0

Моўныя расьсьледаваньні: Вясновы пал

Праглядаў: 289
І вось за справу нарэшце бярэцца вясна: абуджаецца прырода, усё імгненна пачынае зелянець, выбухае квецень, віруе жыцьцё ў братоў нашых меншых. Гледзячы на ўсё гэта, і чалавек ня можа заставацца абыякавы. Пасьля зімовага здранцьвеньня і ўсіх гэтых авітамінозаў хочацца любові, цеплыні... І можна толькі па-добраму пазайздросьціць закаханым, якія мілуюцца, забыўшыся пра ўсё на сьвеце, у прамянях палкага вясновага сонца. Ну, а нам нават у гэты час не даюць спакою моўныя таямніцы ды загадкі. Вось і скіруем мы гэтым разам сваю ўвагу на словы жарсныя — жарсьць, пал, юр, хоць, страсьць. Адкуль яны зьявіліся ў беларускай мове, у якіх сытуацыях прыдатныя? Будзьма цяміць!

Пачнем са страсьці. Нават не зазіраючы ў этымалягічныя даведнікі, можна ўказаць на сувязь са стараславянскім коранем страд (страдать, страдание, страдалец). У выніку дзеяньня пэўных моўных законаў каранёвая літара д ператварылася ў с. Таму можна зрабіць выснову, што назоўнік страсьць раней меў іншае значэньне — зазнаваньне пакутаў. Узгадайма выраз страсьці Хрыстовыя, дзе страсьці — гэта пакуты. Увогуле, можна сказаць, што словы з коранем страд не ўласьцівыя беларускай мове, а страсьць у значэньні моцнага пачуцьця выглядае штучна перанесенай з расейскае мовы ў беларуска-савецкія слоўнікі.

Ненатуральнасьць у беларускай мове слова страсьць разумелі мовазнаўцы ды пісьменьнікі яшчэ на пачатку стварэньня беларускае літаратурнае мовы, таму шукалі яму самабытных беларускіх адпаведнікаў. Слова жарсьць, напэўна, было ўтворанае штучна. Добра відаць, як ад страсьці ўзялі частку -сьць і дадалі назоўнік жар (гарачае вугольле бяз полымя). Савецкія слоўнікі жарсьць ігнаравалі, але сёньня гэтае слова часта сустракаецца ў друку й маўленьні.

Але ёсьць у нашай мове яшчэ шэраг словаў з блізкім значэньнем. Гэтак, у «Расейска-беларускім слоўніку» Байкова-Некрашэвіча назоўнік ПАЛ падаецца нават першым у якасьці перакладу расейскае «страсти». Так бы мовіць, палае сэрца палам палкага каханьня. І зусім не пра палы травы тут гаворка, дарэчы, правільна па-беларуску — выпальваньне травы.

Моўныя расьсьледаваньні: Вясновы пал
Палкае каханьне Рамэа і Джульеты. Ну, а як яно можа быць ня палкае, калі табе 18?

Праўда, у некаторых гаворках слова пал ужываецца яшчэ ў значэньні высокая тэмпэратура (жар). Яшчэ ў слоўніку Байкова-Некрашэвіча «страсть» перакладаецца словамі ХОЦЬ, КОРЦЬ, ЮР. Хоць (ад хацець, параўнайце з расейскім «похоть») і корць (відаць, утворана ад дзеяслова карцець) ня надта каб прыжыліся ў сучаснай літаратурнай мове. А вось назоўнік ЮР выглядае словам цалкам жыцьцяздольным, пагатоў абазначае зьяву актуальную ўва ўсе часы. Да таго ж ад яго вельмі спрытна ўтвараецца шэраг іншых словаў — юрлівы, юрлівец, юрлівасьць. Дазволім сабе ўжыць у нашым расьсьледаваньні цытату-думку Вацлава Ластоўскага:

«У нашай мове слова ярасьць разпалася на дзьве формы: ярасьць і юрнасьць. Першае — ярасьць, утрымала паняцьце буйнасьці, палкасьці, жарчыстасьці, гарачнасьці, гранічачай з пахотлівасьцю; другое — юрнасьць, затрымала пры сабе выключна значэньне пахотлівасьці, «Хоць стары, але яры» аб чалавеку старым, але яшчэ сільным і палкім. Ярыцца, знача — жарыцца, гарэць, кіпець. Пераяраны, перагарэўшы, перапылаўшы, перакіпеўшы. Ярун, яруха, ярны, у тымжа значэньні што і яры, але з адценкам, намякаючым на пахотлівасьць. Юрны, знача пахотлівы. Юрыцца, дурэць, бушаваць: «Бычкі юраць», «Юр бабу бярэ», «На цябе юр напаў» (прыклады з Насовіча 725 стр.). Выходзячы з вышэйсказанага, нашае слова ярасьць будзе азначаць тое-ж самае, што лац. «Pasia», ням. «Leidenschaftlichkeit», рас. «страсть», польск. «namiętność». Юрасьць жа тоя, што рас. «похотливость».

Гэтак, імаверным выглядае зьвязанасьць кораня юр з коранем яр, які, дарэчы, можна сустрэць у мностве словаў славянскіх моваў. Возьмем беларускую (ярасьць, ярыцца, ярына, яравыя, яркі ды гэтак далей) і расейскую (ярость, яростный, ярый). І вось тут мы ў нашым расьсьледаваньні забіраемся ў паганскія нетры славяншчыны. Можна, да прыкладу, адшукаць зьвесткі, што прыметнік яры меў у славянаў значэньне веснавы, назоўнік яра — вясна. І, натуральна, прыгадаем, што богам сонца, вясны, урадлівасьці, каханьня ў славянаў быў... Ярыла. Усё той жа корань яр бачым тут! Пазьней у хрысьціянскай традыцыі Ярылу замяніў сьвяты Юрай. Магчыма, гэта й тлумачыць зьмену яру ў юр.

Моўныя расьсьледаваньні: Вясновы пал
Шлюбны крык аленя — выдатная ілюстрацыя слова юр (ці яр?)

Ну й напрыканцы зьвернем увагу на тое, якія дзіўныя мэтамарфозы могуць адбывацца са словамі, іхнымі значэньнямі ў гісторыі мовы. У старажытных славянаў усе словы з коранем яр былі станоўчыя. Вось тая ж ярасьць называла тую неадольную жыцьцядайную энэргію, якая напаўняе ў пэўны пэрыяд жывёлу (ну й чалавека ў любы час). А ў сучаснай мове ярасьць ужо мае значэньне адмоўнай эмоцыі. Чаму гэтак адбылося? Можна выказаць меркаваньне, што хрысьціянскія кніжнікі сьведама імкнуліся выкрасьліць з мовы ўсе напаміны пра язычніцкага Ярылу й усяго зь ім зьвязанага.

Вось такое атрымалася нашае расьсьледаваньне. Падвынікоўваючы, зычым вам, каб жарсьць не даводзіла вас да бяды, каб пал каханьня не ператвараўся ў шал і хай заўсёды будзе ў вашым жыцьці месца юру. Зь вясною!!!

Аўтар: Андрэй Бурэц

Выявілі памылку ці "мёртвую" спасылку?

Вылучыце праблемны фрагмэнт мышкаю й націсьніце CTRL+ENTER.
У вакне, што зьявілася, апішыце праблему й адпраўце Адміністрацыі рэсурсу.

Камэнтары:0

ДАДАЦЬ КАМЭНТАР

Увядзіце код:*
абнавіць, калі ня бачны код