0

Як даць рады з хандрою?

Праглядаў: 612
Падбіраецца хандра? Здаецца, увесь сьвет паўстаў супраць вас? Што ж, для вас ёсьць дзьве навіны. Добрая ў тым, што вы чалавек. А кепская — вы забыліся разьнявольвацца. Выносьлівых людзей прынята параўноўваць з жалезам. Мяркуюць, што мэтал можа служыць крытэрам вызначэньня трываласьці. Але задумайцеся на сэкунду, што здарылася б з жалезнаю рэччу, калі б вы абыходзіліся зь ёю, як са сваім целам.

Мы ўсе ядзім малаўежныя стравы, п’ем няякасную ваду, жывем у заўсёдным стрэсе. Калі бы вы былі аўтамабілем і ў ваш бак залівалі паліва такой якасьці, сустрэча з Творцам была б забясьпечаная ўжо праз пару–тройку гадоў. Вашае цела дае рады! Мозг працягвае старанна працаваць. Ён кантралюе вялізную колькасьць працэсаў! Падзякуйце й дапамажыце даць рады зь перагрузкамі.

Навучыцеся разьнявольвацца


Што такое разьняволеньне? Гэта стан, калі вы спыняеце свой бясконцы сярэдзінны дыялёг і здымаеце напругу ў цягліцах. Разьняволеньне — гэта просты й кароткі шлях да большае ўсьвядомленасьці, зьмяншэньню колькасьці памылак у штодзённасьці, рацыянальнаму разьмеркаваньню высілкаў. Навучыўшыся разьнявольвацца, вы станеце больш эфэктыўныя й пасьпяховыя. Вы ўбачыце, што энэргіі хапае на ўсё: сям’ю, працу, навучаньне, хатнія клопаты. Адзінае, што абмяжоўвае вас, — напруга.

Кожны выбірае ўласныя спосабы разьняволеньня. Адныя ходзяць на заняткі ёгаю, іншыя займаюцца дыхальнымі й мануальнымі практыкамі. Некаму дапамагае басэйн, а некаму — мэдытатыўнае падпілоўваньне пазногцяў. Усе гэтыя дзеяньні патрабуюць немалых часавых і/ці грашовых выдаткаў. Ці існуюць простыя мэтады рэлэксу, што можна выкарыстоўваць ва ўмовах заўсёднага цэйтноту? Так!

Адкуль бярэцца напруга?


Вы хранічна напружаныя зусім не праз вялізную колькасьць справаў, а ад уласных думак. Напрыклад, калі вы кудысьці спазьняецеся і хутка ідзяце, то на перайманьне пра спазьненьне сыходзіць нашмат больш сілаў, чымся на хадзьбу. А чаму вы, уласна, пераймаецеся? Аб’ектыўнае прычыны няма. Вы хвалюецеся пра непрыемнасьці, што яшчэ ня здарыліся! Больш за тое, яны могуць ня здарыцца зусім ці быць нашмат горшыя, як вы сабе ўяўляеце. Вас хвалююць ілюзіі, што ўласна вы ж сабе й стварылі.

Ёсьць даўняя прымаўка: «Калі ты п’еш гарбату — пі гарбату!». Прасьцей кажучы, намагайцеся не ўцякаць у думках у мінулае, параўноўваючы яго з будучыняю. Не паддавайцеся спакусе ў думках пражыць будучыню. Тут і цяпер няма мінулага й будучыні. Ёсьць толькі цяперашні момант. Спыніце плыню і сканцэнтруйцеся на сапраўды важным — гэтым моманце. Як гэта зрабіць? Ды лёгка!

Усьвядомленасьць — гэта элемэнтарна


Намагайцеся як мага часьцей спыняць плыню думак падчас любога дзеяньня і пытаць сябе:
• Дзе я цяпер?
• Што я раблю?
• Пра што я думаю?
• Што я адчуваю?
• Чаму я адчуваю менавіта гэтак?

