0

Праблема дзіцячага затлусьценьня: калі ежа – бяда

Праглядаў: 502
Гэтак атрымліваецца, што актыўны няўрымса мае больш шанцаў апынуцца ў куце, чымся ягоны нетаропкі аднагодка з добрым апэтытам. Набегаўся, спатнеў, прамок, паваліўся, кепска паеў — спрэс хваляваньне бацькам. Іншая рэч, калі дзіця нікуды не бяжыць, ідзе побач за руку, дый яшчэ ўдома зьядае ўсё да драбінкі і просіць дакласьці — тут ужо бабулі не нахваляцца. Ды што казаць пра бабуль, калі адкарміць дзіця дасыта — must-have шмат для каго з сучасных мам. Але да чаго прыводзіць такая тактыка? Дактары бескампрамісна выносяць вэрдыкт: на жаль, да затлусьценьня.

Шчасьце ёсьць, смачна паеўшы?


За выняткам спадчынных ці набытых хваробаў, зьвязаных з парушэньнем абмену рэчываў, галоўная прычына дзіцячага затлусьценьня — дысбалянс між спажыванаю ды выдаткаванаю энэргіяй. І віноўная ў гэтым дысбалянсе бацькоўская неадказнасьць. Бо першым часам дзеці намагаюцца актыўна супрацьстаяць гвалтоўнаму кармленьню: нехта плюецца ежаю, нехта віртуозна перакульвае талеркі, а некаторыя моўчкі змыкаюць сківіцы.

Але дарослыя не здаюцца, яны ж «лепш ведаюць», колькі дзіця мусіць есьці. А ня зьесьць — прымусяць! Не прымусяць — упіхнуць! Не бацькі, а нейкія вынаходнікі food-катаваньняў, якім маглі б пазайздросьціць нават старажытныя інквізытары.

Эмоцыі замест саладошчаў


Дзіця ніколі не сутыкнецца з праблемаю лішняе вагі, калі ў вашай сям’і пануе культ здаровага ладу жыцьця. Пры гэтым ня варта патрабаваць ад дачкі ці сына прытрымлівацца нормаў здаровага харчаваньня, калі ўся сям’я прызвычаілася вячэраць смажанаю бульбаю, а сьнедаць лусьцянямі з каўбасою. Падазраяце, што перакормліваеце дзіця? Пачынаць, найперш, трэба зь сябе, паступова пераводзячы на новы рацыён харчаваньня ўсю сям’ю.

Праблема дзіцячага затлусьценьня: калі ежа – бяда

Пераход на здаровае харчаваньне ня мусіць зрабіцца стрэсам для дзіцяці. Яно прызвычаілася заўсёды атрымліваць цукеркі за добрыя адзнакі? На жаль, тактыка матываваньня соладзямі была не найлепшаю ідэяй. Цяпер давядзецца шукаць альтэрнатыву. Магчыма, садавінавыя кактэйлі ці смузі зробяцца годнаю заменаю.

Але якім бы ні быў рацыён харчаваньня, найгалоўнейшае — рухавасьць! Таму рухайцеся самыя й прымушайце рухацца сваё дзіця. А калі яму раптам заманецца «чагосьці смачненькага», запрапануйце замяніць порцыю чакаляды паходам на карусэлі. Навукоўцы даўно ўстанавілі, што галоўная прычына пераяданьня — эмацыйны голад і руціна.

Худнеем назаўжды


На жаль, шмат хто з бацькоў «не заўважае» небясьпечных момантаў, знаходзячы ім апраўданьні! Але дыягназ «затлусьценьне» ня зробіцца выракам, калі не адкладаць тэрапіі на пасьля. Толькі дзеяць неабходна пад дакладным кантролем дыетоляга: дзіцячы арганізм не прабачыць неабдуманых пастановаў і суворых абмежаваньняў. Тут патрэбны ўзважаны падыход дасьведчанага адмыслоўцы. Як правіла, падчас барацьбы з затлусьценьнем забароненыя:

  • саладошчы;
  • пшанічны хлеб;
  • макаронныя вырабы;
  • манныя крупы;
  • бульба;
  • смажаныя стравы;
  • салёныя й вэнджаныя стравы;
  • салодкія газаваныя напоі.

Праблема дзіцячага затлусьценьня: калі ежа – бяда

Кіляграмовая прагрэсія


Яшчэ 20 гадоў таму затлусьценьне не было настолькі глябальнаю праблемаю, як цяпер. Да таго ж гэты дыягназ робіцца ўсё больш урбанізаваным. Паводле дасьледаваньняў 2009 і 2011 гадоў, амаль 19% дзяцей з залішняю вагою ды 8%, якія пакутуюць на затлусьценьне, жывуць у горадзе. У дзяцей зь сельскае мясцовасьці гэтая праблема сустракаецца нашмат радзей, бо яны прызвычаіліся быць актыўнымі ды бавіць шмат часу на сьвежым паветры. Апроч таго, падлічылі, што з 300 000 менскіх дзяцей лекуюцца ад затлусьценьня ўсяго 1086 чалавек.

Дзеля падтрыманьня здароўя ад дзяцей можна патрабаваць шмат, але ўсё-такі галоўнае заданьне бацькоў — прышчапіць ім смагу руху ды навучыць радавацца ня ежы, а жыцьцю.


Аўтарка: Ганна Глебава

Выявілі памылку ці "мёртвую" спасылку?

Вылучыце праблемны фрагмэнт мышкаю й націсьніце CTRL+ENTER.
У вакне, што зьявілася, апішыце праблему й адпраўце Адміністрацыі рэсурсу.

Камэнтары:0

ДАДАЦЬ КАМЭНТАР

Увядзіце код:*
абнавіць, калі ня бачны код