0

Інтэрвію з арганізатаркамі «Жывое бібліятэкі» ў Беларусі (Фота + Відэа)

Праглядаў: 382
Пра «Жывую бібліятэку» напэўна чуў шмат хто. Дазволім сабе адзначыць, што ўласна фармат бібліятэкі — дзе ў якасьці кніг выступаюць людзі з сваймі рэальнымі жыцьцёвымі гісторыямі — напраўду неймаверны. Цяжка перадаць словамі, наколькі шматгранныя стасункі з Кнігамі.

«Жывая бібліятэка» — гэта магчымасьць пражыць разам з кожнаю Кнігаю тыя моманты зь іхных жыцьцяў, якімі яны з розных прычынаў хочуць падзяліцца. Пачуць гісторыю Кнігі — значыць у думках пражыць тое, што, найхутчэй, адчуць самому ніколі ня ўдасца (і часта — на вялікае шчасьце). Усё гэта, магчыма, не пражывалася б настолькі глыбока, калі б ня той факт, што Кнігі й Чытачы — цалкам чужыя адно адному людзі.

Кожная гісторыя дзівосная па-свойму. Гэта дазваляе лепей зразумець людзей, не такіх, як ты сам; прыняць іх такімі, якія яны ёсьць; разбурыць у сваёй галаве надуманыя й часта навязаныя звонку стэрэатыпы. І пачуцца вольным.

Стасаваньне з Кнігамі часта прыводзіць да непрыемнага ўсьведамленьня, што мы жывём у своеасаблівым вакуўме. Часам навакольная рэчаіснасьць — іншая, не такая, якою мы яе бачым ці прызвычаіліся бачыць. Важна гэта разумець і пастарацца не прапусьціць галоўнае думкі Кнігі, якая будзе намагацца данесьці нешта нашмат болей глябальнае.

Пабываўшы на адной з «Жывых бібліятэк», «VIOLEX» пастанавіў даведацца крыху больш падрабязна, хто й чаму прасякнуўся ідэяй стварыць яе ў Беларусі. Знаёмцеся — Марына і Марыя.

Інтэрвію з арганізатаркамі «Жывое бібліятэкі» ў Беларусі (Фота + Відэа)

Інтэрвію з арганізатаркамі беларускае «Жывое бібліятэкі»


VIOLEX: Вітаем вас, Марына і Марыя! Вельмі радыя магчымасьці паразмаўляць з вамі.

Марына: Вітаю! І нам прыемна, што вам хочацца пра нас больш даведацца!

Марыя: Добры дзень! Радыя пазнаёміцца! :)

VIOLEX: Распавядзіце нам, калі ласка, як вы даведаліся аб праекце «Жывая бібліятэка».

Марына: Я даведалася пра гэты фармат у 2012 годзе падчас адукацыйнае вандроўкі ў Польшчу. Нас прывялі ў адную зь бібліятэк гораду Вроцлава, дзе я й убачыла абвестку пра гэты фармат. Калі запытала, што гэта такое, і бібліятэкарка мне ўсё распавяла, я даслоўна зь першага тлумачэньня закахалася ў яго. Мне падалося, што гэта проста цуд — гэтак проста распавядаць пра такое складанае: стэрэатыпы, дыскрымінацыю, правы чалавека.

Пасьля вяртаньня дамоў я пачала вывучаць пытаньне больш падрабязна праз інтэрнэт — знайшла сайт міжнародных арганізатараў і стваральнікаў праекту. Даведалася шмат цікавага: напрыклад, што фармат прыдумалі ў Даніі ў 2001 годзе на музычным фэстывалі. Ці што цяпер «Жывая бібліятэка» зрабілася міжнародным рухам, да якога далучыліся больш за 70 краінаў сьвету.

