0

Гісторыя беларускае бабкі (Відэарэцэпт)

Праглядаў: 1 060
Адною з традыцыйных страваў беларускае кухні справядліва называюць бульбяную бабку, вядомую ў шэрагу іншых краінаў як кугель. Летувісы ж называюць страву на свой манер — кугеліс — і таксама лічаць сваёй нацыянальнаю.

Рэцэпт патравы, асноваю якой пачаткова была морква, гарбуз і кабачкі, вядомы зь біблейскіх часоў і прыйшоў да нас з Блізкага Ўсходу. Беларускія жыды звычайна гатавалі кугель на Шабат і Пэйсах, праўда, праз сваю крайнюю галоту, найчасьцей з таго, што расло наўпрост пад нагамі.

Безумоўна, з тых часоў рэцэпт гэтае стравы зазнаваў немалыя зьмены, ператвараючыся то ў гароднінную запяканку, то ў салодкія выпекі. Дарэчы, бабкаю на тэрыторыі Беларусі стагодзьдзямі называлі менавіта салодкі пірог, а ў польскай кухні babka гэтак і засталася традыцыйным велікодным выпекам з ромам, цукатамі, разынкамі ды арэхамі.

Драчона (бульбяная запяканка) была звычайнаю ежаю беларускіх сялянаў, і таму існуе меркаваньне, што назва яе была іранічная — «ліцьвінская бабка». Гэтак, з канца ХІХ стагодзьдзя галоўным інгрэдыентам бабкі на нашых сталах стала менавіта бульба, а вось у якасьці дадаткаў сёньня можа выкарыстоўвацца што заўгодна: сала, мяса, грыбы, смажаная цыбуля, сыр і нават чырвоная рыба. Да стравы звычайна падаюць сьмятану, вяршкі або малако.

На 2-3 порцыі традыцыйнае бабкі трэба:


  • 5 бульбінаў;
  • 100 г сала;
  • 1,5 цыбуліны;
  • шчопаць кміну;
  • соль на смак.

Сала нарэзаць небуйною саломкаю, затым вытапіць зь яго тлушч у патэльні на сярэднім агні. Дадаць адну дробна пасечаную цыбуліну, кмін, гатаваць да мяккасьці цыбулі. Тым часам палову цыбуліны натаркаваць на калючай тарцы. Бульбу памыць, абабраць, натаркаваць, зьмешваючы шторазу бульбяную масу з кашаю з цыбулі, каб бульба не пацямнела. Дадаць абсмажаную цыбулю са скваркамі, пасаліць, перамяшаць. Гаршчок ці парцыйныя формы для запяканьня змазаць тлушчам, выкласьці бульбяную масу, пячы пры тэмпэратуры 200°C цягам гадзіны да румянае скарыначкі. Падаваць з малаком і сьмятанаю.



Паводле матэрыялаў: talerka.tv

Выявілі памылку ці "мёртвую" спасылку?

Вылучыце праблемны фрагмэнт мышкаю й націсьніце CTRL+ENTER.
У вакне, што зьявілася, апішыце праблему й адпраўце Адміністрацыі рэсурсу.

Камэнтары:0

ДАДАЦЬ КАМЭНТАР

Увядзіце код:*
абнавіць, калі ня бачны код