0

Як паступіць на дактарат за мяжою?

Праглядаў: 234
Хочацца падзяліцца сваім досьведам, бо, можа, камусьці з тых, хто жадае вучыцца за мяжою, гэта дапаможа зэканоміць свой час. Тое, што я распавяду ў гэтым артыкуле, у асноўным будзе датычыць дакладных прыродазнаўчых навук. Але, думаю, гуманітарыі гэтаксама змогуць для сябе тут нешта знайсьці.

Пачаў я з таго, што атрымаў тытул ліцэнсіяту і апасьля магістра ўва Вроцлаўскім унівэрсытэце (Польшча). Цяпер жа я вучуся на дактараце ў Тэхналягічным інстытуце Карлсруэ (Нямеччына). Але варта адзначыць: паступіць сюды, мне спатрэбіліся з 4 гады.

Навошта ехаць вучыцца за мяжу?


Калі я вучыўся на фізычным факультэце БДУ, быў сьвята перакананы, што гэты ўнівэрсытэт прапануе адукацыю сусьветнага ўзроўню. Але толькі адвучыўшыся ўва Вроцлаве, я шмат чаго зразумеў. Да прыкладу, што праграму ў нашым унівэрсытэце склалі неадэкватна: нам выкладаюць зашмат розных прадметаў, якія ня маюць ніякага дачыненьня да будучае прафэсіі. Вялікая колькасьць выкладчыкаў, здаецца, увогуле не ўсьведамляе, чым жыве сучасны сьвет, і таму вучыць абсалютна непатрэбным рэчам. Калі, ужо атрымаўшы досьвед навучаньня за мяжою, я казаў беларускім выкладчыкам, што варта неяк зацікаўліваць студэнтаў сваім прадметам, мяне часта пыталі: «Мне ім показкі распавядаць, ці што?». З гэтага вынікае, што яны самыя ня бачаць нічога цікавага ў прадмеце, што выкладаюць.

У Польшчы ды Нямеччыне, дзе мне давялося вучыцца, усё было асабліва добраахвотна. І нават наадварот: каб табе дазволілі вучыцца далей, часта трэба было даказаць, што ты сапраўды зацікаўлены ў гэтым. Таму тыя выкладчыкі здольныя паказаць усю прыгажосьць тэмы, нешта такое, чым можна прывабіць студэнтаў. Лекцыі звычайна можна было слухаць, не адрываючыся.

Нашая ж адукацыя — гэта спадчына савецкай эпохі, калі дзяржава пастанаўляла за чалавека, чым яму трэба займацца. Але, як вядома, салаўі не пяюць у няволі. Як можна чымсьці займацца толькі таму, што хтосьці калісьці цябе прымусіў да таго? Такім чынам, калі раптам паўстала пытаньне, ехаць ці не, мая парада — адназначна ехаць.

Куды і калі лепей ехаць?


Тут пытаньне вельмі неадназначнае. Калі ёсьць магчымасьць паехаць атрымліваць ступень бакаляўра ці ліцэнсіяту адразу па сярэдняй адукацыі — едзьце. Польшча, Чэхія (не кажу ўжо пра Нямеччыну ці Брытанію)... Куды заўгодна! Нават сярэднія навучальныя ўстановы гэтых краінаў даюць адукацыю значна мацнейшую за адукацыю найлепшых беларускіх унівэрсытэтаў. Вядома, і за мяжою ёсьць слабыя ўстановы, куды, можа, і ня варта паступаць, асабліва калі зьбіраецеся выдаткаваць на гэта свае ўласныя грошы.

Калі ж сродкаў на паступленьне за мяжу адразу па школе ў вас няма, то, на маю думку, варта спачатку скончыць нейкі ўнівэрсытэт у нас. Бо знайсьці стыпэндыю для атрыманьня за мяжою першае ступені адукацыі амаль немагчыма. Пасьля ж беларускай вышэйшай навучальнай установы — калі за час вучобы вы не расчаруецеся ў абранай вамі спэцыяльнасьці — можна спрабаваць паступіць у замежную магістратуру.

Як знайсьці сабе дактарат?


Існуюць два шляхі:

1) Абраць нешта зь вялікае колькасьці запрапанаваных праектаў і такім чынам падацца на ўжо гатовую праграму. Але заўважу, што знайсьці гэтак нешта больш-менш блізкае вам наўрад ці пашчасьціць.
2) Адшукаць чалавека, які пагодзіцца ўзначаліць цікавы менавіта вам праект і дапаможа знайсьці сродкі на яго рэалізацыю.

Я пайшоў другім шляхам. З дапамогаю такіх спэцыялізаваных старонак, як arxiv.org і inspirehep.net, склаў сьпіс людзей, якія займаюцца цікавымі мне праектамі. Можа здацца, што ўсё гэта ня так важна, але я б параіў падысьці да гэтага пункту вельмі сур’ёзна. Вельмі важна зацікавіць сваёй асобаю будучага кіраўніка — пасьля ён дапаможа з пошукам грошай ува ўсіх аспэктах.