Інтэрвію з арганізатаркамі «Жывое бібліятэкі» ў Беларусі (Фота + Відэа)

Марыя: Я даведалася пра «Жывую бібліятэку», калі была на праекце ўва Ўкраіне. Яна была часткаю аднаго з блёкаў, але фармат там быў крыху іншы. Нас усіх вадзілі ад Кнігі да Кнігі, і я не магла выбіраць, з кім гаварыць. Група была вялікая, 20 хвілінаў на размову і 6 Кніг. Мне ня вельмі спадабалася адсутнасьць выбару, і таму я не зьвярнула тады асаблівай увагі на фармат. Потым, калі вярнулася, пра яго акурат загаварыла Марына — высьветлілася, што можна й па-іншаму, з гэтаю самаю свабодаю. Гэтак усё й закруцілася.

VIOLEX: Што падштурхнула вас зрэалізаваць «Жывую бібліятэку» ў Беларусі?

Марына: Жаданьне стварыць гэты сьвет лепш, чымся ён ёсьць цяпер. Агулам мне шалёна спадабаўся ўласна фармат, і я проста падумала: «Шкада, што да гэтага часу ў нас няма такога. Трэба зрабіць». З гэтага ўсё й пачалося. Але першая «Жывая бібліятэка» прайшла ў нас толькі праз 2 гады, 11 кастрычніка 2014 году, пасьля таго, як я знайшла аднадумцаў, зь якімі мы прадумалі плян яе рэалізацыі.

Марыя: Я часта думала пра тое, чаму кожнага з нас успрымаюць па-рознаму, чаму нехта кагосьці любіць, а кагосьці не. Аднойчы мы прымалі ўдзел у Акадэміі Першых і ў межах праграмы мусілі былі стварыць нешта сваё. Марына запрапанавала зладзіць «Жывую бібліятэку», мы зрабіліся камандаю — усё гэта сталася своеасаблівым штуршком, хаця тады я й падумаць не магла, што мы здолеем гэтак разьвіцца.

Інтэрвію з арганізатаркамі «Жывое бібліятэкі» ў Беларусі (Фота + Відэа)

VIOLEX: На ваш погляд, у параўнаньні з тою самаю Польшчаю, ў беларускім грамадзтве існуе шмат стэрэатыпаў?

Марына: Колькасьць стэрэатыпаў складана памераць лічбамі. Стэрэатыпаў паўсюль дастаткова, але пытаньне ў тым, як грамадзтва зь імі жыве. Стэрэатыпы — гэта не заўжды дрэнна. Стэрэатып дазваляе нам не апрацоўваць шторазу інфармацыі, якая прыходзіць звонку, наноў, а карыстацца тым, што ўжо назапашана ў нашай галаве. Уявіце, калі б вы кожны раз аналізавалі, што перад вамі: лыжка ці відэлец? Можна было б з глузду зьехаць. А так наш розум адразу дае адказ: лыжка. Толькі рэч у тым, што з матэрыяльнымі рэчамі прасьцей — памылак менш, але нават тут яны бываюць.

А вось зь людзьмі больш складана, тут ня часта атрымліваецца патрапіць «у яблычка» сваім стэрэатыпам. Людзі значна больш складаныя: яны зьмяняюцца, разьвіваюцца. І калі мы шторазу будзем успрымаць іх аднолькава, то можам зрабіць шмат памылак і згубіць розныя магчымасьці. Ёсьць краіны, дзе грамадзтва гэта разумее й ня вешае — ці вешае значна меншую колькасьць — цэтлікаў на людзей. У такім грамадзтве людзям жывецца прасьцей.

Ёсьць і адваротная сытуацыя. Да прыкладу, у беларускім грамадзтве існуе процьма стэрэатыпаў — на побытавым роўні гэта добра відаць. Адзінае, што можа радаваць, — усё гэта вельмі рэдка прыводзіць да рэальнага фізычнага гвалту ды агрэсіі. Нашыя людзі даволі спакойныя й ня гэтак часта адкрыта праяўляюць нават адмоўныя эмоцыі. Але прыхаваны нэгатыў таксама не прыводзіць да чагосьці добрага, таму мы й працуем з нашым грамадзтвам.

