0

Пасьляродавая дэпрэсія ў жыцьці маладых мам

Праглядаў: 401

Характарыстыка пасьляродавае дэпрэсіі


Нараджэньне дзіцяці — гэта найважнейшая падзея ў жыцьці кожнае жанчыны, гэта сапраўднае шчасьце. Але часам, з цалкам зразумелых прычынаў, у некаторых маладых мам радасьць зьмяняецца сумам і тугою — у іх жыцьцё ўрываецца пасьляродавая дэпрэсія. Яны робяцца нашмат больш уразьлівыя, што моцна адбіваецца на стане здароўя кабет.

Паводле статыстыкі, 6 зь 10 маладых мам зазнаюць гэтую немач. Чым бліжэй роды, тым больш прыгнечанаю робіцца жанчына. Здавалася б, толькі даведаліся пра цяжарнасьць — як ужо вось-вось зьявіцца дзіця. Але чым жа насамрэч ёсьць роды? Страх перад невядомым штурхае да пачатку пасьляродавае дэпрэсіі. Калі ўсё нарэшце мінае, пачынаецца цалкам новае жыцьцё, якое чамусьці не спыняе панікі, а працягвае яе сеяць.

Паўнавартаснае разьвіцьцё пасьляродавае дэпрэсіі пачынаецца ў першыя месяцы па нараджэньні дзіцяці. Трываць яна можа ад колькіх месяцаў да году. Таму пры першых сымптомах трэба зьвярнуцца да адмыслоўцы.

Прычыны пасьляродавае дэпрэсіі


Асноўная прычына пасьляродавае дэпрэсіі — зьмяненьні гарманальнага фону па родах. Гармоны надзвычай моцна ўплываюць на наш арганізм. Пры няправільнай працы шчытападобнае залозы, напрыклад, ў чалавека могуць назірацца перапады настрою, нэрвовасьць і нават дэпрэсія. Усё гэта можа прывесьці да больш цяжкіх хваробаў. Па родах арганізм паступова прыводзіць сябе ў звычайную форму, аднак пры гэтым парушаецца прыродны гарманальны фон. Ровень прагестэрону падчас цяжарнасьці павялічваецца ў 10 разоў, па родах ён рэзка зьніжаецца.

Некаторым кабетам вельмі цяжка даць рады з стрэсам падчас родаў. Арганізм аддае ўсе сілы, каб дапамагчы дзіцяці зьявіцца на сьвет. Пасьля гэткае далёка ня простае справы наваяўленай маці трэба як мага хутчэй аднавіць былую энэргію. Але часу адпачыць практычна няма, бо малеча патрабуе заўсёднае ўвагі.

Апроч таго, маладыя мамачкі хутка сутыкаюцца з усьведамленьнем факту, што клопат за дзіцем, вывучаны ў тэорыі, мае мала агульнага з практыкаю. Яны разгубленыя, што моцна адбіваецца на іхным душэўным стане й самаацэнцы.

Вядома ж, прычынаю зьяўленьня пасьляродавае дэпрэсіі могуць быць і зьмяненьні ў выглядзе. Шмат хто вельмі баіцца, што ня здолее вярнуць ранейшае стройнасьці й прыгажосьці. Пэўнасьць у сабе губляецца, а частыя недасыпаньні толькі абвастраюць сытуацыю.

Пасьляродавая дэпрэсія ў жыцьці маладых мам

Сымптомы пасьляродавае дэпрэсіі


Існуюць два тыпы пасьляродавае дэпрэсіі: першы ды другі. Першы тып суправаджаецца зьменлівасьцю настрою, трывожнасьцю, плаксівасьцю, празьмернаю ўспрымальнасьцю, парушэньнем канцэнтрацыі ўвагі. Другі тып падобны да дэпрэсіі першага тыпу, але спохваты паўтараюцца часьцей. Чалавек пагружаецца ў стан моцнае прыгнечанасьці, часта яму бывае цяжка даць рады з сабою, каб падняцца з ложка ды заняцца штодзённаю працаю.

Да найбольш распаўсюджаных сымптомаў пасьляродавае дэпрэсіі адносяцца:
  • перапады настрою,
  • кволасьць,
  • павышаная ўразьлівасьць,
  • плаксівасьць,
  • страта апэтыту (часам, наадварот, празьмерны апэтыт),
  • бяссоньніца,
  • заніжаная самаацэнка,
  • раздражнёнасьць.

Якія наступствы можа выклікаць пасьляродавая дэпрэсія?


Наступствы пасьляродавае дэпрэсіі могуць быць сур’ёзныя. Жыцьцё ў стане прыгнечанасьці й заўсёднага стрэсу — наўпроставы шлях да нэрвовага зрыву, што, у сваю чаргу, неадкладна прывядзе да ўзьнікненьня разнастайных нэўратычных і саматычных разладжаньняў.

Лекаваньне пасьляродавае дэпрэсіі


Займацца самалекаваньнем пры пасьляродавай дэпрэсіі катэгарычна забараняецца. Падабраць прэпараты, што не паўплывалі б на якасьць малака, здольны адно кваліфікаваны адмыслоўца. У клініцы прызначаць шэраг абсьледаваньняў, што прадэманструюць усю карціну ў вашым арганізьме. Аналізы крыві пакажуць, як адбываецца працэс аднаўленьня гармонаў. Ня варта пераймацца, калі доктар прызначыць курс лекаваньня антыдэпрэсантамі. Ёсьць пэўны від прэпаратаў, што адносяцца да сэлектыўных інгібітараў з зваротным захопам сэратаніну. Пабочныя эфэкты ў такіх лекавых сродкаў ня выяўленыя, а вось выраўняць парушаны гарманальны балянс яны здольныя.

Псыхатэрапія — дадатковы спосаб барацьбы з пасьляродаваю дэпрэсіяй. Яна дапаможа зьмяніць мысьленьне, знайсьці корань праблемы ды індывідуальны падыход да яе разьвязаньня.

Не саромейцеся зьвярнуцца па дапамогу да родных і блізкіх, якія маглі сутыкнуцца з такім: бабулі, мамы, сёстры, сяброўкі. Яны абавязкова вас выслухаюць, падзеляцца асабістым досьведам і, магчыма, дадуць слушную параду.

Вынік


Пасьляродавая дэпрэсія, як і любы іншы від дэпрэсіі, вельмі небясьпечная. Яна ўзьнікае раптоўна й вядзе за сабою шматлікія ды малапрыемныя наступствы. Адныя намагаюцца не зьвяртаць увагі на свой стан, іншыя й зусім саромеюцца яго. Праблему пасьляродавае дэпрэсіі ні ў якім разе нельга пускаць на самацёк. Самая яна наўрад адыдзе, узмацніцца ж — дакладна можа. Важна ня толькі зьвярнуцца па дапамогу — варта самастойна імкнуцца нармалізаваць сваё жыцьцё, бо перадусім ад бацькоў залежыць, якім чалавекам зробіцца іхнае дзіця.

Выявілі памылку ці "мёртвую" спасылку?

Вылучыце праблемны фрагмэнт мышкаю й націсьніце CTRL+ENTER.
У вакне, што зьявілася, апішыце праблему й адпраўце Адміністрацыі рэсурсу.

Камэнтары:0

ДАДАЦЬ КАМЭНТАР

Увядзіце код:*
абнавіць, калі ня бачны код