0

Алімпійская зьмена: як бавяць лета маладыя валейбалісты?

Праглядаў: 150
Алімпійская зьмена: як бавяць лета маладыя валейбалісты?Знаёмства з выхаванцамі СДзЮШАР ВК «Менск» адбылося ў нечаканым месцы — на хакейным полі каля крытае коўзанкі «Юнасьць». Зрэшты, дзіўнасьць тлумачылася проста: 3 чэрвеня стадыён у Парку імя Горкага зьяднаў валейбалістаў і футбалістаў, дужаньнікаў і гімнастаў, гандбалістаў і лучнікаў. Прадстаўнікі больш як 20 спартовых фэдэрацыяў Беларусі сабраліся адзначыць Міжнародны алімпійскі дзень.

Тэматычныя пляцоўкі стракацелі майкамі й бэйсболкамі алімпійскіх колераў — гэта ўдзельнікі спаборнічалі ў спрытнасьці і дэманстравалі спартовыя ўменьні. Госьці пераходзілі ад аднае спартовае зоны да іншае, спрабавалі сілы ў кэрлінґу, веславаньні або бадмінтоне, атрымлівалі памятныя прызы ды камунікавалі з трэнэрамі й чэмпіёнамі.

Валейбольныя каманды разьмясьціліся наўпрост каля глядацкіх трыбунаў і адразу прыцягнулі нашую ўвагу. Пакуль моладзь разьміналася, мы пазнаёміліся з трэнэрамі-выкладнікамі — Тацянаю Бабак і Маргарытаю Гурынаю. Яны прывезьлі каманды на Olympic Day, каб зладзіць трэнавальныя майстар-клясы й узяць удзел у валейбольнай эстафэце. Трэнаваньне нас зьдзівіла: і больш дасьведчаныя гульцы, і навакі рухаліся ўпэўнена й зладжана. Спачатку разьмінка, потым імітацыя прыёмаў, адпрацоўваньне гульнявых элемэнтаў у парах. На невялікай адкрытай пляцоўцы ня гэтак лёгка ўтрымаць дзесяць мячоў, каб не замінаць трэнаваньням іншых спартоўцаў, але напад і абарона спрацавалі выдатна. Пасьля майстар-клясу — эстафэта. Вось дзе можна даць выйсьце эмоцыям! Каманды зацята ваявалі за першасьць, і іх актыўна падтрымлівалі гледачы ды талісман клюбу — вясёлая жырафа Жора.

Алімпійская зьмена: як бавяць лета маладыя валейбалісты?

Алімпійская зьмена: як бавяць лета маладыя валейбалісты?

Пасьля абавязковае праграмы заплянавалі вольную — гульні паводле інтарэсаў на шматлікіх пляцоўках, выбар значкаў і сувэніраў, удзел у паркавых конкурсах. Забаваў — да самага вечара. Але дзеці далі рады даслоўна за паўгадзіны й пачалі зьбірацца. Выявілася, што валейбалісты ўжо тыдзень жывуць у спартовай базе ў лягеры «Зялёны бор», куды й сьпяшаліся вярнуцца па сьвяце. Мы не маглі не даведацца, як адпачываюць ды трэнуюцца маладыя спартоўцы, таму з задавальненьнем скарысталіся з запросінаў і дамовіліся сустрэцца.

У «Зялёны бор» мы прыехалі ў нядзелю. У звычайных аздараўленчых лягерах у выходныя дні амаль пуста: прыяжджаюць бацькі й забіраюць дзяцей за тэрыторыю. Таму мы ніяк не чакалі, што трапім у самы разгар трэнавальнага працэсу. Каманды ў поўным складзе былі на пляцоўках.

Дзяўчаты разьміналіся ў парах, хлопцы адпрацоўвалі гульню на сетцы. «Рухайся! Рухайся! Малайчына!» — «Навошта аддаеш? Ёсьць той, які пасуе! Трэба не перакінуць, а разгуляць» — «У цябе галава ня круціцца? Крок назад, паглядзеў убок — уся пляцоўка бачная», — кароткімі дакладнымі заўвагамі спадарыня Тацяна скіроўвае выхаванцаў. Спачатку мы зьдзівіліся, што выкладнік на пляцоўцы, але, паназіраўшы, зразумелі: тут вельмі важны хуткі водгук на кожнае дзеяньне ды актыўныя парады. Такія прыёмы дапамагаюць яшчэ неспрактыкаваным валейбалістам хутчэй авалодаць стратэгіяй гульні. «Арцёме! Што ты меў зрабіць?» — «Саша, адцягніся!» — «Гера, твой мяч!» — і хлопчыкі ўжо самыя выпраўляюць свае хібы, падказваюць адно адному, паўтараючы словы трэнэра.

Алімпійская зьмена: як бавяць лета маладыя валейбалісты?

Алімпійская зьмена: як бавяць лета маладыя валейбалісты?

Алімпійская зьмена: як бавяць лета маладыя валейбалісты?

Падчас кароткага перапынку распытваем дзяцей.

VIOLEX: Ну што, цяжка трэнавацца на базе?

Р.: Трошкі. Але цікава. Тут больш трэнаваньняў, чымся звычайна, затое яны розныя, не надакучвае.

VIOLEX: У вас не адное трэнаваньне за дзень?