Марыя: Нельга казаць пра тое, дзе стэрэатыпаў больш, а дзе менш. Гэта як думаць пра тое, дзе сонца больш ярка сьвеціць :) Любое грамадзтва мае свае стэрэатыпы, і ў кожнага ёсьць свае стыгмы. Розьніца ў тым, што пад уплывам адных і тых самых традыцыяў фармуюцца аднолькавыя стэрэатыпы. Таму агульных навешаных цэтлікаў у нас будзе нашмат больш з Польшчаю, чымся з Швэцыяй ці Конга, да прыкладу. Хоць у той самы час мы будзем адрозьнівацца, мы ж усе розныя.



VIOLEX: Як адбывалася першая сустрэча «Жывой бібліятэкі», хто вам дапамагаў у арганізацыі? Як вы шукалі першыя жывыя кнігі? Ці далучалі да ўдзелу ў якасьці Кніг сваіх сяброў і знаёмых?

Марына: О-о-о, гэта было незабыўна! Мы перачыталі перад гэтым процьму розных дапаможнікаў, шмат шукалі ў інтэрнэце. Але гэта быў першы раз, і мы ня здолелі зразумець да канца, як гэта спрацуе ў рэальнасьці. Першую імпрэзу мы рыхтавалі толькі ўдзьвюх з Марыяй, і гэта было складана. Меў быць значна большы чалавечы рэсурс, праўда, мы пра тое тады яшчэ ня ведалі. Разам з намі былі пара чалавек, якія дапамагалі перад імпрэзаю, але на самую «Жывую бібліятэку» прыйшлі толькі мы.

У нас былі шалёныя вочы, мы не пасьпявалі ўсё зрабіць да пачатку. У выніку ж усё ўдалося: да нас прыйшлі больш за 50 чалавек — ня нашых знаёмых, а людзей новых, якіх мы да таго ня ведалі. Гэта нас моцна натхніла, мы зразумелі, што варта працягваць.

Першыя Кнігі былі нашыя знаёмыя, якіх мы добра ведалі й уцягнулі ў гэтую «авантуру». Безь сяброў і знаёмых мы б, напэўна, не правялі першай імпрэзы :) Мы карысталіся ня толькі парадамі датчанаў, але й нейкім унутраным адчуваньнем таго, пра што трэба размаўляць з грамадзтвам — гэтак і абралі нашыя першыя 10 Кніг. Да прыкладу, мы запрасілі беларускамоўнага хлопчыка, прадстаўніцу Queer-супольнасьці, мэдыятара, вэганаў.

Інтэрвію з арганізатаркамі «Жывое бібліятэкі» ў Беларусі (Фота + Відэа)

Марыя: Першая «Жывая бібліятэка» прайшла, як ужо адзначылі раней, 11 кастрычніка 2014 году ў старым цэху ў межах нашага ўдзелу ў Акадэміі Першых, нешта кшталту школы праектавага мэнэджмэнту. Тады мы былі маладыя й зялёныя, нам было страшна. Але высілкі апраўдаліся, хаця ж за 10 хвілінаў да пачатку імпрэзы не было ніводнага чалавека.

Я дасюль памятаю, як сустрэла першага ў жыцьці Чытача, стоячы на крэсьле на абцасах і намагаючыся штосьці павесіць на сьцяну. Потым людзі сталі прыходзіць, а мы бегалі, намагаліся ўсё зарганізаваць. Выйшлі ж адтуль шакаваныя посьпехам — мы ніяк не чакалі такое колькасьці людзей. Мы шукалі Кніг сярод сяброў і знаёмых, прасілі іх дапамагчы ў пошуку. Тады гэта было вельмі дарэчы — сябры дапамагалі нам і тэхнічна, і псыхалягічна. Гэтак мы зразумелі, што дзьвюм дзеўчынам цяжкавата даць рады з плыньню людзей на 50 асобаў.

