0

Электронныя цыгарэты. Незалежнае меркаваньне

Праглядаў: 715
Нядаўна навукоўцы высьветлілі, што адсотак курцоў на Зямлі заўважна зьнізіўся. Але, на жаль, такая тэндэнцыя зусім не зьвязаная з тым, што людзі сталі меней паліць. Гэтая зьява тлумачыцца ўсяго толькі актыўным прыростам насельніцтва зямнога шару, якое, дарэчы, за апошнія паўстагодзьдзя павялічылася ўдвая. Сёньня лік аматараў «заспакаяльна-сагравальнага» тытунёвага дыму дзівіць колькасьцю нулёў — ён ужо сягнуў мільярда! Чаму ж паленьне сталася шкоднаю звычкаю штосёмага чалавека на плянэце?

Даказана, што паленьне можа выклікаць два віды залежнасьці — фізычную і псыхалягічную. Такім чынам, у той час, як адныя стала маюць патрэбу ў чарговай дозе нікатыну, іншыя становяцца рабамі ўласных звычак – яны й дня не ўяўляюць без таго, каб зноў не дастаць з пачка цыгарэты, не запаліць яе, не ўцягнуць поўныя лёгкія дыму… Пра шкоду паленьня кожны з нас ведае з раньняга дзяцінства, а вось пра тое, ці магчыма пэўна пазбавіцца ад гэтага згубнага звыку, ведае мала хто.

У 2003 годзе на дапамогу чалавецтву прыйшоў навукоўца-фармацэўт з Кітаю Хонь Лік (Hon Lik). Бацька Хоня бальшыню свайго жыцьця быў заўзятым курцом, што ўрэшце прывяло да ягонае сьмерці — моцна напакутаваўшыся, бедачына памёр ад раку лёгкіх. Хонь Лік, таксама курэц са стажам, пастанавіў: што б ні было — знайсьці сродак, здольны да мінімуму зьнізіць рызыку ўзьнікненьня хваробаў, прычынаю якіх становіцца паленьне. Гэтак зьявілася новая прылада, запатэнтаваная пад назваю «безагністая электронная цыгарэта з распыленьнем» або папросту «электронная цыгарэта».

Новае вынаходніцтва хутка заваявала немалую папулярнасьць сярод курцоў пяцідзесяці краінаў сьвету. На пытаньне, ці такі спосаб паленьня больш бясьпечны, дасюль шмат каго хвалюе. У пошуках адказу мы перачыталі вялізную колькасьць артыкулаў і заўважылі, што напісаныя яны ў асноўным або ад імя распаўсюднікаў электронных цыгарэтаў, або ж навукоўцамі-мэдыкамі. Няцяжка здагадацца, што звычайна ў першым выпадку водгукі пра гэтую прыладу выключна станоўчыя, у другім жа — найчасьцей, рэзка адмоўныя. Аднак, абапіраючыся на матэрыялы мэдычных даведнікаў і вынікі шматлікіх дасьледаваньняў навукоўцаў з розных куткоў сьвету, цалкам магчыма зрабіць некаторыя вынікі пра гэта самастойна.

У тытунёвым дыме, апрача нікатыну, якога шмат хто дарма баіцца, паводле розных ацэнак, месьціцца каля 4-5 тысячаў хімічных элемэнтаў ды іх злучэньняў, як мінімум 100 зь якіх атрутныя. У іх лік уваходзяць: сінільная кісьля, волава, бэнзол, аршэньнік (мыш’як), фэноль, фармальдэгід і шмат якія іншыя ня меней небясьпечныя рэчывы. Варта адзначыць, што фільтар цыгарэты ўтрымлівае ўсяго 20-40 % ад агульнае масы шкодных рэчываў. Навукоўцы таксама ўпэўненыя, што фільтры, затрымліваючы буйныя часьцінкі й прапускаючы драбнейшыя, вымушаюць курца зацягвацца як мага мацней ды тым самым наносяць яшчэ большую шкоду арганізму.

У склад вадкасьцяў, што ўжываюцца для «параньня» электронных цыгарэтаў, уваходзяць 4 асноўныя кампанэнты: прапіленгліколь або, інакш, харчовая дабаўка Е1520, што выкарыстоўваецца ў шмат якіх мэдычных і касмэтычных сродках; гліцэрына, што таксама прымяняецца ў якасьці харчовае дабаўкі Е422; араматызатары, што ня ёсьць абавязковым складнікам такое вадкасьці, ды, вядома ж, нікатын.