Калі я толькі паступаў у магістратуру й ня ведаў некаторых нюансаў — складаў лісты, нават не зважаючы на стыль і граматыку. У выніку з напісаных мною прыблізна 10 лістоў толькі на тры я атрымаў адказы, прычым два адмоўныя ды адзін умоўна адмоўны. Сем чалавек увогуле мяне праігнаравалі.

Іншым разам, калі я зрабіў усё як сьлед, з тых самых 10 лістоў праігнараваныя засталіся толькі два. Цяпер прыйшлі тры станоўчыя й два ўмоўна станоўчыя адказы, дзе прычынаю адмовы зрабілася адсутнасьць сродкаў ды ідэяў для іх пошуку. Адзін чалавек ня здолеў да канца вызначыцца і ўрэшце адмовіў. Другі адмовіў, спасылаючыся на вялікаю загружанасьць, але даслаў мне некалькі кантактаў тых, хто мог бы зацікавіцца маёй кандыдатураю.

Што трэба зрабіць? Дамоўцеся зь якою-небудзь аўтарытэтнай асобаю, да прыкладу, з вашым навуковым кіраўніком, каб вам напісалі рэкамэндацыйны ліст. Далей трэба скласьці патэнцыйнаму кіраўніку суправаджальны ліст. У лісьце растлумачце сваю зацікаўленасьць тэмаю праекту, якім ён займаецца, чаму вы зьвяртаецеся менавіта да яго і чаму ён мае зьвярнуць увагу менавіта на вас. Ліст мае быць напісаны на беззаганнай мове, бо на гэта глядзяць. Калі ня можаце самыя, папрасіце дапамогі ў сяброў і знаёмых.

Акрэм суправаджальнага ліста, трэба не забыцца паказаць у электронным лісьце сваё CV, магістэрскую дысэртацыю ці яе абстракт, адзнакі за магістратуру й сьпіс публікацыяў (калі такія ўжо ёсьць). Гэтаксама ў адказ на ваш ліст могуць запытаць рэкамэндацыю, нават каб пасьля вам адмовіць.

Калі кіраўнік знойдзены, наступны крок — пошук крыніцаў фінансаваньня. Гэта, праўда, тэма для асобнага артыкулу. Прафэсар, які пагадзіўся кіраваць маім праектам, — зь Нямеччыны, таму я ведаю асаблівасьці пошуку гранту ў гэтай краіне.

Я складаў пяць заяваў. Розныя фонды ацэньваюць па-рознаму. Большасьць зь іх патрабуюць выдатнага валоданьня моваю, нават калі яна ня будзе патрэбная для навучаньня. Ёсьць палітычныя фонды, якія глядзяць на вашую дзейнасьць і рэкамэндацыі палітыкаў. Але ў маім выпадку, не зважаючы на такія моцныя козыры, як статус палітычна рэпрэсаванага й рэкамэндацыі ад лідэраў беларускай апазыцыі, я не прайшоў нават папярэдняга адбору.

Іншыя глядзяць у першую чаргу на навуковы праект, рэкамэндацыі ды вынікі. Навуковы артыкул ці нават прасайдынґс (публікацыя папярэдніх вынікаў дасьледаваньняў) значна падвысяць вашыя шанцы. Гэтаксама ўлічваюцца постэры ды выступы на канфэрэнцыях. Такім чынам, пачынаць рыхтавацца да дактарату трэба яшчэ тады, калі пачынаеце магістратуру. Асобную ўвагу варта надаць рыхтаваньню навуковага праекту. Калі на суправаджальны ліст у мяне сышло прыблізна два тыдні, напісаньне праекту заняло прыблізна два месяцы. У цэлым гэта таксама тэма для асобнага артыкулу пад назваю «Як напісаць навуковы праект?».

Я ж, маючы за плячыма два артыкулы, адзін прасайдынґс, постэр, выступ на канфэрэнцыі, ня самыя высокія, але й ня самыя нізкія адзнакі, навучаньне праз абмен у адным з найлепшых унівэрсытэтаў Эўропы і сьвету, пачаў дактарат ва ўнівэрсытэце найвышэйшае лігі. І гэта да таго ж не зважаючы на мой узрост, што гадоў на 5-6 большы за сярэдняга студэнта, ды на расьцягнутую ў часе вучобу. Таму наважвайцеся, і ў вас усё атрымаецца!

У любых пытаньнях можна зьвяртацца да аўтара артыкулу — Алексея Качановича.

Выявілі памылку ці "мёртвую" спасылку?

Вылучыце праблемны фрагмэнт мышкаю й націсьніце CTRL+ENTER.
У вакне, што зьявілася, апішыце праблему й адпраўце Адміністрацыі рэсурсу.

Камэнтары:0

ДАДАЦЬ КАМЭНТАР

Увядзіце код:*
абнавіць, калі ня бачны код