Інтэрвію з арганізатаркамі «Жывое бібліятэкі» ў Беларусі (Фота + Відэа)

VIOLEX: Як рыхтуецца сустрэча ўцэлым? Як вы разьмяркоўваеце абавязкі між сабою? Колькі чалавек налічвае вашая каманда на гэты момант?

Марына: У нас у камандзе 8 чалавек — гэта тыя людзі, якія могуць адказваць за арганізацыю імпрэзы «з нуля», але зразумела, што ў кожнага зь іх ёсьць свая зона адказнасьці й свае цікаўнасьці. Акрэм таго, ёсьць прыблізна 15 валянтэраў, якія дапамагаюць нам ня толькі на самых імпрэзах, але й беспасярэдне перад імі.

Мы пачынаем рыхтавацца за 2–3 тыдні да «Жывое бібліятэкі», абіраем адказнага — чалавека з каманды, які будзе каардынаваць усіх астатніх у рыхтаваньні, раздаваць заданьні. Астатнія выконваюць свае звычайныя абавязкі: рассылаюць запрашэньні, шукаюць Кнігі, ствараюць афішы, каардынуюць валянтэраў.

Інтэрвію з арганізатаркамі «Жывое бібліятэкі» ў Беларусі (Фота + Відэа)

Марыя: Дарэчы, Кнігі шукаюцца ўсімі заўжды — гэта ўжо даўно зрабілася звычкаю. Але, апроч гэтага, трэба яшчэ знайсьці памяшканьне, падрыхтаваць графік даступнасьці й каталёг, раздрукаваць карткі Кніг і Чытачоў. Гэтыя абавязкі мы дзелім міжсобку перад кожнаю «Бібліятэкаю», а адказны ўжо кантралюе выкананьне ўсіх гэтых заданьняў.

VIOLEX: Якія праблемы ўзьнікаюць пры арганізацыі сустрэчаў «Жывое бібліятэкі»?

Марыя: (сьмяецца) Самая вялікая нашая праблема — вельмі вялікая колькасьць людзей, якія прыходзяць да Кнігі. Хоць шмат якія Кнігі сьцьвярджаюць, што ім камфортава гаварыць і ў групе з 15 чалавек, у такіх выпадках Чытачы фізычна не пасьпяваюць запытаць пра ўсё, што іх цікавіць. Часам нам даводзіцца настойваць на канцы сэсіі, а людзям цікава, яны размаўляюць — мы ж іх нахабна перапыняем.

Вельмі доўга мы шукалі ідэальнае памяшканьне для «Жывое бібліятэкі», вось толькі нядаўна знайшліся дзьве прасторы, што задавальняюць усе нашыя патрабаваньні. Мы намагаемся стварыць плятформу, дзе зусім розныя людзі могуць сустракацца й даведвацца больш адно пра аднога. Мы адкрытыя абсалютна ўсім, і таму нашае жаданьне зарганізаваць псыхалягічна камфортавую прастору патрабуе вельмі вялікіх намаганьняў. Гэтак мы, хутчэй, сутыкаемся з маленькімі праблемамі арганізацыйнага характару, бо працуем з самымі складанымі мэханізмамі плянэты — людзьмі.

Інтэрвію з арганізатаркамі «Жывое бібліятэкі» ў Беларусі (Фота + Відэа)

Марына: Людзі. Людзі — самая вялікая складнасьць падчас «Жывых бібліятэк». Яны розныя й непрадказальныя. Нехта з Кніг абяцае прыйсьці й не прыходзіць, нехта спазьняецца, нехта «скасоўваецца» за 5 хвілінаў да пачатку. Чытачы не зьвяртаюць увагі на правілы, пераходзяць ад Кнігі да Кнігі, не запісваюцца да іх і гэтак далей. Людзі — наш галоўны складнік, бязь іх нічога немагчыма, але ў той самы час яны могуць і сапсаваць усё. Гэта вельмі цікава :)

VIOLEX: Ці правяраеце вы нейкім чынам гісторыі жывых кніг на пэўнасьць? Ці ўсё ж усё будуецца выключна на даверы?