Нікатын не адносіцца да ліку атрутных рэчываў, больш за тое, з даўніх часоў ён дастаткова часта прымяняецца ў мэдыцыне. На гэты момант разглядаецца магчымасьць яго выкарыстаньня для лекаваньня нікатынавай залежнасьці за кошт увядзеньня ў арганізм альтэрнатыўнымі шляхамі, сындрому дэфіцыту ўвагі, а таксама такіх хваробаў, як сындром Паркінсана, Альцгаймэра, сухоты ды іншых. Аднак па-за ўсім гэтым нікатын валодае некаторымі якасьцямі, што неспрыяльна ўплываюць на арганізм чалавека. Трэба памятаць, што найперш гэта моцныя нэйра- і кардыятаксын. Пры трапляньні ў арганізм ужо праз 7 сэкундаў нікатын разносіцца па клетках крыві ды, зь лёгкасьцю пераадольваючы фізыялягічны бар’ер паміж крывяноснаю й цэнтральнаю нэрвовай сыстэмамі, дасягае мозга. Апроч таго, ён спрыяе выкіду адрэналіну, што ў сваю чаргу прыводзіць да пачашчэньня пульсу й дыханьня, павышэньню крывянога ціску ды ўзроўню цукру ў крыві. Пэрыяд жа напаўвывядзеньня нікатыну з арганізму складае прыблізна 2 гадзіны. Менавіта таму яго доўгае ўжываньне можа прывесьці да шэрагу хваробаў, такіх як арытмія, стэнакардыя, сэрцавая няздатнасьць, інфаркт міякарду, гіпэрглікемія, гіпэртанія… Агулам сьпіс досыць пераканальны ды канчаецца разнастайнымі анкалягічнымі хваробамі, у тым ліку і ракам лёгкіх.

Цікава і тое, што здольнасьць нікатыну ды некаторых яго вытворных магутна ўзьдзеяць на цэнтральную нэрвовую сыстэму вусякоў і дробных грызуноў, дасюль выкарыстоўваецца для аховы расьлінаў. Таксама былі знойдзеныя й яго аналягі, што, трапляючы ў арганізм дробных шкоднікаў, гэтак сама, як і нікатын, выклікаюць паралюш нэрвовае сыстэмы, а далей — спыненьне дыханьня й сэрцабіцьця. Але гэты эфэкт ня мусіць выклікаць занепакаеньня, бо сьмяротныя дозы для чалавека і, да прыкладу, мышы адрозьніваюцца больш як у сотні разоў.

Вяртаючыся да тэмы электронных цыгарэтаў, можна адзначыць яшчэ некалькі станоўчых момантаў. Параньне электроннае цыгарэты пазбавіць курца ўдушша, жаўцізны зубоў і пальцаў ды, нарэшце, непрыемнага паху тытунёвага дыму. А родныя й блізкія аматара паліць літаральна ўздыхнуць з палёгкаю, забыўшы, што такое «пасіўнае паленьне».

На наш погляд, зыходзячы з усяго выкладзенага вышэй, вынік напрошваецца сам. Няважна, што менавіта вымусіла вас калісьці прыахвоціцца да цыгарэтаў і зь якіх прычынаў вы ня зможаце адмовіцца ад гэтае звычкі. Важна паклапаціцца пра сваё ўласнае здароўе і здароўе тых, хто побач. Гэтак, магчыма, настаў час адкінуць усе сумневы ўбок і зрабіць выбар на карысьць электроннае цыгарэты?


Аўтарка: Jauhienka

Выявілі памылку ці "мёртвую" спасылку?

Вылучыце праблемны фрагмэнт мышкаю й націсьніце CTRL+ENTER.
У вакне, што зьявілася, апішыце праблему й адпраўце Адміністрацыі рэсурсу.

Камэнтары:0

ДАДАЦЬ КАМЭНТАР

Увядзіце код:*
абнавіць, калі ня бачны код

Выкарыстоўваць любыя матэрыялы, разьмешчаныя на сайце, дазваляецца пры ўмове спасылкі (для інтэрнэт-рэсурсаў — гіпэрспасылкі, што індэксуецца) на сайт violex.info. Усе правы на матэрыялы належаць іх уладальнікам.