпінкі зь яе строіць. Дык тая ня вытрымала й уцякла.

Сам па сабе сьмех не бывае злым ці добрым, усё залежыць ад таго, хто ім карыстаецца і ў якіх мэтах. У падручніках па эстэтыцы сьмешнае звычайна падзяляюць на гумар і сатыру. Сатыра — гэта калі той, хто сьмяецца, адасабляе сябе ад тых, з каго сьмяецца. Гэта пазыцыя язычніцкіх багоў, якія назіраюць за нябогамі-людзьмі са свайго Алімпу й рагочуць сабе зь недарэкаў. Гумар жа больш чалавечны: той, хто сьмяецца, не адмяжоўвае сябе, ён сьмяецца і зь сябе гэтаксама, бо ён такі ж, як і астатнія. Увогуле здольнасьць чалавека сьмяяцца з самога сябе, самаіронія сьведчаць пра высокае разумовае разьвіцьцё чалавека.

Моўныя расьсьледаваньні: Чароўная матэрыя сьмеху

У кожнага, напэўна, у жыцьці былі й яшчэ ня раз будуць сытуацыі крайняга адчаю, паняверкі, калі здаецца, што вось сыплюцца зьверху шышкі і трапляюць усё на тваю галаву. Калі не застаецца сілаў і веры ў сябе, калі вакол спрэс чорная фарба. Паспрабуйце тады насуперак усяму пажартаваць. Знойдуцца сілы ўсьміхнуцца, значыць, адшукаюцца сілы, каб перамагчы нягоды й ісьці далей. Прыгадайма словы Максіма Гарэцкага, які лічыў здольнасьць да гумару вызначальнаю рысаю нацыянальнага характару:

«Беларусу не навіной было, устаўшы досьвіткамі, анічым смагу не прагнаўшы і дбаючы на войтаў бізун, бегчы на прыгон і, спаткаўшыся з добрым чалавекам, жартаваць, можа, каб нуду прагнаці. У гэтым беларус мае нешта супольна-жалобнае з прафэсіянальным мастаком-акторам, катораму таксама трапляецца скакаць і скаліць зубы пад рогат таўпы, хаця ў самога на сэрцы жыцьцёвы цяжар, а з вачэй то і глядзі пакоцяцца буйныя слёзы».

Пазьней у сваёй п’есе «Жартаўлівы Пісарэвіч» Гарэцкі акурат і стварыў вобраз беларуса, які ў самых трагічных варунках захоўвае мужнасьць жартаваць.

Ну а цяпер трошку пра паходжаньне слова «сьмех». Дакладна можна сказаць, што яно вельмі старажытнае: філёлягі выводзяць яго ад індаэўрапейскага кораню «smei- (smoisos)». Да прыкладу, яго можна адшукаць у германскіх мовах: ангельскае «smile», швэдзкае «smila». А вось чаму спалучэньне гэтых зычных замацавалася за зьяваю сьмеху, найхутчэй, застанецца загадкаю.

Моўныя расьсьледаваньні: Чароўная матэрыя сьмеху

Аўтар: Андрэй Бурэц

Выявілі памылку ці "мёртвую" спасылку?

Вылучыце праблемны фрагмэнт мышкаю й націсьніце CTRL+ENTER.
У вакне, што зьявілася, апішыце праблему й адпраўце Адміністрацыі рэсурсу.

Камэнтары:0

ДАДАЦЬ КАМЭНТАР

Увядзіце код:*
абнавіць, калі ня бачны код