Марыя: Мы размаўляем з Кнігамі. У выпадку «Жывое бібліятэкі» хлусьня не каштуе таго. Зашмат рызыкаў, якіх нельга зьмінімізаваць. У працэсе папярэдняе размовы з Кнігаю мы разумеем, наколькі чалавек насамрэч гатовы гаварыць на часам вельмі асабістыя тэмы, бо мы ня можам прадбачыць, што спытаюць Чытачы. Мы верым, што Кніга насамрэч Кніга, а Кніга верыць нам. Хлусіць няма сэнсу нікому, таму й няма патрэбы выкарыстоўваць «сываратку праўды» ці штосьці такое.

Інтэрвію з арганізатаркамі «Жывое бібліятэкі» ў Беларусі (Фота + Відэа)

Марына: Мы не выкарыстоўваем дэтэктара хлусьні, калі вы пра гэта :) «Жывая бібліятэка» збудаваная на даверы, як казала Марыя, і трансьлюе гэта як прымальны, звычайны й натуральны спосаб камунікацыі. Падчас папярэдняе размовы з Кнігаю й так усё зразумела. Няма сэнсу хлусіць пра свой досьвед у межах фармату — ад гэтага нікому ня будзе ніякіх бонусаў.

VIOLEX: Якія жывыя кнігі найбольш уразілі асабіста вас?

Марыя: Цяжка адказаць на гэтае пытаньне, хоць нам дастаткова часта яго задаюць. Мяне асабіста найбольш уражваюць Кнігі, якія распавядаюць пра тое, пра што казаць складана ці нават небясьпечна. Летась у нас была дзяўчына з Азэрбайджану, якая займаецца абаронаю правоў у прыватнасьці прадстаўнікоў ЛГБТК+. Таксама быў былы вязень, была ВІЧ+. Але як бы гэта банальна ні гучала, я мяркую, што нельга вылучаць якуюсьці Кнігу й казаць, што яна больш цікавая за іншую. Тэма Кнігі можа стаяць у грамадзтве востра — факт. Аднак любая Кніга заўжды знойдзе свайго Чытача.

Інтэрвію з арганізатаркамі «Жывое бібліятэкі» ў Беларусі (Фота + Відэа)

Інтэрвію з арганізатаркамі «Жывое бібліятэкі» ў Беларусі (Фота + Відэа)

Інтэрвію з арганізатаркамі «Жывое бібліятэкі» ў Беларусі (Фота + Відэа)

Інтэрвію з арганізатаркамі «Жывое бібліятэкі» ў Беларусі (Фота + Відэа)

Інтэрвію з арганізатаркамі «Жывое бібліятэкі» ў Беларусі (Фота + Відэа)

Інтэрвію з арганізатаркамі «Жывое бібліятэкі» ў Беларусі (Фота + Відэа)

Інтэрвію з арганізатаркамі «Жывое бібліятэкі» ў Беларусі (Фота + Відэа)

Інтэрвію з арганізатаркамі «Жывое бібліятэкі» ў Беларусі (Фота + Відэа)

Інтэрвію з арганізатаркамі «Жывое бібліятэкі» ў Беларусі (Фота + Відэа)

Інтэрвію з арганізатаркамі «Жывое бібліятэкі» ў Беларусі (Фота + Відэа)

Марына: На жаль, у нас не заўжды ёсьць магчымасьць паразмаўляць з кожнаю Кнігай асабіста. Часам Кнігу знаходзіць нехта з каманды й размаўляе зь ёю, а ты можаш ведаць пра яе толькі тое, што напісана ў каталёгу. Таму мы зрэдку бываем у поўным сэнсе гэтага слова Чытачамі. З тых, з кім размаўляла асабіста я, мне адразу ўзгадваюцца дзьве жывыя кнігі: расстрыга й мужчына, які спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам.

