0

Усё, што трэба ведаць пра шпацыры

Праглядаў: 368
Шмат хто зь векавітаў, распавядаючы пра свой лад жыцьця, апроч іншага, прызнаваліся ў любові да шпацыраў. І не беспадстаўна — штодзённыя шпацыры сталіся адным з найгалоўнейшых фактараў доўгажыхарства. Гэтак, навукоўцы зь Кеймбрыджу цягам 12 гадоў назіралі за больш як 330 тысячамі мужчынаў і жанчын. Падчас дасьледаваньня стала ясна, што для людзей, якія штодня 30 хвілінаў шпацыруюць, рызыка сьмерці ад розных хваробаў значна зьніжаецца.

Група ж кітайскіх дасьледнікаў, вывучаючы ўзьнікненьне ў падлеткаў праблем са зрокам у выглядзе нізкавокасьці (блізарукасьці), зрабіла цікавае адкрыцьцё: найбольш дзейны спосаб, што дазваляе ў значнай ступені адтэрмінаваць узьнікненьне нізкавокасьці, – 40 хвілінаў за дзень быць на сьвежым паветры.

Усё больш дактароў сыходзяцца ў меркаваньні, што шпацыры карысьнейшыя за бег ды іншыя фізычныя практыкаваньні. Заўважылі, што апроч неацэннага ўплыву на здароўе, хадзьба вельмі добра ўплывае на псыха-эмацыйны стан чалавека. Людзі, якія ходзяць на працу пеша, радзей зазнаюць стрэсы. Даказвае гэта дасьледаваньне навукоўцаў з Унівэрсытэту Усходняй Брытаніі (University of East Anglia, UEA), вынікі якога апублікаваныя ў часопісе «Preventive Medicine». Факты гавораць самыя за сябе: хадзьба сунімае стрэс, падымае настрой, зараджае энэргіяй, робячы шпацыры цудоўным і, галоўнае, натуральным антыдэпрэсантам.

Таксама вядома: штодзённыя шпацыры — найпрасьцейшы ды найлягчэйшы спосаб барацьбы з парушэньнем сну. 30-хвілінныя шпацыры дапамогуць вам лягчэй засынаць і даўжэй спаць. І хоць адмыслоўцы не рэкамэндуюць шпацыраваць уласна перад сном, стомленасьць цягліцаў у нагах па шпацыры дзее як транквілізатар, што дапамагае заснуць хутчэй.

Выбіраючы шпацыр, вы мусіце ведаць: падчас хадзьбы кроў рухаецца па судзінах больш інтэнсіўна й абагачае большаю колькасьцю кіслароду ўсе нутраныя органы без выключэньня. Гэта вельмі карысна, бо ўмацоўваюцца судзіны й сэрца. Шпацыры станоўча ўплываюць на зьніжэньне роўню халестэрыну й на органы дыханьня. Мала хто ведае, што шпацыры зьніжаюць рызыку ўзьнікненьня цукроўкі. Хадзьба прымушае хутчэй і больш старанна страваваць ежу, спрыяе вывядзеньню шлакаў з арганізму. Апроч усяго гэтага, умацоўваюцца сугломы, косьці й хрыбетнік.

Вы мусіце памятаць, што хадзьба загартоўвае арганізм і павышае імунітэт. Шпацыры незаменныя пры барацьбе зь лішняю вагою й дапамагаюць фармаваць прыгожую фігуру. Дастаткова выбраць цікавы маршрут для хадзьбы, і тады шпацыр прынясе масу задавальненьня ды заадно спаліць лішнія кіляграмы. Пры хадзьбе сярэднім тэмпам спальваецца прыкладна дзесяць калёрыяў за хвіліну. Калі шпацыры адбываюцца рэгулярна й арганізм ужо натрэнаваны, то калёрыяў спальваецца значна больш. Урэшце, шпацыры дапамагаюць выхоўваць арганізаванасьць і дысцыплінаванасьць, бо найгалоўнейшае правіла пешых выправаў — гэта рэгулярнасьць, незалежна ад сэзону й надвор’я.

Існуе некалькі правілаў шпацыраваньня, што скіраваныя на атрыманьне максымальнае карысьці ад такога віду фізычнае актыўнасьці:

• Шпацыры маюць адбывацца ў хуткім тэмпе, але пры гэтым ня варта «амаль бегчы», хадзьба мусіць задавальняць, не выклікаючы болевых адчуваньняў і моцнае дыхавіцы. Вельмі карысна чаргаваць хуткасьць руху зь сярэдняе на хуткую й наадварот.
• Трымацца прынцыпу пасьлядоўнасьці, асабліва калі вы даўно не займаліся фізычнаю культураю й спортам. То бок павялічвайце нагрузку раўнамерна: спачатку шпацыры праводзьце ў сярэднім тэмпе, паступова павялічваючы хуткасьць і працягласьць. Гэта дасьць магчымасьць арганізму перабудавацца.
• Галава пры хадзьбе мусіць быць паднятая.
• Плечы падчас хадзьбы мусяць быць расслабленыя й апушчаныя.
• Ногі пры шпацырах мусяць апускацца на пятку, а адштурхоўвацца наском.
• Выбіраючы месца для шпацыру, аддавайце перавагу схілістай мясцовасьці.
• Падчас шпацыру намагайцеся часьцей усьміхацца.

Здаровы лад жыцьця — гэта ня толькі фізычная актаўнасьць, але й здаровае харчаваньне, гігіена ды здаровы сон!

Выявілі памылку ці "мёртвую" спасылку?

Вылучыце праблемны фрагмэнт мышкаю й націсьніце CTRL+ENTER.
У вакне, што зьявілася, апішыце праблему й адпраўце Адміністрацыі рэсурсу.

Камэнтары:0

ДАДАЦЬ КАМЭНТАР

Увядзіце код:*
абнавіць, калі ня бачны код