0

1000 і 1 коўшык: Курыца ў ёгуртавых аблоках

Праглядаў: 213
Часам ня хочацца мудрыць — тады можна зьесьці нешта звычайнае. Абед для тых, хто памятае ня толькі пра свой страўнік, але й фігуру. Адное з правілаў маёй кухні — імкнуцца не спалучаць вугляводаў зь бялкамі. Шмат гародніны, мінімум тлушчу й сьвежы смак з трох кампанэнтаў: курыцы, дыпу і салаты.

Урэшце, мы ня толькі ўяўляем зь сябе тое, што мы ямо, мы й думаем так, як мы ямо. Даказалі гэта навукоўцы, а таму варта кухарыць з галавою. Болей жа пра ўплыў ежы ня толькі на нашае цела, але й на мазгі абяцаю распавесьці ў наступных коўшыках...

1000 і 1 коўшык: Курыца ў ёгуртавых аблоках

Патрэбна:

Мяса й марынад:
  • курыныя грудкі, або, па-нашаму, пелькі;
  • сок з паловы памаранча;
  • скурка траціны цытрыны;
  • чабор;
  • аліўкавы алей;
  • крыху солі;
  • перац.

Дып:
  • натуральны (грэцкі) ёгурт;
  • гурок;
  • часнык;
  • мята;
  • крыху солі.

Салата:
  • 2 морквы;
  • яблык;
  • натуральны ёгурт;
  • мігдалы ў шматках.

У сок з памаранча дадамо скурку цытрыны, некалькіх лыжак аліўкавага алею, дзьве галінкі чабору і замарынуем у гэтым мяса курыцы. Не забудземся пра соль і чорны перац. Так пакінем у лядоўні мінімальна на 20 хвілінаў.

1000 і 1 коўшык: Курыца ў ёгуртавых аблоках

Тым часам зробім дып. Гурок патаркуем, выцісьнем сок. Часнык здробнім. Далей проста зьмяшаем ёгурт (у багатай вэрсіі можна ўжыць грэцкі) з гурком, часныком, жменяю раздробненай мяты. Крыху пасолім — і таксама ў лядоўню.

1000 і 1 коўшык: Курыца ў ёгуртавых аблоках

Яблык і моркву памыем ды падзярэм на бурачковай тарцы. І зноў наш герой — заменьнік сьмятаны й маянэзу — ёгурт. Колькасьць — на вока! Сюды ж крыху солі й 50 г зьлёгку падсмажаных мігдалаў у шматках (можна замяніць іншымі гарэхамі ці семкамі).

1000 і 1 коўшык: Курыца ў ёгуртавых аблоках

Патэльню-грыль добра разагрэем. Курку будзем смажыць прыкладна 10 хвілінаў з кожнага боку — мае быць залацістая звонку і сакавітая ўсярэдзіне. Выкладаем на талерку й можна спажываць у неабмежаванай колькасьці без згрызотаў сумленьня. Смачна есьці!

1000 і 1 коўшык: Курыца ў ёгуртавых аблоках

Аўтарка: Аліна Коўшык
Крыніца: «1000 і 1 коўшык»
Болей рэцэптаў тут: «1000 і 1 коўшык»

Выявілі памылку ці "мёртвую" спасылку?

Вылучыце праблемны фрагмэнт мышкаю й націсьніце CTRL+ENTER.
У вакне, што зьявілася, апішыце праблему й адпраўце Адміністрацыі рэсурсу.

Камэнтары:0

ДАДАЦЬ КАМЭНТАР

Увядзіце код:*
абнавіць, калі ня бачны код