Першы ўразіў мяне сваёй шчырасьцю ды адкрытасьцю. Царква — дастаткова далёкі й закрыты для мяне інстытут. Таму пачуць ад расстрыгі, якім чынам адбываецца працэс выхаду й наколькі ён насамрэч негуманны, для мяне было вялікім адкрыцьцём. Другая Кніга ўразіла мяне тым, што пасьля шчырага аповеду пра сваю няўдалую спробу самагубства мужчына больш не захацеў пра гэта размаўляць. Не праз тое, што было балюча ці няёмка, а бо дзякуючы імпрэзе й размовам з Чытачамі ён канчаткова пражыў гэты досьвед і больш не хацеў да яго вяртацца.

VIOLEX: Ці стасуецеся вы з Кнігамі за межамі праекту? Ці знайшлі сярод іх сяброў?

Марыя: Та-а-а-к! Вялікае й тлустае ВЯДОМА! У мяне ёсьць сябры, якіх я спазнала дзякуючы «Жывой бібліятэцы». Ёсьць і калегі, зь якімі яна мяне пазнаёміла, тыя, з кім я магу часам сустрэцца ў бары ці кавярні, каб паразмаўляць і нешта абмеркаваць.

Інтэрвію з арганізатаркамі «Жывое бібліятэкі» ў Беларусі (Фота + Відэа)

Марына: Некаторыя Кнігі — гэта, як мы ўжо казалі, з пачатку нашыя сябры ці добрыя знаёмыя. Я насамрэч інтравэртка, і таму мне даволі складана ўсталёўваць блізкія стасункі зь людзьмі. Прынамсі «Жывая бібліятэка» дапамагае мне ў гэтым сэнсе. А новых знаёмых, новых стасункаў, эмоцыяў, кантактаў — безумоўна, велічэзная колькасьць! Кола знаёмстваў разраслося за 2 гады ў некалькі разоў! У нас няма патрабаваньняў, што Кнігі — толькі Кнігі ці што па-за межамі праекту паміж намі ня можа быць больш анічога. Таму зь некаторымі мы сустракаемся часьцей за каваю, зь некаторымі робім нейкія новыя праекты :)

VIOLEX: Маглі б вы самыя зрабіцца Кнігаю?

Марына: Я была Кнігай «Арганізатарка „Жывых бібліятэк“» падчас імпрэзаў у Магілёве й Маладэчне. Гэта быў цікавы досьвед, які дапамог яшчэ лепш зразумець працэс і ўбачыць яго вачыма Кнігі. Быць Кнігаю — гэта, з аднаго боку, проста, бо ўсё, што ад цябе патрабуецца, — гэта быць сабою. Зь іншага боку, гэта вельмі складана, бо трэба адкрывацца перад не знаёмымі табе людзьмі. Гэта ўсё ж такі тая роля, якая падыдзе ня кожнаму чалавеку. Ну і, акрэм таго, у дачыненьні чалавека маюць быць стэрэатыпы. Ён мае іх асэнсоўваць, каб ведаць, пра што размаўляць зь людзьмі, што менавіта разбураць у іхных галовах.

Інтэрвію з арганізатаркамі «Жывое бібліятэкі» ў Беларусі (Фота + Відэа)

Марыя: Я была Кнігай ува Ўкраіне, і гэта быў каштоўны досьвед, які дапамог удасканаліць нашую «Жывую бібліятэку». Але зноў жа, пытаньне «маглі/не маглі б» — ня вельмі карэктнае, бо:
1) людзі могуць самыя ня ведаць, што яны Кнігі;
2) яны могуць лічыць сябе нецікавымі;
3) усё залежыць ад месца правядзеньня «Жывое бібліятэкі». То бок юдэй у Ізраілі ня будзе мець такое папулярнасьці, як юдэй у Беларусі. Гэта ўсё залежыць ад грамадзтва, а ў кожным грамадзтве — свае стэрэатыпы.