Р.: Не, вядома. Раніцаю зарадка — мы займаемся расьцяжкаю, бегаем на стадыёне. Пасьля сьняданку — трэнаваньне ў групах на клясычнай вулічнай пляцоўцы або на пляжнай, калі дождж — то ў залі. Пасьля ціхае гадзіны — другое трэнаваньне.

VIOLEX: Мы заўважылі, вы трэнуецеся і на пакрыцьці, і на пяску. Навошта?

Р.: На пяску цяжэй. Калі навучысься высока выскокваць, на пляцоўцы — як узьляціш. І ўвогуле, гэта рознае. У клясыцы, да прыкладу, шэсьць гульцоў, дакладная расстаноўка, а ў пляжным гуляюць два на два. Трэба ведаць, што і як рабіць, нас вучаць гуляць слушна.

VIOLEX: А з кім вы гуляеце?

Р.: Адно з адным — ну, паміж групамі. І з камандамі іншых трэнэраў. І зь дзяўчатамі.

VIOLEX: Выгульваеце?

Р.: Калі як. Там у корпусе графік вісіць, вынікі адзначаныя. Адзін раз нават дзяўчат абгулялі, а яны даўжэй за нас займаюцца. Пад канец зьмены будзе зразумела, хто перамог па выніках усіх гульняў, будуць мэдалі ўручаць. У нас шмат розных спаборніцтваў, ня толькі валейбол: эстафэты, бег, скокі на скакалцы, хутка будзе заплыў на хуткасьць. Пераможцам даюць прызы, а тыя, што прагулялі, бегаюць або адціскаюцца (заўв. VIOLEX: і тут не абышлося без дадатковых фізычных практыкаваньняў).

VIOLEX: А чым вы займаецеся ў вольны час?

Р.: Гуляем у настольны тэніс — тут сталы ёсьць. Плаваем у басэйне. У ціхую гадзіну ў тэлефонах сядзім (заўв. VIOLEX: нават спартоўцам нікуды бяз ґэджэтаў), гуляем у настольныя гульні, пачытаць яшчэ можна (заўв. VIOLEX: пацьвярджаем: на тумбачцы быў заўважаны Жуль Вэрн). Калі праходзяць гульні — заўзеем за сваіх.

VIOLEX: Зразумела, сумаваць няма калі. А бацькі да вас прыяжджаюць?

Р.: Прыяжджаюць, але мы не зьяжджаем надоўга. Спадарыня Тацяна дазваляе прапусьціць трэнаваньне, але выходны трэба заслужыць — не ленавацца займацца, імкнуцца перамагчы ў гульнях.

VIOLEX: Вы гэтак старанна трэнуецеся! А чаго хочаце дасягнуць? Пра што марыце?

Р.: Прыняць удзел у сур’ёзных спаборніцтвах. І перамагчы, вядома.

VIOLEX: Спадарыня Тацяна, як думаеце, мары спраўдзяцца?

Т.М.: Думаю, так. Нашай школе 50 гадоў, за гэты час было шмат сур’ёзных перамог. Былыя выхаванцы СДзЮШАР цяпер гуляюць у знакамітых камандах «Будаўнік», МАПІД і «Мянчанка» ў Найвышэйшай лізе РБ, Лізе чэмпіёнаў ЭКВ, на чэмпіянатах сьвету. Моладзевыя каманды таксама дамагліся высокіх вынікаў: у гэтым сэзоне юнакі 2001 году нараджэньня заваявалі срэбра на рэспубліканскім першынстве дзіцяча-юнацкае лігі па валейболе (заўв. VIOLEX: трэнэрка каманды — Тацяна Бабак), дзяўчаты годна выступілі ў дзіцяча-моладзевым турніры, зарганізаваным у гонар 50-годзьдзя СДзЮШАР (заўв. VIOLEX: трэнэрка каманды — Маргарыта Гурына). Дзеці заўзеюць за дасягненьні каманды й імкнуцца палепшыць асабістыя вынікі. Цяпер мы набіраем спартоўцаў для заняткаў у малодшых групах СДзЮШАР — 2004–2007 году нараджэньня. Запрашаем ахвотнікаў у нашую сяброўскую каманду.

VIOLEX: Упэўненыя, у дзяцей наперадзе шмат важных перамог. Зычым трэнэрам ды іхным выхаванцам эфэктыўных трэнаваньняў і відовішчных гульняў!

З сустрэчы з выхаванцамі СДзЮШАР валейбольнага клюбу «Менск» мы зьяжджалі ў прыўзьнятым настроі. Цяпер мы дакладна ведаем: ніякія кампутары ды таблеты не заменяць задавальненьня ад актыўных заняткаў спортам і радасьці ад перамогі ў рэальных спаборніцтвах. Сучасныя школьнікі выдатна гэта разумеюць. Яны — нашая спартовая будучыня.

Інфармацыю аб працы валейбольнага клюбу «Менск» можна знайсьці тут:
афіцыйны сайт валейбольнага клюбу «Менск»;
суполка VK валейбольнага клюбу «Менск».

Аўтарка: Юлія Цэхановіч

Выявілі памылку ці "мёртвую" спасылку?

Вылучыце праблемны фрагмэнт мышкаю й націсьніце CTRL+ENTER.
У вакне, што зьявілася, апішыце праблему й адпраўце Адміністрацыі рэсурсу.

Камэнтары:0

ДАДАЦЬ КАМЭНТАР

Увядзіце код:*
абнавіць, калі ня бачны код