Калі вы ў гэты момант выконваеце нейкае дзеяньне, сканцэнтруйцеся на ім і намагайцеся выконваць з максымальнаю акуратнасьцю. Калі ясьце ці п’яце гарбату, сканцэнтруйце ўвагу на адчуваньнях у роце, смаках, араматах. Гэтак вы са сьвету ілюзіяў выцягнеце сябе ў рэальнасьць. Чым часьцей вы гэта робіце, тым больш усьвядомлена жывяце ў актуальны момант. Хутка вы заўважыце, што навучыліся не накручваць сябе праз дробязі, ставіцца прасьцей да непрыемнасьцяў. Жыцьцё стане нашмат ярчэйшае і цікавейшае, бо вы звернеце на яго ўвагу, што рэдка рабілі раней.

3 простыя спосабы разьняволіцца


1. Дыханьне. Заплюшчце вочы ды засяродзьцеся на дыханьні. Адчуйце, што ўдыхаеце прахалоднае паветра, а выдыхаеце цёплае. Цешцеся з шчасьця дыхаць. Думкамі перанясіце дыханьне ў вобласьць шчытападобнае залозы. Калі не атрымліваецца, уявіце, што там у вас нос. Прахалоднае паветра мае ўлівацца й выходзіць праз залозу. Зрабіце 5-10 удыханьняў-выдыханьняў.

Паводле чаргі «дыхайце» шыйным суплётам, далонямі, пупком, стопамі. Потым вярніцеся да галавы, «падыхайце» вачыма, вушамі. А цяпер усім целам адначасова. Няхай паветра ўліваецца праз скуру. У гэты момант вы адчуеце неймаверную лёгкасьць. Настане момант чыстае радасьці і задавальненьня. Расплюшчце вочы ды паглядзіце на сьвет. Ён цудоўны! Вы таксама цудоўныя, разьняволеныя і шчасьлівыя.

2. Візуалізацыя. Уявіце сябе ў прыгожым месцы, створаным вашаю фантазіяй. Вам мае быць там цёпла і ўтульна. Уявіце, як праграваюцца твар, шыя, плечы, грудзіна, жывот, нутраныя органы, ногі. Калі ўсё вашае цела ахопіцца прыемнаю цеплынёю, дазвольце сабе крыху пабыць у вашым чароўным сьвеце. Расплюшчце вочы, калі захочаце вярнуцца ў рэальнасьць (калі, вядома, не засьняце).

3. Напруга. Так, напруга здольная разьнявольваць. Гэты эфэкт вядома ўсім, хто займаўся спорт. Пачніце з максымальнае напругі цягліцаў шыі. З усяе моцы напружце шыю, затрымайце гэтае адчуваньне, колькі здолееце, і адпусьціце. Тое ж паўтарыце з адною рукою, потым другою, цягліцамі жывата, нагамі. Цяпер напружце ўсё цела адначасова й разьнявольце. Паўтарыце ўсё два–тры разы. Гэта дапаможа зьняць цягліцавыя спазмы.

Існуе мноства іншых нескладаных спосабаў разьняволіцца. Прапанаваныя — найбольш папулярныя ды эфэктоўныя, але вы можаце выбраць любы. Паспрабуйце пачаць з аднаго любога віду рэлэксу ці прыдумайце ўласны. Пабачыце, ваш арганізм будзе вельмі ўдзячны. Узнагародаю за кароткія імгненьні ўсьвядомленасьці і разьняволеньня стануцца добры настрой, бадзёрасьць, радасьць ад кожнага пражытага моманту.

P.S. Артыкул выклікаў у вас унутраны супраціў? Падаецца, што ўсё напісанае зусім не для вас? Ня хочаце спрабаваць? Не спрабуйце! Вам ня трэба перасільваць сябе ды кіравацца рэкамэндацыямі, калі цяпер яны вас раздражняюць і напружваюць. Вы самыя вернецеся перачытаць і паспрабаваць, калі сасьпееце. Толькі вы ўласна пастанаўляеце ў сваім жыцьці. Разьнявольвацца ці напружвацца — выбіраць вам.

Аўтарка: irina-jakuschenko

Выявілі памылку ці "мёртвую" спасылку?

Вылучыце праблемны фрагмэнт мышкаю й націсьніце CTRL+ENTER.
У вакне, што зьявілася, апішыце праблему й адпраўце Адміністрацыі рэсурсу.

Камэнтары:0

ДАДАЦЬ КАМЭНТАР

Увядзіце код:*
абнавіць, калі ня бачны код