VIOLEX: «Жывая бібліятэка» для вас — гэта...?

Марыя: Гэта ўжо нешта тыпу «дзіця», бо я ў праекце з самага пачатку: бачыла ўсе ўзьлёты і падзеньні, рабіла й выпраўляла памылкі, насамрэч я ўсё яшчэ працягваю іх рабіць і выпраўляць. З «Жывою бібліятэкай» я набываю шмат досьведу рознага характару. «Жывая бібліятэка» — гэта нешта, што мы з Марынаю песьцім ужо трэці год.

Марына: Гэта натуральная частка майго жыцьця. Калі ўсё пачыналася, я ня надта думала, а што будзе праз два гады. Цяпер мне прыемна, што ўсё жыве й разьвіваецца. «Жывая бібліятэка» для мяне — больш як проста фармат, гэта нешта, чым я жыву, дзе я расту і што робіць мяне іншаю. Я радая, што «Жывая бібліятэка» ёсьць у маім жыцьці.

VIOLEX: Як праект «Жывая бібліятэка» паўплываў на вашае жыцьцё?

Марыя: Ён, хутчэй, паўплываў на маю асобу. Навучыў бачыць і прымаць разнастайнасьць сьвету й людзей. Але самае галоўнае — прайшло два зь нечым гады, а я ўсё яшчэ веру ў гэтую ідэю.

Інтэрвію з арганізатаркамі «Жывое бібліятэкі» ў Беларусі (Фота + Відэа)

Марына: Моцна — гэта самае ёмістае слова для адказу. Я зьмянілася разам зь ім і ў той жа час зьмяніла ды працягваю зьмяняць яго. Я зрабілася яшчэ больш адкрытаю, звышадказнаю, публічнаю, спрабую навучыцца любіць фатаграфавацца, адкрываю ў сабе новыя бакі. Без «Жывое бібліятэкі» я была б ня тою. Гэта факт. А, ну і колькасьць сяброў у «Фэйсбуку» ў мяне вырасла ўтрая, і гэта я не перабольшваю :)

VIOLEX: Падзеліцеся з намі плянамі ў разьвіцьці праекту на бліжэйшую будучыню?

Марыя: Гэта сакрэт :)

Марына: У нас хутка будзе свой сайт — даўняя задума. А да трэцяе гадавіны «Жывое бібліятэкі» я вельмі хачу трымаць у руках мэтадычны дапаможнік для арганізатараў «Жывых бібліятэк».

VIOLEX: Дзякуем за цікавую размову й увогуле за існаваньне «Жывое бібліятэкі» ў нашай краіне. Зычым Вам посьпехаў ува ўсіх пачынаньях!

Дарэчы, 5 сакавіка а 12:00 «Жывая бібліятэка» зноў адчыняе свае дзьверы ўсім ахвочым. Прэс-рэліз чарговай імпрэзы можна спампаваць тут: pres-reliz.doc

Інтэрвію з арганізатаркамі «Жывое бібліятэкі» ў Беларусі (Фота + Відэа)

За навінамі «Жывое бібліятэкі» можна сачыць тут:
афіцыйная старонка ў VK
афіцыйная старонка ў «Facebook'у»
афіцыйная старонка ў «Instagram'e»
афіцыйны канал у «Telegram'e»
— паштовая скрыня: human.library.belarus@gmail.com

Іншыя крыніцы:
— сайт міжнароднага руху Human Library
— інфармацыйны партнэр «Жывых бібліятэк» у Беларусі — «Беларусский журнал»

Фатографка: Ксенія Хвашчынская

Выявілі памылку ці "мёртвую" спасылку?

Вылучыце праблемны фрагмэнт мышкаю й націсьніце CTRL+ENTER.
У вакне, што зьявілася, апішыце праблему й адпраўце Адміністрацыі рэсурсу.

Камэнтары:0

ДАДАЦЬ КАМЭНТАР

Увядзіце код:*
абнавіць, калі ня бачны код